ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Прарваўшыся ў галодную прастору прывіднасьці, грамадства займела апошні клопат (іншыя аўтаматычна адпалі) — апантана яе пашырыць. Аказалася, што гэта — такая фантастычная прастора, якая няздольная існаваць у стане спакою і, бы касьмічны пульсар, можа або пашырацца, або звужацца (вядома, найлепш пашырацца). Ды тут сталася нечаканка — яе апалагеты непапраўна спазьніліся: усе вольныя куткі там былі ўжо занятыя іншымі, болей увішнымі прыхільнікамі дзяліць і валодаць — імперыялістамі-рыначнікамі, чырвонымі ды карычневымі, фундаменталістамі розных адценьняў. Заставаўся апошні, нікім не заняты, бо здаўна лічыўся для таго непрыдатным — панславянскі. Менавіта гэты ня надта духмяны закутак мацней за хмель, за алкаголь ці ЛСД закруціў адну віртуальную галаву ў краіне і выклікаў апантаную прагу да дзеяньня ў форме стварэньня манілаўскіх структураў, фантастычных інтэграцый галечы з жабрацтвам, безьлічы пустапарожніх заяў, дамоў і дэкларацыяў. Вынікаў жа не было ніякіх. Карнавальна-мітусьлівая віртуальнасьць жорстка сутыкнулася з няўдзячнай рэальнасьцю і дагэтуль ня можа тую адолець. Рэальнасьць стаіць, бы скала, і шмат хто ў краіне пачынае думаць, што яна мацнейшая за самую хітравумную віртуальнасьць. Можа, яно і так. Усё ж, як ні кажы, хлеб — спрадвечная рэальнасьць, кроў людская — таксама. А за імі калі-небудзь стане рэальнасьцю наша шматпакутная незалежнасьць і воля, а ня толькі рэальная турма ды галеча.

Загляне сонца і ў наша ваконца! Калі шчыра таго жадаць, дык яно можа і зьдзейсьніцца. Вядома ж, паводле законаў рэальнасьці.

Новая цывілізацыя

У адной далёкай ад нас, хоць і ня надта разьвітай краіне ўзьніклі праблемы з бюджэтам. Не хапала грошай. Зрэшты, тое не было вялікай навіной, грошай не хапала і раней, і тады ўрад рабіў проста — падвышаў падаткі. Зрабілі так і гэтым разам: абклалі насельнікаў 40-адсоткавым падаткам. Трохі счакалі, падлічылі, але выявілася, што прыбытак зноў мізэрны. Тады ўрадоўцы ўвялі 60-адсоткавы падатак, але прыбытак замест таго, каб адпаведна павялічыцца, значна зьнізіўся. То было нешта дзіўнае, што супярэчыла нават правілам арыфметыкі. У эканамічна-фінансавых колах пачалося энергічнае абмеркаваньне феномену. Пасыпаліся прапановы — як ад прафесіяналаў, так і ад найболей актыўных з ліку сьвядомых працоўных. Некаторыя заяўлялі, што ўся справа ў слабасьці выканаўчай улады, што трэба ўдвая павялічыць паліцыю, стварыць адмысловыя фармаваньні, як сьлед настрапаліць сакрэтныя і фіскальныя службы. Так і зрабілі. У дадатак павялічылі колькасьць мытняў — на мяжы і ўнутры краіны, перавялі працу судоў і пракуратуры на кругласутачны рэжым, разагналі калегію адвакатаў, гэтых прафесійных абаронцаў злачыннасьці. I зноў без жаданага выніку. Бюджэт трашчэў, грошай рабілася ўсё меней, а выдаткі на ўсе пералічаныя меры толькі расьлі.

У час чарговага пасяджэньня ўраду новы старшыня высунуў абсалютна новы бюджэтны прынцып: калі дзе цяжка папоўніць, дык трэба скараціць. Адразу было зразумела, што скарачаць асігнаваньні на войска нельга, бо пад самы дзяржаўны плот лезла крыважэрнае НАТА — глядзі, ня сёньня, дык заўтра пачне бамбаваць нашы ўлюбёныя гарачыя ці халодныя кропкі. Пакідаць бяз грошай КГБ таксама нельга ва ўмовах, калі краіна кішыць шпіёнамі ды апазіцыянерамі. Паліцыю — тым болей, інакш хто тады тых шпіёнаў ды апазіцыянераў будзе цягаць у пастарункі? Калі ж скараціць выдаткі на пракурораў ды суддзяў, дык каму судзіць вышэйпамянёных? Вяртацца да нядаўняй практыкі троек ды несудовых расправаў было быццам бы рана. Кіраўнічы апарат скарачаць наогул бескарысна і нават шкодна — ягоны арганізм ад скарачэньня толькі павялічваецца. Культура, настаўніцтва і медыцына? Культуру тут жа на паседжаньні без усялякай шкоды для яе выкрасьлілі ўсім радком пасьля таго, як міністар сказаў, што культура пракорміць сама сябе — ансамбляў у яе хапае. Медыцыну вырашылі пакуль не чапаць — медыцына можа набыць важныя функцыі ў адказным дзяржаўным праекце. Заставалася вялізная армія пенсіянераў, якая з прычыны злачыннага недагляду ранейшага папулісцкага ўраду распладзілася ў аморфную, непад’ёмную для дзяржавы масу. У друку даўно ўжо паяўляліся тэарэтычныя артыкулы наконт таго, якая гэта шкодная і наскрозь буржуазная завядзёнка — плаціць тым, хто не працуе, што інстытут пенсіянераў — ня што іншае, як узаконеная эксплуатацыя адной класы другою, што, ня вырашыўшы праблемы пенсіяў, дзяржава не пабудуе разьвітага сацыялізму, а будзе век гібець у няразьвітым капіталізьме.

Урад засядаў тры дні і тры ночы і выпрацаваў комплексны дакумент пенсійнага забесьпячэньня. А менавіта:

— Выхад на пенсію дазваляўся па дасягненьні 100-гадовага ўзросту. (Для кіраўніча-адміністрацыйнага складу тая планка зьніжалася напалову — тым захоўваўся адрасны прынцып пенсійнага забесьпячэння).

— Памер пенсіяў устанаўліваўся ў 1,5 адсоткі ад сярэдняй зарплаты пенсіянера. (Нельга было дапусьціць, каб грамадзянін-пенсіянер карыстаўся большым наборам даброт, чым той, хто працуе).

— Захоўваўся ў недатыкальнасьці прынцып роўнасьці мужчынаў і жанчынаў, як таго заўжды і дамагаліся жаночыя і фемінісцкія арганізацыі.

— Бацькам, якія выхавалі двух і болей дзяцей, пенсіі адпаведна зьмяншаліся — для забесьпячэньня пенсіяў дзецям у будучым. (Тым самым умацоўвалася сувязь пакаленьняў і адказнасьць бацькоў за лёс дзяцей).

Гэтыя вельмі разумныя і ў пэўным дачыненьні прагрэсіўныя меры, аднак, датычылі больш-менш аддаленай будучыні, а вось што рабіць з «дзеючымі» пенсіянерамі — было незразумела. Тым больш, што, як чулі ўрадоўцы, адпаведна старажытпаму рымскаму праву закон, на жаль, зваротнае сілы ня мае. Пасьля доўгага і дэталёвага абмеркаваньня тае праблемы з удзелам СМІ, прафсаюзаў, кіраўніцтвам палітычных партыяў было вырашана для дзеючых пенсіянераў прымяніць радыкальныя меры заахвочваньня і дазволіць:

— піць сырую ваду вадаправодную і з калодзежаў у неабмежаванай колькасьці. Матывацыя: сырая вада — самая танная.

— харчавацца прадуктамі з радыёнуклідамі. Матывацыя: сьвядомаму грамадзяніну атам нястрашны.

— пры купаньні ў рэках і ў моры заплываць як заўгодна далёка за чырвоны буёк. Матывацыя: шырокае гарантаваньне грамадзянам іхніх правоў і свабодаў.

— на будоўлях колькі заўгодна доўга стаяць на краі неабгароджаных пляцовак і пад стралой грузавога крану. Матывацыя: выхаваньне ў грамадзянаў сьмеласьці і адвагі.

— пераходзіць вуліцу дзе заўгодна, у тым ліку і на чырвонае сьвятло сьветлафору. Матывацыя: без матывацыі.

Міністэрству аховы здароўя ўзмацніць кантроль за пагаршэньнем здароўя пенсіянераў асабліва з групаў рызыкі, якія стварыць на кожным прадпрыемстве. СМІ і незалежніцкім сацыялагічным інстытутам праводзіць рэгулярны маніторынг эфектыўнасьці дадзеных мераў сярод пенсіянераў.

Ужо праз некалькі дзён пасьля выхаду ў сьвет гэтай пастановы ўрадавыя СМІ паведамілі краіне аб велізарным уздыме, з якім сустрэлі пенсіянеры чарговы клопат ураду пра іхнія дабрабыт і здароўе. Газеты надрукавалі паведамленьні аб радасьці, якая ахапіла 80-гадовага грамадзяніна К., што нават памкнуўся заплыць за буёк. Праўда, не даплыў і да паловы адлегласьці, але ня ў тым справа, пісала газета. Справа ў прававой магчымасьці зьдзейсьніць тое, чаго ён раней зьдзейсьніць ня мог. Другі грамадзянін дзяліўся ўздымам, які ахапіў яго, калі ён удала перабег вуліцу па самым носам нахабнага «мэрса» і нават ня быў аштрафаваны даішнікам. Апазіцыйная газета пасьля спрабавала падаць той несумненны факт як фальшыўку, надрукаваўшы рэпліку, быццам той грамадзянін зусім не пенсіянер, а юнак-спартсмен. Але зноў жа тое зусім пе засланіла сутнасьці справы, якая, вядома ж, палягала ў новых магчымасьцях для пенсіянераў. Магчымасьці ж ды персьпектывы складваліся выдатныя. Самы незалежніцкі сацыялагічны інстытут правёў апытаньне нскалькіх тысячаў пенсіянераў і атрымаў гэткія вынікі. На пытаньне, ці падтрымліваеце вы ўсе пункты пастановы, 99,9 адсоткаў сказалі, што безумоўна падтрымліваюць. I толькі 0,01 адсотку ня мелі ўласнае думкі, але гэта тыя, што знаходзіліся ў рэанімацыі або былі прызнаныя нядзеяздольнымі паводле розуму. Прэзідэнт краіны ўзнагародзіў дзьве найболей актыўныя ў справе прапаганды пастановы газеты, а таксама сацыялагічны інстытут і нацыянальнае тэлебачаньне. У канцы кварталу мінфін з вялікім аптымізмам узяўся падводзіць вынікі эканоміі пенсійнага фонду і на некалькі дзён зьнямеў. Вынікі апынуліся нечаканыя — замест эканоміі выдаткі на пенсіі значна павялічыліся і перасягнулі адпаведны перыяд мінулага году. Каб неяк захаваць урадавы твар, было вырашана дапусьціць невялічкую руцінную папраўку — зьмяніць мінус на плюс, як гэта пярэдка рабілася ў мінулым. Але ў чым сапраўдная пры чына краху дзяржаўнага праекту — належала высьветліць. Для высьвятленьня ўрад зьвярнуўся да ўласнага КГБ. I праўда, той неўзабаве даказаў, што не дарма ёсьць хлеб, а ягоныя эканамісты ў штацкім разумеюць у эканоміцы болей, чым куча сьвежасьпечаных прафесараў з Акадэміі кіраваньня. У адмысловым і дужа сакрэтным данясеньні яны па пунктах пералічылі прычыны неэфектыўнасьці пастановы. Бо:

— сырая вада з вадаправоду, дачных калодзежаў, а таксама з прыдарожных канаваў не зрабіла ніякага шкоднага ўплыву на загартаваныя за даўгое жыцьцё арганізмы пенсіянераў, якія прывыклі піць такую ваду і без дазволу ўраду;

— атрутныя, з радыёнуклідамі прадукты харчаваньня дастаюцца пенсіянерам у гомеапатычных дозах, бо асноўная прадуктовая маса іх раскрадаецца пасярэднікамі і скіроўваецца на вываз у суседнія братнія рэгіёпы;

— за буйкі сёлета пенсіянеры не заплывалі, бо амаль нідзе не купаліся з прычыны сьцюдзёнага, дажджлівага лета;

— краны на будоўлях каторы год стаялі закансерваваныя, як і самі будоўлі — з прычыны адсутнасьці фінансаваньня;

— што ж датычыць вуліц, дык кіроўцы хуткасных іншамарак за ўсе папярэднія гады так вышкалілі айчынных пенсіянераў, што тыя, бы зайцы, з адмысловым спрытам навучыліся перабягаць вуліцы без аніякай шкоды для ўласнага здароўя. Наадварот, здароўе некаторых ад тае практыкі нават палепшала, і яны зьмянілі рутынныя ранішнія прабежкі ў парку на серыю прабежак упоперак прасьпекту, асабліва па той яго частцы, дзе езьдзіць прэзідэнт.

Урад на некалькі дзён упаў у прастрацыю — шырока разрэклямаваныя і ня меней шырока падтрыманыя народам меры аказаліся на справе мыльнай бурбалкай, якая да таго ж лопнула. З прычыны відавочнай неэфектыўнасьці радыкальных мераў было вырашана зьвярнуцца да мераў традыцыйных, прыпамятаўшы, што ня ўсё старое ёсьць кепскае. Тым болей, што ўсё новае — даўно забытае старое.

I тут прыпамяталі добрую, старую практыку ўзнагародаў. Варта было яе скарыстаць, хіба што змадэрнізаваўшы ў новых варунках, адкінуўшы яе заганныя метады, калі ўзнагароджвалася кіраўніцтва за адданасьць пэўнай ідэі ці сакратаркі — за прыгожыя сьцёгны і вочы. Вырашылі ўзнагароджваць толькі пенсіянераў і толькі за канкрэтныя справы, якія даюць пэўны грашовы прыбытак дзяржаве. То было адраснае стымуляваньне і пенсіянераў, і дзяржавы. Былі тэрмінова распрацаваныя дызайн высокіх ордэнаў, муаравых стужак да іх і правілы ўзнагароджваньня. Той з пенсіянераў, хто абавязваўся скараціць тэрмін уласнага пенсіянерства да 3 гадоў, узнагароджваўся самым высокім ордэнам — «Мусульманскай еднасьці», да 10 гадоў — «Юдэйскага кагалу». Усе ордэны, апроч таго, мелі па тры ступені — залатую, срэбную і бронзавую. Такім чынам забясьпечваўся дыферэнцыяваны падыход, што ў поліэтнічным, шматканфесійным грамадстве было вельмі важна. Акадэмія кампутарнай інфарматыкі падлічыла ўжо віртуальны прыбытак, які склаў астранамічную лічбу, і была адной з першых узнагароджаная самым галоўным ордэнам залатой ступені. На прадпрыемствах, калгасах і ва ўстановах былі праведзеныя сходы і мітынгі, на якіх пенсіянеры ва ўрачыста-сяброўскай абстаноўцы бралі на сябе адпаведныя абавязацельствы пад незабыўпым лозунгам «Добровольно, но обязательно» і бяз лішняй цяганіны, тут жа атрымлівалі высокія ўзнагароды. Некаторыя ўносілі ўласныя прапановы, вядома ж, на ўдасканаленьне пастановы. Так грамадзянін К., былы партызанскі камандзір, прапанаваў павялічыць тэрмін найбольшага скарачэньня з дзесяці да васямнаццаці гадоў, каб адразу атрымаць тры ордэны, як гэта практыкавалася на мінулай партызанскай вайне. Але тая яго прапанова не знайшла разуменьня — можа, таму, што ініцыятару споўнілася 99 гадоў і было падазрэньне ў жаданьні атрымаць узнагароды «на халяву». Але тое не было масавай зьявай — бальшыня пенсіянераў сьціпла брала абавязаньні, атрымлівала ўзнагароды і шпацыравала па вуліцах — па адным ці гаваркімі кампаніямі. Папулярнасьць узнагародаў была такая высокая, што некаторыя прышпільвалі на грудзі ўсё, што можна было прышпіліць, і з тым бадзяліся па вуліцах, не прамінаючы, аднак, крамкі, дзе імкнуліся без чаргі пралезьці да прылаўку і атрымаць каўбасы. Часам ля тых прылаўкаў узьнікалі эксцэсы, якія, аднак, пасьпяхова вырашаліся з дапамогай міліцыі, АМАПу, іншых сьпецсілфармаваньняў.

Яшчэ да выяўленьня фінансавага эфекту пастановы, які гэтым разам сапраўды чакаўся вельмі высокі, выкрылася яшчэ адна прыкрая загана — дэфіцыт каштоўных і каляровых металаў. Дызайнеры, што распрацоўвалі праекты ўзнагародаў, карыстаючыся бескантрольнасьцю кантрольных ворганаў, завысілі вагу ўзнагародаў, і краіна нечакана апынулася без залатога і срэбнага запасу, бяз цынку, сьвінцу, бронзы, медзі, малібдэну. I нават чыгуну стала не хапаць — гэтулькі пайшло на ўзнагароды. Попыт на іх, аднак, усё павялічваўся, усё новыя групы пенсіянераў бралі і бралі на сябе новыя абавязаньні. Адпаведна павялічваліся і выдаткі на пенсіі — і тое было незразумела. Сацыялагічныя інстытуты, якія цяпер сталі спрэс незалежніцкімі і рэгулярна фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэту, ня мелі на тое адказу. Не маглі на той раз нічога высьветліць і выпрабаваныя сьпецорганы, магчымасьці якіх з прычыны разарваных сувязяў з заходнімі калегамі значна звузіліся. Затое адказ неўзабаве далі пранырлівыя чаўночнікі, рух якіх за апошнія гады набыў фантастычныя памеры. Яны сьведчылі, што тымі ўзнагародамі забітыя ўсе базары суседніх краінаў, кампрадорскія дзялкі каторых скупляюць іх партыямі для патрэбаў уласнай высокатэхналагічнай вытворчасьці.

Поделиться с друзьями: