Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Дык вось чаго яны хацелі! І я ад свайго роду адрокся б, і Пятрусь адрокся б. Няўжо падобнае скляпенне пабудавалі б? Няўжо і мой бацька на ланцугу сядзеў бы? Год, два, тры сядзеў бы… Сівая барада да пояса вырасла б… І ў Петрусёвага бацькі вырасла б… А мы як угарэлыя насіліся б ад вёскі да вёскі, ад горада да горада, людзей баламуцілі б.
— Дзед Мірон, вас тут кормяць? — пацікавіўся Пятрусь.
— Не дае сын ад голаду памерці. У столі акенца. На вяроўцы спускае збан вады і кавалак хлеба. Лепей я не еў бы яго…
У мяне на вачах выступілі слёзы.
— Дзед Мірон, няўжо мы ніколі не трапім дамоў?
— Мой сын не даруе вам. Праведае, што былі са мною. Вы яго не перахітрыце. У вас чыстая душа. Нездарма вас выбралі, каб сюды паслаць. Розныя нячысцікі заўжды стараюцца чыстую душу ўскаламуціць. Хто яго ведае, чаму так. Ды не будзем пра гэта. Вельмі дамоў хочацца?
— Яшчэ як! — усклікнуў я.
— Добра, што вы пра свой дом не забыліся. Добра, што ёсць любоў. Яна дапаможа вам, выведзе. І я дапамагу.
— Як? — не стрымаўся я.
Дзед Мірон не паспеў адказаць, бо там, наверсе, нешта грукнула.
— Нехта зачыніў дзверы! — у роспачы ўсклікнуў Пятрусь.
Сонца, птушкі, зеляніна…
Дзед Мірон зірнуў на нас.
— Няўжо мой сын вярнуўся?
Пятрусь узбег на лесвіцу, прыўстаў на дыбачкі і запытаў:
— Хто там?
А з-за дзвярэй данеслася:
— я. Палын. Не паслухаліся мяне. Цяпер у скляпенні з пацукамі гуляйце. Я даўно за вамі сачу.
Перахітрыў-такі нас. Схаваўся ў кустах. А мы не заўважылі, паверылі, што з ведзьмаком пайшоў.
— Вось хто вас падпілноўваў. Трэба неяк выбрацца са скляпення. — Дзед Мірон узяўся рукою за металічны абруч. — Дапамажыце мне ад гэтага ярма пазбавіцца.
— Як? — запытаў Пятрусь. Дзед Мірон тыцнуў пальцам.
— Там, у куце, ключ пад цаглінай. Прынясіце.
Апярэдзіўшы Петруся, я кінуўся ў кут. Сапраўды, ляжыць цагліна, пакрытая тоўстым слоем пылу. «Відаць, не адзін год праляжала некранутая», — падумалася.
Я прыўзняў цагліну, схапіў ключ і падбег да дзеда Мірона. Ён узяў яго, адамкнуў замок, шчоўкнуўшы адзін раз, другі, зняў абруч.
— Хлопец, падыдзі да мяне, — паклікаў Петруся.
Пятрусь спусціўся з лесвіцы.
— Вось што вам скажу, — звярнуўся да нас дзед Мірон. — Каб дабрацца дадому, трэба ісці на поўдзень. Туды, дзе сонейка. Яно выведзе вас. Ды цяжкай будзе дарога. Не кожны яе адолее. Відаць, і страху наберацеся. Але не спыняйцеся, ідзіце. Убачыце грушу-дзічку. На яе вершаліне гуслі. Мой сын іх павесіў. Калісьці на гуслях іграў сівабароды гусляр. Спакон вякоў, як найдарагая спадчына, ад бацькі сыну яны перадаваліся. Не змаўкалі, пакуль мой сын у гусляра падманам іх не забраў. Павесіў на дзічцы, а гусляра са свету звёў. З таго дня і пачаў вядзьмарыць. Не стала музыкі, не стала песень. Многа летаў наш народ гэтыя песні складаў. Калі зноў пачуе, то абудзіцца. Гуслі чарадзейныя, незвычайныя. Калі дакрануцца да іх, правесці па іхніх струнах, то загудуць, зайграюць, разбудзяць усіх тых, каго вядзьмак зачараваў. Прачнуцца людзі, спадуць чары. Зноў успомняць пра свой род, будуць жыць весела, у згодзе.
— А што будзе з намі? — пацікавіўся Пятрусь.
— Дома апыніцеся. Падарожжа ў казку сном здасца.
Цікава выходзіць. Мы гэтулькі нацярпеліся! Няўжо гэтае падарожжа здасца толькі сном?
Хацеў сказаць пра гэта дзеду Мірону, ды ён апярэдзіў мяне:
— Не марудзьце. Паспрабую таго злога духа ўгаварыць, каб дзверы адчыніў.
Дзед Мірон устаў, пахіснуўся. Я схапіў яго за руку, каб падтрымаць.
— Не трэба, унучак. Галава з непрывычкі кружыцца. Крыху пастаю, і пройдзе.
Дзед Мірон прыхінуўся да сцяны. Некалькі хвілін стаяў, апусціўшы галаву, а пасля паволі пайшоў. Ступіў на лесвіцу і пачаў паднімацца наверх. Мы з Петрусём пайшлі за ім. Па сцяне да дзеда Мірона рвануўся вялізны агідны павук. А дзед Мірон ідзе, не зважае. І мы з Петрусём ідзём за ім з аглядкай.
Вось і дзверы. Дзед Мірон стукнуў кулаком.
— Эй, хлопча! Адчыні!
— І ты, стары грыб, на волю хочаш? Табе трэба на ланцугу сядзець. Твой век скончыўся, — крыкнуў з-за дзвярэй Палын.
— Імем тваёй маці заклінаю. Той маці, якая табе дала жыццё. Адчыні, выпусці хлопцаў. І я на сонца гляну. Мне ўжо мала засталося.
— І там не цесна.
— Адчыні. Павінна ж быць у цябе сумленне. Ты ж нарадзіўся чалавекам, а не гадзінай паўзучай.
У адказ пачуўся смех.
Я моўчкі стаяў і кусаў губы. Не. Такога, як Палын, не ўпросіш і не ўмоліш. Дзед Мірон пра сумленне напамінае. Хіба гэтым проймеш яго? Вось каб дубінай па спіне. Адразу дайшло б.
— Адчыні. Зрабі хоць адну добрую справу. З душы грэх скінеш.
— Ха-ха-ха… — зарагатаў Палын. Радуецца. Будзе чым перад Казімірам Міронавічам пахваліцца. Што ж рабіць? А калі?.. Я гучна сказаў:
— Палын, мы на ўсё згодныя. Памятаеш, што нядаўна нам казаў? Мы з табою заадно.
Пятрусь стукнуў мяне локцем у бок.
— Што вярзеш? Хочаш ведзьмаком стаць?
— У лапці абуем. Як ён нам, так і мы яму. Клін клінам выбіваюць, — кажу паціху.
— Дайшло да вас? — крыкнуў Палын.
— Дойдзе, калі з пацукамі пасядзіш, — азваўся я.
— Даўно вас трэба было туды пасадзіць.
Няўжо Палын не адчыніць? Няўжо не паверыць мне? Чаму маўчыць? Відаць, думае, разважае.
— Адчыні. Дайшло, — не стрываў я.
— Што ж, адчыню. Калі што, назад палезеце.
Казімір Міронавіч з вас тры скуры спусціць. Бразнула зашчапка, і дзверы расчыніліся.
— Насядзеліся? — прагаварыў Палын і, убачыўшы, што дзед Мірон выходзіць, закрычаў: — Куды? Куды, стары грыб?
Пхае, упёршыся ў грудзі. Дзед Мірон пахіснуўся. Калі б не схапіўся за лесвіцу, то ўпаў бы. Не ведаю, што было б, калі б не Пятрусь.
— Пхай! Пхай! — крыкнуў ён Палыну. — Зараз і цябе разам з дзедам Міронам у скляпенні зачынім.
Палын імгненна выскачыў на двор, рукі ў бокі.
— Палохаеце? Мы ж дамовіліся.
— Няхай дзед Мірон крышку паветрам падыхае. Пасля ў скляпенні яго зачынім, — сказаў Пятрусь.
— Крышку? — пачухаў патыліцу Палын. — Няхай падыхае.
Не хоча спрачацца. Усё-ткі думае, што мы заадно з ім. Чакае, не дачакаецца, калі Казіміра Міронавіча звалім.
— Дзед Мірон, выходзьце, — сказаў Пятрусь.