ЖАНРЫ

Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
Шрифт:

* * *

"Жахлiвы ўрок"... Прызнае, такiм чынам, што жахлiвы. А вось каб перашкодзiць iм... Цi слушнасцi няма, цi этыка навуковая не дазваляе. А калi разабрацца, дык на якой падставе, па якiм праве нейкiя страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, "падыходзiць гэта планета"!), i спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкi, каб дарогу сюды забылiся. Вось i быў бы iм эксперымент.

Але ўжо працягнем, i няхай не пакрыўдзiцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.

17

Нягледзячы на ўсялякiя меры i засцярогi, у вотчыне грознага Аквiлы Рэгii пачалi адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлiлася, што Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi, не чыстая на руку i што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павiнен быць лепшы ва ўсiх адносiнах.

Следства скончылася за самы кароткi час, "а калi яшчэ, - пiша Пасвячоны, мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькi кароткае iмгненне". Факты, адным словам, пацвердзiлiся цалкам, нават з лiшкам, i Яго Недаступнасць асабiста распарадзiўся лёсам злачынкi: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фiзiяномiю i тупнуў так, што задрыжалi скляпеннi замка.

– Цяжка ўявiць! Неверагодна! У маiм уладаннi! У маiм доме! На маёй службе!!! Погань ненасытная!
– Ён у знямозе павалiўся на трон i зайшоўся ў нервовым кашлi.
– Лiквiдаваць!

Вялiкую Княгiню прыбралi ў чорнае адзенне, прывязалi на шыю камень, занеслi на мора i кiнулi ў самым глыбокiм месцы. Перад пакараынем яна паспела толькi пралепятаць:

– Перадайце гэтаму даўганосаму падлюгу, што...
– Але дагаварыць не паспела.

Галоўны фiлосаф Грыфус Мантанус Прэдзiтус з прычыны гэтага сумнага здарэння нiбы сказаў, што ў гады росквiту i дабрабыту, у хвiлiну зацiшша пiльнасць асаблiва патрэбная. Бо ўсе, бачыце, клопатаў не ведаюць, усе радуюцца сытасцi i цiшынi, i святочны стан распаўсюджваецца падобна эпiдэмii. А гэта, сказаў ён, вельмi небяспечны i шкодны стан.

Уладар абазваў яго балбатуном, а цiкаўная Аракулька выдала сваё спакойнае "ку-ку".

А сiтуацыя мiж тым развiвалася далей.

Не паспела зацiхнуць гамонка пра складскiя справы, як з Заходнiх лясоў прыйшла вестка пра бясчынствы драздоў: збiралiся вялiкiмi чародкамi, наладжвалi шумныя i недапушчальныя банкеты, у часе якiх абгаворвалi Яго Недаступнасць, а таксама апаганьвалi мясцiны палявання. Каб навесцi парадак, прыйшлося паслаць туды эскадрыллю шулёнкаў. Авохцi!
– неўзабаве нешта ж падобнае адбылося i на Паўднёвых Пласкагор'ях, у вотчыне Гэ-Гэ; гэтым разам вызначылiся перапёлкi. Гэтыя пайшлi яшчэ далей: зрабiлi чучала свайго гаспадара-фiлосафа, вiлiся вакол яго i выкрыквалi (лiтаральна так), "што не хочуць падпарадкоўвацца ўсялякiм калматым жывадзёрам". Акрамя таго, яны знеслаўлялi Прыгожую Галубку, абзываючы яе рознымi брыдкiмi словамi. Над гэтымi нахабнiкамi зрабiлi паказальны суд.

А Зязюля-Аракулька не стамлялася прадказваць смуты, хоць ужо i так было зразумела, што птушыны мацярык перажывае крызiс. Пасля перапёлак слухалася справа аб хабарнiцтве гракоў; потым на павальным браканьерстве папалiся кулiкi, а ў дадатак нешта з вадаплаўнымi... I так - адно за адным... Ды ўсё ж яшчэ можна было мiрыцца, калi б не гэта жахлiвая навiна пра змову. Так-так! у самым палацы рыхтавалася змова, i на чале - хочаце верце, хочаце не - стаяў нiхто iншы, як фанабэрысты Строгi Сарыч.

Спачатку было два-тры сiгналы, якiм уладар не надаў значэння, бо лiчыў гэта чыстай лухтой. Але прыйшоў Яго Непазбежнасць Выпадак - ён заўсёды, урэшце, прыходзiць, i - вочы раскрылiся.

Было так. Магутны Арол iшоў калiдорам, i раптам з пакояў Прыгожай Галубкi пачуўся шчаслiвы смех. Магутны Арол прыслухаўся i пазнаў голас свайго сябра i мiнiстра настрою i парадку. Сумненняў не было, бо ён пазнаў бы гэты цудоўны голас сярод тысячы падобных - столькi Ўлажэнняў было iм зачытана! А праз некалькi хвiлiн адчынiлiся дзверы, i мiнiстр з'явiўся ўласнай персонай. Без адзiнага гуку ўладар адразу сам арыштаваў яго. На допыце Строгi Сарыч прызнаўся, што задумваў пераварот. Калi афiцыйная частка закончылася, Магутны Арол наведаў зняволенага ў камеры.

Строгi Сарыч быў распасцёрты на падлозе i нагадваў хутчэй бясформенную кучу зваляных пёраў, чым жывое цела. Магутны Арол сеў i закрыў вочы крыламi: яму было цяжка бачыць свайго нядаўняга любiмца, якi так нiзка паў.

– Нiколi, Сарыч, - прамовiў ён з болем, - нiколi я не паверыў бы, што ты...
– I заплакаў.

– Я невiнаваты, Ваша Недаступнасць, - пачуўся млявы хрып; голас, гэты цудоўны голас, загiнуў назаўсёды (Строгаму Сарычу праламалi горла), i Магутны Арол заплакаў яшчэ мацней.

– Я невiнаваты...

– Так-так, Сарыч. Несумленны i перад смерцю манiць.

Невiнаваты...

– Ты ж прызнаўся, Сарыч. Нашто цяпер упарцiцца? Ад страху?

– Я не баюся, Ваша Недаступнасць. Але так памерцi...

– Як жа ты думаў памерцi?

– На полi бiтвы.

– На полi бiтвы... Добранькае ж поле ты нагледзеў сабе... Гэтак подла ашукаць мяне... А ты ж быў сябрам. Сокал, той - мой сабака, а ты быў сябрам. Ты памятаеш нашы паляваннi? Ты, значыць, для таго ўгаворваў мяне адлучацца з замка, каб плесцi сеткi здрады? Так, вiдаць, такi настаў час, Сарыч, што i сябрам веры няма. Бывай жа. Памры стойка.

I з гэтымi словамi Магутны Арол выйшаў, выцiраючы слёзы.

Тры днi правёў ён на адзiноце ў патаемным пакоi, на чацвёрты iм раптам авалодаў небывалы прыступ лютасцi. Ён уварваўся ў спальню Прыгожай Галубкi (яна якраз займалася перадабедзенным туалетам), выгнаў соек i раз'юшана закрычаў:

– Распуснiца! Здраднiца! I ты з iм заадно? Ты, якую я падабраў на сметнiку i зрабiў царыцай, хоць у паскудных тваiх жылах няма нi кроплi арлiнай крывi! Ты, якая стала б звычайнай дзеўкай у карчме трэцяга разраду! I ты пасмела зганьбiць маё iмя!
– I тут ён пачаў зрываць з яе царскае ўбранне.

– Мiлы, - шаптала яна, ледзь не трацячы прытомнасцi, - Ваша Недаступнасць! Памылка... малю... выслухайце...

– Маўчаць!!!

I на гэтым бiяграфiя Прыгожай Галубкi "мела, як пiша Пасвячоны, свой канец". А фрэйлiны яе былi аддадзены на пацеху iнтэндантам-канюкам, а потым пасланыя ачышчаць лясы ад шкодных жучкоў.

Надышлi цяжкiя часы. Прыёмы i аўдыенцыi былi адменены, установы, дзе можна было б прыемна пасядзець i весела прабавiць час, - замкнутыя, ранiшнiя прагулкi не практыкавалiся. На месца Старога Сарыча, з захаваннем ранейшых абавязкаў, быў прызначаны яго раўнадушнасць Зоркi Кондар, якi адразу выдаў Улажэнне, што забараняецца па начах запальваць святло. I толькi працягвалiся выхады на паляванне. Тут Магутны Арол адпачываў душой i целам.

18

Пад скляпеннямi замка часцей пачаў снаваць Цiхi Дзяцел; ён вызначаўся здзiўляючай здольнасцю з'яўляцца i знiкаць у самых нечаканых месцах i самым нечаканым чынам. Яго баялiся ўсе. Але разам з тым лiчылi, што ён выконвае працу дужа надзвычайную ў дадзенай сiтуацыi - Строгi Сарыч меў нямала сваякоў, i нiчога асаблiвага не было ў тым, што адзiн за адным выяўлялiся ўсякага роду казнакрады i лiхадзеi, хлусы i прайдзiсветы, якiмi былы вяльможа ў свой час шчодра сябе акружыў. I Цiхаму Дзятлу старалiся па магчымасцi дапамагаць.

Поделиться с друзьями: