Пляц Волі
Шрифт:
– Я кахаю цябе, Алесь…
І яму тады нечакана ўбачылася — ён выразна памятаў! — як з вечаровага неба пасыпаліся на ажывелыя голькі вярбы пераспелыя зоркі…
Алесь Хведаравіч шчодра разлічыўся з таксістам і доўга верачы і не верачы, што — у Менску-Мінску, што яго яшчэ не ссадзілі з трапа і не адвезлі ў турму на Валадарскага — «Амерыканку» (ну і празвалі ж!), здзіўлена азіраўся наўкол. Напачатку думаў, што таксіст ці памыліўся, ці знарок спяшыў зусім не да Траецкага — такое ўсё было незнаёмае, нават чужое. Зрэшты, толькі гэтае месца і змог назваць-узгадаць таксісту…
Глядзеў ён доўга — пазнаючы і не пазнаючы — на чырвоныя дахі старой забудовы, на шыхт шматпавярховікаў, на змрочную ў восеньскім продуме Свіслач, бялюткая Святадухаўская царква на ўзвышшы — і плакаў, плакаў па-дзіцячы шчыра прамінаючы здзіўленыя позіркі мінчукоў, так і не надзеўшы пасля машыны капялюш — жмакаў яго ў дрыготкай руцэ.
Іяму тады ўявілася, што ён…
…стаіць на каменным мосце паміж Траецкім і царквой, у спраўленым бацькам амаль новым кажушку, па-модзе кароткім, шапцы формы канфедэраткі, з фанерным баульчыкам-чамаданікам, — і як не даймаў шыю і шчокі марозны вогкі вецер з нізіны, з-за рэчкі, не настаўляў каўняра.
Ён выбраўся ў Менск у крытай паштарскай фурманцы яшчэ зночы, каб дабрацца нараніцу (так прасіў Ігнатоўскі) няроўным гасцінцам, шкадуючы, што не даўмеліся пракласці паміж Слуцкам і Менскам чыгункі. Наогул, Слуцак «убачыў» чыгунку толькі ў апошні год Першай сусветнай вайны — яе працягнулі да горада ад усходняй станцыі Урэчча. Гэта была частка Асіповіцкай лініі Лібава-Роменскай чыгункі, якая звязвала Менск з Украінаю. Але ж каб па ёй трапіць са Слуцка ў Менск — трэба залішняга круга даваць… [2]
2
Пасля далучэння да Савецкай Беларусі Заходняй чыгунка злучыла Слуцак з Баранавічамі.
Ужо развіднела, і ён мог з цікавасцю назіраць, як павольна прачынаўся горад. Недзе здалёк, на ўсходзе, на марозным небе, з'явіліся дзве невялікія шапкі ні то дыму, ні то пары. З цэнтра — па Захар'еўскай (здагадаўся па цоканні) лескатала конка. Першым ажывіўся Пляц Волі (колішні Губернатарскі): у царкве і касцёле пачыналіся службы. Знекуль вынырнуў хлапчук-газэтаноша, напалохаўшы знячэўку бадзёрымі вокрыкамі:
– Газэты, сённяшнія газэты!
Ён падазваў хлапчука, паздароўкаўся, — чым здзівіў тога.
– Якія ёсць?
– Толькі дзве пакуль — «Минскнй курьер» і «Беларусь».
Ён купіў абедзьве і, намагаючыся, каб не пачаць чытаць, склаў і сунуў у кішэню.
Некалькі спешкіх гараджан прашыбавалі паўз яго, супыніўся і кашлянуў даўгарукі «фраер» — з пышным настаўленым чубам пад скасабочанай пацёртай аблавушкай, у шэрым палітончыку і шырокіх камечаных нагавіцах.
– Прыпаліць не будзе? — цыркнуў слінай і, пажмякаўшы ў вузлаватых пальцах, утыркнуў у рот папяросіну (за вухам сушылася другая).
– Не куру, — адказаў знарок басавіта.
Яшчэ раз коса агледзеўшы яго, «фраер» паклыпаў далей…
Крыху яшчэ пастаяўшы, пайшоў сваёй дарогай і ён — на Захараўскую (ці — пры паляках — вуліцу Міцкевіча), галоўную ў Менску. Каб зрэзаць «дугу», спусціўся пад мост і прыспешыў прыцярушанай маладым снегам сцежкай — да рэдкага скверыку.
З напаўцьмянага закутка, дзе заканчваўся-заварочваў плот, пачуўся невыразны ўскрык. Насцярожаны, пачаў углядацца ў нейкую напаўразваленую шэрую сцяну і выхапіў нацятым позіркам каля самага вугла дзве постаці — мужчыны і паненкі ў капялюшыку.
– Яшчэ пікнеш — і прырэжу! — данёсся знаёмы хрыплы голас, і ён са спіны пазнаў «фраера», які некалькі хвілін таму прасіў у яго запалак. — Паказвай, што там прыцепліла! — і вырваў з рук паненкі партманецік.
Нібы варывам апякло шчокі. Ён выйшаў з-за плота і, набліжаючыся да рабаўніка, хоць і з дрыготкай, выціснуў:
– Зноў прыкурыць шукаеш?!
«Фраер» уздрыгануўся, крыху адбочыў, але ўбачыўшы маладога хлопца, выцягнуўся і — як і раней — цыркнуў слінай, з'яхідніў:
– А што, можа, прынёс?
– Аддай чужое — ды ідзі па дабру па здарову…
– Ты, смаркач, ну-ка блісні адсюль! — «фраер» падышоў усутыч, нібы пацягнуўся да вуха па цыгарэціну — і нечакана гухнуў кулаком.
Хоць і рыхтаваўся да ўсяго, але ўвіхнуцца ўсё ж не паспеў — зашчымела шчака, у рот набегла кроў. Але хутка і агоўтаўся — прысеў, выпусціў з рук чамаданчык — і тыцнуў рабаўніку пад дых. Той абмяк і пачаў ад болю гнуцца — і ён, схапіўшы за брудныя пэйсы, што няўрымсна выбрындваліся з-пад збітай аблавушкі, хлёстка стукнуў «фраерскай» галавой аб сваё калена — і адкінуў пацяжэлае жылістае цела. «Фраер» нязграбна зваліўся — акурат да ног паненкі, з-за пазухі вываліўся чужы партманецік.
Нагнуўся быў, каб падабраць, а «фраер» кумільгнуўся да ног, абхапіў і зваліў на дол. Яны сціснулі адзін аднаго і скаціліся ўніз, да рэчкі. «Фраер» меціў хапіць за шыю, ды ён пхнуў лакцямі — пакуль нарэшце не адарваўся і не ўскочыў на ногі.
– Людзі, ратуйце! — сполашна закрычала паненка, але голас сарваўся, і яна закашлялася. У гэты міг заўважыў, як у руцэ «фраера» бліснуў нож. Пыхкаючы разбітым акрываўленым носам, скочыў да яго, пырануў, цэлячы ў грудзі, ды Алесь перахапіў руку і з усяе сілы нагой стукнуў у жывот — «фраер» хэкнуў і закаціў вочы. Вольнай правай з адцяжкі — ва ўсім целе нечакана ўз'юцілася злосць — пэльнуў у няголеную сківіцу. «Фраер» у беспрытомнасці ляснуўся аб прамерзлую зямлю. Ён падняў нож і шпурнуў у рэчку, потым узяў свой баульчык і падаў спакойны голас:
– Не забудзьце свой партманецік. Можа, вас правесці?
Паненка яшчэ хвілю хітала галавой, мулячы і без таго тонкія вусны, перамагаючы спалох, а потым высіліла:
– Дзякуй, каб не вы… Нават і не ведаю…
– Дык ці правесці вас?
– Была б удзячнай, — і бліснула прыгожымі чарнявымі вачыма — глыбокімі (можа праз тое, што вейкі былі невялікімі?).
Яны пайшлі да скверыка, і паненка разгаварылася:
– А я так напалохалася, а яшчэ як убачыла ў яго руках нож!.. Столькі ўжо рознага жулля навылазіла! Вой, а як жа вас завуць?
– Аляксандар. А вас?
– Аляксандр, — паўтарыла яна. — Абаронца людзей, што ў перакладзе з… Ой, забылася, якой… Грэцкай, пэўна. А адкуль вы — відаць, прыехалі толькі, ці куды ад'язджаеце?
– Прыехаў. А як вас завуць?
– І-ы! — ускрыкнула і пляснула сябе па чырванаватай, з вабнай ямінкай, шчацэ. — У вас жа вока падбітае! Трэба нечым халодным прыкласці… - І кінулася ляпіць снежку. — Давайце…
– Ды нічога, пройдзе. — Ён усміхнуўся, яшчэ раз агледзеў паненку: лёгкія наўскід бровы, мяккія кудзяркі валасоў выплываюць з-пад уздзетага набок капялюшыка, прадаўгаватае — скульптурнае — пераноссе падкрэслівала яе рашучы характар, колка-цёплыя зрэнкі, артыстычнае цельца пад кароткім футэркам, — і ўжо трэці раз перапытаў: — Дык ці скажаце, як вас зваць?