Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Ён не мог даць веры Бабарэкавым словам, а Бараноўскі нарэшце падвёў тады да падагульнення:

–  Дык вы прапануеце…

–  Прапануем аб'яднаць нашы сілы і… рыхтаваць паўстанне, — Астрэйка зноў загаварыў шэптам. — Нашы ўжо збіраюць па вёсках зброю…

–  І што — супраць усяго польскага войска і выступіць? — не пабаяўся і пакпіў Алесь, але госці рэтыраваліся:

–  Калі разумна, дык чаму б не! Толькі ж у звязку з Чырвонай арміяй, перад самым яе наступам і ўдарыць.

–  І няхай потым зноў бальшавікі кулямётамі разганяюць нашыя з'езды, хай зноў у сялян хлеб апошні забіраюць? — «гнуў» сваё Алесь.

–  Дык што — лепей палякам аддацца? — пачаў запальвацца Бабарэка.

–  Я ж не пра тое…

Яны яшчэ доўга даводзілі адзін аднаму свае «аргументы» — не ведаючы, што і ў Менску «вялікай» палітыкай вяліся падобныя спрэчкі: як і з кім быць, спрэчкі, што ўрэшце прывядуць кіраўніцтва БНР да расколу…

Яны ж той ноччу паразуменне знайшлі. «Папараць-Кветка» станавілася не толькі арганізацыяй культурна-асветнай, але й амаль напаўпадпольнай, ваярскай. І са Слуцку пачалі перадавацца «па ланцугу» розныя адозвы і пракламацыі, што раніцамі красаваліся па вёсках — на валасных будынках, цэрквах і касцёлах.

Ды напоўніцу пасябраваць (так, як сталася гэта ў Бараноўскага) з Астрэйкам і Бабарэкам яму, Алесю, не ўдалося, хоць апошні… апошні — Бабарэка, гэты добры, насамрэч меланхалічны хлопец, які меў звычку слухаць, крыху схіліўшы набок галаву, а гаварыць зазвычай ціхім, кволым голасам, гэты хлопец выратуе яго ад смерці.

Але будзе тое яшчэ амаль праз год…

З Янкам Купалам

Калі яму прапанавалі з'ездзіць у Менск, ён узрадаваўся. Яшчэ б — разам з Буслом, Урбановічам і Ракуцькам даручана было патрапіць да самога Янкі Купалы і папрасіць у яго новых вершаў для толькі што створанага часопіса «Наша Каляіна», друкаванага органа «Папараць-Кветкі» (выдаваўся пад эгідаю ЦК БПС-Р). Арганізаваў часопіс Андрэй Бараноўскі, які з канца 1919 года ўзначаліў «Папараць-Кветку». Матэрыялаў хапала ўжо на некалькі нумароў, але хацелася ўаздобіць старонкі часопіса і творамі слынных майстроў, - першым «госцем» адзінадушна і вырашылі запрасіць Купалу…

Радаслаў Астроўскі, тадышні дырэктар гімназіі й іхні «хросны бацька», а таксама і Фабіян Шантыр падрабязна расказалі, як адшукаць у Менску на вуліцы Захараўскай Беларускую хатку, дзе Купала працаваў загадчыкам бібліятэкі. Але хлопцы некалькі лішніх гадзін блукалі вакольнымі вулкамі, не асмельваючыся адчыніць дзверы адшуканай «хаткі»…

Калі яны нарэшце ўвайшлі ў Купалаў пакойчык, гаспадар чытаў газэту. Блытаючыся, Бусел распавёў пра жаданне случакоў выдаваць свой часопіс… і сціх. На «выручку» паспяшаў Алесь:

–  Дык мы, дзядзька Янка, хацелі б папрасіць на адкрыццё першага нумара вашых вершаў.

–  Дзякуй, дзякуй, што не забываецеся, — усміхнуўся Купала. — Напачатку давайце мы вас з дарогі пачастуем, — і папрасіў дзяўчат згатаваць гарбату. Сам жа падсеў бліжэй да гасцей: — А што, хіба бракуе ў Слуцку сваіх паэтаў?
– і бліснуў гарэзнай хітрынкай.

–  Ды не… — Бусел піхнуў плечуком Алеся. — Вось, Алесь у нас піша вершы.

–  А адкуль жа і чый ты, паэце Алесю, будзеш? — Купала зірнуў мякка, спагадліва.

–  З вёскі Цароўка пад самым Слуцкам, бацька — валасны фельчар… — каб заняць чым-небудзь рукі, Алесь пацёр далоньмі калені.

–  Ну! Калі з Цароўкі, то і вершы, відаць, царскія пішаш. Можа, пачытаеш?

Алесь зніякавеў, але, дэкламуючы, па вачах Купалы ўбачыў, што таму вершы падабаліся — і ажывіўся.

–  Добра, браце, добра, — пахваліў Купала.

Прынеслі гарбату. Разгаварыліся смялей. Прачытаў два вершы і Купала — «Беларускія сыны» і «Паўстань…». Хлопцы знямелі ажно — у паэтычных радках песняра гучала тое ж, што кволілася, трапятала і абуджалася і ў іхніх душах!

Паўстань з народу нашага, Прарок, Праяваў бураломных варажбіт, І мудрым словам скінь з народу ўрок, Якім быў век праз ворагаў спавіт! Збяры ў адну ўсю Беларусь сям'ю. Вазьмі з яе прысягу і зарок, Што не прадасць сябе, сваю зямлю… Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, Прарок!..

–  Калі падыходзяць, гэтыя вершы я вам і перадам. А каб разбавіць іх прозай… — Купала ўстаў і, выцягнуўшы з паліцы зялёную папку, паклаў на стол некалькі старонак машынапісу. — Вось добрае апавяданне Максіма Гарэцкага, вельмі харошага пісьменніка. Ён даў мне яго пачытаць яшчэ летась, як мы студыявалі на факультэце гісторыі мастацтваў — было такое на смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута… Цяпер Гарэцкі ў Вільні.
– І пачаў пытаць пра іхнюю ўжо вучобу.

Хлопцы, хоць і карцела паболей пабыць з паэтам, заспяшаліся развітацца — каб яшчэ завідна паспрабаваць выбрацца дадому (балагол, які вёз на продаж у Менск тры кадкі салёных агуркоў ды «падкінуў» са Слуцку хлопцаў, браўся і назад адвезці — і пра плату махнуў: «Ды ўжо як-небудзь»).

Купала выйшаў праводзіць.

Праз дарогу спыніліся два польскія жаўнеры, заспрачаліся аб нечым.

–  І дакуль гэтая апека будзе над намі? — буркнуў Бусел.і

–  Праўда ваша, хлопцы… Вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і нас апекаваў, хоць ліха нашага не забіраў. Быў маскоўскі цар, былі пасланыя ім земскі, ураднік, стражнік. Мы шчыра служылі ім, як нявольнікі. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія — не лепш ад сваіх папярэднікаў, прыйшлі і павялі сваю гаспадарку, а мы глядзелі і чакалі, што нехта прыпхнецца і бальшавікоў прагоніць. І прычакалі… - Вераснёвы ветрык узнімаў-ускрыляў незашпіленыя скосы Купалавага плашча. — Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў… Мы сядзелі і чакалі… чакалі нейкага цуду. І дачакалі… Прыйшлі вось палякі, уцяклі саветы, камітэты і «чразвычайка», а мы ізноў сабе сядзім і чакаем. Праўда, мы, як гаспадары гэтай зямлі, мусім сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым?.. Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас тады: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх нашчадкаў, для свайго краю?»

К такому запытанню трэба нам быць гатовымі…

На гэтымі развіталіся.

Праз тыдзень камандзіравалі ў менскую друкарню аднаго Сяргея Бусла — з матэрыяламі першага нумара і грашыма на яго выданне. Тысячу асобнікаў аддрукавалі хутка. Некалькі сігнальных кніжак Сяргей занёс у Беларускую хатку — Купалу (паэта там не заспеў).

У Слуцку «Наша Каляіна» разыходзілася хутка, і поспех не мог не радаваць хлопцаў. Натхнёныя, яны ўжо збіралі творы для другога нумара…

Купала з'явіўся на Захар'еўскай зацемна — затрымаўся на паседжанні Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта (ЧБНК). Вакол Камітэта пачалі гуртавацца асноўныя сілы беларускага руху. Перабраліся ў Менск Аркадзь Смоліч, Францішак Аляхновіч, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Шыла, са Смаленску — з бальшавіцкай няволі — вярнуўся Вацлаў Іваноўскі. У Менск пераехала і Беларуская Вайсковая Камісія (БВК).

Стомлены і хмуры, Купала зачыніўся ў сваім пакойчыку, запаліў лямпу. Моцна балела галава — як абцугамі хтось ціснуў скроні. Ён прылёг на канапку і заплюшчыў вочы.

Зноў гэтыя спрэчкі… Бальшыня эсэраў і сацыял-федэралістых адстойвалі безадкладнае выкананне Устаўных Граматаў БНР, заклікалі выступіць у адкрытай барацьбе супраць палякаў. Гэта бачылася Купалу самагубствам — на падрыхтоўку супраціву патрэбен быў час, сродкі, сілы. Хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты, а таксама меншасць эсэраў і сацыял-федэралістых прапагандавалі патрэбу паступовага вырошчвання нацыянальных сілаў… Пакуль беларускі народ не будзе самаарганізаваны, датуль палітычнае адраджэнне Беларусі немагчымае - пра гэта ведаў і Купала, але ж ён ведаў і пра небяспеку чакання, ды яшчэ ў такі час: не дадушыць польскі бот, дык нярымсціцца праглынуць ціхмянага суседа ўсходняму «брату»…

Але ж адзіны шыхт стварыць патрэбна было. На гэта настройвалі і Вацлаў Іваноўскі, і Кузьма Цярэшчанка (замест Алеся Гаруна, які ўзначаліў БВК, яго абралі старшынём Белнацкама), да гэтага заклікаў і ён, Купала…

Калі крыху адхлынуў боль, ён сеў за стол, расклаў пошту. У газэтах выбліснулі кніжкі «Нашай Каляіны». Купала здзівіўся хуткасці, з якой яны вылецелі ў свет — здаецца, толькі ўчора хлопцы-случакі былі ў яго…

Успомнілася раптам, як яны — маладыя апантанцы — выдавалі дзесяць гадоў таму «Нашу Ніву»… Няпросты 1909-ы. Рэдакцыйная кантора — як склад макулатуры… Дым ад жалезнай печкі, на якой гатавалася ежа…

Поделиться с друзьями: