ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Найперш сваю думку вязьні ўвялі ў вушы наглядчыкаў, затым у выглядзе скаргі напісалі адміністрацыі: што і меншыя будуць затраты на ахову, і на ацяпленьне зімой, і стане лацьвей наглядчыкам. Быў і яшчэ адзін момант таго аб’яднаньня, хоць і трохі рызыкоўны для вязьняў. Рэч у тым, што наглядчыкам у Кутняй камеры быў увогуле неблагі чалавек, нават сімпатычны з выгляду, прыгожы і ўсьмешысты, які ніколі нікога ня біў. Затое наглядчыкам Даўгой быў сапраўдны зьвяруга — і ў паводзінах, і ў паставе, трапіць пад яго ўладу было б жахліва. Праўда, у адносінах да вязьняў тыя іх якасьці ня надта выяўляліся — усім у турме кіравалі зацьверджаныя наверсе правілы турэмнага рэжыму, якія строга выконваліся. I ўсё ж вязьні дужа спадзяваліся, што аб’яднаюцца яны ў Кутнюю, так прынамсі хацелася. А дзе хаценьне, там і спадзяваньне.

Большасьць прыхільнікаў таго была ў абедзьвюх камерах, хоць і там і там знаходзіліся і песімісты. Ныцікі і недавяркі. Ныцікаў і недавяркаў, канешне, не любілі на волі, пагарджалі імі і ў турме.

Такім недавяркам у Кутняй быў стары авечы стрыгаль. На ўсе гарачыя захады энтузіястаў аб’яднаньня ён толькі скептычна чмыхаў і кідаў скупое «Усё ядна». Іншыя даказвалі, што Стрыгаль глыбока памыляецца, бо зусім відавочна, як гэта здорава сабрацца ў адно ўсім небаракам, згуртавацца, каб хоць раз памаліцца разам свайму Богу. Ці ж гэта добра, гібець разьяднанымі ў розных куткох, нават на розных паверхах, пад розным начальствам, адзін з якіх зьвер, а другі быццам і нічога. Ці справядліва тое? Стрыгаль, усё моўчкі выслухаўшы, нязьменна кідаў сваё: «Усё ядна» і спыняў размову.

У Даўгой скептык быў іншага складу — той вёў працяглую спрэчку, у тым сэнсе, што турэмнае начальства ніколі ня пойдзе на саступку вязьням, ніколі не дазволіць ніякага аб’яднаньня, бо аб’яднаньне яму нявыгаднае, а то і небясьпечнае, што трэба з тым прымірыцца, па-дурному ня траціць сілы. Можа так здарыцца — астатнія сілы перад канцом. Але чым болей ён гарачыўся ў спрэчках, тым зласьлівей насядалі на яго апаненты. Некаторыя ўжо пачалі называць яго здраднікам. Тым болей, што на волі ён быў паліцыянтам і меў прозьвішча Гусак.

Апантаным энтузіястам аб’яднаньня дзьвюх камераў быў Паляноўскі, высокі схуднелы вязень, што хварэў на сухоты. На волі ён шчыраваў партыйным функцыянерам, меў адмысловы прапагандны досьвед і дужа ўмеў гаварыць — агітаваць і пераконваць. Звычайна тое і рабіў да абеду, а пасьля абеду сядзеў, прыпёршыся да сьцяны — абдумваў новыя аргументы. Вязьні ўвогуле слухалі яго з цікавасьцю. Галоўнае з тае прычыны, што ён умеў бачыць надзею. Бальшыня з ім пагаджалася. Адзін толькі Стрыгаль дэманстратыўна маўчаў, і калі ў яго пыталіся, адказваў нроста: «Усё ядна. Сьмерць».

Людзі пацепвалі плячыма і адварочваліся — каму тут хацелася разважаць пра сьмерць? Асабліва, калі яна і напраўду стаіць у кожнага за плячыма. Але ж чалавек, пакуль жыве, схільны разважаць пра жывое. I спадзявацца.

А Стрыгаль толькі маліўся.

Тым часам на волі штось адбылося — новае паўстаньне, ці што? Неяк поччу ў замку пачуўся гоман, шмат галасоў і тупат шматлікіх ног — то прывялі вялікую партыю вязьняў. I тады, можа з тае прычыны, што спатрэбіліся вольныя камеры, ці з якой іншай, даўняя мара вязьняў была зьдзейсьненая: зьняволеных з дзьвюх камераў сагналі ў адну. Якраз у Кутнюю. Тут стала цесна і тлумна, але і радасна. Паляноўскі адразу наладзіў штось падобнае на мітынг, на якім дужа горача мовіў пра адзінства, сілу і згуртаванасьць. Вязьні з дзьвюх камераў аж выціралі сьлёзы радасьці, абдымаліся і цалаваліся. Нават ныцік Гусак прасьвятлеў з твару і абняў некалькі чалавек з Кутняй. Толькі Стрыгаль па-ранейшаму сядзеў у кутку самотны, і калі ў яго запыталіся, чаму ён ня радуецца, паныла махпуў рукой.

Мабыць, яго тады мала хто зразумеў, шмат хто падумаў: дурны стары. Усе бачылі несумненную выгоду нечаканага аб’яднаньня — ужо хоць бы тое, што пазбыліся зьвераватага наглядчыка і апынуліся ўсе разам. А гэты, наглядчык Кутняй, нават прыемна ўсьміхаўся і нікога ня выцяў за час пярэбараў. Ужо тое давала надзею.

Спалі ноччу ў цеснаце, покатам на бетоннай падлозе, але амаль шчасьлівыя. Нагаварыўшыся, наабдымаўшыся. I нават забыўшыся на песімістаў Стрыгаля і Гусака. Дый на наглядчыкаў таксама. Аднак тыя, мабыць, пе забыліся на іх. Яшчэ не разьвіднела, як цяжкія дзьверы-вароты камеры расчыніліся, і сонныя вязьні ўбачылі ў іх жаўнераў — шмат жаўнераў — і ўсьмешыстага наглядчыка, які з той самай лагоднай усьмешкай грымотна скамандаваў:

— Па адным — на выхад! Ліквідацыя…

Некалькі дзясяткаў вязьняў сьпярша зьбянтэжана маўчалі, бы не разумеючы, чаго ад іх дамагаюцца. Але хутка ўсё стала надта зразумела і жахліва, і яны па адным пачалі выходзіць у дзьверы.

Апошнім нясьпешна выйшаў Стрыгаль. Цяпер ужо ніхто не папракнуў яго, і той напасьледак злосна плюнуў на парог камеры Кутняй: пад ранак ён таксама паверыў, што ўсё неяк абыдзецца…

Абязбожаны люд

Народ дужа верыў у свайго Бога і спрадвеку маліўся яму. Нават калі жылося няблага, не было войнаў, голаду ды іншых пошасьцяў, людзі хадзілі ў цэрквы і шчыра маліліся. Цэрквы былі старыя, ня надта шыкоўныя, збудаваныя з каменю ці дрэва. Але заўжды ў іх тоўпіўся люд, гарэлі сьвечкі і чуліся пранікнёныя словы вернікаў. Асабліва ў нядобры час, у пару войнаў ды ўсялякай бяды і нягоды, якіх на гэтай зямлі хапала.

Але во насталі іншыя часы. Невядома адкуль насунулася паняверка, людзі засумняваліся і загаварылі пра тое, што Бог не ўсемагутны. Колькі было бяды і няшчасьця, а ці памог ён хоць каму-небудзь? Казалі, што не. Таму ці варта марна маліцца, шмат часу аддаваць Богу, царкве і сьвятарам, у якіх бязбожная ўлада згледзела ворагаў, ашуканцаў, а пасьля і шпіёнаў. У газетах былі выдрукаваныя адпаведныя факты і сьведчаньні, знойдзеныя падставы, паводле якіх сьвятароў належала зынішчыць, і тады, казалі, жыцьцё адразу палепшае. Так было і вырашана. Сьвятароў пасадзілі ў турмы, іншых саслалі ў сьцюдзёны край, а то і расстралялі. Царкоўнае майно, што назапашвалася цягам стагоддзяў, расьцягалі па ўстановах, прадалі за мяжу. Грошы, казалі, патрэбныя, каб галоднаму люду купіць хлеба. Купілі ж зброю і рыштунак для войска і паліцыі. Паліцыя была болей патрэбная ўладзе, чым згаладнелыя, нямоглыя людзі. З купалоў пакінутых цэркваў пазьдзіралі паржавелыя крыжы, паразьбівалі каляровыя вітражы і вокны. Дождж ды сьнег давяршылі непазьбежную справу заняпаду. Рэлігія сканала.

Ня стала ні сьвятароў, ні іерархаў, ні цэркваў. Зарослыя крапівой ды быльнягом руіны горбіліся ў паселішчах ля апусыделых гандлёвых плошчаў.

Але мінаў час, а жыць лепей ня стала. Людзі не хадзілі ў цэрквы, затое тоўпіліся ў шынках ды корчмах. Пілі, як ніколі. Ніхто, апроч сварлівых жонак, не забараняў таго, але хто слухае жонак? Улады ж самі падахвочвалі народ піць, бо мелі хранічную няўпраўку з бюджэтам. Распуста, гвалт і забойствы дасягнулі небывалых памераў, ад п’яных канфліктаў народ траціў ці ня больш, чым ад войнаў. Войны ж між тым выбухалі, як і раней — на жыцьці кожнага пакаленьня. Як толькі сыны ў бацькоў дасягалі дваццаці гадоў, дык распачыналася новая вайна. Ваяваць маладыя ішлі з вялікім імпэтам, а вярталіся з заўсёднай нягегласьцю. Не зважаючы на тое, перамагалі ці апыналіся пераможаныя. Перамога нікому не прыносіла выгодаў, а толькі новыя клопаты.

Тады праз нейкі працяглы час успомнілі пра Бога. Недзе наверсе ўлады вырашылі, што зрабілі памылку, выракшыся Бога. Народу патрэбны Бог — гэтаксама, як і хлеб і гарэлка, зразумелі кіраўнікі і дазволілі мець Бога.

У краіне пачалі аднаўляць Царкву, выладкоўваць яе складаную іерархію. Іерархаў набралі хутка, асабліва вышэйшых. Частка перайшла з расчараваных у палітыцы інтэлігентаў, частка рэкрутавалася са сьпецслужбаў. Кадры сьпецслужбаў наогул паважаліся ў краіне, бо не падманвалі ўладу ніколі. Якое заданьне атрымвалі, тое і выконвалі — хутка і бяз роздуму.

У гарадох і вёсках кінулі будаваць клубы ды сьвінарнікі — дружна ўсчалі мураваць храмы. То былі выдатныя будоўлі, на іх скарыстоўвалі замежную тэхніку і лепшыя матэрыялы. Праектаваньнем займаліся наваствораныя праектныя арганізацыі, найлепшыя мастакі расьпісвалі сьцены і купалы на эвангельскія тэмы. Купалы скрозь зьзялі сьвежым сусальным золатам. Званы адлівалі ў старых індустрыйных цэнтрах, а таксама на прадпрыемствах ВПК, гучалі яны, бы арганы. Мантаж рабілі з дапамогай магутных кранаў пераважна нямецкай вытворчасьці — хутка і бездакорна. План будаўніцтва храмаў выконваўся пасьпяхова.

Поделиться с друзьями: