Пляц Волі
Шрифт:
Заслухалі справаздачу мандатнай камісіі: з усіх 1151 дэлегатаў прысутнічала 1039, найбольш прадстаўнікоў было з Менску — 191 — і са Слоніма — 159…
Пасля абеда Яўген Калубовіч зачытаў пяцідзесяціхвілінны даклад «Аб канчатковым разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквой і аб пазбаўленні бальшавікоў голаса ў справах Беларусі». За ім выступалі Лявон Случчанін, бургамістр Менска Анатоль Комар, Аляксей Анішчык (Чэмер), загадчык школы і рэдактар газэты «За праўду». Прамова апошняга запомнілася:
— … Сёння ўсё вырашае сіла. Сіла вырашыць і будучыню. Мы добра ведаем, бо спазналі гэта на сваёй скуры… Я гавару і пра групу розных Камінскіх ды іншых, польскіх бандытаў Арміі краёвай, якія ў Дзятлаве, Наваградку выступаюць нібыта як нашы прыяцелі, а выказваюць адкрыта думкі аб непадзельнай Расіі… Прашу аддаць загады, каб справу партызаншчыны перадаць беларускаму судатворству, каб не гінулі, як у Дзятлаве і Наваградку, лепшыя сілы нашага народа…
Езавітаў зачытаў праекты дзвюх рэзалюцый кангрэса. У першай прапаноўвалася:
«1. Вызначыць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага Усебеларускага кангрэса 1917 года <…> вырашыла аб канчальным разрыве з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай <…>.
2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскім захопнікам формы БССР.
3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў…»
Пасля прыняцця рэзалюцый прамаўляў Астроўскі: падтрымаў прапанову аб закрыцці кангрэса.
А сёмай вечара на сцэну выйшаў хор і выканаў беларускі нацыянальны гімн. Астроўскі паведаміў, што ад імя БЦР звярнуўся з прывітальнай тэлеграмай да Гітлера… Нехта прапанаваў «уганараваць уставаннем памяць нямецкіх салдат, якія загінулі за вызваленне Беларусі»…
А затым старшыня Яўхім Кіпель абвесціў аб закрыцці сходу.
Ад родных ніў
Пасля заканчэння кангрэсу на кватэру Кушаляў Езавітаў ішоў з гаспадарамі. Каб перарваць маўчанне, Франц вырашыў загаварыць першым:
– Горача сёння было…
Езавітаў зірнуў на яго з неўразуменнем, затым вымавіў, нібыта сам да сябе:
– І навошта застрэньчыла ім тыцкацца з гэтай тэлеграмай і «ўганараваннем»?
Кушаль прамаўчаў, а Езавітаў — не стрымліваўся:
– Ён што, наш прэзідэнт, сабе месца ў далёкім бункеры шукае? То на ўсіх у Рэйху ўсё роўна месца не хопіць…
– Чуеце… Нібыта навальніца йдзе? — прыслухоўвалася да далёкіх грамоў Наталля.
– Яна ўжо даўно ідзе, толькі дождж яе — свінцовы, — зноў Езавітаў гаварыў напаўнамёкамі…
У двухпакаёўцы Кушаляў на паўразбуранай Хаўптштрасэ (так цяпер звалася былая Савецкая, а яшчэ раней — вуліца Міцкевіча, а спаконвечная — Захараўская) гаспадароў і Езавітава сустрэў высокі мужчына гадоў сарака, парукаўся з госцем, усхвалявана ўсміхнуўся:
– Стол накрыты, просім сядаць…
Езавітава ажно штось кальнула: гэтая ўсмешка… шырокі лоб… нос, як у арла пазычаны — падаліся ўжо знаёмымі. Вось толькі дзе бачыў?
– Гэта і ёсць наш сюрпрыз, — Кушаль падвёў Езавітава да стала. — Маю гонар наноў цябе з ім пазнаёміць… Гэта — Апанас Новік.
Каб не падабенства, каб не гэтая ўсмешка, Езавітаў аніяк не даў бы веры: як-ніяк, а чвэрць веку мінула…
– Апанас з васемнаццатага года, які з губернатарскага балкона на Пляцы Волі сарваў нямецкі сцяг?! — уразіўся ён.
– Той самы! — Кушаль рассадзіў усіх за стол і, наліваючы ў келіхі віно, агаломшыў Езавітава: — Які да ўсяго сёння зранку паскідваў нямецкія сцягі над уваходам у гарадскі тэатр… Балазе не да Альферчыкавых галаварэзаў патрапіў, а юнкерам нашай вучэльні БКА. Ад іх я і перахапіў героя… — Кушаль быў прызначаны камандуючым Беларускай краёвай абароны.
– Усёроўна я гэтаму Альферчыку галаву скручу! — Як і некалі, Апанас быў непахісным.
– А хто гэты Альферчык? — спытаў Езавітаў.
– Воўк недабіты! — выпаліў Апанас. — Карнік. Некалькі дзесяткаў агентаў смаленскага СД пад ягоным камандаваннем таксама ахоўвалі тэатр…
Апанас Новік быў у складзе падпольнай групы Рыгора Мурашкі. Затым атрымаў заданне ў дзень адкрыцця кангрэса пранесці ў будынак тэатра бомбу. У памяці заставаўся ўзрыў у тэатры, здзейснены партызанамі, калі загінуў сын Кушаляў… Бомбу па дарозе выкінуў — і здаволіўся толькі зрываннем нямецкіх сцягоў…
Праз хвілін дваццаць у дзверы пастукалі.
– Спадар Кушаль, — загаварыў вартаўнік будынка Беларускай цэнтральнай рады (колішняй бібліятэкі імя Леніна). — Вы прасілі прывесці спадарыню Геніюш да вас на кватэру. Толькі ж яна спазнілася…
– Нічога-нічога! Заходзьце, калі ласка.
…Напачатку позву ў пражскае гестапа атрымаў ейны муж Янка Геніюш. Там і даведаўся, што з жонкай выкліканы ў Менск для ўдзелу ва Усебеларускім кангрэсе. Муж спаслаўся на занятасць на працы: дактароў у горадзе не хапала. Параіўшыся, Ларыса Геніюш вырашыла ехаць адна. А затым — ужо на вакзале — сустрэлася са случаком Васілём Русаком, які таксама выпраўляўся на кангрэс.
Вечарам дабраліся да будынка БЦР, дзе і даведаліся, што кангрэс скончыўся… На грузавой машыне Геніюш адвезлі да Кушалёў.
З гаспадарамі і гасцямі кватэры яна не была знаёма (добра ведала Наталлю Арсенневу па вершах), але трымалася ўпэўнена, незалежна.
– Неяк несамавіта атрымалася, што мяне й Васіля Русака накіравала на кангрэс… гестапа.
Ларысе Геніюш да гэтага часу ўжо шмат давялося перажыць і гора, і горычы. Пасля ўз'яднання Савецкай Беларусі з Заходняй беспадстаўна арыштавалі бацьку, маці разам з дзецьмі вывезлі ў Казахстан. Жыла з мужам у Празе. Пятро Крэчэўскі, не падпарадкаваўшыся рашэнню Берлінскай канферэнцыі 1925 года аб самароспуску ўрада БНР, узначаліў у Празе беларускую палітычную эміграцыю. Пасля ягонай смерці ў 1928-м «прэзідэнтам» БНР стаў Васіль Захарка. Ларыса Геніюш была знаёма і з удавой паняй Марыяй Крэчэўскай, і з сям'ёю Захаркаў… Восенню 1939 года ў Данцыгу пад кіраўніцтвам міністэрства замежных спраў Нямеччыны адбылася канферэнцыя беларускіх эмігранцкіх цэнтраў, на якой было створана «Беларускае бюро даверу», а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. Калі камітэт самапомачы адкрыўся ў Празе, Геніюш абралі скарбнікам (кіраўніком камітэта стаў Ермачэнка, а сакратаром — Пётра Бакач). І завіравала, закруціла… Брат Ларысы Геніюш Расціслаў патрапіў у нямецкі палон… Захарка паслаў Гітлеру «мемарандум» аб поўнай падтрымцы ягонай палітыкі… Прага гудзела, лютавала гестапа… Ермачэнка склікаў 27 чэрвеня сход беларусаў «пратэктарата Чэхіі і Маравіі», на якім мусілі прыняць тэлеграму Гітлеру. Прапанавалі ў старшыні сходу ейную кандыдатуру — адмовілася.
«Камімэт самапомачы — апалітычная арганізацыя і не мае даваць такія тэлеграмы», — былі тлумачэнні.
На сход прыпазніўся муж — і не паспеў сесці, як яго ўжо «выбралі» старшынёй сходу. Склалі пратакол паседжання. Яго не падпісалі ні Ларыса, ні Янка Геніюш. Як не падпісалі і тэлеграмы «павадыру нямецкага народа» Гітлеру — а яна ўсё ж пайшла з пазнакай «Старшыня д-р Я. Геніюш» [62] .
Крыху пазней ад беспрасвецця Геніюш вырашыць скончыць жыццё самагубствам, адкрые газ, ды муж паспее выцягнуць яе з маленькай кухні…
62
Пазней з кватэры Ермачэнкі «знікне» архіў Беларускага камітэта самапомачы ў Празе і патрапіць у Менск. У матэрыялах архіва будзе й пратакол тога сходу ад 27 чэрвеня 1941 года. Паводле яго Ларысу Геніюш і ейнага мужа асудзяць на 25 гадоў зняволення ў «папраўча-працоўных» лагерах, - хоць на пратаколе іхнія подпісы хтось даставіў-вывеў пад капірку... Хоць у сваіх вершах Ларыса Геніюш ані слоўкам не абазвалася пра немцаў...