Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

І цяпер, наставіўшы рукі, я стаў адступацца назад. Чаго найбольш жадаў? Каб тоўстая жалезная сцяна вырасла між мною і пацуком.

— Стой! — схапіў мяне за руку Пятрусь.

Не спускаючы вачэй, як загіпнатызаваны, я глядзеў на пацука і бохан хлеба. «Кап», — на скарынку, расцякаючыся, капнула чырвоная кропля. І адразу ж пачулася прарэзлівае: «І-і-і… І-і-і…»

Пятрусь падскочыў, адкінуў бохан убок. Жудасны піск сціх. Адразу, нібы голас з радыёпрадуктара, калі штэпсель з разеткі выцягнуць.

«Кап», — ужо на зямлю капнула чырвоная кропля. Я са страхам чакаў, што зноў пачую піск. Ды не, не пачуў.

— Глянь на поле! Дзіва! — усклікнуў Пятрусь.

Але, дзіва. Кволыя сцябліны, нядаўна пераламаныя, на вачах уставалі, каласы наліваліся важкім зернем.

— Казка! — усклікнуў я. — Усё-ткі мы ў казцы?

— Як бачыш, — сказаў Пятрусь.

У казцы. Выходзіць, яна не толькі ў думках. Выходзіць, яна не фантазія, а рэальнасць. Не верыцца. Але ж жытнёвае поле на вачах ажыло.

— Вось якая яна, казка, — сказаў я.

— Дзіўная, — падхапіў Пятрусь.

Нічога не скажаш. Дзіўная. Вядома, слуп на раздарожжы не навіна. Але пацук, якому перарэзалі горла…

— У нейкую нялюдскую казку мы трапілі,— прамовіў я.

— У нялюдскую, — пагадзіўся са мною Пятрусь. — Звычайна ў казках хлеб шануюць, а тут…

— Бывае, што і ў нас не шануюць, — заўважыў я. — У школьнай сталовай часта на падлозе ляжыць. Я сам адзін раз у кут шпурнуў.

Пятрусь зірнуў на мяне.

— Ігнат, гэта не пацук енчыў.

Хто ж тады? Ці не стаў дзіваком і Пятрусь у гэтай дзіўнай казцы?

— Ігнат, гэта не пацук. Хлеб плакаў. Яму балела.

Ці магчыма такое? Калі кідалі скарынкі пад стол, ніводная не заплакала. Здараецца, што некаторыя хлеб нават нагамі падбіваюць, як футбольны мяч.

— Хлеб плакаў,— сказаў Пятрусь. — Тут казка. Я зірнуў на бохан хлеба. Ляжыць скрываўлены, нібы паранены. Зноў успомніў пра той кавалак, які шпурнуў у кут. На ім яшчэ засталіся адбіткі маіх зубоў. Там, дома, не ўспамінаў. А цяпер… Чаму цяпер? Не зведаўшы гора, шчасця не пазнаеш?

— Пацука нехта нядаўна на галіну павесіў,— прагаварыў Пятрусь.

Няўжо сапраўды нядаўна? Калі так, то не на добрае. Што, калі гэты нелюдзь паблізу? Што, калі сядзіць у жыце, цікуе за намі, слухае, пра што гаворым? Калі хлеба не пашкадаваў, то і нас па галоўцы не пагладзіць. Возьме за горла і…

— Чалавек такога не зробіць, — сказаў я.

— А Мірон Казіміравіч не зрабіў бы?

— Зрабіў бы. І Ландыш таксама зрабіў бы. Але тут, у казцы…

Пятрусь не паспеў скончыць, бо ззаду пачулася, як стрэл:

— Добры дзень.

Я азірнуўся і аж прысеў.

— Мірон Казіміравіч! — вырвалася ў мяне.

Так, перад намі стаяў Мірон Казіміравіч. І акуляры на носе, і валасы на галаве ўскудлачаныя, нібы толькі што са стога сена вылез, добра выспаўшыся. Праўда, барада не рыжая, а чорная. Але ж бараду можна перафарбаваць.

Няўжо і ён адправіўся за намі ў казку? Не верыцца. Такі над іншымі любіць праводзіць эксперыменты. Сам не стане рызыкаваць. Дык што ж выходзіць? Выходзіць, не ў казцы мы. Выходзіць, выняў з бутляў і ў лес прывёз. Наш лес, не казачны. А пацука знарок на сук павесіў. Чаму ж каласы на вачах зернем наліліся? Так бывае толькі ў казках. Дзе ж мы?

У мяне затахкала ў скронях, закалола ў патыліцы. Хацелася ўпасці ніцма, абхапіць галаву. І я ўпаў бы, бо не ставала сіл, ды Мірон Казіміравіч неспадзявана сказаў:

— Я не Мірон Казіміравіч.

Вось табе і маеш! Мірон Казіміравіч не Мірон Казіміравіч. Як жа такое магчыма? Тлуміць галаву. Зноў праводзіць нейкі эксперымент.

— Вы бараду перафарбавалі. З рыжай чорную зрабілі,— выціснуў я праз зубы.

— Мая барада зроду чорная.

— Хто ж вы?

— Казімір Міронавіч.

Дык ён не толькі бараду перафарбаваў, але, як пішуць у анкетах, і свае ініцыялы змяніў. Хіба для канспірацыі?

— Не вярзіце лухту. Ведаем вас як аблупленага, — не сцярпеў я.

А гэты Казімір Міронавіч глянуў на мяне, як сабака на ката.

— Ты не вельмі. Нос не задзірай. Я з табою свіней не пасвіў. Зараз вазьму за вушы і на хвойку закіну.

Жартуе? Не. Вырачыў вочы, кулакі сашчаміў. Што, калі падвесіць мяне, як пацука?

— Дык… — пачаў я.

— Дык індык. Я Казімір Міронавіч. Мірон Казіміравіч жыве ў вас. Тут казка. Мірон Казіміравіч не раз сюды сігналы падаваў. Толькі я іх успрыняў, зразумеў. Мы з ім браты па душы. Мірон Казіміравіч паведаміў, што вас у казку адправіць. Трэці дзень чакаю. Вось мы і сустрэліся.

Я са страхам глядзеў на яго. Нейкі нервовы. Не любіць, калі не ў руку. З такім да двух не гавары. Ён пацуку горла перарэзаў. Знарок. Каб сябе паказаць, каб зразумелі, чым дыхае.

Пятрусь кіўнуў галавою, паказваючы на пацука.

— Ваша работа?

— Мая. — Казімір Міронавіч узяў пацука за хвост, патрымаў. Падумалася: зараз плясне мне ці Петрусю пацуком па твары. Не. Шпурнуў убок. Пасля крануў нагою бохан.

— Вы хлеб адкінулі?

— На яго кроў капала, — сказаў Пятрусь.

— Кепска, што адкінулі. Няхай капала б па кроплі. Плакаў. Чулі?

— Дык гэта хлеб плакаў? — азваўся я.

— Ён. Не даспадобы, што кроў капала. Балела яму.

Хлеб плакаў… Нібы жывы. Балела. Плакаў без слёз. А гэтаму ў радасць.

— Чаму вы так зрабілі? — запытаў Пятрусь.

— Бачылі, якім было поле?

— Бачылі,— сказаў Пятрусь. — Пустыя каласкі на зямлі ляжалі.

Казімір Міронавіч, нібы спартсмен, які перасёк фінішную прамую, узняў угору рукі.

— Я так зрабіў. Мае чары зрабілі. Пацукова кроў на хлеб капала, а поле спёкай сушыла. Плакаў хлеб… Плакаў…

Ну й злыдзень! Хацеў, каб збажына загінула. Хіба мае такую сілу? Можа, проста хваліцца? Можа… Не. Мы ж у казцы.

— Калі б яшчэ крыху кроў на бохан пакапала, то не ўзняўся б хлебны каласок, — перапыніў мае думкі Казімір Міронавіч.

— Хто вы? — усклікнуў я.

— Вядзьмак.

Малекула-калекула

Пра ведзьмакоў я, канешне, чуў. Паданні-легенды пра іх і ў нашай вёсцы з даўніны засталіся. Бывае, збяруцца жанчыны і давай баяць. Асабліва часта расказвалі пра Бардуна, які жыў у Клімавічах. Што нібыта нават калекаў на ногі ставіў. Прывязуць на возе чалавека, які зусім не можа хадзіць, а ён пашэпча, нешта дасць выпіць, і чалавек як нанава на свет народзіцца. Сам ідзе дамоў. Але не толькі добрае рабіў Бардун. Прыцемкам зайшоў да яго адзін мужчына і давай смяяцца. Маўляў, не веру я табе, дурыш людзям галаву. Узлаваўся Бардун: «Сёння ж да мяне прыйдзеш, папросішся». Засмяяўся мужчына: «Чаго я да цябе поначы пасунуўся?» — «Бяда прымусіць. Калі сядзеш на лаву, тры разы ў шыбу пастукае», — прагаварыў Бардун. Развіталіся яны. Прыйшоў мужчына дамоў, сеў на лаву. Рот адкрыў, каб расказаць жонцы, што ў Бардуна быў, а ў акно тры разы запар: стук, стук, стук. Нібыта птушка дзюбай. «Чуў?» — запытала жонка ў свайго гаспадара. А ён сядзіць з разяўленым ротам, ні слова не вымавіць. Толькі галавою трасе. «Чаго рот разявіў?» — накінулася на яго жонка. Ён трасе галавою, вачыма на яе лыпае. Скумекала яна, што бяда. Давай прасіць: «Закрый рот. Закрый рот». Ён і так і сяк, нават рукою за сківіцу ўзяўся — не дасць рады, не закрываецца рот. Жонка ў плач, за руку яго, як малое дзіцё, і павяла да Бардуна. А той стаіць на парозе, чакае. «Казаў, што сёння прыйдзеш да мяне», — усміхаецца.

Поделиться с друзьями: