Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Страшна, — зноў сказаў Мірон Казіміравіч. — Моцна я вас напалохаў. Што ж, па-іншаму не выходзіла.

— Яны абалванелі,— прахрыпеў Ландыш. Бач, што кажа! Сам анямеў бы, каб прывалаклі гэтак, як нас. Смяшыначкі расказвае. Калісьці на школьнай дошцы пісаў слова «Айчына». Дый цяпер напіша, калі якому-небудзь начальніку будзе даспадобы. І верш пра родную мову раскажа.

— Што вы з намі зробіце? — прамовіў Пятрусь.

— Хочаш, каб шакаладнымі цукеркамі накармілі і адпусцілі? — усхапіўся Ландыш.

— Каб было можна, то я вас цэлы год аднымі шакаладнымі цукеркамі карміў бы. Шакаладныя цукеркі на першае, на другое і на трэцяе, — не сцярпеў Пятрусь.

Ландыш зыркнуў на яго вачыма.

— Яшчэ агрызаецца.

— Ну, ну! Не сварыцеся, — прагаварыў Мірон Казіміравіч.

— Што вы з намі зробіце? — паўтарыў Пятрусь.

— У казку адпраўлю.

Зноў кажа, што ў казку. Супакойвае. Баіцца, што крыку наробім. Ландышу чужы крык што маслам па сэрцы. А яму, як відаць, не даспадобы. Бандыты таксама бываюць розныя.

— Дзядзьку Ландыша ў казку адпраўце, — прамовіў Пятрусь.

Ландыш вылупіў вочы.

— Што-о?..

— Няхай Мірон Казіміравіч вас у казку адправіць.

— Што-о?..

— Будзеце ў казцы смяшыначкі расказваць.

— Не магу! Задыхаюся! — Ландыш ірвануў каўнер кашулі.

Праняло. Заштокаў штокала. Вось каб штаны зняць ды крапівой-жыгучкай высцябаць. Вішчаў бы.

А Пятрусь знарок паўтарыў:

— Мірон Казіміравіч, пасадзіце яго ў каляску і адпраўце ў казку.

— Хлопчык, не нервіруй, — прахрыпеў Ландыш.

— Не хвалюйся. Ты мне тут патрэбен, — супакоіў яго Мірон Казіміравіч. — Хлопчыкаў адпраўлю ў казку. Яны вельмі падыходзяць для майго эксперыменту.

— Чаму мы? — запытаў Пятрусь.

— Ведаеш, што такое гіпноз? Пятрусь кіўнуў галавою.

— Ведаю. Гіпнатызёр з чалавекам зробіць усё, што захоча.

— Не кожны зробіць і не з кожным. Ёсць людзі, якія цяжка паддаюцца гіпнозу. І для майго эксперыменту не кожны падыходзіць. Трэба, каб усім сэрцам любіў казкі, родную мову, свой народ. Цяпер такіх нямнога. А вы, бачу, любіце.

Напамінае пра гіпноз. Што, калі ён гіпнатызёр? Што, калі захацеў правесці сеанс гіпнозу? Няхай праводзіць. Людзі самі выходзяць на сцэну, калі папросіць гіпнатызёр. Нядаўна ў нашым раённым горадзе разам з бацькамі глядзелі, як гіпнатызёр адну цётку прымусіў, каб скакала. А пасля яна пачала плакаць. Усе аж заходзіліся ад смеху. Тая цётка не пабаялася выйсці на сцэну. Чаго ж нам баяцца? Няхай гіпнатызуе. Можна і ў казцы пабыць. Пад гіпнозам.

— Мірон Казіміравіч, вы… — пачаў я. Ландыш перапыніў мяне:

— Яны любяць. Любяць і казкі, і мову, і свой народ. А я не. Я сам сябе люблю.

— Мірон Казіміравіч, вы гіпнатызёр? — запытаў я.

— Такім глупствам не займаюся. Я сур'ёзна да ўсяго стаўлюся. Я вучоны.

«Бум-бум-бум…» — забумкалі гадзіннікі, адлічваючы час.

Мірон Казіміравіч тыцнуў пальцам, паказваючы на дзве вялізныя бутлі.

— Прыйдзецца вам у гэтыя бутлі залезці. Яны якраз па вашым росце. Як на заказ.

— Адтуль у казачку паедзеце. Хі-хі-хі…— захіхікаў Ландыш.

Мірон Казіміравіч хоча, каб мы ў бутлі залезлі. Закансервуе там. Альбо голадам заморыць. У шкляных бутлях горш, чым у турме.

— Не палезу, — праз сілу праказаў я.

— Не палезу, — паўтарыў за мною Пятрусь.

— Не палезеш? — ашчэрыўся Ландыш. — Зараз пакачу і стану казытаць. Папакруцішся.

— Я козыту не баюся, — адказаў Пятрусь.

— У мяне пабаішся. Мірон Казіміравіч, дазвольце паказытаць. Уволю наказычуся. Адвяду душу.

— Не. Ведаю цябе. Заказычаш.

— Што ж рабіць? Не палезуць яны. Упартыя. Добрае слова да іх не даходзіць.

Мірон Казіміравіч устаў з крэсла, чамусьці падышоў да мяне.

— Лекі! — неспадзявана крыкнуў ён і, абхапіўшы мяне за шыю, затуліў рот далонню.

Як і там, на возеры, чымсьці вострым, падобным на пах воцату, патыхнула ў нос. Перад вачыма паплыло, закружылася…

Ачнуўся я ў бутлі. Тыцнуўся ў адзін бок, у другі, нібы ашалелая муха. Усюды шкло. А пад нагамі той жоўты парашок, які прынёс у поліэтыленавым мяшку Мірон Казіміравіч.

Побач, у другой бутлі, скурчыўшыся, сядзеў Пятрусь.

— Ігна-а-т, трымайся-а!.. — гукнуў ён. Трэба трымацца. Трэба ўзяць сябе ў рукі.

Слязьмі гору не паможаш. Пракляты Мірон Казіміравіч! Няўжо хоча закансерваваць?

Я з усёй сілы стукнуў нагою на шкле. Шкло нават не зазвінела. Быццам жалезнае.

— Дарма стараешся, — нагнуўся над бутляю Мірон Казіміравіч.

Стаіць як здань, усміхаецца. І Ландыш крывіць губы. Радуюцца. Іх верх.

— Хлопчыкі, хутка будзеце ў казцы. Уключаю, — крыкнуў Мірон Казіміравіч.

Пачуўся гучны шчаўчок, і ўнізе, пад бутляю, успыхнула полымя. Праз імгненне яно абхапіла ўсю бутлю. Вакол прагныя чырвоныя языкі. Цягнуцца, нібы рукамі да горла.

Хочуць жыўцом засмажыць. Загінем! Дык гэта не людзі. Гэта старажытныя інквізітары. Нават горшыя за іх.

— Хлопчыкі, выбачайце, што так выйшла, — крыкнуў Мірон Казіміравіч. — Мне трэба правесці эксперымент.

— Выпусціце-э!.. — галёкнуў я.

— Не магу-у!.. Я вучоны. Тэорыя без практыкі нішто. Вам у школе казалі. Павінны зразумець мяне-э…

Пад нагамі затрашчаў жоўты парашок. Дало ў нос гарэлым. Жоўтае полымя абхапіла мяне. Здалося, што тлее кашуля.

— Ма-ма-а! — галёкнуў я.

— Тэорыя без практыкі нішто-о!.. Веру, што будзеце ў казцы! Начамі не спаў!

— А-а-а!.. — заенчыў я.

— Хлопчыкі-і!.. Тэорыя без практыкі нішто-о!.. Я адчуў, што кудысьці лячу. Перад вачыма затрапятаўся тонкакрылы матылёк.

Частка другая

Не чуць і не бачыць

Кроў на бохане хлеба

Мне здавалася, што лячу ў паднябессі. Паволі, нібы бусел, які лунае, распрастаўшы крылы. Маімі крыламі былі рукі. Я час ад часу ўзмахваў імі, рассякаючы пругкае паветра. А пада мною — зямля. Без канца, без краю. Пагоркі, лясы, азярынкі…

Поделиться с друзьями: