ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Стар. 94. Адно апавяданне — пра каханне — паслаў у «Чырвоную змену», яго раскрытыкаваў Іван Калеснік. — Калеснік Іван (1932–1979) — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык; у 1954–1961 гг. загадчык аддзела газ. «Чырвоная змена».

Стар. 94. Пасля ўзяўся за аповесці, напісаў «Трэцюю ракету», якую некалі пахваліў і малады доктар Адамовіч. — Размова, мусіць, ідзе пра крытычны артыкул «Аповесці Васіля Быкава» (Полымя, 1973, № 2), у якім А. Адамовіч пісаў у прыватнасці: «У аповесці „Трэцяя ракета“ (1961) — шчаслівы літаратурны лёс. Звычайна гэтай аповесці дастаюцца ўсе высокія ацэнкі, словы, нават пасля таго, як Быкаў напісаў творы больш дасканалыя. […]

Так, „Трэцяя ракета“ — твор, які мае вартасці немалыя: цэласнасць і яснасць думкі, завершанасць формы (калі не лічыць некаторых залішне растлумачальных уставак), востры гуманістычны, антываенны пафас. У аповесці гэтай як бы сабраны ўсе аргументы Васіля Быкава ў яго вайне супроць захопніцкай вайны. Гэта вельмі публіцыстычная (не толькі паводле выяўленчых сродкаў, але перш за ўсё пафасам) аповесць яго. Ды і адступленняў публіцыстычных, страсна-асабістых, вынашаных роздумаў у гэтай аповесці асабліва шмат. […]

Але і ў межах адной аповесці Васіль Быкаў паварочвае жыццё перад нашымі вачыма вельмі па-рознаму і рознымі бакамі: дабро і зло, святло і цені, рэальнасць вайны і светлае юначае пачуццё Лазняка да Люсі… Галоўная задача пісьменніка — даць адчуць усю жорсткасць вайны, паказаць, што нават у гэткіх умовах чалавек — калі ён чалавек (калі гэта Лазняк, Люся, Жаўтых, Папоў, Крывёнак) — астаецца ім і змагаецца за сваё права быць добрым, шчырым, велікадушным, сумленным. І ані пацыфізму, бо нянавісць да вайны ўбірае ў сябе, азначае нянавісць да таго зла, грамадскага, гістарычнага, якое вайну параджае. Гэта актыўная нянавісць да фашызму, да развязанай ім вайны — ва ўсім і ва ўсіх у аповесці (адзін Лёшка Задарожны бачыць у такім часе магчымасць чаго-небудзь „нахапаць“, у нечым падняцца над другімі, але ён жа і быў пасля вінаваты ў пагібелі гарматнага разліку і ў смерці Люсі).

Ідэйна-мастацкая задача паказаць жорсткасць і ненармальнасць вайны і ў той самы час — здольнасць і абавязак людзей, якія абараняюць ад фашысцкага здзічэння самую будучыню, захаваць, зберагчы і множыць у сабе ўсё чалавечнае, добрае, светлае, — двуадзіная задача гэта вызначыла і рэзкае раздзяленне вобразаў (супрацьстаўленне Задарожнага ўсім астатнім), і характэрны для Быкава стылёвы сплаў рэалізму з лірычнай апавядальнай стыхіяй».

Стар. 95. Аляксей Карпюк (1920–1992) — беларускі пісьменнік; сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР (1965–1970, 1978–1992); сябар Быкава ў гарадзенскі час яго жыцця.

Стар. 95. Мікеланджэла Буанароці (1475–1564) — італьянскі скульптар, мастак, архітэктар, паэт, мысляр; адзін з найвялікшых мастакоў эпохі Рэнесансу.

Стар. 97. «Здрада» — Аповесць Быкава (1960–1961). Стар. 97. А «Сотнікава»? — Аповесць Быкава (1969).

Стар. 97. Хемінгуэй Эрнэст (1899–1961) — амерыканскі празаік; лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі (1953), Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1954).

Стар. 97. Дый Горкага… — Горкі Максім (сапр. Пешкаў Аляксей; 1868–1936) — расійскі пісьменнік.

Стар. 98. Вядома, не камуністычны Мао Цзэдуна, а хутчэй старажытнага Канфуцыя. — Мао Цзэдун (1893–1976) — кітайскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, з 1943 г. старшыня Кампартыі Кітая; у 1954–1959 гг. старшыня КНР; правёў некалькі гучных кампаній, самыя вядомыя сярод якіх «Вялікі скачок» і «Культурная рэвалюцыя» (1966–1976), якія ўнеслі жыццё мільёнаў людзей. Канфуцый (Кун цу; каля 551–479 да н. э.) — старажытнакітайскі філосаф, заснавальнік філасофскай школы канфуцыянства.

Стар. 98. А калі з заходнікаў, дык хоць бы Германа Гесэ ці Эрнеста Фенелодза. — Гесэ Герман (1877–1962) — нямецкі пісьменнік; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1946); для творчасці Гесэ характэрны рысы рамантызму, апроч таго вялікі ўплыў на яго здзейсніла захапленне псіхааналізам. Эрнест Фенелодза — мабыць, маецца на ўвазе Эрнест Феналоза (1853–1908), амерыканскі філосаф, этнограф, педагог; першы заходні спецыяліст сусветнай велічыні па кітайскім і японскім мастацтве.

Стар. 98. Напрыклад, Чарнічэнку мучыць наша сельская гаспадарка. — Чарнічэнка Юрый Дзмітрыевіч (1929–2010) — расійскі пісьменнік, публіцыст, грамадскі і палітычны дзеяч.

Стар. 98. Казько Віктар (нар. у 1940) — беларускі пісьменнік.

Стар. 99. Дастаеўскі Фёдар (1821–1881) — рускі пісьменнік беларускага паходжання (продкі па лініі бацькі валодалі часткай мястэчка Дастоева ў Пінскім павеце), класік рускай літаратуры.

Стар. 101. …я назваў бы аўтараў так званага «магічнага рэалізму», хоць бы Маркеса. — Гарсія Маркес Габрыэль (1928–2014) — калумбійскі пісьменнік; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1982).

Стар. 101. Альберт Швейцар (1875–1965) — нямецкі і французскі тэолаг, філосаф, гуманіст, музыкант і ўрач; лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1952).

Стар. 101. Як ты на «Майстра і Маргарыту» глядзіш? — Раман Міхаіла Булгакава (1891–1940), расійскага пісьменніка ўкраінскага паходжання (нарадзіўся ў Кіеве).

Стар. 101. «Ціхі Дон» (кн. 1–2, 1928; кн. 3, 1929–1932; кн. 4, 1937–1940) — раман Міхаіла Шолахава (1905–1984), расійскага пісьменніка.

Стар. 101. Артэга-і-Гасэт Хасэ (1832–1955) — іспанскі філосаф і сацыёлаг.

Стар. 101. Напрыклад, маіх сяброў і выдатных маэстра слова Акуджаву, Еўтушэнку, з беларускіх — Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча… — Акуджава Булат (1924–1997) — расійскі паэт, бард, празаік. Еўтушэнка Яўген (нар. у 1933) — расійскі паэт і празаік беларускага паходжання (продкі па лініі маці паходзяць з в. Хамічы на Гомельшчыне). Барадулін Рыгор (1935–2014) — беларускі паэт, эсэіст, перакладчык; народны паэт Беларусі (1992). Бураўкін Генадзь (нар. у 1936) — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Гілевіч Ніл (нар. у 1931) — беларускі паэт, перакладчык, фалькларыст, літаратуразнавец, драматург, грамадскі дзеяч; народны паэт Беларусі (1991).

Стар. 102. …катэгарычны імператыў Канта… — Кант Імануіл (1724–1804) — нямецкі філосаф, пачынальнік нямецкай класічнай філасофіі.

Стар. 103. …у Маркса… — Маркс Карл (1818–1883) — нямецкі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, пісьменнік, грамадскі дзеяч; яго філасофскія і навуковыя працы сталі падмуркам камуністычнага і сацыялістычнага руху і ідэалогіі і атрымалі назву «марксізм».

Стар. 104. У шасцідзесятым было лягчэй, яшчэ ліпела адліга, друкавалі Салжаніцына. — Салжаніцын Аляксандр (1918–2008) — расійскі празаік, драматург, паэт; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1970). У 1974 г. быў дэпартаваны з СССР. У 1976–1994 гг. жыў у ЗША. У маі 1994 г. вярнуўся ў Расію. «Один день Ивана Денисовича» — пад такой назвай у 1962 г. была надрукавана А. Твардоўскім у часоп. «Новый мир» (№ 11) аповесць Салжаніцына «Щ-854 (Один день одного зэка)», санкцыю на публікацыю даў асабіста М. Хрушчоў. У 1963 г. у «Новом мире» (№ 1) былі надрукаваныя апавяданні Салжаніцына «Матрёнин двор» (аўтарская назва — «Не стоит село без праведника») і «Случай на станции Кочеткова» (аўтарская назва — «Случай на станции Кречетовка»), у № 7 — апавяданне «Для пользы дела». Аднак з прыходам да ўлады Л. Брэжнева (у 1964 г.) Салжаніцын згубіў усялякую магчымасць легальна друкавацца ў СССР.

Поделиться с друзьями: