Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Стар. 105. Хоць і яго аўтарытэту было замала, каб абараніцца і абараніць нас ад сеўрукаў, што і згубіла яго. — Сеўрук Уладзімір (1932–2005) — адказны супрацоўнік ЦК КПСС (намеснік загадчыка, затым загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС); у далейшым — намеснік галоўнага рэдактара газ. «Известия», галоўны рэдактар газ. «Неделя»; у 1998–2003 гг. супрацоўнік апарата Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Кар’ерны рост У. Сеўрука, у той час аспіранта Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, пачаўся пасля публікацыі ў 1966 г. у газ. «Правда» яго артыкула «Правда о великой войне», у якой аповесць «Мёртвым не баліць» была названа «неудачей автора». «Об этом нужно сказать прямо и бескомпромиссно, — заключаў Сеўрук. — Эта неудача — следствие серьезных идейно-эстетических просчетов писателя». З таго часу творчасць і лёс В. Быкава знаходзіліся пад яго пастаянным наглядам.
Стар. 105. (Карпюка дык адразу выключылі і знялі з работы ды яшчэ збіраліся аддаць пад суд.) — У 1970 г. А. Карпюк быў пазбаўлены пасады старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, праз два гады выключаны з КПСС. Апроч таго, на яго паспрабавалі завесці крымінальную справу, згодна з якой ён у гады вайны нібыта быў завербаваны ў канцлагеры. Прычыну пераследу Карпюк назваў у сваіх успамінах: «Спачатку паклікаў мяне сакратар абкама партыі па прапагандзе Аляксандр Восіпавіч Ульяновіч ды паставіў пытанне рубам: я, камуніст, думаю крытыкаваць „распоясавшегося“ Быкава за ачарненне савецкай рэчаіснасці ці не думаю? Абавязак гэта сакратара аддзялення СП БССР — у першую чаргу, ці ён за так грошы дзяржаўныя атрымлівае?
Пачаў я даводзіць, што Васіль ачарняць нікога і не думае. Ён сваіх герояў выводзіць аголенымі жыламі і не патрабуе аніякіх падказчыкаў. Што ў быкаўскіх аповесцях не антысаветызм, а суровая праўда жыцця ў спалучэнні з любоўю да чалавека ды болем за Радзіму. Што Быкаў сам, хоць і беспартыйны, піша з чысцейшых партыйных пазіцый. Што за ім будучыня, таму аўтара такога не крытыкаваць трэба, а вылучаць на Дзяржаўную прэмію ды яшчэ яму лепшую кватэру даць!
Сакратар абкама доўга да мяне прыглядаўся і аб нечым так глыбакадумна сам з сабой разважаў, бытта ўвесь да краёў быў нашпігаваны не абы-якімі весткамі. Нарэшце сказаў:
— Яшчэ і прэмію яму, ха! А за што, бо піша? Пішам мы ўсе — у тым ліку і я! А наконт партыйнасці мы разбіраемся, напэўна, лепш! І з кватэрай у яго — нічога страшнага! У камуналцы жыве? Ну і што — многія жывуць так!..
Яшчэ хвіліну падумаў:
— Значыць, удзельнічаць у перавыхаванні Быкава адмаўляецеся. Што ж, цяпер наракайце на сябе. І з вамі зробім тое самае, што з Клейнам. Аддзелім вас ад яго! Адлучым ад яго вас абоіх, пазбавім вашага ўплыву — адумаецца і ён!
І праўда, неўзабаве навіна — КДБ вядзе допыт знаёмых, капаецца ў маёй біяграфіі.
Зноў пачалі прыдзірацца да жонкі на рабоце, а дачку скланяць на нарадах за ўдзел у ідэйна шкодным клубе, хоць яна дарогу ведала толькі са школы — дамоў.
Папярэдзілі Максіма Танка, каб запатрабаваў ад мяне заяву аб звальненні з пасады сакратара аддзялення СП у Гродне.
Апрача „Нового мира“, усе рэдакцыі вярнулі мне рукапісы».
Друкуецца паводле газ. «Гродзенская праўда», 1957, 26 студз., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «Крытыка і бібліяграфія». Адначасова друкавалася ў пер. на рус. мову — Гродненская правда, 1957, 26 студз. пад назвай «Юнацтва ў дарозе».
Датуецца часам першай публікацыі.
Рэцэнзія на аповесць «Юнацтва ў дарозе» (Полымя, 1956, № 11) Рамана Сабаленкі (1907–1975), беларускага пісьменніка.
Стар. 109. …наблізіўся да мовы К. Чорнага. — Чорны Кузьма (сапр. Раманоўскі Мікалай; 1900–1944) — беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст; класік беларускай літаратуры.
Друкуецца паводле газ. «Гродзенская праўда», 1958, 29 крас., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «Бібліяграфія».
Датуецца часам першай публікацыі.
Рэцэнзія на кнігу «В поисках героев Брестской крепости» (М., 1957) Сяргея Сяргеевіча Смірнова (1915–1976), расійскага пісьменніка.
Друкуецца паводле арыгінала рукапісу (2 арк.) за подпісам В. Быкава, які захоўваецца ў асабістай справе В. Быкава ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў (далей — СБП). Упершыню — Шапран С. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Мінск — Гародня, 2009.
Датуецца паводле пазнакі напрыканцы рукапісу — 7 ліпеня 1958 г.
Аўтабіяграфія напісана для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў БССР (быў прыняты 22 студзеня 1959 г.).
Стар. 112. в. Чарапоўшчына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці — Сапраўднае месца нараджэння Быкава — в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пры запаўненні першых анкет для асабістай справы ў Саюзе пісьменнікаў і напісанні некаторых аўтабіяграфіяй Быкаў часам называў месцам свайго нараджэння суседнюю в. Чарапоўшчына, відаць, з той прычыны, што Бычкі ў той час уваходзілі ў Чарапавецкі сельсавет. Сам пісьменнік, адказваючы на пытанне З. Гімпелевіч: «Василь Владимирович, я немного запуталась с местом вашего рождения. Одни источники указывают на деревню Бычки, а другие, как, например, энциклопедия В. Казака, определяют его как Череповщина», — тлумачыў: «На самом деле никакой путаницы. Я родился в Бычках, это на Витебщине, а Череповщина — ближайшая деревня, где находился ЗАГС. Вот родители и привезли меня туда, чтобы зарегистрировать, — так было положено».
Друкуецца паводле газ. «Гродненская правда», 1958, 14 кастр., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «Критика и библиография».
Датуецца часам першай публікацыі.
Рэцэнзія на кнігу «Надпись на срубе» (Мінск, 1958) Янкі Брыля (Івана; 1917–2006), беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы; народнага пісьменніка БССР (1981).
Стар. 113. …поэтический рассказ «Двадцать», напечатанный недавно в «Правде»… — Брыль Я. Двадцать / пер. А. Островского // Правда, 1958, 22 июня.
Друкуецца паводле арыгінала машынапісу, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ): ф. 12, воп. 1, адз. зах. 289, арк. 1–6. Машынапіс са значнымі рэдакцыйнымі праўкамі. Упершыню са скарачэннямі — газ. «Літ. і мастацтва», 1958, 7 мая пад назвай «Літаратурная рэцэнзія ў абласной газеце».
Датуецца часам першай публікацыі.
Стар. 117. …што ўласціва Івану Грамовічу. — Грамовіч Іван (1918–1986) — беларускі пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык.
Стар. 118. …аб зборніку вершаў маладога паэта Б. Спрынчана «Над кручамі Сожа»… — Спрынчан Браніслаў (1928–2008) — беларускі паэт, перакладчык.
Друкуецца паводле зб.: Максім Горкі і Беларусь: зб. артыкулаў і ўспамінаў. Мінск, 1968. Упершыню — часоп. «Полымя», 1961, № 6.
Датуецца часам першай публікацыі.
Артыкул у часоп. «Полымя» пачынаецца наступным чынам: «Было гэта сямнаццаць гадоў назад».