ЖАНРЫ

Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
Шрифт:

* * *

Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховiшча. "Гэта мая начная туга ў бурлiвае надвор'е - ад хвалявання стыхiй у прыродзе, як правiльна тлумачыць Гэ-Гэ, - разважаў ён.
– Бо я - увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калi мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, i няма больш таго, чым я валодаю, i не трэба большага жадаць". А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросцiў Плацiнаваму Абручу: "Я ж магу i сам зрабiць тое, што захачу цi што будзе неабходна, я - Аквiла Рэгiя, непераможны i найвялiкшы, - iнакш што ж я за "непераможны i найвялiкшы", калi толькi i прашу дапамогi ў нейкага абруча?"

Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, i тады... Цяжка было ўявiць, што будзе тады...

15

Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.

– Што такое жыццё?
– пытаўся ён, i яна адказвала:

– Жыццё - гэта рух.

– Ад чаго да чаго?

– З аднаго месца на другое.

На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай - яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.

– Што рухае?

– Неабходнасць.

– Адкуль неабходнасць?

– Ад жаданняў.

– Адкуль жаданнi?

– Ад неабходнасцi рухацца.

– Дзе ж тут пачатак i дзе канец?

– Няма нi пачатку, нi канца.

– А смерць?

– Смерць - вяха.

– Што пасля?

– Цемра.

– Ах!
– усклiкнуў аднойчы Магутны Арол.
– Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе...

– Будзе, - прагучаў адказ.

– Але я магу стаць бессмяротны!

– Жывы труп...

Пайшла вон!

Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.

– Так нядоўга i да хваробы...

– Што ж, - усмiхнуўся Магутны Арол, - па-твойму, я магу памерцi?

– Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.

– Лекары, - паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.

– Можа, - спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, - Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты...

– Што ты называеш "на час адкласцi справы"?

– Паляванне!
– Вочы Строгага Сарыча загарэлiся.
– Паляванне - найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць...

Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.

Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было - раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.

Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. "Вось, - думаў ён.
– Можна, значыць, абысцiся i без Абруча..."

У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.

З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.

16

Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.

– Мы хочам асвоiць планету Хi, - прамовiў Настаўнiк.
– Такая галоўная мэта?

– Так, - прашаптаў Першы.
– Ты ведаеш...

– Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.

– Так...

– У такiм разе што цябе прыгнятае?

– Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца...

– Паляванне наладзiў былы лон, - з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?

– Мы не ад лонаў!
– з роспаччу запярэчыў Першы.

– Хто гэта даказаў?

– Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў...

– Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi...

– У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!

– Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.

– Не трэба такiх спрэчак!
– строга вымавiў Настаўнiк.
– Яны не памогуць нам.

– Хi - дзiкая планета!
– не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы.
– Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi...

– Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.

– Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!

– А мне падыходзiць гэта планета, - задумлiва сказаў Другi.
– Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.

– Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў...

– У нас урок, - сказаў Настаўнiк.
– Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.

– Я хачу бачыць вышэйшых!
– упарцiўся Першы.

– Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.

– Тыя тры на беразе?

– Урок не скончаны!
– Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.

"I зноў замiльгаў экран, - пiша Пасвячоны, - i жахлiвы iх урок працягваўся..."

Поделиться с друзьями: