Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Я тады слухаў і пасмейваўся ў рукаў, бо пра такіх, як Бардун, нават у газетах можна прачытаць. Напрыклад, пра бабку Вангу з Балгарыі. Яна ў дзяцінстве, калі грымнула і паласнула маланка, аслепла, пасля чаго стала прадказваць падзеі, навучылася падрабязна апісваць мясціны, дзе ніколі не была. Дый у нас падобных людзей нямала. Некаторыя, не дакранаючыся, між далоняў трымаюць у паветры шарык, невядомай сілай разгойдваюць і спыняюць маятнік гадзінніка, вылечваюць гіпнозам. Мабыць, і Бардун валодаў гіпнозам.
Калі б дома я сустрэўся з гэткім чалавекам, то зусім не баяўся б яго. Нават папрасіў бы, каб які-небудзь фокус паказаў. А тут… Вакол ні жывой душы. Толькі гэты злы дух, які пацуку горла перарэзаў. Ад такога лепей далей трымацца.
— Казімір Міронавіч, чаму вы хацелі, каб збажына на полі загінула? — запытаў Пятрусь.
— Таму, што кепскія людзі ў гэтым баку жывуць. Чыталі, што на слупе напісана? Направа пойдзеш — станеш абыякавы, сумленне страціш. З імі страціш. Ні кропелькі не застанецца.
— Якія яны, тыя людзі? — пацікавіўся я. Казімір Міронавіч зарагатаў.
— Якія? Усе рабыя.
Ці паверыў я яму? Канешне, не. Хіба магчыма, каб там усе да аднаго былі рабыя? Яны ж не інкубатарскія.
— Не верыце вы мне, — лыпнуў на нас вачыма вядзьмак. — Зараз пакажу, на што я здатны.
— Можа, не трэба? — прамовіў Пятрусь.
— Трэба. Вас яшчэ да пят страхам не праняло. — Вядзьмак гучна свіснуў.
Я падумаў, што свістам чарцей склікае. Я чакаў, што зараз выбегуць рагатыя, пачнуць скакаць вакол нас, плюючыся, крыўляючыся. Ды не. З лесу выбег… Ландыш. Ляціць, язык высалапіўшы. Пад пахай трымае тоўстую кнігу з чорнымі вокладкамі.
— Вунь Ландыш, — шапнуў мне Пятрусь.
— Гэта не Ландыш, — пачаў вядзьмак. Мы з Петрусём у адзін голас:
— Хто ж ён?
— Брат Ландышаў. Брат па душы. Яго зваць Палын.
Яшчэ адзін брат. Ужо Палын. А калі паглядзець, выліты Ландыш. Доўгі, худы, твар белы, нібы пад зямлёю год прасядзеў, не вылазіў.
Палын падбег да нас, выструніўся.
— Казімір Міронавіч, я стралою ляцеў. Вядзьмак кіўнуў галавою.
— Старайся. Хто стараецца, для таго не толькі ўсе дзверы, але і душа адчыняецца.
Палын зыркнуў на нас з Петрусём.
— Яны? Іх вы чакалі?
— Яны.
— У іх усе зубы? Мо пералічыць?
Палын выцягнуў руку, наставіў пальцы: худыя, доўгія, з вялізнымі, даўно не стрыжанымі пазногцямі. Пад кожным пазногцем, як кажуць, па пуду гразі.
Я адхіснуўся. Што, калі ў рот пальцамі палезе?
— Не бойцеся, — закалаціўся ад смеху Казімір Міронавіч. — Палын рахманы, як авечка. Ён і блыху не пакрыўдзіць.
— Блыху не пакрыўджу. Навошта яе крыўдзіць? Няхай скача, як ёй хочацца.
«У яго не ўсе дома, без клёпак у галаве. Вялік пень, ды дурань», — падумаў я.
Вядзьмак узяў у Палына кнігу з чорнымі вокладкамі, разгарнуў і, пазіраючы на нас з Петрусём, пачаў нешта хутка-хутка шаптаць. Я глянуў на Петруся — і вочы на лоб палезлі. Твар у майго сябра выцягнуўся, стаў падобны на трубку.
— Гы-гы-гы… — зарагатаў Палын. — Ну й страхалюды!
Я зразумеў, што і ў мяне твар выцягнуўся, як у Петруся. Хацеў сказаць Казіміру Міронавічу, каб не здекаваўся над намі, ды нечакана само сабою зляцела з языка:
— Дзякуй вам, Казімір Міронавіч.
— Што? — наставіў вуха вядзьмак.
— Дзякуй вам, — паўтарыў я. І Пятрусь падзякаваў:
— Дзякуй вам.
— Во малайцы! — усцешыўся Палын.
— Я іх зараз у казіны рог сагну, — прамовіў Казімір Міронавіч.
— Калі ласка, — сказаў Пятрусь. І я сказаў:
— Калі ласка.
Язык зусім не слухаўся мяне. Хоць бяры ды трымай рукою, каб не ляпаў абы-што.
Казімір Міронавіч закрыў чорную кнігу, працягнуў Палыну. Той схапіў яе, а Казімір Міронавіч дастаў з кішэні сухі мох, два крэменьчыкі, паклаў мох на зямлю, стукнуў крэмень аб крэмень, выбіваючы іскры. Мох загарэўся. Вядзьмак схапіў яго і з усяе сілы дзьмухнуў:
— Ф-у-у…
Нас з Петрусём абхінула чорным дымам. Дым круціўся, як змяя, якой прышчамілі хвост. Няўжо нам канец? Няўжо з гэтым дымам занясе да чарцей у балота? Пацешацца, хвастатыя…
— Малекула-калекула! — крыкнуў на ўвесь голас Казімір Міронавіч.
Дым разышоўся. Як і не было. І твар у Петруся стаў гэткі ж, які быў раней. Выходзіць, цяпер і ў мяне не выцягнуты, як трубка.
— Што? Умею? — паціраючы рукі, запытаў вядзьмак.
— Лоўка ў вас выходзіць, — сказаў я.
— Малекула-калекула, — крыкнуў Палын.
— Ты сам малекула-калекула, — прамовіў Пятрусь.
Палын заскрыгатаў зубамі.
Тры заданні
Я думаў, што Палын накінецца на нас альбо аблае. Не, не аблаяў. Прамаўчаў.
— Казімір Міронавіч, адпусціце нас, — папрасіў Пятрусь. — Мы дамоў пойдзем. Як-небудзь знойдзем дарогу.
— Вось чаго вам хочацца!
— Па пацуку за каўнер — і няхай ідуць, — усклікнуў Палын.
Я адвярнуўся, каб не глядзець на яго. Стаіць, крыўляецца. А што, калі вядзьмак паслухаецца яго, па пацуку за каўнер нам кіне? Самлею са страху.
Казімір Міронавіч нечакана прагаварыў:
— Адпушчу вас, калі выканаеце тры мае заданні.
Я ведаў, што розныя нячысцікі добрым казачным героям заўжды даюць непасільныя заданні. На днях чытаў, як у казцы «Аддай мне, што дома не пакінуў» вядзьмак, які перакінуўся панам, сказаў сыну паляўнічага Янку, каб напарсткам да раніцы вычарпаў возера за маёнткам, рыбу выбраў, а дно жоўтым пяском пасыпаў. Пасля загадаў пабудаваць за ноч такі палац, каб у ім было гэтулькі пакояў, колькі дзён у годзе, каб столь ззяла, як неба, а на ёй свяцілі сонца, месяц і зоры, каб вакол палаца працякала рака, а на ёй ляжаў мост — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, каб над мостам вісела вясёлка і ўпіралася канцамі ў ваду. Пасля гэтага загадаў аб'ездзіць каня, у якога сам перакінуўся.
Напэўна, і Казімір Міронавіч дасць нешта падобнае. Ну і няхай. Няхай пасылае будаваць залаты мост.
— Мы згодныя, — сказаў я. Вядзьмак ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
— Раскажыце такую гісторыю, каб я ў яе не паверыў. Гэта маё першае заданне. Лёгкае? Га?
Ці лёгкае? Вядома, можна рознага нагаварыць. Але ж будзе ківаць галавою. Маўляў, так.
— Чаго насы павесілі? — вытрашчыў вочы Палын. — Расказвайце, бо крапівы ў штаны напхаю.
— Слухайце, — прамовіў Пятрусь. — Раскажу вам, адкуль узяўся мядзведзь. Раней, даўным-даўно, ён быў такім жа чалавекам, як і мы. Людзей тады было мала, і жылі яны па лясах. Там палявалі на звяроў і птушак, улетку збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Але найбольш запасілі арэхі і мёд. Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся ў дуплах і ў зямлі — у норах.