Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Зараз. У вочы коле. Сонца, а ў вочы коле. — Дзед Мірон выйшаў са скляпення, стаў, прыслухоўваючыся.

— Чаго стаіш слупам? — незычліва прамовіў Палын.

— Птушкі спяваюць, цвіркаюць.

— У цябе ў вушах цвіркае, — зарагатаў Палын.

— А ты не чуеш, як птушкі спяваюць. Не, не чуеш, — сказаў дзед Мірон.

Я глянуў на Палына. Стаіць, крыўляецца. А сапраўды: ці чуе ён, як птушкі спяваюць, ці заўважае іхні спеў? Напэўна, не. Жыве, як у скляпенні. Хіба яму да спеваў? Трэба думаць, як ведзьмаку дагадзіць.

— Хораша тут, — прамовіў дзед Мірон і пасунуўся па ўтравелай дарожцы.

— Далёка не йдзі, бо рассыплешся. Прыйдзецца збіраць, — са здзекам прагаварыў Палын.

— Вой! — раптам войкнуў дзед Мірон. Мы з Петрусём з усіх ног да яго.

— Што з вамі? — запытаў я.

— Хлопцы, ідзіце па гэтай сцежцы, — зашаптаў дзед Мірон. — Дойдзеце да канца парку. Ён агароджаны. Праз агароджу вам не пералезці. Але насупраць дарожкі ёсць весніцы. Адчыніце і выйдзеце. За агароджай пачнецца лазняк. Калі пралезеце праз яго, убачыце раку. Там, у асацэ, човен. Адразу ж за ракою лес. На ўскрайку дзве сухія хваіны. Каля іх дарога. Ідзіце туды, дзе сонейка. Зніміце гуслі. На грушу нялёгка залезці. Ад сына чуў, што вельмі калючая. Не ведаю, чаму яна такая стала.

— Эй ты! Стары грыб! Што шэпчаш? — занепакоіўся Палын.

Дзед Мірон павярнуўся да яго.

— Няхай хлопчыкі пагуляюць, а я пастаю, падзіўлюся.

— Годзе дзівіцца. У скляпенне лезь. Там тваё месца.

— Зараз палезу, — прамовіў дзед Мірон.

Мы з Петрусём, пасвістваючы, пайшлі па сцежцы. Ці аклікне Палын? Не, не аклікнуў. Паверыў, што захацелася нам пагуляць.

У канцы парку, як і казаў дзед Мірон, мы ўбачылі весніцы. Але на весніцах вісеў вялізны свірнавы замок. Мабыць, нядаўна яго павесілі. Новенькі, як з крамы. І праз агароджу не пералезці. Куды ні глянь — высокія пруты, завостраныя на канцы, а зверху — калючы заржавелы дрот, нацягнуты, як у прафілакторыі.

Пятрусь стукнуў кулаком па агароджы.

— Не ведаў дзед Мірон, што тут замок. Падрыхтаваў Казімір Міронавіч сюрпрыз!

— Пятрусь, давай пад агароджу падкапаемся, — прапанаваў я.

— Чым?

— Рукамі.

— А калі агароджа на тры метры ў зямлю ідзе?

І праўда. Магчыма, пруты глыбока ў зямлю ўкопаныя. Рукамі не падкапаешся, не дасі рады. Экскаватар патрэбен. Што, калі Палын ужо шукае нас?

— Пятрусь, Палын ведае, па якой дарожцы мы пайшлі. Трэба схавацца ў такое месцейка, каб не знайшоў. Хоць гадзіну без яго пабудзем.

Мы павалакліся паўз агароджу. Бывай, воля. Хутка скляпенне будзе прыстанішчам. А дзесьці на дзічцы вісяць чарадзейныя гуслі. Даўно не прабягала рука па іхніх струнах. Толькі ветрык прабягаў. Ды што ветрык? Трэба, каб рука. Тады зайграюць, заспяваюць.

— Пятрусь, ты калі-небудзь бачыў гуслі? — запытаў я.

— Толькі на малюнку.

І я, як і ён, бачыў толькі на малюнку. Ніколі ў руках не трымалі. Электрагітару трымалі, нават крыху брэнкалі. А гуслі не. Чаму ж так?

У траве стракочуць конікі, у гушчыні дрэў пераклікаюцца птушкі. Не верыцца, што непадалёку скляпенне, прафілакторый, не лепшы за гэтае скляпенне. Ходзяць людзі, як сонныя. Вусны сцятыя. Пра адно думаюць: каб дзень да вечара.

— Пятрусь! — крыкнуў я, забыўшыся пра ўсё на свеце, бо ўбачыў паваленую вярбу, якая ляжала на агароджы. — Мы выратуемся!

Пятрусь, абагнаўшы мяне, ускарабкаўся на самы верх вярбы. І я залез на вярбу, трымаючыся за галіны.

— Э-эх! — крыкнуў Пятрусь і скокнуў уніз. Упаў, перакуліўся.

Я ўдыхнуў паветра і таксама скокнуў. Усё. Мы за агароджай. Недзе там, уперадзе, рэчка, човен у асацэ. Ён нас выратуе.

Праз даліну смерці

Мы з Петрусём палезлі праз лазняк. І ў нас на балоце расце лазняк. Ды тут незвычайна густы: гнуткія, тоўстыя лазіны адна каля адной.

Мы, расхінаючы іх, упарта лезлі наперад. Пачалася крапіва, вялізная, ледзь не ў мой рост. Сцёбнула па твары, апякла, як уджаліла.

— Не лазняк, а афрыканскія джунглі,— сказаў Пятрусь.

Хацелася прыпыніцца, дух перавесці. Але мы прабіраліся наперад.

Пад нагамі захлюпала вада. Разуцца? Няма калі. Дый ногі апячэш крапівою.

— Пятрусь, калі гэтыя джунглі скончацца? — не стрываў я.

— Некалі скончацца, — азваўся Пятрусь.

Вада хлюпае ўжо не толькі пад нагамі, але і ў чаравіках. Трэба цярпець. Трэба…

Лазняк скончыўся нечакана, быццам расступіўся перад намі, і мы ўбачылі раку, бераг якой зарос аерам, асакой.

Мы, асцярожна расхінаючы рукамі асаку, пайшлі па беразе і неўзабаве ўбачылі човен, каля якога ляжала вясло.

Я залез у човен, сеў на нос. Пятрусь адштурхнуў яго, сам ускочыў, узяў вясло.

— А рака глыбокая! — усклікнуў.— Дна вяслом не дастаць.

— Грабі,— сказаў я яму.

Пятрусь пачаў хутка-хутка грабці. Ды човен стала зносіць уніз. Лазняк застаўся ззаду. Але ж і човен набліжаўся да берага. Праз колькі хвілін ён уткнуўся носам у жоўты пясок, намыты вадою. Мы з Петрусём зацягнулі яго на бераг, а пасля селі на пясок, вылілі з чаравікаў ваду, абуліся і хацелі ісці туды, дзе ўзвышаліся дзве сухія хвойкі (іх адразу заўважылі на ўскрайку), ды з асакі вылез Палын.

— Наш саюзнік з'явіўся, — прамовіў я.

— Паслухаем, што скажа, — прагаварыў Пятрусь.

— У палац табе захацелася?

— Не хвалюйся. Пакуль ён цераз раку пераплыве, мы ў лесе схаваемся. Там і са свечкаю не знойдзе.

А Палын, склаўшы рукі рупарам, закрычаў:

— Вярні-це-ся-а!..

Пятрусь, падцкоўваючыся, памахаў рукою.

— Пасля дожджыку ў чацвер.

— Вярніцеся. У золаце будзеце хадзіць, на пярыне спаць, пуховай коўдрай накрывацца.

— Нам і без тваёй коўдры някепска.

Палын затупацеў нагамі. Калі б хто збоку паглядзеў, то падумаў бы: шалёная муха ўкусіла за вуха.

— Калі б умеў плаваць, то я вас… Я вас… Сам не ведаю, што з вамі зрабіў бы.

Зразумела, чаму топчацца на беразе. Плавае як сякера. Наша шчасце. Пятрусь памахаў рукою.

— Бывай, Палынок.

Мы, пасмейваючыся, пайшлі па дарозе, якая неўзабаве пачала спускацца ў лагчыну. Паабапал дарогі раслі яліны, падобныя на бухматыя копы. Сонца ледзь-ледзь прабіваецца праз іх калматыя вершаліны. Дзіка, непрытульна. І што самае дзіўнае? Стала кружыцца галава, перахапіла дыханне.

Я зірнуў на Петруся. Цягнецца, нібы сонны. Дыхае цяжка-цяжка.

Поделиться с друзьями: