Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

–  Скажыце, а чаму ваша брашура «Беларусы ў Латвіі» не закончана? — асобныя словы барона Езавітаву датлумачваў Грынкевіч.

–  Я быў чарговы раз арыштаваны, працу перарвала турма.

–  Мушу падзякаваць васпану за магчымасць з яго брашур пра беларусаў у Латвіі і Амерыцы даць шмат цікавых матэрыялаў у маю кнігу.

–  Найперш за такую кнігу мусім дзякаваць барону мы, беларусы. — Езавітаў ужо ведаў, што кніга Энгельгардта прадаецца ў кнігарнях Нямеччыны.

–  Аднак я пазначыў у зносках толькі назву вашай брашуры… Выбачайце, але на тым экземпляры, што я меў, не было тытула з прозвішчам аўтара. І пра яго я даведаўся зусім нядаўна…

Барон расказаў і пра тое, што рыхтуюцца пераклады ягонай кнігі на італьянскую, іспанскую і французскую мовы. Езавітаў яшчэ раз пахваліў гэтую працу, і барон ахвотна распавёў пра збор матэрыялаў, фотаздымкаў, якіх у яго з розных куткоў Беларусі сабралася каля дзвюх тысячаў. Калі ж ён пачаў доўга апісваць свой маёнтак у Ілукстэнскім раёне і паездкі ў Афрыку і Азію, Грынкевіч паспяшыў адкланяцца.

–  А што вы думаеце пра зыход вайны, — падбіраючы словы, па-нямецку спытаў Езавітаў.

Барон зірнуў нерашуча:

–  Хоць мы і нарабілі шмат дзікіх памылак, але маем усё, каб выйсці з вайны пераможцамі. Магчыма і агульнае перамір'е ці сепаратныя дамовы… — Яны ішлі прыціхлым паркам, а за імі — як паспеў заўважыць Езавітаў — бег брудны худы дог, які, пэўна, застаўся без гаспадароў.
– СССР можа атрымаць свае старыя граніцы, а таксама развязаць рукі ў Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Персіі, Афганістане. Канешне, будзем вымушаны тады згадзіцца з аднаўленнем Польшчы, але атрымаць усю Балтыку, толькі без Кранштата, усю Беларусь і Украіну з Крымам…

–  А ці прызнаюць немцы незалежнасць Беларусі?

–  Цяпер гэта… неактуальна. У плане ваенным беларусы маюць малы каэфіцыент. І калі выбіраць, каго прызнаць незалежнай найперш — Беларусь ці Польшчу, то, пэўна, перавагу мае апошняя. А калі яшчэ паабяцаць ёй Заходнюю Беларусь, мы займеем эфектыўнага саюзніка, чыгункі, дарогі і ўвесь тыл савецкай арміі будзе дэзарганізаваны… — Барон змоўк, заўважыўшы ў вачах Езавітава насцярожанасць, стаў, зірнуў на вершаліны паркавых ліпаў. — Вы, беларусы, яшчэ вельмі слабы народ, а сама Беларусь праз гэта не можа прэтэндаваць на сур'ёзную зацікаўленасць вялікіх дзяржаў ці на тое, што за яе хто-небудзь з мацнейшых будзе ваяваць… Як гэта не балюча вам чуць… — І ён пакратаў Езавітава за рукаў, уздыхнуў, як падалося, прачула: — Хутчэй за ўсё, за ваш кошт суседкі будуць купляць — як і дагэтуль — сабе мір…

Памятныя ўгодкі

Не зважаючы на ўсе перашкоды і цяжкасці, вайсковая ўправа БЦР пад ачолам Езавітава не перапыняла фармаванне беларускіх збройных аддзелаў. Быў заснаваны Першы кадравы батальён для падрыхтоўкі каманднага складу. Пры батальёне арганізаваліся курсы афіцэраў, падафіцэраў, прапагандыстаў і медсясцёр. Кіраваў курсамі падпалкоўнік Кушаль. Кадравы батальён узначаліў маёр Сокал-Кутылоўскі. Вайсковай управай БЦР на поўдні Нямеччыны каля горада Гіршау фармавалася штурмавая брыгада СС «Беларусь», куды ўжо было адкамандзіравана з паўтысячы беларускіх камандзіраў і шарагоўцаў, а таксама астаткі злучэнняў Беларускай краёвай абароны.

У лістападзе 1944 года Езавітаў прапанаваў адзначыць у батальёне ўгодкі Слуцкага паўстання.

–  Выступіш, Антон Андрэевіч, раскажаш пра сваё слаўнае мінулае… — папрасіў Сокал-Кутылоўскага.

–  Амаль чвэрць стагоддзя мінула… — задумаўся той. — Я й сам шмат чаго прызабыўся.

–  Ну! — усміхнуўся Езавітаў. — Тым больш мусіш расказаць, каб самому хто-небудзь мог нагадаць. А наогул — пішы ўспаміны. Я табе пра гэта яшчэ ў Менксу на кангрэсе сказаць хацеў… Для мяне й сёння невядома, дзе васпан пасля 1920-га быў…

–  Уга! — Сокал-Кутылоўскі пачухаў за вухам, зірнуў хітравата. — На гэта ж ніякіх успамінаў не хопіць.

–  А калі сур'ёзна?

–  Сур'ёзна? Быў, як і большасць ацалелых, інтэрнаваны палякамі ў лагеры ў Беластоку. Вясну 1921 года правёў у Гарадзеі на Нясвіжчыне. У чэрвені атрымаў сан святара, быў настаяцелем праваслаўных цэнтраў у Наваградскім і Слонімскім раёнах, настаўнічаў…

–  То й запраўды — на раман цягне! — падшуткаваў Езавітаў.

–  А я ж пра што! — але весялосць і не краналася вачэй Сокала-Кутылоўскага. — А ў 1939-м праз канфлікт са школьным начальствам вымушаны быў перакваліфікавацца ў будаўніка. У чэрвені 1941-га арыштавала НКВД, але праз некалькі тыдняў выпусціла. Школьны інспектар, начальнік Ганцавіцкай Беларускай самапомачы, стваральнік батальёнаў БКА, «намеснік» Астроўскага па Ганцавіцкім вокрузе — таксама я… Ну а далей — ужо й на тваёй памяці.

Гэта не без ягонага, Езавітава, спрыяння Сокал-Кутылоўскага, які быў рабочым на ваенным заводзе ў Чэхіі, у кастрычніку 1944-га выклікалі ў Берлін, у вайсковую ўправу БЦР…

Дзень за днём

Калі Беларуская цэнтральная рада распачала стварэнне Блоку народаў Усходняй Эўропы, Астроўскі даручыў Езавітаву правесці перамовы з латышамі, літоўцамі й эстонцамі і запрасіць тых увайсі ў Блок. Езавітаў сустрэўся з начальнікам управы інфармацыі «латвійскай дырэкцыі» ўнутраных спраў Пятром Брачом. Праз тыдзень той прыйшоў да Езавітава.

–  Арганізацыі латышоў, літоўцаў ды эстонцаў, - сказаў ён, — трымаюцца таго Балтыйскага блока, які існаваў яшчэ да вайны. Але мы былі б рады пашырыць яго чацвёртым удзельнікам — Беларуссю… Тым больш, што яна ўжо ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята Остланд…

А затым была яшчэ адна дзвюхгадзінная сустрэча — з тым жа Брачом, сябрамі латвійскага ўрада і камандзірам «Латвійскага легіёна» генералам Бангерскім. Генерал расказаў пра свой легіён і параіў па яго схеме фармаваць і легіён беларускі. Латышы ж цікавіліся структурай БЦР і не ўтойвалі, што па яе ўзоры хочуць стварыць свой нацыянальны камітэт.

–  Напачатку склад рады быў вызначаны немцамі ў пятнаццаць чалавек, — расказваў Езавітаў. — Мы ж хацелі мець штосьці накшталт парламента, таму на Другім Усебеларускім кангрэсе пастанавілі пашырыць склад рады. На паседжанні БЦР 20 студзеня прынялі канстытуцыю Беларускай Народнай Рэспублікі, прэзідэнт БЦР стаў прэзідэнтам Беларусі, а для кіраўніцтва рады як парламента абралі прэзідыум. Кіраўнікі ўправамі БЦР склалі ўрад…

Абмеркавалі яшчэ шмат пытанняў. Пагадзіліся, што Балтыйскі блок галоўнай мэтай мусіць ставіць абарону незалежнасці ўсіх чатырох рэспублік ад суседняй Савецкай Расіі.

Езавітаў выглядаў стомленым, хворым, але перамоў не спыняў:

–  Адно, спадары, нас турбуе, ці не стане Беларусь у Балтыйскім блоку ўнутранай калоніяй?

Суразмоўцы нават здзівіліся.

–  Раўнапраўе ўсіх будзе гарантавана! — запэўніў Брач. — А Беларусь атрымае свабодны транзіт ва ўсе парты Балтыкі, у Лібаве-Ліепае зможа мець сваю мытню і ў марской крэпасці трымаць свой гарнізон. Зможа ва ўсе амбасады балтыйскіх дзяржаў накіраваць сваіх паслоў, што значна паменшыць затраты…

–  А неабходная Блоку сыравіна будзе закупляцца толькі ў Беларусі і па найлепшым кошце, — дадаў генерал Бангерскі.

Поделиться с друзьями: