ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Стар. 63. Гэта не тая Галя, пра якую ты ў «Літаратурцы» пісаў? Як Новы год сустракалі? — Насамрэч размова ў прыгаданым артыкуле (Быков В. Дожить до Победы // Лит. Газета, 1985, 1 янв.) ішла пра Валянціну, з якой Быкаў пазнаёміўся падчас лячэння ў вайсковым шпіталі ў снежні 1944 г.

Стар. 64. А вось трэба пачытаць успаміны рэйхсміністра па ўзбраенні, былога галоўнага нямецкага архітэктара Альберта Шпеера. — Шпеер Альберт (1905–1981) — дзяржаўны дзеяч Германіі, асабісты архітэктар Гітлера; з 1942 г. рэйхсміністр узбраенняў і боепрыпасаў, у 1943–1945 гг. рэйхсміністр узбраенняў і ваеннай вытворчасці.

Стар. 64. …два ўкраінскія франты — Маліноўскага і Талбухіна. — Маліноўскі Радзівон (1898–1967) — савецкі военачальнік і дзяржаўны дзеяч; з мая 1944 г. камандуючы 2-м Украінскім фронтам; маршал Савецкага Саюза (1944); двойчы Герой Савецкага Саюза (1945, 1958). Талбухін Фёдар (1894–1949) — савецкі военачальнік; з сакавіка 1943 г. камандуючы войскамі Паўднёвага, з кастрычніка 1943 г. — 4-га Украінскага, з мая 1944 г. — 3-га Украінскага франтоў; маршал Савецкага Саюза (1944); Герой Савецкага Саюза (1965; пасмяротна).

Стар. 65. Неяк я ўзяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера… — Раман Тэадора Драйзера (1871–1945), амерыканскага пісьменніка.

Стар. 68. …загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, каб ні кроку назад. — Загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага № 227 ад 28 ліпеня 1942 г., які пад пагрозай расстрэлу забараняў любое адступленне. На яго падставе ствараліся штрафныя батальёны і загараджальныя атрады, якія павінны былі расстрэльваць байцоў Чырвонай Арміі ў выпадках іх панічнага адступлення. Савецкая прапаганда называла гэты загад «Ні кроку назад!».

Стар. 69. Праіграўшы «Сценьку Разіна» або «Ямшчыка»… — Мусіць, маюцца на ўвазе песня «Из-за острова на стрежень» (словы Д. Садоўнікава, муз. народная) і раманс «Ямщик, не гони лошадей» (словы М. фон Рытэра, муз. Я. Фельдмана).

Стар. 69. …шквал уласаўскай прапаганды… — Маецца на ўвазе генерал-лейтэнант Андрэй Уласаў (1901–1946), які кіраваў Рускай вызваленчай арміяй, сфарміраванай падчас Другой сусветнай вайны ў асноўным з савецкіх ваеннапалонных ці эмігрантаў. Уласаўская армія ваявала супраць СССР на баку Трэцяга рэйха.

Стар. 69. …пад кіраўніцтвам Гітлера… — Гітлер Адольф (1889–1945) — заснавальнік нацыянал-сацыялізму і таталітарнай дыктатуры Трэцяга рэйха; фюрар і рэйхсканцлер Германіі (з 1934 г.).

Стар. 72. …з пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева… — Кандрацьеў Вячаслаў (1920–1993) — расійскі пісьменнік.

Стар. 73. Пасля той выпадак нейкім чынам паслужыў мне, калі я пісаў «Адну ноч». Хаця там іншы фон ды інакшы час. Але грамадства, а найперш нашая рэдактура не былі гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымальным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавядання з прычыны «невыразнасці», як ён напісаў, ідэі. Думаецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя адносіны да яе. — Апавяданне «Адна ноч» (1961) было надрукавана ў часоп.

«Маладосць» (1963, № 1). Танк Максім (сапр. Скурко Яўген; 1912–1995) — беларускі паэт, грамадскі дзеяч; народны паэт БССР (1968); у 1948–1966 гг. галоўны рэдактар часоп. «Полымя».

Стар. 74. Тады ж у нейкім аўстрыйскім гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джуліі. — Напрыканцы свайго жыцця, у 2003-м, Быкаў, гаворачы пра Джулію, прызнаўся, што «не было прататыпу. Гэта цалкам прыдуманы пэрсанаж».

Стар. 79. Апроч хіба абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым. — Брэжнеў Леанід (1906–1982) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч; з 1964 г. 1-шы сакратар, з 1966 г. — Генеральны сакратар ЦК КПСС. Жыўкаў Тодар (1911–1998) — балгарскі партыйны і дзяржаўны дзеяч, у 1954–1981 гг. 1-шы сакратар, затым Генеральны сакратар ЦК Балгарскай камуністычнай партыі (да 1989 г.).

Стар. 86. Інспекцыю прыехаў прымаць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. — Жукаў Георгій (1896–1974) — савецкі военачальнік; у часы Вялікай Айчыннай вайны камандуючы войскамі шэрагу франтоў; у 1946–1948 гг. камандуючы войскамі Адэскай акругі; маршал Савецкага Саюза (1943); чатыры разы Герой Савецкага Саюза (1939, 1944, 1945, 1956).

Стар. 89. …у Саксенхаузе… — Дакладней — Заксенхаузен, нацысцкі канцэнтрацыйны лагер, які месціўся побач з г. Араніенбургам (Германія).

Стар. 90. Ваня Пушкоў — Пушкоў Іван (1918–1986) — гарадзенскі мастак.

Стар. 91. Аднойчы разам з Андрэем Заспіцкім, скульптарам і будучым лаўрэатам… — Заспіцкі Андрэй (нар. у 1924) — беларускі скульптар; лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1977; разам са скульптарамі І. Міско, М. Рыжанковым, архітэктарам А. Трафімчуком) за стварэнне манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі ў Жодзіна.

Стар. 91. Бугуруслан — горад у Расіі, у Арэнбургскай вобласці. Стар. 93. Як пачалася Карэйская вайна… — Канфлікт паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, які доўжыўся з 25 чэрвеня 1950 г. да 27 ліпеня 1953 г.

Стар. 94. Пачаў пісаць і друкавацца ў «Вожыку». — У часоп. «Вожык» былі надрукаваныя апавяданні Быкава «Ход канём» (1956, № 22), «Арганізатар» (1957, № 1), «Дапякло: скаргі раскрытыкаванага старшыні» (1957, № 23).

Стар. 94. Павел Кавалёў (1912–1995) — беларускі пісьменнік; галоўны рэдактар часоп. «Полымя» (1967–1972).

Стар. 94. Здаецца, у шасцідзесятым годзе ў бібліятэчцы гэтага часопіса выйшла кніжка сатырычных апавяданняў. — Быкаў В. Ход канём. [Без м.], 1960 (Б-ка «Вожыка». № 4).

Стар. 94. У «Маладосці» друкаваўся на маладзёжныя тэмы. — Насамрэч апавяданні Быкава на маладзёжную тэму друкаваліся не ў часоп. «Маладосць» [тут было апублікавана толькі апавяданне «Патрулі» (1957, № 5; пазнейшая назва — «Уначы»], а пераважна ў газ. «Гродзенская праўда» і «Літ. і мастацтва», часоп. «Полымя» (гл. каментары да 7-га т. дадзенага Поўнага зб. тв. Быкава). У «Маладосці» публікаваліся якраз апавяданні ваеннай тэматыкі: «Страта» (1956, № 10), «Загад» (1958, № 12), «Чацвёртая няўдача» (1961, № 2), «Адна ноч» (1963, № 1), «Ранак-світанак» (1966, № 9), «Свае людзі» (1966, № 12; пазнейшая назва — «Сваякі»).

Стар. 94. Таксама — у «ЛіМе», дзе намеснікам галоўнага рэдактара быў Раман Сабаленка. — Сабаленка Раман (1907–1975) — беларускі пісьменнік, публіцыст; у 1957–1966 гг. намеснік галоўнага рэдактара газ. «Літ. і мастацтва». У «Літ. і мастацтве» ў 1950–1960-я гг. былі надрукаваны апавяданні Быкава «Смерць чалавека» (1957, 5 кастр.), «Уначы» (1957, 14 снеж.; першапачатковая назва — «Абознік»), «Тупое пяро» (1956, 15 верас.), «Даведка» (1956, 17 лістап.), «Салдацкі лёс: дыялог з нагоды» (1966, 21 чэрв.).

Поделиться с друзьями: