Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Як рак.

— Кот з'еў сыр. Казімір Міронавіч, я прачытаў. Ура-а!.. — узрадаваўся Палын.

— Сціхні, казёл, — паморшчыўся вядзьмак.

— З трыма заданнямі мы справіліся. Адпусціце нас, — прагаварыў Пятрусь.

Што ж скажа вядзьмак? Павінен адпусціць. У казках, як пішуць, розныя нячысцікі ад свайго слова не адмаўляліся, хоць і зубамі скрыгаталі.

Я памкнуўся наперад.

— Цяпер адпусціце?

— І ні цяпер, і ні ў чацвер.

— Вы абяцалі,— прамовіў Пятрусь.

— Абяцаная шапка вушэй не нагрэе, — крыкнуў Палын. — У казіны рог вас.

Не адпускае. А мы так стараліся. Што ж ён за чалавек? Не, ён не чалавек. Ён нейкая каменная глыба. Нездарма брат па душы Мірону Казіміравічу. Не ведалі, што такія людзі страчаюцца. Чаму нам у школе не казалі? Расказвалі пра электрычнасць, пра птушак, пра звяроў, нават пра дажджавога чарвяка і інфузорыю туфельку. А пра тое, што ёсць не людзі, а каменныя глыбы, не расказвалі. Колькі ж іх, такіх? Ці шмат? Ці былі яны раней? Мабыць, былі. Нездарма з даўніны прыйшло: у яго зімою і снегу не выпрасіш. Альбо іншае, але падобнае: не дасць вады напіцца. Што ж рабіць? Загубяць яны нас. І ўвесь свет загубяць. Хітрыя. Як на падбор. Усміхаюцца, а за пазухай камень трымаюць.

— Вы абяцалі! — усклікнуў Пятрусь. Вядзьмак зарагатаў. Ягоны рогат — гы-гы-гы — працінаў да пят, як працінае мароз. Здавалася, нейкая дагістарычная істота ці то крычыць, ці то плача. Нават Палын угнуў галаву ў плечы.

— Дзядзька… — пачаў я. Сам не ведаю, як павярнуўся язык ведзьмака дзядзькам назваць.

— Дзядзька? Дурненькія… Адпусціць… Гы-гы-гы… Адпусціць… — Казімір Міронавіч перастаў смяяцца, уперыўся вачыма. — Хіба я выклікаў вас для таго, каб адпусціць?

— Навошта мы вам? — запытаў Пятрусь.

— Я вас вядзьмарству навучу і дамоў адпушчу. Нездарма даў вам тры заданні. Хацелася на кемлівасць праверыць. Што ж, здатныя. Навучу. Каб усё-ўсё ўмелі. Як і я.

Вось яно што! Зразумела, чаму быў такі лагодны. Замазваў вочы. Не раскусілі яго. Стараліся, ламалі галаву. Ен, вядома, радаваўся. Хоча вядзьмарству навучыць, кажа, што дамоў адпусціць. Мы з Петрусём ведзьмакі. Будзем з чорнымі кнігамі хадзіць. Ад нас людзі будуць уцякаць. Дагонім каторага і ў казіны рог. Папапішчыць, папаплача! Ведзьмакі… Дасць чорныя кнігі. Са сваім аўтографам. Каб пра ягоную ласку не забыліся. Мы з Петрусём ведзьмакі… Школу не скончылі. Скончым вядзьмарскую.

— Не буду вучыцца вядзьмарству, — вырвалася ў мяне.

— Казімір Міронавіч, дарэмна вы стараецеся, — сказаў Пятрусь.

Палын плюнуў пад ногі.

— Ну й дурні! Дзякуй трэба сказаць.

— Сам кажы, — агрызнуўся я.

— Не будзеце? — вядзьмак глядзеў на нас як удаў. Ягоныя вочы наліліся крывёю. — Я вас… Вас…

Я апусціў галаву. Няхай робіць што хоча. З чорнымі кнігамі хадзіць, зло людзям чыніць? Каб пракліналі, каб страшыліся, каб плявалі ўслед, каб пальцам паказвалі?

— Добранькія? Сэрца сціснулася, калі ўбачылі, што кроў на хлеб капае? І жыта пашкадавалі? Не хацелі, каб каласкі засушыла? А ведаеце, хто за гэтым полем жыве?

— Людзі,— прагаварыў Пятрусь.

— Тля, а не людзі! Тля! Ужо казаў вам. Можа, паслаць вас туды? Пабачыце, якія яны.

Вось каб вырвацца з ягоных лап! Каб хоць хвілінку яго не бачыць. Будзе шчаслівай тая хвілінка.

— Адпусціце, — паціху сказаў я. Вядзьмак скрыгітнуў зубамі.

— Пойдзеш направа — станеш абыякавы, сумленне страціш. Чыталі ж.

Так, чыталі. Ды хіба не страціш сумленне, калі з ім пабудзеш? Людзі стануць пляваць услед, стануць пальцам паказваць. Мама горкімі слязьмі зальецца… А мо таксама плюне ўслед?

— Адпусціце, — папрасіў Пятрусь.

— Пойдзеш направа — станеш абыякавы, сумленне страціш, — паўтарыў Казімір Міронавіч.

— Мы ўжо прыйшлі направа, — уздыхнуў Пятрусь.

— Не, вы яшчэ не прыйшлі. Яшчэ прыйдзеце. Каго шкадуеце?..

— Нам можна ісці? — запытаў Пятрусь.

— Ідзіце! Праз поле. Там горад. Буду чакаць. Вернецеся…

Мы з Петрусём з палёгкай уздыхнулі. Нарэшце вырваліся з лап ведзьмака. Нарэшце сустрэнемся з людзьмі.

Незвычайны горад

Мы ішлі па дарозе, абсаджанай стройнымі бярозкамі. Вакол, куды ні глянь, каласы. Наліваюцца важкім зернем. Над полем лятаюць, пераклікаюцца птушкі. Вось нейкая маленькая, як камячок, узляцела з бярозкі, пырхнула ўгору і заспявала: «Сіп-сіп-сіа-сіа-сіа…» Пасля каменем уніз. Заскакала па дарозе.

— Гэтая птушка называецца конік лясны, — сказаў Пятрусь.

Я засмяяўся. Неяк дзіўна гучыць. Птушка, а конікам назвалі. Няўжо таму, што скача, нібы конь?

Лясны конік прыўзняўся, праляцеў колькі метраў, апусціўся, прысеў. Некалькі крокаў засталося да яго. Я міжволі працягнуў руку, хацеў схапіць яго. А ён пабег, падскокваючы.

— Ад свайго гняздзечка адводзіць, — прагаварыў Пятрусь. — Баіцца, што разбурым.

І ён, конік лясны, баіцца. Як і мы. Не, не кранём твайго гняздзечка. Радуйся сонцу, жыццю, людзям песні спявай.

Я ўзмахнуў рукою. Лясны конік узляцеў, трапечучы крылцамі, і заспяваў працягла: «Сіп-сіп-сіп, сіа-сіа-сіа…»

— Ведаеш, што мы людзям скажам, калі прыйдзем у горад? — звярнуўся я да Петруся.

— Што?

— Скажам, што іхняе жыта ад спёкі выратавалі. Нам узнагароду дадуць.

Я ўявіў, як стаім мы з Петрусём у вялізнай зале, дзе ўсё аздоблена золатам і каштоўнымі камянямі, а валадар горада прышпільвае нам на грудзі ордэны. Іграе музыка, людзі цягнуць рукі, каб павіншаваць нас.

— Вось каб на ордэнах быў партрэт самога валадара! — выказаў я ўголас тое, пра што думалася.

— На якіх ордэнах? — не зразумеў Пятрусь.

— На тых, якія нам уручаць. Няхай і дома на валадара паглядзяць.

Пятрусь разявіў рот.

— На якія ордэны? На якога валадара?

— У кожнай казачнай дзяржаве ёсць валадар.

У гэтым горадзе таксама ёсць. Я абавязкова скажу яму, што мы жыта ад спёкі выратавалі. Нам ордэны дадуць. Хіба не заслужылі? Ад усёй душы стараліся. Ты можаш ад свайго ордэна адмовіцца. А я не адмоўлюся. Няхай будзе як памяць. Я яго сваім унукам аддам.

Поделиться с друзьями: