ЖАНРЫ

Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
Шрифт:

Магутны Арол амаль не пакiдаў сваiх пакояў. Ежу яму прыносiў Старэйшы Сокал, пасцель ён засцiлаў сам. Справы ўжо не цiкавiлi яго.

А ў лясах i далiнах (магчыма, i ў вынiку частых паляванняў) стала мала жыўнасцi, ды i тая, што ўцалела, гiнула ад засухi i хвароб або перасялялася ў далёкiя i змрочныя нетры, так што шулёнкам усё больш цяжка было здабываць ежу сабе i свайму пану. У дадатак на лясы раптам напала казявачная эпiдэмiя амаль нябачныя кузуркi i чарвячкi пажыралi не толькi хвою i лiсце, але i кару, i лясы хутка пачарнелi, пачалi гнiць, i нясцерпны смурод iшоў ад iх. А дзяўчат-соек там даўно i след прастыў.

Магутны Арол, седзячы на падаконнiку, пазiраў удалечыню, i цяжкiя думкi маршчынiлi яго лоб. "Вось, - думаў ён, - вось да чаго я дайшоў. Я - Аквiла Рэгiя Iнвiктус Максiмус Юстус - павiнен перажыць крушэнне самога сябе..."

Ён паклiкаў Аракульку.

– Я - вялiкi?

– Ага.

– Чым?

– Магчымасцямi.

– Якiмi?

– Iмем.

– А велiч духу?

– Прах.

– А свабода?

– Лухта.

– А ўлада?

– Ку-ку.

– Але я быў патрэбны!

– Чарадзе.

– Я - замяняльны?

– Ага.

– Хлусiш, праклятая вяшчунка!
– крычаў Магутны Арол i, адвярнуўшыся, закрываўся крылом, каб Зязюля не бачыла перакрыўленага пакутамi позiрку.

– Хто можа замянiць мяне?

– Кожны.

– А iмя?

– Дадуць.

– Хто?

– Чарада.

– Тая, якую я...

– Тая.

– Хлусiш!

– Ку-ку.

– Я - люты?

– Адносна.

– Я варты жалю?

– Адносна.

– Я хворы?

– Адносна.

– Можа, вернецца страчанае?

– Не.

– А што сталася?

– Жыццё.

I заўсёды, пасля паўзы, ён задаваў апошняе пытанне:

– Што мяне чакае?

I адказ заўсёды быў адзiн i той самы:

– Бяссмерце.

Гэтае слова ўпiвалася ў яго, як страла, i ён, пакутуючы, праганяў Зязюлю. "Што мне ад бяссмерця?
– думаў ён.
– Цi лягчэй ад усведамлення таго, што iмя тваё ўвойдзе ў вякi? У такiм вось веку, скажа нейкi паважны нашчадак, у такiх вось краях жыў-быў Магутны Арол. Але я не ўбачу твару гэтага нашчадка, не пачую, якiм голасам вымавiць ён гэтыя словы... Хто iм раскажа, як шмат у канцы сваiх дзён перажыў той, якому не было роўных? Адзiнокi, непатрэбны..."

Часам авалодвала iм прага дзейнасцi. Ён пакiдаў замак i ляцеў над зямлёй. I хоць яна не была ўжо блакiтная i зялёная, а цалкам чорная, ён дзелавiта аглядваў яе з вышынi, прыкiдваў, як яе змянiць.

– Мы збяром тых, хто застаўся, - казаў ён вернаму свайму целаахоўнiку. Мы ўсё iм адкрыта скажам, i яны пачуюць свайго пана i сябра! Мы аздаровiм рэкi i стэпы, звядзём гэтых праклятых кузуркаў, якiя нiшчаць лясы. Мы забаронiм паляванне - няхай звяры нараджаюцца нанова i пасяляюцца, дзе хочуць...

I вось ужо далёкiя думкi, падобныя свежаму ветру, пранiзвалi яго. "I тады ў мяне будзе новы двор, новыя слугi, я знiшчу ўсе старыя Ўлажэннi i выдам новыя, i абнародаваць iх будзе роўным прыгожым голасам малады Сарыч. Падрасце моладзь, я выберу лепшых для здзяйснення задумаў, мы перабудуем палац, i ў часе шумных прыёмаў маладая царыца будзе сядзець побач са мной на новым троне. А гэтага праклятага Дзятла я загадаю пасадзiць у клетку i кармiць цераз дзень казуркавай падлай..."

Ён так захапляўся, што забываў, куды ляцiць, а калi схамянаўся, то бачыў: унiзе чарнее зямля, а ўдалечынi чарнее лес, а ў абмялелых рэках кiшаць усялякiя стварэннi i цьмянае сонца садзiцца за далягляд, выпраменьваючы злавеснае i напышлiвае святло. Ляцець да Абруча? Усё паўтарыць нанова?

Магутны Арол апiсаў круг i ляцеў у замак. "Не, - казаў ён сам сабе стомлена.
– Не будзе паўтарэння. I не трэба паўтараць..."

Неяк уночы ён раптам прачнуўся, нiбы нехта яго паклiкаў. Цi гэта яму прыснiлася, цi хваравiты стан выпадкова выдаў той вокрык - у першыя секунды нiчога немагчыма было зразумець. Ён устаў, прайшоўся, выглянуў праз акно: ноч была цёплая i месячная, стаяла мёртвая цiшыня. Ён падышоў да дзвярэй - за iмi стукала сэрца Старэйшага Сокала i Магутны Арол зразумеў, што трэба рабiць. Цела яго ныла i хвалявалася, нiбы ён вось-вось мусiў кiнуцца на ворага.

– Сокал?
– гучна, як калiсьцi раней, паклiкаў ён.

– Ёсць, Ваша Недаступнасць!

– Дваццаць шулёнкаў!
– Ён не адважыўся загадаць "сорак", як раней: колькасць iх ужо значна зменшылася.

– Ёсць...

I ўсё было па-ранейшаму: палёт, мора, чаканне i - спакойны голас: "А цяпер вы павiнны памерцi..." Толькi ўмяшання пана ўжо не трэба было - усе шулёнкi памерлi самi, такiя яны былi слабыя: невялiкая натуга, сутарга i - канец... Ён прыпаў да Абруча i прастагнаў:

– Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калi ён вымавiць маё iмя! Хачу ведаць гэта невядомае "потым"...

I святло Абруча напружылася i заiскрылася.

21

"Яны зноў, - чытаем у Пасвячонага, - прывялi ў дзеянне свой абскуратар i знiклi, i, такiм чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стамiлiся i пажадалi зрабiць перапынак i неабходныя манiпуляцыi для аднаўлення сiл, манiпуляцыi, сведкам якiх я не мушу быць.

Кожны раз, калi яны "знiкалi", мяне здзiўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваiх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што - можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў ноблы не баялiся iх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. I раптам - абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, i я зразумею. Значыцца, яны хацелi засланiць ад мяне даступнае. Што?

Раскрываючы свае "цуды", ноблы не баялiся i здзiвiць мяне, гэта значыць выклiкаць у мяне пачуццё звышнатуральнасцi, - яны былi перакананыя, што не выклiчуць; iнакш кажучы - проста ведалi, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палiчым незразумелае за звышнатуральнае i не будзем падаць нiц, як падалi перад зiхаценнем маланак i ўдарамi перуноў нашы далёкiя продкi. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. I цяжка iм было памыляцца адносна мяне, iстоты, якая назiрае з транскамунiкатарам у руках - вядома, недасканалым з iх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.

Такiм чынам, яны зрабiлiся нябачныя, а я пачаў чакаць iх з'яўлення i пакуль што раздумваў над убачаным i пачутым. Я думаў над гiпотэзай - "ноблы прэтэндуюць на нашу Зямлю". Магчыма, Н-6813 меншая за Зямлю i ноблаў, па ўсёй верагоднасцi, менш, чым нас. Аднак узровень ведаў i тэхнiчныя магчымасцi робяць iх намнога больш магутнымi. Iм у сябе цесна, i гэта сур'ёзная акалiчнасць. Адсюль наша задача: хутчэйшае i мацнейшае аб'яднанне на падставе лепшага, што ёсць у лепшых з нас. "За рукi возьмемся, сябры", як сказаў паэт мiнулага веку.

Поделиться с друзьями: