Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Не зважаючы на іхняе якатаньне, ён падаўся па суку далей ад даху, захінуўся за тоўсты шурпаты ствол. Але што рабіць далей, як ратавацца? Во ўлез, дык улез, паквапіўся на прэзідэнцтва, дурань… I яму нясьцерпна захацелася тады ў сваю дымную, сьмярдзючую ад торфу качагарку…
Аднак доўга сумаваць па качагарцы не давялося, — падобна, яго заўважылі, i першая чарга зьнізу прашыла кулямі лістоту дрэва. Малпы спуджана загаласілі, заверашчэлі на ўсе свае дзікунскія галасы i сыпанулі па гольлі на суседняе дрэва. Намагаючыся з ycix сваіх ня надта багатых сіл, Памазок таксама падаўся за малпамі. З сука на сук, з дрэва на дрэва. Аднаго разу ледзь не зваліўся, няспрытна ўхапіўшыся за крывы сук, але ўтрымаўся. Абы прэч ад тае прэзідэнцкае згубы, дзе яго хацелі забіць.
Але на яго няшчасьце, дрэвы гэтага парку скончыліся, далей разьлеглася пустая лугавіна, дзе звычайна гулялі ў гольф. Зьнізу ўсё стралялі, у лістоце шчоўкалі разрыўныя — гэткія, як у тую вайну пад Познаньню, дзе яго параніла дробным асколкам у зад. Цяпер пакуль што Бог сьцярог, куля не зачапіла. Але ж як ратавацца? Хіба што вышэй? I Памазок палез па суках угару, прадраўся амаль да вяршыні. Далей ужо не было куды. Мабыць, з долу яго ўжо было нялёгка згледзець, хоць адтуль усё стралялі — ці не па ўcix дрэвах. Дзесь прарэзьліва верашчэлі малпы, а ён прытуліўся да таўставатай крывулякі дрэва i ня дыхаў. Думаў: можа, пабягуць за малпамі, а яго ня ўбачаць?
Ды дзе там — згледзелі. Праз гольле бачна было, як два вайскоўцы, утаропіўшыся ў яго, ужо паднімалі ўгару свае аўтаматы. Адчуваючы, як яны вось-вось джагнуць чаргой, Памазок роспачна закрычаў, бы малпа на дрэве…
— Ну, якога д’ябла ўзьлез i крычыш? — пачуў ён на роднай мове. — Катлы халодныя, ці хочаш сістэму размарозіць? Чаго сядзіш там? Зусім здурнеў ці што?
Памазок недаўменна зацепаў вачыма — унізе ля топкі стаяў раззлаваны старшыня i мацюкаўся на качагара, які немаведама чаго сядзеў пад стольлю, учапіўшыся за трубы. У доле ляніва варушыліся-уставалі Юрка Дзядзенка i Ладуцька — церлі заспаныя вочы. Але як яны трапілі ў Памазонію, — таго Памазок ня ведаў.
Усё яшчэ нічога не разумеючы з таго, што адбывалася, Памазок асьцярожна зьлез з трубаў.
— Ці што засталося ў бутэльцы? — прамармытаў ён, ні да кога не зьвяртаючыся. I зразумеў, што марна: парожняя бутэлька валялася ў доле акурат каля старшынёвых ботаў.
Прыпавесьці
Вуціны статак
Нeвялічкі вуціны статак рыхтаваўся ў вырай.
На азёрах ужо ўсталявалася восень, стала сьцюдзёным паветра, дзьмулі напорыстыя паўночныя вятры. Колькі дзён запар зь няласкавага хмарнага неба чуліся разьвітальныя крыкі журавоў — тыя ўжо ляцелі туды, дзе грэла сонца, была цеплыня і шмат корму. Вуціны статак яшчэ там ня быў; вутачкі вывеліся апошняй вясной у тутэйшым возеры, за лета падрасьлі сярод трысьнягу ды асакі і дбалі толькі пра адно — як наесьціся. Сёлета з кормам стала кепска, ад няспынных дажджоў вада ў азёрах стаяла высокая, падтапіла берагі сенажацяў; буза, якую заўжды падабалі вуткі, апынулася глыбока пад вадой, даставаць зь яе корм было нязручна і цяжка. Ды й корму там чамусь усё менела, бо здатныя мясьціны пазамывала пяском з раскапаных экскаватарамі берагоў. Вуткі да восені пачуваліся слабымі, кепска расьлі і заўсёды былі галодныя.
Стары вуцяк ужо колькі дзён адчуваў пэўны трывожлівы неспакой — трэ было ляцець. Вадзяное птаства падпарадкоўвалася інстынкту, спрадвечнай птушынай волі, якая пэўнаю восеньскаю парой гнала птушак на поўдзень, дзе быў паратунак ад голаду й сьцюжы. Але гэты малады статак ня ведаў таго і, мусіць, мала што адчуваў. Змучаныя летнім недаяданьнем вуткі не пераставалі куляцца ў вадзе куцымі задкамі і шныпарыць па дне нястомнымі дзюбамі.
Неяк ураньні, як трохі пасьвятлела неба, нізка над хмарамі, лапочучы крыльлем, праляцеў вуціны шнурок, — гэта выправіўся ў вырай суседні статак з бліжняй затокі. Адчуўшы чарговы прыступ неспакою, вуцяк трохі прыўзьняўся ў вадзе і трывожліва заляскатаў крыльлем, даючы тым знак увагі свайму невялічкаму статку. Але ніводнай зь ягоных вуцятаў не было побач. Тады ён хуценька паплыў уздоўж трысьнягу гэтага даўжэзнага, на колькі вёрстаў возера і хутка ўбачыў усіх. Ягоныя вуткі зь нейкай неранейшай жвавасьцю куляліся ў мутнай вадзе, і вуцяк зразумеў: яны патрапілі на спажыву.
Тутэйшы бераг быў голы, без травы і кустоў. Наводдаль за гарбатым пагоркам высіліся два закапцелыя коміны, у неба зь якіх няспынна плыў дым. Увогуле тут было зацішна, пагорак затуляў невялічкую затоку ад сьцюдзёнага паўночнага ветру. Але неверагодна, каб тут выдалася кормнае месца, ды, мусіць, так. Інакш бы вуткі не мітусіліся з такой жвавасьцю, нібы ў апошні раз прагнучы наесьціся. Вуцяк таксама нырнуў паблізу, звыкла працерабіў дзюбкай па мяккім дне і адразу адчуў і сьцяміў, адкуль корм. У вадзе, схаваны пад крутым берагам, тырчэў канец бэтоннай трубы, зь якой штось плыло ў возера — мутнае, але прыемнае на смак. У той дзень вуткі добра напіхалі свае тугія вальлі, пад вечар ледзьве варушыліся на вадзе і заначавалі купкай у недалёкім рэдзенькім трысьнягу. Вуцяк, які таксама з поўным вальлём прыплыў туды апошні, стомлена задрамаў, закалыханы на дробных хвалях, маючы пэўны намер заўтра ляцець.
Але назаўтра, як толькі ў небе над возерам стала віднець, вуціны статак навыперадкі памкнуў з трысьнягу ў затоку. Вутачкі адразу пачалі апантана куляцца, ныраць — сілкавацца. Мусіць, перад адлётам нягожа было надта набіваць свае вальлі, але вуцяк ня мог перапыніць іхную прагнасьць. Ды і сам ахвотна падсілкоўваўся разам, думаючы: хай наядуцца, а ўжо затым ён іх падыме ў палёт. Мусіць, такой жа думкі была і старая вуціха-маці, якая напачатку падплыла да вуцяка, коратка крэкнула і адразу падалася да статку. Яна і падрослых вутачак не пакідала без нагляду, хоць порсткія дочкі ўжо ня надта і слухалі яе. Ня тое што некалі малыя…
Гэтаксама ва ўвішняй мітусьні прамінуў і другі дзень. Вуткі ўволю наеліся, і ледзьве прыплылі ўвечары ў зацішны трысьнёг. За імі прыплыў вуцяк, і ўвесь невялічкі статак супакоена зазыбаўся на ціхай вадзе.
Назаўтра ранкам вуцяк выплыў з трысьнягу першым і гучным ляскатам крылаў падаў знак сабрацца да яго бліжэй. Вуціны статак адразу ажывеў, абудзіўся, але да вуцяка падплылі толькі тры вутачкі, астатнія порстка пашыбавалі пад кормны абрыў. То ўжо было непаслушэнства, вуцяк гатовы быў моцна абурыцца. Але ня ўмеў як — вуціная мова была памяркоўная і скупая. Свой новы сыгнал крыламі ён адрасаваў да вуціхі, якая была таксама скіравала за вуткамі. Тая змушаная была вярнуцца, нешта пракрэкала, што на вуцінай мове магло значыць: дай вуткам паесьці! Вуцяк даў папасьвіцца, але да паўдня, ня болей. У паўдзён ён там жа, пад абрывам, крыламі і гукам даў зразумець статку, што трэба канчаць сілкавацца, пара ў вырай. Яны на возеры апынуліся ці не апошнія. Як бы не спазьніліся.
Яго, аднак, кепска слухаліся, некаторыя ўсё спрабавалі ныраць, нібы баючыся страціць апошнія, здатныя да таго хвіліны. І вуцяк сьцяміў, што марныя яго захады, тым болей што і вуціха неўзабаве далучылася да неслухаў. Адна толькі меншанькая вутачка Шарэчка гайдалася каля вуцяка-бацькі, здаецца, маўкліва падзяляючы ягоны клопат.
Вуткі яўна ня мелі ахвоты нікуды ляцець, ім няблага стала і тут.
Вуцяк ня ведаў, што зь імі рабіць, як растлумачыць, што то — небясьпечна. Калі яны спозьняцца, у паднябесьсі іх можа захапіць непагадзь, а то й сьнег, яны загінуць, не даляцеўшы да цёплага выраю. А то яшчэ ўдараць маразы, і возера замерзьне. Тады яны застануцца бяз корму і прападуць таксама. Свой клопат ён з абурэньнем, гучна крэкаючы і хлопаючы па вадзе крыльлем, давёў статку, як той урэшце наеўся, і вуткі перасталі ныраць. Ды яму ня надта паверылі. Сапраўды, дагэтуль жа было не сьцюдзёна, даволі зацішна ў гэтай прыхаванай за пагоркам затоцы. А галоўнае — нагрэтая за лета вазёрная вада здавалася цяплейшаю за паветра, зь яе не хацелася вылазіць. Ды вуцяк ведаў, што так будзе нядоўга, што возера ўрэшце замерзьне. А лёд — пагібель для вуцінага племя. Ды на ўсе ягоныя захады вуткі не адгукаліся, ня верачы яму. Вуціха-маці коратка і выразна павяла крылом — у адзін бок, затым у другі, што значыла: можа, замерзьне, а можа, і не. Затое тут корм.
Так, тут быў корм, які ўжо праклінаў вуцяк, бо той корм зьявіўся дужа не ўпару, — ня там і не тады, калі быў патрэбны. Цяпер тая нечаканая сытасьць пагражала згубіць вутак. Як і іхная згаладнелая сквапнасьць. Вуткі за некалькі дзён прыкметна пацяжэлі і з заўжды туга набітым вальлём выглядалі няўклюдамі. З такім вальлём вельмі проста было нават не ўзьляцець у паветра, а ня толькі адолець даўгі і турботны шлях у цёплыя краі. Але што мог вуцяк?
Ён мог бы ляцець адзін або з Шарэчкай, якая пакуль што слухалася яго. Але ён не хацеў кінуць астатніх, гэтых пражэрлівых, сквапных дурніц, якія не хацелі разумець, што іх чакае. Вуцяк так затрывожыўся, што сам перастаў ныраць у мутную ваду, адно кружыў у затоцы ды ляскаў па вадзе крыльлем, тым выказваючы свой клопат і гнеў. Ды, здаецца, на вуцяка ўжо перасталі зьвяртаць увагу.
Аднойчы ўранку ён згледзеў, як стравянелы пагорак зводдаль нібыта пакрыўся плесьняю — то браўся першы перадзімовы іней; у паветры надта марозіла. Але вада ў затоцы па-ранейшаму была цёплая, спрэс над ёю курэла лёгкая, празрыстая пара, у якой асабліва жвава пачуваліся вуткі. Вуцяк тады зрабіў ці не апошнюю спробу вывесьці іх на возера і ўзьняць на паветра. Але неўзабаве сьцяміў, што ніводная зь іх ужо не паднімецца — так усе ацяжэлі ад празьмернай сытасьці. І ўсё ня кідаюць ныраць — наядацца. Кожнага дня пад вечар туга набівалі абвіслыя вальлі. Корму ля трубы ня менела.