Пляц Волі
Шрифт:
– Можа падкажаш, добры чалавеча, ці ёсць тут дзе паблізу школа?
– Ну ёсць, а што? — малы шмыгнуў носам.
– А дзе яна?
– Ды там унё, у Красным, праз поле… І вуньдзека, за Заломам — у Набушаве Янка Пашкевічаў вучыць…
– А сам часам ці не туды топаеш? — падаў голас і Алесь.
– Туды… А што? — малы зноў шмыгнуў носам.
– А нічога… Хочам з настаўнікам тваім пазнаёміцца, і, калі раптам вушы табе круціць, заступіцца. — Юрка па-сяброўску паляпаў малога па плечуку. — Сядай, паказвай дарогу…
– Ды не, дзядзька Янка харошы, ён і грошай не бярэ — не тое, што красніцкі. — У малога знікла ўся насцярожанасць, і за пяць хвілін, якія яны сунуліся па ўмерзлых ямах, Цімка (пазнаёміліся адразу) паспеў расказаць і пра заломскіх уюноў, што летам цэлымі торбамі насіў дадому («Вой і баялася іх малодшая сястра!»), і пра бомбу, якая навыварочвала арэшніку, і нават пра сябра Хведзьку — з ім яны злавілі былі вужа і доўга палохалі дзяўчат…
Залом — балотца, зарослае рабіннікам ды калінай, адметнае ўжо тым, што знаходзілася не ў нізіне-лагчыне, а на самым узгорку каля Варшаўкі. Вяскоўцы летам наразалі тут і сушылі торф, восенню жанкі збіралі каліну. Само ж Набушава — някідкае, невялікае — прылегла ўздоўж шляху, ад якога на паўвярсты аддзялялася сенажаццю. За вёскай, падступаючы да ўзбалоткаў, пачынаўся лес.
Укаціліся ў вулку — шырокую, з двума калодзежамі з пачатку і канца, з роўным плотам, дагледжанымі падворкамі.
«Школа» — невялічкая прыбудоўка да звычайнай хаты — была пасярод вёскі і выглядала зусім маленечкай пад аграмаднымі шатамі двух пракаветных вязоў. Хата, было відаць, нядаўна перакрывалася — не паспелі яшчэ выгараць на сонцы дзве ветраніцы, прыбітыя па краях скатаў страхі, - каб не ўзнімалася салома. Уваход у «школку» быў асобны. Пастукалі — ніхто не адказаў. Пасунуліся за Цімкам… Пасярод пакоя — каменная грубка, да сцяны прымацаваны тры самаробныя сталы, доўгая лава і вялікае акно, што глядзела ў сонны хмуры сад…
З настаўнікам, адным з гаспадароў падворка, сустрэліся ў гародчыку — абкладваў капец.
Павіталіся. Разгаварыліся ў хаце — вялікай, на дзве паловы, печка, насупраць ажагоў (вілы, чапляя, мяцёлка) мыцельнік. На падваконнях — гаршкі з геранямі. Жыла тут уся сям'я старога Мітрафана Пашкевіча. Сам жа Янка вучыўся ў Піцеры на медыка, вайной на фронт забралі. Сям'ёй яшчэ не абзавёўся. Ягоны старэйшы брат, Рыгор, таксама быў на фронце, патрапіў у нямецкі палон, дзе і сустрэў рэвалюцыі — і вось толькі нядаўна дайшла ад яго вестка: жывы, вяртаецца дамоў…
Як бацьку франтавікоў, Мітрафану ў вайну далі леса на новую хату, частку ўжо й нарэзаў быў, а перавезці па балотных гацях не паспеў. А тут — рэвалюцыі, войны: не да будоўлі…
У хаце раслі двое братоў-падшыванцаў, вось і пачаў Янка ў вольны час іх адукоўваць. Прачулі суседзі — упрасілі заадно і сваіх узяць. Так і назбіралася «кляса».
Жылі Пашкевічы з гаспадаркі, з зямлі. Дзякуй бацьку Мітрафану — разгадаваў быў коней, дый такіх, што ў самім Пецярбурзе на імператарскай выставе прыз золатам узяў! [1] Ды прыхоўваць яго не стаў: прыкупіў зямлі для сыноў, Янку ў навуку выправіў. Аднойчы з рэўкома ўпаўнаважаны падскочыў: здавай царскае золата! А ён — спакойна даведку з Таргсіна: прабачце, здаў па законе, цяпер зямля тое золата… З тым і адчапіліся. А зямля — вось яна, пад нагамі!
1
Вызначыўся падобна - толькі ўжо ў час «нэпу» - адзін селянін з Семежава, чый жарабец у Маскве на сельскагаспадарчай выстаўцы заняў другое месца - з усяго СССР!
– Дык вы б зарэгістравалі школку ў воласці — глядзіш, хоць капейку б нейкую плацілі. — Лістапад пацепнуў плячыма, дзівячыся.
– А што цяперачы з той капейкі? Вось бальшавікі йшлі — кабана рэквізавалі, паперчыну пакінулі, каб грошы за яго атрымалі. І дзе ж іх шукаць? Гэта ў старыя часы агенты купцоў-свінабояў хадзілі й адкормленых кабаноў «абзадачвалі» — толькі ж задатак напачатку выплочвалі! А тут і палякі кабылку павялі з абозам. Сунуліся ў воласць: ваенны час, пачакайце… — Янка Пашкевіч сумна пачухаў густую брывіну і змоўк.
– Ну а што выкладаеце? — Алесь то пазіраў на гаспадара, то разгледжваў невялікую этажэрку з кнігамі.
– Пісьмо, чытанне і матэматыку. Падручнікаў вось толькі німа, дык, бывае, і па газэтах…
– А па-руску ці па-беларуску вучыце?
– І так, і так. Часцей усё ж па-беларуску — так дзецям лягчэй. Толькі кніг беларускіх мала.
Падмацаваўшыся адваранкай са смятанай, госці паабяцалі дапамагчы з падручнікамі, «пенсіяй» і падаліся далей. Наведалі школкі ў Красным і Амговічах — і завярнулі назад.
Назаўтра Лістапад перадаў Алесю ліст-справаздачу да Рак-Міхайлоўскага:
«Паважаны Пане Старшыня! Я даведаўся, што з адзінаццаці вясковых школ Слуцкай воласці адчынена толькі адна школа расейская. Што датычыць школ беларускіх, то ні адзін настаўнік пра іх нічога ня ведаў (за выключэньнем прыватных), а прыгаворы падаюць, каб адчыніць хоць адну школу.
Я пабываў на бацькоўскіх сходах і вытлумачыў ім добра пра школьную справу, дык настаўнікі, усе як адзін, згадзіліся адчыняць беларускую школу. На сходах было больш як 100 душ бацькоў. Толькі напісалі ў прыгаворы такую згоду, што пачнуць вучыць па-беларуску тады, калі будуць прысланы ім беларускія падручнікі…
Яшчэ, Пане старшыня, дабаўлю. У мяне надта шмат знаёмых настаўнікаў вясковых школ. Яны даведаліся, што я прыехаў з Менска, чалавек па дзесяць прыходзілі даведацца пра школы. Ім я растлумачыў, як належыць быць, і ні адзін з іх ні мае нічога проціў і кожны згаджаецца ўвесьці ў сваёй школе беларускую мову. Толькі яны просяць, каб атрымаць адкуль-небудзь беларускіх падручнікаў і рады пабываць на курсах Беларусазнаўства..
Працаўнікоў-беларусаў у нас натта мала. Людзі добрыя і спрыяючыя Беларусі, гэта Асьвяцімскі, старшыня Беларускага гуртка Бараноўскі, Яцкевіч, якім і перадаю гэты ліст, і некаторыя іншыя, а на Абрамовіча яны тэж ні маюць ніякае надзеі. Што будзе зроблена мною потым, дык я напішу, і як адчыняцца беларускія школы, тэ напішу дзе і колькі іх будзе.
Юрка Лістапад».
…Аб'явілі, што самалёт праз паўгадзіны зробіць пасадку ў Франкфурце. Значыць, яшчэ дзве гадзіны лёту — і Менск!.. І Алесь Хведаравіч зніякавеў — хоць, зразумела, і чакаў, ды адчуў нечакана, упершыню за пяцьдзесят гадоў апынуўся гэтак блізка да Беларусі! У небе ж пачуваўся зусім па-іншаму, неба — яно для ўсіх неба ды і — па-праўдзе — дагэтуль яшчэ не даваў веры, што выбраўся на Беларусь, адкрываў вочы і баяўся, што і самалёт, і ціхія суседзі-пасажыры, і ветлівая сцюардэса знікнуць — як пасля сну-набрыдзі…
У хваляванні доўга не мог аднавіць перарваных успамінаў. Так…. Яго запрасілі ў Менск… Перад ад'ездам пазнаёміўся з Лістападам… Потым, назаўтра, калі Лістапад перадаваў яму ліст, развітацца прыйшла Люда!..
Яны сустрэліся перад дзвярыма гімназіі — і на хвілю знерухомелі.
– Такі едзеш… — першай вымавіла яна і зірнула рашуча, неспадзявана. І яго апаліў гэты позірк, і ён адчуў, што вось зараз і павінна разбіцца тая надакучлівая сцяна фанабэрыстасці, акцёрства, адчуў, але ўсё ж штось здрадліва стрымлівала яго: ці то яшчэ свежая крыўда за нядаўнюю абразу (адмовілася, каб праводзіў яе пасля вечарынкі, - пайшла з малодшым Асьвяцімскім), ці то яшчэ дзедаўскі нораў (ніколі не «гнуцца» перад дзяўчынай). Але калі яна рушыла да лаўкі — страпянуўся, пасунуўся ўслед. І калі былі пад голай кронай старэчай вярбы, Люда раптам павярнулася, запаволена адхінула з брыва спружыністы кудзярок, зазірнула ў вочы і апякла: