Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Блок народаў Усходняй Эўропы

У верасні ў пансіён «Beatrix» на Майнекс-пляц да Езавітава зайшоў доктар Станіслаў Грынкевіч, былы рэдактар «Раніцы»:

–  Начальнік штаба гетмана Скарападскага палкоўнік Гамзін просіць аб сустрэчы. Астроўскага я не знайшоў, таму — прама да цябе…

Праз гадзіну Езавітаў паведаміў пра візіт Астроўскаму. Той задумаўся — і прапанаваў сустрэцца на ягонай кватэры.

На другі дзень Грынкевіч зноў быў у Езавітава:

–  Гетман лічыць спатканні на кватэрах небяспечнымі — можна патрапіць пад назірк нямецкай выведкі. Таму ён прапануе сустрэцца «выпадкова» ў кафэ на Курфюрстэн-Дам у дзесяць раніцы…

За паўгадзіны да прызначанага часу Астроўскі, Езавітаў і Грынкевіч былі ў кафэ. Роўна ў дзесяць туды завітаў Скарападскі з двума суправаджатымі. Грынкевіч прывітаўся з імі і запрасіў да свайго століка…

Пазнаёміліся, замовілі сняданак.

–  Украінцы, і асабліва гетманцы, даўно цікавяцца беларускім пытаннем, — па-ўкраінску гаварыў Скарападскі. — Я буду вельмі рады, калі гэтае знаёмства працягнецца…

Праз некалькі дзён сустрэліся ў нумары Езавітава ў пансіёне «Beatrix». Астроўскі расказаў пра гісторыю ўтварэння БЦР, пра кангрэс.

–  А я як гетман тут ужо не выступаю… — абнечаканіў Скарападскі.
– Я падпісаў універсал аб перадачы свайго звання і правоў на гетманскую булаву сыну. Ён жыве ў Амерыцы і мае там шмат прыхільнікаў, арганізаваных у «Саюз гетманцаў Украіны». Мае сваю газэту, збройныя групоўкі… Тут жа, у Нямеччыне, акрамя гетманцаў ёсць яшчэ дзве ўкраінскія арганізацыі. І вы, беларусы, маеце больш выгаднае становішча, бо ў вас адзін касцяк — БЦР… Вось я й хачу вас прасіць дапамагчы аб'яднацца ўкраінскаму руху. — Скарападскі даў адрасы ўкраінскіх арганізацый у Берліне. — Найбольш аўтарытэтныя, канешне ж, бандэраўцы, хоць сам Бандэра яшчэ сядзіць у нямецкай турме.

–  Гэта за што? — не стрымаўся Езавітаў.

–  За тое, што яшчэ напачатку акупацыі ў Львове абвясціў пра стварэнне незалежнай Украіны… Зараз жа ў руках бандэраўцаў — увесь партызанскі нацыянальны рух, яны і супраць Саветаў змагаюцца, і супраць польскай Арміі краёвай, і нават супраць дробных нямецкіх атрадаў. — Скарападскі памаўчаў і спытаў: — А вы чым жывяце?

–  Амаль тым жа… — пачаў Астроўскі. — Па нашых дадзеных, у Нямеччыне зараз каля мільёна беларусаў. Па ўсіх лагерах і заводах трэба правесці рэгістрацыю. Мы хочам працягваць тут стварэнне беларускага войска — «Беларускага легіёна». Было б добра ўсталяваць сувязь паміж нашымі паўстанцкімі атрадамі і атрадамі Бандэры ды аб'яднаць высілкі… Па-суседску ж, Палессе. Адно… — Астроўскі зірнуў на Езавітава. — Трэба вырашыць пытанне аб мяжы паміж Беларуссю й Украінай.

–  Так-так, — пагадзіўся Скарападскі.

Астроўскі і Скарападскі абмяняліся сваімі хатнімі тэлефонамі і дамовіліся аб наступных сустрэчах.

Як і абяцаў, Астроўскі пачаў перамовы з іншымі ўкраінскімі арганізацыямі пра стварэнне адзінага Украінскага нацыянальнага камітэта. Выявілася, што яны не падтрымлівалі Скарападскага. А праз некаторы час вызвалілі Бандэру, і калі паўстала пытанне аб старшыні Украінскага нацыянальнага камітэта, Скарападскі зняў сваю кандыдатуру на карысць Бандэры [63] .

63

Старшыней Украінскага нацыянальнага камітэта стаў генерал Шандрук. Бандэра ўвайшоў у яго склад.

Астроўскі пачаў сустракацца з Бандэрам. Дамовіліся пра сумесныя баявыя дзеянні на Палессі. Маёр Родзька, камандзір асобага беларускага батальёна «Дальвіц», наладзіў сувязі з атаманам украінскіх паўстанцаў Тарасам Бульбай, маёра Вітушку з некалькімі дзесяткамі беларусаў самалётам пераправілі на беларуска-ўкраінскае сумежжа. БЦР і УНК вялі перамовы пра стварэнне беларуска-ўкраінскага саюза і — шырэй — Блока народаў Усходняй Эўропы, куды разам з украінцамі і беларусамі меліся ўвайсці крымскія татары, данскія казакі, грузіны, армяне, азербайджанцы, кіргізы, казахі і народы паўднёвага Урала. Усе яны выступілі з пратэстамі супраць спробаў генерала Власава (якога падтрымаў галоўны штаб нямецкай арміі) «забраць» гэтыя народы пад сваю апеку. Хоць некаторыя і пачалі супрацоўнічаць з Власавым. З беларусаў гэта былі Кіпель, Будзіловіч, Селях, Гуцько і паэт Дудзіцкі…

З-за лініі фронта

Раніцай 2 верасня ў раёне латгальскага Лубанскага возера перайшоў лінію фронта Іван Багдановіч, былы вучань Езавітава. За ўзбалоткамі і пералескамі з нямецкай траншэі апаліла:

–  Хальт!

На добрай нямецкай Багдановіч расказаў, што бяжыць ад бальшавікоў. Пад канвоем яго адвялі за некалькі кіламетраў ад траншэі ў напаўразбураны дом. Афіцэр запатрабаваў дакумэнты.

–  Яго злавілі ці сам перабег? — спытаў у канваіра.

–  Сам…

Затым была яшчэ адна праверка — ужо ў іншым месцы. Праверылі нават па карце, дзе пераходзіў фронт, выпісалі суправаджальнае пасведчанне і накіравалі ў Рыгу на мабілізацыйную камісію.

Багдановіч у Рызе папрасіў адпачынак на дзесяць сутак і паспрабаваў расшукаць у горадзе Езавітава. Гаспадыня кватэры распавяла, што той ужо выехаў у Нямеччыну.

На другі дзень Багдановіч хацеў купіць білет на берлінскі цягнік, але ў Нямеччыну мелі права ехаць толькі тыя, хто не падпадаў пад мабілізацыю.

Калі скончыўся адпачынак, на камісіі Багдановіч паскардзіўся на здароўе — і зноў атрымаў адтэрміноўку. А тут выйшла распараджэнне аб тым, што ў Нямеччыну мог выехаць кожны ахвотнік…

16 верасня Багдановіч выправіў праяздную картку, каб ехаць параходам, ды патрапіў у аблаву; некалькі дзён яго трымалі ў двары гарадскога замка, а затым усіх — каля дзвюх тысячаў мужчын — пераправілі ў Кёнінгсберг. Там на Бункерскай фабрыцы Багдановіч адпрацаваў два месяцы. Выпісаў сабе газэту «Раніца» і паслаў на яе берлінскі адрас ліст з просьбай дапамагчы яму сустрэцца з Езавітавым. Атрымаў адказ: «Генерал-маёр Езавітаў знаходзіцца ў Берліне пры Беларускай цэнтральнай радзе і ўзначальвае вайсковую ўправу».

Напрыканцы лістапада Іван Багдановіч збег з фабрыкі і, прад'явіўшы старую картку рыжскай мабілізацыйнай камісіі, на прапускным пункце сказаў пра тое, што мусіць дабрацца да Берліна і паступіць у «Беларускі легіён». У Берліне ён расшукаў памяшканне БЦР (яно месцілася ў доме № 26 на Гумбінен-пляц) і нарэшце сустрэўся з Езавітавым.

–  Канстанцін Барысавіч, вы мяне павінны памятаць…. Вучылі ў Дзвінску некалі… - І папрасіў уладкаваць на працу.

Мір чужым коштам

Напрыканцы кастрычніка 1944 года да Езавітава ў нумар пансіёна «Beatrix» Станіслаў Грынкевіч нечакана прывёў новага наведвальніка.

–  Знаёмся — барон Энгельгардт. Ён напісаў вялікую кнігу пра Беларусь — ажно на 600 старонак, выкарыстоўваў і твае брашуры. Захацеў пабачыцца…

Барон адмовіўся ад пачастунку і запрасіў прагуляцца па вуліцах горада.

Берлін яшчэ толькі збіраўся развітвацца з летам. Лісты з дрэў асыпаліся марудна, у парках з'явіліся першыя сеткі роснага павуціння. А на мансардах яшчэ ва ўсю моцу гарэлі чырвоныя гваздзікі й ружы…

Поделиться с друзьями: