Пляц Волі
Шрифт:
Езавітаў пагадзіўся на стварэнне камісіі па выпрацоўцы агульнай дамовы. Пачалі развітвацца.
– Васпан, пэўна, кепска сябе пачувае? — насцярожыўся Бангерскі.
– Так, прашу прабачыць… — Езавітаў зніякавеў. — Чакаю аперацыі на грыжу… З восені даймаюць прыступы…
Астроўскі ўсё часцей пачаў выяўляць да Езавітава насцярожанасць. Некалькі разоў пры сустрэчах хмурыўся, зрываўся на крык. Генерал удаваў, што не заўважае прэзідэнтавай раздражнёнасці, а той злаваўся яшчэ больш. Справа рабілася, і наступ Астроўскага Езавітаў мог патлумачыць толькі адным: бояззю канкурэнцыі.
Ішоў час, і Астроўскі рабіў Езавітаву ўсё больш грубыя закіды. Аднаго разу не стрымаўся і памяркоўны генерал… Астроўскі зморшчыў лоб, штось пратараторыў і схаваўся ў сваім кабінеце…
У сакавіку 1945 года Францішак Кушаль, ужо ў званні палкоўніка, прыехаў з Берліна ў Гіршау — і пабачыў дывізію «Беларусь» у заняпадзе. Дваццацітысячнае злучэнне планавалі перакінуць у Францыю — у раён Вогезы.
– Немцы робяць з нас жывы шчыт! — абураўся Сокал-Кутылоўскі. — А да ўсяго нейкі нямецкі капітан загадвае мне, камандзіру батальёна! — Яму БЦР нядаўна прысвоіла званне падпалкоўніка. — Ты ж ведаеш, Франц, што ў дывізіі васемнаццаць тысяч беларусаў, і ваяваць яны сабраліся не за гэтыя нямецкія вінаграднікі!
Кушаль і Сокал-Кутылоўскі затрымаліся ў штабе і яшчэ доўга раіліся наконт будучыні брыгады…
А ў Возегах батальёны «Беларусі» адмовіліся выконваць загады нямецкага камандавання і, пастраляўшы нямецкіх камандзіраў, перайшлі на бок саюзных войскаў. Амерыканскія жаўнеры абяззброілі беларусаў і праз паўмесяца вырашылі перадаць іх савецкім часткам. Афіцэрам брыгады прапанавалі пераапрануцца ў форму шарагоўцаў…
Сады і вінаграднікі зеляніла вясна, сонца залівала лагчыны і ўзгоркі, люстравалася ў невялікай рэчцы, за якой беларусаў чакаў палон…
– Ваша форма, — амерыканскі сержант намерыўся перадаць Сокал-Кутылоўскаму пакамечаны кіцель шарагоўца. А беларускі падпалкоўнік неўразумела зіркнуў, памаўчаў (пэўна, падбіраў ангельскія словы) — і гучна мовіў:
– Я — беларускі афіцэр! І ім застануся да смерці!
Сержант наструніўся, казырнуў Сокал-Кутылоўскаму — і адышоў…
Напрыканцы сакавіка адбылося нечаканае: Астроўскі замяніў кіраўніка вайсковай управы БЦР генерал-маёра Езавітава на палкоўніка Шувалава, расейца, які перад вайной служыў у польскім войску ў Слонімскім гарнізоне, а затым патрапіў у нямецкі палон… Езавітаў чакаў ад Астроўскага [64] абгавораў, але з'явілася вестка, што замена кіраўніка вайсковай управы выклікана ягонай хваробай…
64
З Нямеччыны Радаслаў Астроўскі падаўся ў ЗША. У 1950 годзе ў беларускай эмігранцкай газэце «Беларуская Трыбуна» быў надрукаваны яго артыкул аб тым, што «вайна ў Карэі - гэта ня толькі змаганьне за свабоду карэйскага народу, але й пачатак вайсковага паходу за незалежную Беларусь». Астроўскі заклікаў беларусаў запісвацца ў добраахвотнікі на карэйскі фронт, што выклікала адмоўную рэакцыю многіх эмігрантаў.
Памер Радаслаў Астроўскі ў 1976 годзе і быў урачыста пахаваны на беларускім могільніку ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі).
Стаць любімым
Правабочная грыжа, якую да апошняга часу спрабаваў адужаць Езавітаў, пачала перамагаць. Цяжка было доўга стаяць, тым больш — хадзіць.
– Канстанцін Барысавіч, вам трэба аперыравацца. — З Езавітавым заставаўся Іван Багдановіч, ягоны ад'ютант.
– Трэба, — не спрачаўся і Езавітаў. — Са сваёй грыжай я далёка не ад'еду…
– А куды думаеце ехаць?
– Хачу далучыцца да беларускіх аддзелаў пад Вайдэнам.
– Гэта каля колішняй чэшскай мяжы?
– Там… — Езавітаў уважліва агледзеў ад'ютанта і дадаў: — У Фінстэрвальдзе, у гарадскім шпіталі, працуе лекар-беларус, мой сябар Мікола Шчорс… Падамся да яго, хай рэжа…
– А далёка гэты Фінстэрвальд?
– Кіламетраў з сотню…
У дзень ад'езду 8 красавіка да Езавітава развітацца прыйшоў Кушаль.
– Усё ж вырашыў да Шчорса?
– Так.
– А можа, усё ж едзь у Амбэрг? Там мая сям'я, там шмат вайсковых шпіталяў. Непадалёк некалькі беларускіх аддзелаў. Бальшавікі могуць прарваць усходні фронт і захапіць Фінстэрвальд… Ад іхняй лініі да горада дзевяноста кіламетраў, танкі могуць прыйсці праз пару дзён…
– А могуць і не прыйсці, - не пагадзіўся Езавітаў.
– І, урэшце, чаму быць — таго не мінаваць… Колькі ўжо можна бегаць?!
Праз некалькі дзён БЦР эвакуявалася ў Цюрынгію.
15 красавіка быў аперыраваны Езавітаў, а 19-га распачаўся генеральны наступ савецкіх войскаў. Гарматны гул скаланаў шыбы фінстэрвальдскага шпіталю, але, як падавалася, аніяк не насцярожваў Езавітава.
19 красавіка да Езавітава прыехаў ад'ютант Багдановіч.
– Я не маю права пакінуць шпіталь, — хваляваўся Шчорс, — а вам трэба. У шэфа ў гаражы стаяць тры аўто. Адно, думаю, можна «пазычыць».
– І мовіў ужо да ад'ютанта. — І вывозь хутчэй генерала.
– Але ж я не ўмею кіраваць машынай, — здзівіўся Багдановіч.
– Наш санітар, паляк, вас адвязе…
Назаўтра на старым «DКВ» яны выехалі на захад — і згубіліся ў агульнай калоне машын. І Езавітаву, і Багдановічу зрабілі фіктыўныя дакумэнты на іншыя прозвішчы на бланках беларускага варшаўскага камітэта.
Праз дзень былі ў Бад-Лібэнвэрдзе.
– Лібэнвэрд! — дзівіўся Езавітаў. — Ведаеш, Янка, як у перакладзе гэты горад гучыць? Стань любімым… Станавіся любімым. Так, здаецца…
Багдановіч усміхнуўся.
– А выглядаеце вы лепш. Адно баюся, каб не пачалося запаленне. Давайце наведаем мясцовы шпіталь.
А ў шпіталі ён абнечаканіў:
– Паляк з аўтамабілем знік!
Раніцай у Лібэнвэрд увайшлі часткі Савецкай арміі. Дачуўшыся пра гэта, Езавітаў намацаў свой наган, але Багдановіч паспеў яго выхапіць.
– Што гэта вы надумалі?! Застрэліцца? — Адхінуў на вакне белую запавеску, агледзеў вуліцу. — Трэба патрапіць да англа-амерыканцаў… Яны таксама павінны быць у горадзе. Я паспрабую каго-небудзь з іх расшукаць. Чакайце! — і знік.
Праз некалькі гарадскіх кварталаў ён спыніў савецкі грузавік.
– Добры дзень. Я — выведчык Зямноў, мой псеўданім Марс. Тэрмінова дастаўце мяне да ўпаўнаважанага контрвыведкі!
…Калі ў палату да Езавітава ўвайшлі трое вайскоўцаў у форме НКУС і назвалі ягонае прозвішча — ён не здзівіўся, не спалохаўся. Хітнуў галавой, нечакана ўсміхнуўся.
– Скажыце, прозвішча майго… ад'ютанта — не Багдановіч?
«Смершаўцы» пераглянуліся, паказалі яму на расчыненыя дзверы, а калі Езавітаў выйшаў на ганак, старэйшы па званні прасіпеў:
– Не турбуйся, ён — не Багдановіч.
Езавітаў узняў галаву, паглядзеў на лёгкія красавіцкія аблокі, выдыхнуў:
– І дзякуй Богу…
«Смершаўцы» падштурхнулі яго да машыны.
Напрыканцы 1945 года па беларускім радыё прагучала паведамленне:
«Здраднік беларускага народа і Радзімы фашыст Канстанцін Езавітаў быў асуджаны ў Віцебску на смерць і быў павешаны» [65] .
Па інфармацыі архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, ён памёр 23 мая 1946 года ад сухотаў пры дыстрафіі 3-яй ступені ў турэмнай бальніцы МУС у Мінску…
65
Яшчэ пра больш «зблытаныя» арышт і смерць Канстанціна Езавітава згадваў Іван Касяк:
«Сябра БЦР гэнэрал Езавітаў пасьля хірургічнай апэрацыі ў 1945 годзе пад чужым прозьвішчам дастаўся на Беларусь, дзе працаваў настаўнікам. На настаўніцкай канфэрэнцыі ён быў распазнаны і пазьней павешаны ў Віцебску, дзе нарадзіўся».
Але сведчанні Івана Касяка - сумніўныя, у іх шмат недакладнасцяў. Адна з іх: Езавітаў нарадзіўся не ў Віцебску... Легенду ж пра вяртанне на Беларусь па сваей волі і пакаранне «ворага» павешаннем маглі прыдумаць у адпаведных органах СССР.