ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Нарэшце Хвастаты свайго дачакаўся.

Як толькі ў канторцы патухла сьвятло і сьціхлі цяжкія крокі Вусатага, ён выбраўся з нары. Шлях уздоўж плінтуса быў яму добра знаёмы, жалезныя дзьверы былі поруч. Яшчэ ў нары ён адчуў, што сёньня штосьці павінна здарыцца — штось доўгачаканае і радаснае. Так яно і атрымалася: жалезныя дзьверы былі не зачыненыя. Мабыць, сьпяшаючыся, Вусаты толькі прычыніў іх, пакінуўшы нешырокую шчыліну, у якую лёгка прашчаміўся Хвастаты.

У прасторнай секцыі складу стала і яшчэ болей прасторна, шмат якія скрынкі і штабялі адсюль вывезьлі. Хвастаты хутка праскочыў па вузкім праходзе ў дальні куток, дзе яго, аднак, чакала вялікае расчараваыьне — кардонных каробак на ранейшым месцы не аказалася. На іх месцы стаяў шэраг шкляных бутляў, ад якіх ішоў агідны ядавіты смурод. Хвастаты кінуўся сюды-туды па праходах, і ў адным месцы, бліжэй да выхаду, адчуў, як запахла знаёмым. Слабы пах сьвежага сыру ішоў аднекуль зьверху. У секцыі панаваў паўзмрок, слаба сьвяціла цьмяная лямпачка, што-кольвечы згледзець было нельга. Але Хвастаты быў разумны пацук і хутка зразумеў, што гэта пахла з вялізнай, пастаўленай на папа, мэталічнай бочкі. Але як узьлезьці туды? Па металу пацукі лезьці не маглі, ня мог лазіць па ім і Хвастаты. Але ён быў таксама пацук вынаходлівы і хутка сьцяміў, што залезьці можна па скрынках, якія бязладна грувасьціліся ля самай бочкі. Драўляныя гэтыя скрынкі былі пустыя, некаторыя паламаныя, і пацук хутка ўзьлез па іх на самы іх верх. Побач была бочка, і з яе ішоў яшчэ больш, чым унізе, павабны пах сыру. Ну ведама, вялікі кавалак сыру бялеў у змроку на канцы недаўгой дошчачкі, якая ляжала над бочкай. Другі яе канец апынуўся якраз пад пацучынымі лапамі. Дошчачка была здатнай шырыні, каб з яе не зваліцца, і Хвастаты ня надта таропка, але і не марудзячы, падаўся да сыру.

I тут здарылася штось незразумелае — дошчачка раптам перакулілася, і Хвастаты ўніз галавой паляцеў у бочку. Дошчачка адразу ж вярнулася ў ранейшы стан, забраўшы з сабою сыр.

Нейкі час Хвастаты быў у шоку — такога ён не чакаў. Заўжды ён умеў абмінаць самыя хітрыя пасткі, ніколі не дакранаўся да самых апетытных прыгадаў, засьцярогся ад хіміі мінулай восеньню. А тут так па-дурному папаўся, нібы самы апошні першагодак. Ён ужо зразумеў, што гэтую пастку збудаваў усё той жа Вусаты.

Дрыжучы ад страху і злосьці, Хвастаты нават не спрабаваў выбрацца з жалезнай пасткі. Пачуцьцё голаду, якое дапякала яму некалькі дзён, раптам прапала; замест яго зьявілася пачуцьцё гневу — ён гатовы быў грызьці жалезныя сьцены бочкі, калі б тое было магчыма. Ён ужо ведаў, што да раніцы адсюль ня выбрацца, а раніцай сюды прыйдзе Вусаты і панішчыць яго. Яго — самага дужага, самага сьмелага пацука па складзе. Зрэшты, яно і зразумела: у барацьбе за існаваньне ў пацучыным грамадстве першымі гінуць самыя вартыя і самыя годныя. У той жа час астатнія, дурныя і баязьлівыя, будуць жыць і сьмяяцца з яго. Але, мабыць, такая ўжо іх, пацучыная, прырода.

Хвастаты яшчэ не адышоў ад шоку, як наверсе пачуўся асьцярожны стук пацучыных лапак па дошчачцы, і тут жа ў бочку зваліўся новы пацук. Канец дошчачкі разам з сырам зноў задраўся ўгору. Новы пацук спалохана замітусіўся на дне бочкі. Хвастаты на тое ніяк не адрэагаваў, ён меркаваў, што рабіць? Адчуўшы прысутнасьць Хвастатага, малады пацук, дробна калоцячыся, сьцяўся насупроць пад сьцяной бочкі. Хвастаты яму ня стаў спачуваць, толькі падумаў: сам вінаваты, ня лезь, куды ня трэба. Ён нерухома сядзеў, марудна адыходзячы ад шоку.

Пацукі падалі ў бочку амаль праз роўныя прамежкі часу, — усіх моцна вабіў дужа смачны пах сыру. Пад раніцу ў бочцы іх аказалася восем штук, у тым ліку два буйныя самцы з восеньскага памёту пацукоў. Амаль у поўнай цемры ён нюхам пазнаў бы іх, бо ўжо ня раз з імі біўся і цяпер падумаў, што іхняя сустрэча дабром ня скончыцца. У падпольлі дагэтуль яны стараліся пазьбягаць адзін аднаго, але тут такая магчымасьць мінулася. Зараз тут прыйдзецца вырашыць, каму з іх жыць. Мабыць, аднак, разумным сябе лічыў не адзін Хвастаты, а і яшчэ некаторыя з тых, што трапілі ў гэтую пастку. Сьпярша ўсе яны нерухома сядзелі, павольна ачуньвалі ад шоку падзеньня. Затым у цемры раздаўся быццам бы беспрычынны прарэзьлівы піск, і пачалася бойка. Пачуцьцё жаху ахапіла пацукоў, хтось, не стрымаўшыся, першы кінуўся на суседа. Магчыма, гэта быў адзін з двух братоў, — ягоны кліч стаў сігналам да пачатку сьмяротнай схваткі ўсіх з усімі. Хвастаты ведаў і памятаў яшчэ з часу ўласнай маладосьці, што марудзіць у такіх выпадках не выпадае — тое можа каштаваць жыцьця. Перамагае самы рашучы і самы спрытны. Хвастаты ў адказ таксама прарэзьліва праверашчэў і накінуўся ў цемры на суседа, — можа, таго самага, што сьледам за ім трапіў у бочку. Ён даволі лёгка забіў яго, разарваўшы таму горла. Але тут і сам ледзьве пасьпеў выкруціцца з-пад нейчых вострых зубоў, перавярнуўся цераз галаву і ўпіўся зубамі ў чыйсьці цёплы і мяккі жывот. У цеснай бочцы ўтварыўся вірлівы клубок з целаў ахопленых жахам пацукоў, якія рвалі, грызьлі, тапталі адзін аднаго, — нападалі і абараняліся адначасна. У бочцы надта патыхала пацучынай крывёй, і ў яе паху зусім патануў нядаўна яшчэ жаданы пах сыру.

Гэта быў жорсткі і даўгі бой не на жыцьцё — на сьмерць, з якога да ранку ўцалела двое — Хвастаты і малады пацук восеньскага памёту. Усе астатнія, сьцякаточы крывёю, валяліся на дзве бочкі; некаторыя ўжо страцілі ўсе адзнакі жыцьця. Самец быў моцна паранены нейчымі зубамі, але, пачуўшы ўцалелага Хвастатага, намогся на слабы баявы кліч і аскаліў зубы. Зьнясілены ў бойцы Хвастаты, зрабіўшы спрытны кароткі выпад, без усялякага сігналу ўхапіў зубамі за ўжо скрываўленае горла і дабіў самца.

Крывавая бойка скончылася — у бочцы Хвастаты застаўся адзін. Адзінота гарантавала яму нейкую магчымасьць жыцьця — хоць бы да раніцы. Вядома, гэтага было мала, але інстынкт падказваў пацуку, што часам з самых малых магчымасьцяў складваецца даўгое жыцьцё. Асабліва калі мець волю змагацца за яго да канца і надта не сьцерагчыся прынцыпаў. Хвастаты са страхам чакаў ранку, калі прыйдзе Вусаты і прыкончыць яго ў бочцы. Гінуць ён па-ранейшаму не хацеў. Праўда, ягонае самалюбства падагравала ўсьведамленьне таго, што ўсё ж ён перамог усіх уласных суродзічаў. Што ж да чалавека, дык вядома, што яго перамагчы немагчыма.

I ён прыйшоў, той страшны Вусаты. Сьпярша загрукалі ягоныя боты каля канторкі, пасьля ўспыхнула электрычнае сьвятло, якое адразу разагнала паўзмрок у секцыі. Здаецца, Вусаты быў не адзін. Хвіліну Хвастаты слухаў, як яны там размаўлялі, пасьля прагучэў чыйсьці бесклапотны сьмех — здаецца, гэта быў малады грузчык Белабрысы. I вось ярка пыхнула лямпачка пад стольлю ў секцыі — у бочцы стала амаль відна. Хвастаты акінуў задаволеным позіркам нерухомыя целы сваіх ахвяр і нарыхтаваўся да сустрэчы з Вусатым. Калі той працягне руку, пацук адразу ўчэпіцца ў яе і загіне — як і належыць пацуку-пераможцу, пацуку-лідэру. Ён быў пацук ганарысты і не хацеў хавацца сярод трупаў іншых, што кучкай ляжалі на дне бочкі, не хацеў прыкідвацца мёртвым. Калі над бочкай паявіўся ненавісны твар Вусатага, ад якога дужа сьмярдзела цыгарэтамі «Мальбара», што штабялём ляжалі пад вакном секцыі, ён ашчэрыў зубы і пагрозьліва засіпеў. На болей гучны кліч у яго ўжо не хапіла сілы.

— Ну як там? — пачуўся голас здаля. Гэта пытаўся Белабрысы.

— Парадак! — задаволена адказаў Вусаты. — Твая праўда.

— Хто-небудзь застаўся?

— А вунь сядзіць Хвастаты…

— Во і добра. Выпускаем.

Бочка раптам нахілілася, Хвастатага ледзьве не заваліла мёртвымі целамі пацукоў, але ён адскочыў і апынуўся на самым краі бочкі. Зусім побач быў ненавісны твар Вусатага, але ён ня меў на сабе ні пагрозы, ні злосьці. Бочка нахілілася і яшчэ ніжэй.

— Ну, матай адсюль! — зусім незласьліва сказаў Вусаты.

Здаецца, той яго выпускаў. Хвастаты нарэшце сьцяміў гэта і хуценька нырнуў з бочкі пад скрынкі. Ягоныя адносіны да Вусатага разам зьмяніліся — ён перастаў ненавідзець чалавека. Аказваецца, той зусім ня кепскі — той добры. Той яго паратуе. Гэта ягоныя суродзічы-пацукі спрабавалі яго забіць, а чалавек яму дорыць жыцьцё. Які ж ён быў дасюль дурань, што ненавідзеў людзей!

З-пад скрынак ён удала перабраўся да сваёй нары і схаваўся ў яе выратоўчай цемры. Ён толькі пасьпеў пачуць, як ззаду ў чымсьці засумняваўся Вусаты, і Белабрысы яму адказаў:

— Нічога, усё будзе о’кей! Трэніроўку меў, што трэба. Праз месяц ніводнага не застанецца…

Затаіўшыся ў нары, Хвастаты марудна ачуньваў ад начных перажыванак і думаў, што цяпер яго галоўныя ворагі — яго ж суродзічы. Ён будзе іх бязьлітасна нішчыць ужо хоць бы таму, што ён самы дужы. А ў каго сіла, у таго і праўда. Хаця ніякая праўда яму не была патрэбная. Няхай праўду шукаюць слабакі. А над ім ёсьць Вусаты. Ён яго бог і праўда.

Вусаты ж, мабыць адчуўшы перамену ў настроі пацука, а можа з свае дабрыні, паклаў каля ягонай нары той самы кавалак духмянага сыру, які ноччу пацуку не дастаўся. Але Хвастаты на яго не рэагаваў — цяпер яго хваляваў толькі пах крыві.

Праз месяц на складзе сапраўды не засталося ніводнага пацука. Апроч Хвастатага, зразумела…

Аб’яднаньне

У старажытным замку з магутнымі, таўшчэзнымі сьценамі, змураванымі з гранітных камянёў, было шмат камераў, сярод якіх самыя вялікія былі Кутняя і Даўгая. Кутняя займала вугал будыніны, ля вежы; Даўгая была паверхам ніжэй і трохі ўбаку ад вежы. I там, і там сядзела па некалькі дзясяткаў вязьняў, збольшага, аднак, аднае нацыянальнасьці. Мусіць, таму, што туды саджалі мясцовых, тубыльцаў. Тое было ўвогуле зручна — і для вязьняў, і ддя наглядчыкаў. Асабліва калі ўлічыць, што большасьць сядзела за ўдзел у няўдалым паўстаньні, якое было жорстка здушанае рэжымам. Усе разумелі адзін аднаго.

У іншых жа камерах сядзелі розныя людзі — розных злачынстваў і нацыяў. Тым было значна горш — ні пагутарыць, ні паразумецца. Адно маўчалі дзень пры ночы.

Але, як вядома, чалавек уладкаваны гэткім чынам, што калі добра, дык хочацца, каб і яшчэ лепш. Тое, мабыць, зразумелі і вязьні абедзьвюх камераў, у якіх пачаўся спантанны рух за аб’яднаньне. Яно і сапраўды: навошта пасаджаных па адной справе трымаюць у розных месцах, калі можна сабраць у адным. Зручнасьці відавочныя — і для зьняволеных, і для начальства. I пагаманіць, агулам зразумець памылкі і хібы барацьбы, дамагчыся выкрыцьця здрайцаў. Зноў жа, калі ўсе разам, дык можа ўсіх не пакараюць сьмерцю, можа агулам дамогуцца волі?

Поделиться с друзьями: