Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

«І пакутавалі, працавалі, аддавалі ўсё сваё здароўе, жыццё за беларускае вольнае слова, за сваю святую справу… Жылі — як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае смерці не складалі зброі… - Купала пабольшыў святло ў лямпе, зірнуў у ціхае начное вакно. — І вось на змену акрыляюцца новыя — маладыя і нястомныя — нашчадкі!» — Купала ўзяў аловак: «Кінутае здаровае зерне дарма не прападае, — пачаў пісаць хуткім лёгкім почыркам. — Сягоньня кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, пачуе і зразумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай бацькаўшчыны!

Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!

Сягоньня ў нас творыцца армія, творыцца рукамі гэтай самай гарачай беларускай моладзі, ствараюцца па гарадох, мястэчках і вёсках беларускія нацыянальныя камітэты, усё рукамі той жа беларускай моладзі; нацыянальнае беларускае жыцьцё пачынае кіпець, палаць праўдзівым і жыватворным полымем… — Купала перагартаў перададзены часопіс, прайшоў да вакна, паглядзеў у высокае зорнае неба — і зноў пачаў пісаць: — Шмат прыкладаў паказваюць, як гэта наша моладзь пачынае сама па сабе, не раз абмацкам, нацянькі будаваць сваё роднае, светлае, народнае. Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша Каляіна». Выдана яна ў Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок — куды яму, здавалася б, лезьці ў людзі!.. Аднак жа палез. Беларуская душа, як бачым, — жывучая, творчая, як яе ні заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці «Папараць-Кветка», каторая сваю чыннасьць пашырыла на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы… — і Купала яшчэ раз пасмакаваў гучанне добрай сімвалічнай назвы — «Папараць-Кветка»! Ад святога купальскага вогнішча. Ад абнаўляльнай надзеі… і, канешне ж, і ад яго, Купалы… — Гэта папраўдзе, як і ў песьні сьпяваецца: «А ў Слуцку на рыначку сталася праява!» Так, сябры, гэта вялікая праява! Адбудаваньне незалежнасьці бярэ ў свае рукі моладзь, паўстаючая з-пад Беларускай сялянскай страхі! Тым сама сваімі рукамі адбудуе сабе і сваім нашчадкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. Набок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу!..»

У дзверы пастукалі. Яго ўжо другі раз клікалі на вечарынку, — у суседняй зале распачыналіся спеўкі.

— Бягу-бягу! — азваўся, прыменшыў святло і ўжо ў паўзмроку, спяшаючыся, размашыста дапісаў: «Беларуская моладзь ідзе!»

…Назаўтра Купала дапоўніць свой артыкул і занясе ў рэдакцыю «Беларусі», на старонках якой 15 лістапада пад крыптанімам «К-а» допіс пабачыць свет.

Усевалад Ігнатоўскі

Пасля заканчэння гімназіі Алесь так і не ўладкаваўся на працу. Разорвалі і выбіралі з маці бульбу, перакрывалі з бацькам (пад дзедавы каманды) страху на гумне. А тут яшчэ даведаўся пра мясцовыя настаўніцкія курсы — і запісаўся слухачом.

Курсы арганізаваў Слуцкі Нацыянальны Камітэт. Праз польскага школьнага інспектара амаль дзвесце вясковых настаўнікаў з'ехаліся ў горад. Вылучылі жыллё і харчаванне (за гаспадарскія клопаты «адказваў» Андрэй Бараноўскі). Сродкі ж атрымалі ад Белнацкама. Партыя эсэраў прыслала лектараў.

Некалькі разоў палякі спрабавалі разагнаць настаўніцкія курсы. Жандары рабілі вобыскі, пагражалі арыштамі…

Беларускую мову і літаратуру выкладаў на курсах Янка Станкевіч, мовазнаўства — Браніслаў Тарашкевіч, геаграфію — Мікола Азбукін. Найбольш жа падабаліся Алесю лекцыі па гісторыі Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага. Усе — асабліва хлопцы — заварожана слухалі аповяды пра мінулае іхняй зямлі, мінулае, якое перагуквалася з рэчаіснасцю: войны — здзекі — войны…

«У 1492 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандр Ягайлавіч, Іван ІІІ Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую «вотчыну», якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі… У чэрвені адбылася страшэнная бойка недалёка ад гораду Дарагабужу… Яшчэ на працягу трох доўгіх гадоў маскоўскія войскі руйнуюць беларускія паселішчы. Удзень неба чарнее дымам, а ўноч цемра палае чырвоным агнём пажараў… У 1513 годзе зноў разгарэлася вайна. Маскоўская армія ўвайшла на Беларусь. Адна за другою адбываюцца бойкі пад Смаленскам і Воршаю. Пад Воршаю Астрожскі атрымаў дзве перамогі, не ўзіраючы на тое, што яго армія была меншаю ад маскоўскай у два разы. Ад Воршы ён гнаў маскалёў аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу… — Усевалад Макаравіч рабіў пярэрву, папраўляў на пераноссі акуляры з круглымі шкельцамі і падыходзіў да вакна, узіраўся ў прыцішаную вуліцу — толькі зрэдку грукацелі па ёй фурманкі — і, пакратаўшы сваё чорнае «татарскае» брыво, уздыхаў і працягваў: — З другога боку несла нам свой «уплыў» — культурны й рэлігійны — і Польшча… Забіты і загнаны, прыроўнены да быдла, народ наш забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасць ён захаваў… Пан, каталік і паляк — з аднаго боку, мужык і «тутэйшы» — з другога, сталі для яго сынонімамі…»

Пасля лекцыі Ігнатоўскага яшчэ надоўга абступалі курсанты — кожнаму хацелася штось перапытаць і ўдакладніць. Ды аднойчы маланкай уляцела ў аўдыторыю турботная навіна: лекцыі не будзе, Ігнатоўскі занядужаў і знаходзіцца ў бальніцы…

Калі перад іхняй хатай прыпынілася фурманка і з яе выйшаў Ігнатоўскі, Алесь аталапанеў. Заўважыўшы маладога знаёмца, Усевалад Макаравіч усміхнуўся:

–  Дабрыдзень васпану! А ці дома бацька?

–  З дзяжурства сягоння, дома… Заходзьце, калі ласка. — Алесь ніякавата прыгладзіў, засаромеўшыся, віхрысты чуб і прачыніў дзверы ў хату.

Яцкевічы збіраліся палуднаваць. Бацька сядзеў за сталом, чытаў газэту. Таксама здзівіўся госцю — свайму нядаўняму пацыенту, якога ратаваў пасля моцнага атручвання (бацька нядаўна перавёўся з валасной у павятовую бальніцу).

Ігнатоўскі быў адмовіўся ад пачастунку, але калі пачуў, што згатаваны вясковыя крышані — бульбяны суп — прыставіў да стала табурэтку:

–  Што ж, калі крышані — дык паспытаю.

Маці хуценька выставіла талеркі.

–  Я, Хведар Дарафеевіч, не з адной падзякай да вас, — Ігнатоўскі ўзварушыў сваю бародку, зірнуў на Алеся: «І падобныя ж яны — сын і бацька: тыя ж блакітна-шэрыя вочы, густыя — «у аглобельку» — бровы, выразны нос, абодва рослыя, дужыя, плячыстыя», — паспеў падумаць, а ў голас мовіў: — Хочам вашага Алеся ў Менск прасіць…

Алесю здалося тады, што ў хаце дзынкнулі шыбы — трываў, каб не папярхнуцца супам.

–  Эх… — дзед Алеся, бацька ягонага бацькі, крактануў, пахітаў галавою: — Я ж даўно казаў: якое дзерава, такі й клін, якая мука — такі й блін. Хведар быў сарваўся за свет — у Піцер той, на лекара вучыцца… А тут… Ды і час які — вайна ж! Хай бы ўлазіў у сваю вячнінку, у бацькаўшчыну — пры зямлі б быў… Мадзеў бы, перабіваўся патроху…

–  Ну, вайна, дзядзька Дарафей, не вечная, ды і не такі ўжо далёкі свет Менск! — абараніўся Ігнатоўскі.

–  А што ж ён у тым Менску рабіцьме? — не да яды было і Алесеваму бацьку.

–  Летам пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ўтворана Беларуская школьная рада Меншчыны. Работы шмат, а работнікаў… - Ігнатоўскі развёў рукамі, - мала.

–  Ды відно, што сам люд вымелеў. Вось раней, — дзед, былы запарожскі казак, ад казацтва ў якога ў васьмідзесяцігадовым узросце засталіся толькі заліхвацкі чуб ды ўспаміны, тыцнуў пальцам некуды ў столь, цмокнуў бяззубым ротам, — раней, братка, мы і палякам маглі нос падцерці… кулаком! Як за тым Хмяльніцкім. Нашых хлопцаў сабраў тады Антон Нябаба. Да яго далучыліся і атаманы Хвэська, Галавацкі, Няпаліч. Сіла на той час — угу! Ажно трыццаць тышчаў!.. Усё Папрыпяцце ўзнялося. Простае сялянства казакоў харчам падтрымлівала… Па вёсках хадакі пайшлі — у войска заклікаць. Мужыкі сякеры бралі, косы, сахары й ішлі ў лясы. Польшча выправіла супраць іх войска… гэтага, як яго… Януша…

–  Радзівіла? — спытаў-падтрымаў Ігнатоўскі.

–  Во-во, Раздзявіла… — дзед кашлянуў. — Дык некалькі гадоў тузаліся, а не перамаглі. Паўстаў тады і наш Слуцак, і Бабруйск, і Мазыр… У-у!!! Лепш пра гэта наш іканапісец Вярхоўскі расказаць можа… Во-то памяць у чалавека! Усё ведае! — дзед пабарабаніў сухімі пальцамі па стале. — А цяпер? Адно балбатоніць навучыліся…

Праводзіць Ігнатоўскага выйшлі ўсе. Ажывіўся фурман — ужо зачакаўся.

Цароўка, як і заўсёды напрыканцы восені, прыціхла, нават сабакі паспакайнелі. Сонна сноўдалі па надворкам качкі — з доўгімі шыямі, шышакамі на галовах. Іх звалі ў вёсцы японкамі (надзіва ручныя, японкі маглі абыходзіцца без сажалак, неслі многа яек і амаль не «гергеталі» — не ў прыклад звычайным). Шырокая вуліца — са «шчарбінаю» на ўскрайку (яшчэ пры наступу немцаў згарэлі дзве хаты)… Скрай Цароўкі — магілкі з напаўсухімі бярозамі, а праз вярсту за імі віднеўся і Слуцак… Аблыселыя сады, пры дарозе — аграмадныя вязы з тоўстымі дыванамі апалага лісця пад кронамі. Задымлены хутар — так звалі не чыёсьці паселішча, а другую вулку, што няроўна ўцякала ў цэнтральную. Там — Глінішчы (гліну ўжо даўно не капалі), дзе летам у жоўтай вадзе пялёскалася цароўская дзятва, а зімою — гойсала па лёдзе. За агародамі — невялікія сенажаці, праз паўвярсты за імі — балота. У гэты лістападаўскі дзень яно рыхтавалася да маразоў…

Юрка Лістапад

Юрка Лістапад, «рэзідэнт» Беларускай школьнай рады, у першы дзень прыезду ў Слуцак паспеў наведаць начальніка павета і школьнага інспектара. Атрымаўшы ў канцылярыі «ахоўную грамату» — як жартаваў, - якая дазваляла дзейнічаць «легітымна», Лістапад накіраваўся ў свае Варкавічы — адведаць бацькоў.

Ажно не верылася, што — у мінулым і Першыя менскія педагагічныя курсы, і студыйныя сходкі — так неўпрыкметку праляцеў час!

Дома не адседжваўся, дапамог тое-сёе па небагатай гаспадарцы, і праз тры дні зноў быў у Слуцку.

Поделиться с друзьями: