Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
З тае хвіліны, як ён намацаў край каменя, часьцей стаў думаць пра яе. Яе мілы воблік паўставаў перад ім у куце, як ён калупаў, шкрэб, тузаў. Зьяўляўся ў кароткім сьне. I заўжды кепска — сумна і гаротна. Ніколі — весела, гульліва, як нярэдка было наяве, асабліва калі яны заставаліся ўдваіх на яе паддашку. За сьценамі шумеў дрэвамі вецер, у вокны пазіралі вузлаватыя сукі клёнаў, а ім так хораша было ўдваіх. Нават бяз словаў. З маўклівым клопатам адзін пра аднаго і аб іх агульнай і сьвятой справе.
Цяпер яму б толькі сказаць, што ён кахае яе і ён — ня здраднік. Ён — ахвяра, і няхай яна тое ведае. Каб усё папраўдзе. Каб яна ня думала пра яго інакш — інакш ён не заслугоўвае. Каб ён ведаў, як тое можа абярнуцца, ён быў бы тады інакшы. Быў бы ў сто разоў лепшы. Сьмялейшы. Разумнейшы. I кожны дзень, калі яны былі разам, гаварыў бы ёй, што кахае. Як нікога — ніколі. Калі б тое ведаў. Але ж ня ведаў і не сказаў. I яго дужа гняло несказанае слова.
I цяпер гэтая надзея…
Пакуль што, аднак, усё ішло няблага. Падобна, турэмшчыкі нічога не заўважылі і ні пра што не здагадваліся. З воглага заўсёды кутка дужа веяла сьцюжай, камяні сталі халодныя, нават мерзьлі рукі. Тое, аднак, дало падставу адчуць, што засталося няшмат. Некалькі апошніх камянёў, а там — воля. Аднойчы ўдзень, лежачы на сваіх трантах, ён пачуў галасы — гэта адтуль, з-за сьцяны. Гаварылі дзесьці паблізу ад ягонага кутка, словаў нельга было разабраць, але то былі людзі з волі. Значыць, воля была дужа блізка. Менавіта ў такі час ён стрываў немалую трывогу, што пачалася з ранку. За дзьвярыма ўсчаўся крык, здаецца, кагосьці там білі. Пасьля крык стаў глушэйшы, перайшоў у камэру, ці што? Ён сядзеў, слухаў і, сьцінаючы сэрца, чакаў. Думаў, што тое нейкім чынам можа тычыцца і яго. I праўда, неўзабаве ягоныя дзьверы шырока расчыніліся, уварвалася цэлая зграя турэмшчыкаў, з лаянкай выпхнулі яго ў калідор — пачалі шманаць. Перавярнулі ягоныя транты, абмацалі сьцены. Ён нібы абмёр ад кепскага прадчуваньня, здалося, што яны нешта ведаюць. Магчыма, ён аж пабялеў з твару і спалохаўся, што тое заўважаць. Быццам, аднак, не заўважылі — вымеліся, папярэдне піхнуўшы яго на скамячаныя растрэсеныя транты. Тую ноч ён не калупаў у куце, болей чакаў і слухаў. Нешта неспакойная выдалася ноч — ледзьве не да ранку хадзілі й бегалі за дзьвярыма турэмшчыкі, зноў чуліся крыкі, лаянка, грозныя каманды. Але пад ранак усё быццам пацішэла і зусім аціхла. Ён трохі задрамаў перад пабудкай.
Наступныя суткі былі спакайнейшыя, і ён, бы згаладнелы да ежы, улёг у сваю справу. Ён стараўся браць углыб, у самую тоўшчу сьцяны, не калупаючы яе ўшыркі. Калі б ухапіцца глыбей, ды яшчэ аберуч, каб ужо выдзерці, выкаціць вялікі камень, утварылася б нара-лёх. Каб толькі якая адтуліна. Ужо б ён прашчаміўся.
Што-колечы ён накалупаў, але стала невядома, куды падзяваць той каменны друз. Пакінуць у куце было нельга, тое б адразу заўважылі. Разы два ён высыпаў у парашу, якую выносілі зьняволеныя пад наглядам турэмшчыкаў. Але й тое было рызыкова. Хіба зьядаць? Пакуль што ён сыпаў друз у чаравікі, што стаялі збоч каля дзьвярэй. Быццам навідавоку, але змрок не даваў згледзець, што ў іх. Сам быў босы. Быццам у абутку яму было горача.
Ранкам аднаго дня, яшчэ да сьняданку, зірнуўшы ў свой кут, ён ледзьве ня страціў прытомнасьць: у змроку цьмяна сьвіцілася вузенькая кароткая шчылінка. Бы сьветлая стрэмка на глухой чарнаце сьцяны. Баючыся, што тое заўважаць наглядчыкі, ён кінуў туды сваю турэмную куртку, неяк захінуў сьветлую стрэмку. Турэмшчыкі, і праўда, не заўважылі, але ён падумаў, што годзе! Трэба як найхутчэй ірваць кіпці. Іначай усё прападзе.
Наступнаю ноччу ён дамогся новага посьпеху — так пашырыў шчыліну, што мог прасунуць у яе абедзьве рукі, неяк узяцца за бок каменя. Належала яго рваць на сябе, але ці вырвецца? Ці стане ў яго столькі сілы? Усё ж сілы, мабыць, было малавата. Тады ён пачаў варушыць камень — цягнуць і піхаць яго з боку ў бок, зьверху ўніз. Тое адабрала нямала часу, але дало большы вынік, — здаецца, ён перамагаў каменную пароду. Зь яго слабымі чалавечымі сіламі і яго магутнаю прагай волі.
Нарэшце ён выдзер гэты камень, хоць у самога паплылі ад натугі каляровыя кругі ўваччу, захлыналася дыханьне. У сьцяне быў вузкі і глыбокі лаз, зь якога патыхнула сьцюжай і змрокам бязьмесячнай ночы. Але, мусіць, у яго не засталося часу. Да ранку былі лічаныя хвіліны — ён адчуваў, што не пасьпее. I ў апошнія хвіліны можа здарыцца бяда.
Зь вялікаю асьцярогай ён ускаціў камень на ранейшае месца, доўга круціў яго, пакуль уладкаваў дакладана туды, дзе ён заўсёды ляжаў. Неяк затуліў трантамі шчыліны. Здаецца, і зблізку нічога не было відаць. Але калі ня ўчыняць шмон. Калі будзе шмон, усё прапала.
Той дзень ён пачуваўся бы на іголках. То сядзеў, то ўскокваў, хадзіў сюды-туды па апрыклай камэры. Наглядчык, што прынёс яму сёрбава, быў у воглым шынялі і змакрэлых ботах, значыцца, там, на волі, ішлі дажджы. Здаецца, настала восень. I яго ня выкрылі. Ужо гэта была ўдача — нечуваная, небывалая. Жахліва, калі ўсё сарвецца у апошні час. У апошнія хвіліны. Яму б толькі дачакацца начы…
Але настала і ноч. Турэмшчыкі паводзілі сябе, як заўжды: прынесьлі вячэру, зьмянілі парашу. Ні ў іхных паводзінах, ні ў позірках, здаецца, не было нічога, што выклікала б у яго трывогу. Ужо ён бы заўважыў. Ягоны позірк і слых сталі цяпер, бы напятыя струны, бы лазэрны прамень — ён заўважаў усё. Надта шмат цяпер залежала не ад яго — ад іншых. I ён настроіўся на іншых — на ягоных турэмшчыкаў. Што залежала ад яго, ён зрабіў усё. Нават болей, чым спадзяваўся.
Ён хваляваўся. Увечары ня здолеў зьесьці сваю пайку хлеба (ня лезла ў горла) і ня ведаў, куды яе схаваць. Нязьедзеная, яна магла выклікаць падазрэньне і выдаць яго. Сунуў у гамашы, да паловы засыпаныя друзам. А сам ужо прызвычаіўся босы. Як босаму будзе там, на волі, не хацелася думаць. Галоўнае, каб вырвацца на тую волю. Як добра ўцямнела і за сьцяной аціхлі ўсе шолахі-шумы, стаў на калені і перахрысьціўся. Канечне, ён быў ня надта рэлігійны, але ж… Мусіць, для надта вялікае мэты здатныя ўсе сродкі — і д’яблавы, і Богавы. Абы памаглі. Трохі адкаціў убок камень, згорбіўся, нагнуўся — галава пакуль што лезла. Дужа абдзёр вуха, садраў скуру на лобе, але прашчаміцца целам было трудней. Галоўнае, не пралазіла плячо і зь ім рука, як ён ні выкручваў яе ў гэтым каменным лёху. Тузаўся так і сяк, аж спалохаўся, што зусім зашчаміўся, бо ня мог ужо выдзерціся і назад. Але ўсё ж, неяк намогшыся, прашчаміў руку з галавой, мабыць, да крыві абдзёршыся пад кашуляй. Горш, аднак, што і далей ня стала лягчэй. Ён ужо адчуваў, што прасунуцца назад ці наперад у яго проста не стае сілы. Нейкі час ён ляжаў так, зашчэмлены ў камяніцы, і ня рухаўся. I тады выразна адчуў, што прападзе. Калі ня знойдзе ў сабе сілы на апошні рывок. Яго ахапіў спалох. Але спалох, мусіць, і надаў сілы, прымусіў ірвануцца. За штосьці ён учапіўся рукой наперадзе і трохі пасунуўся. Затым зноў напяўся і яшчэ пасунуўся. I яшчэ. I ўрэшце па грудзі выдзерся з каменага лёху, далей стала лягчэй. I ён апынуўся пад сьцяной знадворку, на мокрым, сьцюдзёным бруку з дробнаю траўкай між камянёў.
Вакол было цёмна, даволі сьцюдзёна, але зацішна. Нейкі час ён пластом ляжаў на бруку, аддыхваўся, ня ў стане падняцца, каб сесьці. Пасьля падняў галаву — у чорным небе высіўся шэры мур сьцяны, ад якой паўколам зачынаўся іншы, — мабыць, вежа гэтага старога збудаваньня. Сьцяна была ўзбоч, каля ягонага лёху, што чорнаю плямаю зеўраў нізка ля ног. Вакол была ноч і воля, да якой ён нарэшце дапяўся. Але чаму ж ад яго адхлынула радасьць?
Нешта ўпарта замінала той яго радасьці, можа, змрочная няпэўнасьць навакольля — што тое было? Вуліца, падворак, закінуты сквэр? Але нідзе не відаць было дрэваў. Хоць павінны ж былі яны расьці ля старога турэмнага муру. Замест дрэваў стромка ішла ўвысь чорная вежа, а за ёй мроіўся ў цемры шэры прасьцяг усё той жа сьцяны. З кепскім прадчуваньнем ён устаў на ногі, хістаючыся патэпаў уздоўж сьцяны, мацаючы яе зьбітай да крыві рукой. Пад яго босымі нагамі быў сьлізкі сьцюдзёны брук. Хутка ён упёрся ў куток; высокая, на два паверхі сьцяна паварочвала ў іншым кірунку. Ледзьве ня подбегам ён скіраваў ля яе, усё мацаючы рукамі яе шурпаты тынкаваны бок, думаючы натыкнуцца на браму, арку ці які выезд. Ды марна. Ён бег нядоўга і ледзь ня выцяўся аб выступ старой і няроўнай каменнай кладкі, за якой, аднак, бы чарнелася штосьці. То была шырокая і высокая ніша зь дзьвярыма-выездам з гэтай каменнай пасткі. I праўда, у нішы чарнеліся вялізныя, абкаваныя жалезнымі крывулякамі дзьверы, але ні каля іх, ні ўнізе не прасьвечвала ні шчыліны. Не было і клямкі. Ён ціха патузаў дзьверы, паштурхаў плячом — тыя нават не скрануліся ад яго слабой сілы. Тады ён кінуўся адсюль у другі бок, выцяўшыся аб штось у цемры, апынуўся на бруку. Моцна пабіў калена, ускочыў і зьнерухомеў у палахлівым зьдзіўленьні. Над ім у змрочнай шэрані неба высіўся знаёмы абрыс шыбеніцы, амаль над самай галавой невысока зьвісала вяроўка-пятля. Пад ёй быў збудаваны драўляны падмостак, на які ён і натыкнуўся ў змроку. Выйсьця адсюль не было.
Прыгаломшаны і зьнясілены, ён ціха апусьціўся долу. То быў поўны тупік; пастка за ім зачынілася. Надзея, што вяла яго гэтулькі часу, увачавідкі змарнела і раптам сканала. Ён яшчэ жыў, але толькі нейкаю часткаю свае істоты. Жыць у турме ня мела сэнсу, памерці таксама мела ня большы сэнс. Добра б не нарадзіцца зусім. Але, на жаль, тое ад яго не залежала…
Труба
Халера на яе, гэткую дарогу, — калдобіна на калдобіне, гразь да калена — і калі яе разьмясілі гэтак? Але, мабыць, быў час, — вялізныя «МАЗы», трактары ды трубавозы ў слату і дождж разьмесяць і не такую дарогу. Тым болей хілы калгасны прасёлак, шкада яго ім ці што? Яны сваё зробяць і зьедуць у іншае месца, а вы тут куляйцеся да зімы па гэтых калдобінах. А зрэшты, Валеру сёньня напляваць на дарогу, калдобіны і ўсё гэта гразкае поле, ужо як-небудзь ён пройдзе. Праўда, ужо два разы ён падаў, пасьлізнуўшыся. Крысьсе ягонага плашча ў гразі, ногі да каленяў — таксама. Але ён няблага выпіў сёньня ў раённай забягалаўцы «Рыца», Сямён Рудак раскашэліўся, ды і ўся ягоная выручка за^бутэлькі засталася там жа. Во на бохан хлеба ды на кіло абаранкаў толькі і сабраў, каб не вяртацца дадому з пустымі рукамі. Цяпер, хоць і пазнавата, ён прыйдзе дамоў з хлебам, ня трэба будзе заўтра з бабамі ў чарзе зябнуць каля сельскай крамы, чакаць хлебавозку. Усё ж Валера інтэлігент з вышэйшай адукацыяй, сельская эліта. А што яго жытло за шэсьць вёрст ад райцэнтру, дык ці ў тым вінаваты Валера? Ведама, некаторым пашэнціла болей, і тыя ўладкаваліся зручней, нават у самім мястэчку, у яго ж не атрымалася, і, па-сутнасьці, ён задаволены тым, што мае. А мае ён пасаду загадчыка клуба калісь перадавога калгаса «Шлях да камунізму», — сьціплая, праўда, пасада, ды лепшай для яго не знайшлося, дзякуй і за гэтую. «Во і тупай цяпер з мястэчка дадому сваім камуністычным шляхам», — спрабаваў іранізаваць з сябе Валера.
Як заўсёды пад градусам, ён пачуваўся даволі разумным і сьмелым, часам велікадушным у адносінах да сяброў ды і да сябе таксама. Уласныя хібы па п’янцы яго мала краналі, ён іх доўга ў памяці не трымаў. Вядома, з мястэчка можна было б ісьці і па балынаку, але па бальшаку было куды далей, а ён і без таго задоўжыўся ў раёне. Во і спрастаў дарогу на сваю галаву. Пайшоў напрасткі па будоўлі газаправоду, цераз поле і Сакольскі луг. Хто думаў, што тут так разьмесяць газавікі?
Мабыць, аднак, дарма ён не падумаў пра тое, не прадбачыў, які можа быць гэты шлях да камунізму. Калі не атрымалася ва ўсёй краіны, наўрад ці можна было чакаць удачы для асобна ўзятага грамадзяніна, простага сельскага культурніка. Цяпер во купайся ў гразі. Добра яшчэ, што ён нападдатку, а калі б быў цьвярозы, было б зусім самотна. Цьвярозыя заўжды надта памяркоўныя, асьцярожныя і нават баязьлівыя. Валера ж баякам сябе не лічыў — дык ці яму саступаць цяпер перад гэтым балотам? Падумаўшы так, ён ужо не выбіраў дарогі і жвава крочыў па лужынах, тым больш, што ягоныя гумовікі былі яшчэ амаль новыя. Хаця і ў новых ногі чамусьці рабіліся мокрыя.
Ён яшчэ не дабраўся да сярэдзіны шляху, як пачало цямнець, лужыны зьліваліся ў непралазную багну, удалечыні ўжо стала нічога не відаць. Каб не згубіць накірунак, ён часьцей пазіраў на земляныя хрыбціны ўздоўж трасы, ад якіх па полі расплывалася багністая хлюпкая гразь. Дзе-нідзе яны разрываліся нядоўгімі прамежкамі — гэта там, дзе траса была ўжо скончана, труба пакладзена і траншэя засыпаная. Але так было ня ўсюды. На некаторых участках толькі нядаўна ў траншэю паклалі трубы — шырокія, укручаныя ў паперу і бітум, дыяметрам амаль у рост чалавека. У рост падлетка напэўна. Нездарма вясковыя школьнікі, што вярталіся з заняткаў ці ўцякалі з урокаў, ладзілі ў трубах дзіцячыя забавы: і біліся, і курылі, і нюхалі розную дрэнь. За мястэчкам на мінулым тыдні знайшлі цела нейкага недалыгі, утопленага ў траншэі. Казалі, таксама падлеткі забілі. А можа, і няпраўда.