Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Не, дарма ён тады не набіў змаршчэлую морду гэтаму Зудзіловічу, пабаяўся падняць руку на камуніста. Сам на той час ужо камуністам ня быў, партбілет ужо адабралі на пасяджэпьні бюро райкама. Без партбілета ён доўгі час адчуваў сябе сіратой, асабліва калі ранейшыя яго сябрукі-таварышы, яны ж і сабутэльнікі, зьбіраліся ў клубе на партыйны сход і староньніх прасілі «аслабаніць памяшканьне». Ён і аслабаняў — часам у адзінай асобе староньні. Хто мог думаць тады, што гадоў праз дзесяць шмат хто з гэтых людзей пакідаюць свае партбілеты ці пахаваюць куды далей — на ўсякі выпадак.
Валера ж тады апынуўся безабаронны перад рэвізорамі, парторг ад яго адвярнуўся, робячы выгляд, што ня мае ніякіх адносінаў да фінансавых махінацыяў загадчыка клуба. I давялося Валеру паўгода сядзець без зарплаты. Добра яшчэ, што Валяпціне плацілі ў школе і яна карміла дзяцей. Валянціна ў любых абставінах умела захаваць непахісны гонар камуністкі, дарэчы, маючы з таго ўсё, што толькі можна было тады мець: і неблагую кватэру, і няпыльную працу ў школе, і пуцёўкі ў дамы адпачынку і нават у цэкоўскі санаторый у Ялце. Справядліва, аднак, зазначана, што за ўсё трэба плаціць, і Валяпціна старалася. На жаль, для Валеры гэтая плата аказалася празьмернай. Або непасільнай, не для ягонага розуму і здольнасьцяў. Але — кожнаму сваё.
Працуючы ў школе, малады Сарокін, як усе настаўнікі, называўся па імені і па бацьку — Валерыем Паўлавічам. А стаўшы загадчыкам клуба, неяк неўпрыкмет страціў бацькава імя і зрабіўся проста Валерам. Ішлі гады, расьлі дзеці, набіралася мажнасьці жонка, а загадчык клуба ўсё заставаўся Валерам. Валера і Валера — для равесьнікаў, для старэйшых і нават для маладых — нахабпаватых танцораў клубнай дыскатэкі. Зрэшты, Валера не крыўдаваў, ён ужо ведаў, што ня ў тым шчасьце. Для яго ў гэтым жыцьці шчасьцем-удачай было б ня ўліпнуць у якую гісторыю. Ды во ўліп!
Халера на яго — няўжо сапраўды яму адсюль не выкараскацца? Проста анекдот нейкі, а не здарэньне. Хаця — усё па п’янцы. А па п’янцы чаго толькі не здараецца. Валеру гэта добра знаёма…
Але знаёма на прыкладзе іншых, а як во прысьпічыла самому, дык ён аказаўся прафанам. Галоўнае — усё ня мог зразумець, у які канец выбірацца. Увесь час здавалася: то ў той, то ў іншы. Самы элементарны выбар — адзін варыянт з двух, і на той ён аказаўся няздольны. «Дык гэта ж адзін, паасобку ўзяты чалавек, а чаго ўжо чакаць ад грамадства з яго блытанай залежнасьцю прычын і наступстваў, — па-вучонаму думаў Валера. — Ды яшчэ такога бязладнага і дурнога грамадства, як наша. Мабыць, тут трэба здольнасьці генія. Але дзе яго ўзяць у грамадстве авантурыстаў? Нават Бог тут не памочнік, тут ён будзе няздатны. Відаць, такая ўжо мы самабытная нацыя. Што ні зробім, усё не ў лад. Усё па-дурному — і сабе, і іншым».
Дык што ж — зноў трэба крычаць? Таму што іншага не выпадае. Ды і замарыўся Валера ад гэтага дурнога тузаньня пад зямлёй, у цёмнай жалезнай пастцы. Упёршы падагнутыя ногі ў выгнуты бок трубы, ён пачаў крычаць штось невыразнае, самому незразумелае. Абы не маўчаць. Але так крычаць хутка яму надакучыла, захацелася хоць якога сэнсу ў гэтым выратоўчым крыку. I тады крык памалу набыў нейкія адзнакі маналогу. Маналогу крыўды ці скаргі — тое ўжо было Валеру ўсё роўна.
— Эй, там, наверсе! Мяне засыпалі! Замуравалі ў трубе. Чуеце? Я прападу тут, чуеце? Я ж чалавек, стварэньне божае. Губіце чалавека! Людзі вы ці не?
Напэўна, крычаў ён зусім разумна і пераканаўча, але адказу з паверхні, канешне, не атрымаў ніякага. I ён, сумна ўхмыльнуўшыся ў цемры, падумаў: «Марна стараешся! Так яны і кінуцца табе на дапамогу, прыгоняць бульдозеры, аўтаген, сьпецмашыны — пачнуць бурыць зробленае, раскопваць трасу. А калі ў іх няўпраўка з планам, зрываецца графік, сыплюцца штрафы-няўстойкі? Дык што ж ім — прыпыняць складана-сьвяшчэнны будаўнічы працэс? У іх — аграмаднасьць еўрапейскай задачы, магутнасьць транснацыянальнага канцэрна, які пампуе для Расеі валюту, неабходную для заняпалай эканомікі, змарнелага ВПК. Усім трэба даляры, даляры, даляры. Што ім нейкі дурны туземец, які трапіў у бяду па п’янцы — сельскі загадчык клуба Валера!»
Значыць, яму тут і гінуць?
Значыць, і гінуць, калі ён такі недалэнга, ня можа даць сабе рады сам ды па-дурному спадзяецца на іншых. Быццам не разумее, хто яны, гэтыя іншыя? Яшчэ пашанцуе, калі хутка пусьцяць свой газ, — хоць бы для пробы трубы, — і ён адразу адкіне капыты. А калі будуць марудзіць, цягнуць з выпрабаваньнямі, утрасаць цэны-тарыфы, — колькі яму тут канаць?
«Колькі наогул можа вытрымаць чалавек пад зямлёй без вады і харчу? Колькі ён можа ў космасе — тое мы ведаем, на тое вучаць і трэніруюць адмыслова выбраных герояў-касманаўтаў. А во пад зямлёй, у цеснай жалезнай трубе? I не шахнёр — загадчык калгаснага клуба, — таго, мусіць, ня ведае ніхто. Ды і на зямлі таксама ня ведаюць. Цэлыя народы стагоддзямі абыходзяцца бяз хлеба і волі і быццам пакуль ня ўмёрлі. Але дзе мяжа той іхняй жывучасьці? Няма ні ў кога адказу. Во чаму марксізм — наўрад ці навука. Кажуць, што калі б марксізм быў навукай, дык бы яго перш чым укараніць у масы, змадэлявалі б на камп’ютэрах ці праверылі б на мышах. А так адразу бяз доследу плюхнулі ў масы, ну і атрымаўся пшык», — сумна разважаў Валера.
Тое, што з гэтай ненавуковай прыдумкі добрага не атрымаецца, загадчык клуба Валера прадчуваў са студэнцкай пары. Было толькі дзіўна, што таго не разумелі іншыя — усе гэтыя высокавучоныя кандыдаты ды акадэмікі, дактары і партыйныя сакратары, якія ўсю дарогу толькі і ведалі, што разьвіваць ды абгрунтоўваць кожнае вар’яцтва, якое ішло зьверху. Зьнізу не дазвалялася нічога — усё зьверху. Але хто тыя, што былі наверсе? Хоць бы проста нармальныя людзі, а то ўсё вар’яты. Ці авантурысты. Ці шызафрэнікі або садысты. Яны і вызначалі жыцьцё народаў на адной шостай. Ды яшчэ ім мала было адной шостай — захацелася ўлезьці і на іншыя кантыненты, каб валадарыць і там. Бо што ж яны яшчэ маглі, апроч як валадарыць? А ў сябе даваладарыліся да таго, што не засталося ні хлеба, ні табакі. Адзіным сродкам асабістага фінансаваньня сталі пустыя бутэлькі. Не зьбярэш бутэлек — ня будзе за што купіць ні хлеба, ні курыва. Дзіўнавата, праўда, але бутэлькі знаходзіліся заўжды, нібы былі пасланыя Богам для паратунку. Колькі іх ні здавалі ў ларкі і крамы, заўжды зьяўляліся новыя. Быццам камяні ў полі. Як казалі старыя людзі, камяні вырасталі з зямлі; колькі іх ні зьбірай, менш на палях ня робіцца. Зямля рэгулярна нараджала новыя. Мабыць, так і бутэлькі.
— Гэй, людзі! Подлыя вашы душы, што ж вы робіце? Я ж ведаю, вы чуеце… Адкопвайце, а то я ўсё ўзарву! Усю вашу трасу! Увесь газаправод. Во ў мяне запалкі! — перайшоў да пагрозаў Валера. Так, яму здалося, было лепш зразумела для зьнямелых знарок ці папраўдзе газавікоў. Можа, хоць пагроза аварыі кране іх ачарсцьвелыя душы.
Але ўсё было марна.
Ад крыку запяршыла ў горле, ён закашляўся. Запалак, канешне, у яго не было, у свой час ён кінуў курыць. Гэта калі стаўся пажар у клубнай кінабудцы, згарэў выдатны савецкі фільм «Кавказская пленница» і ледзьве не згарэў увесь яго клуб. Калі па шчырасьці, дык загарэлася ў час выпіўкі ад чыйгось недакурка, але пра тое ніхто не дазнаўся. Прысланая з раёна камісія аказалася на вышыні: выпіўшы дзьве бутэлькі «Маскоўскай», падпісала акт, што прычынай нажару стала няспраўная электраправодка. Давялося мяняць увогуле не старую яшчэ праводку, супраць чаго загадчык клуба не запярэчыў, старшыня калгаса таксама. Але іх тайны грэх часам шкроб у Валеравай душы, асабліва калі з пахмелкі. Грахі з пахмелкі наогул мелі ўласьцівасьць абвастрацца, часам разрастаючыся да вялікіх памераў. I тады трэба было паправіць хваравітае сумленьне — зноў бегчы па бутэльку. Што, увогуле, было зразумела…
Калі засмактала пад грудзьмі, Валера ўспомніў сваю кінутую дзесь сумку. Можа, варта было пашукаць яе ды падмацавацца. Усё ж там хлеб, а колькі яму тут праседзець, хто ведае.
Таропка мацаючы па дне трубы заскарузлымі ад гразі гумовікамі, ён пралез сотню метраў і сапраўды наткнуўся на сумку. Ад скамячанай падмоклай буханкі адламаў ладны кавалак і хутка зжаваў яго. Розумам яго Бог, можа, надзяліў і ня надта (усё за несумніўныя ягоныя грахі), але на апетыт не пакрыўдзіў, і Валера нават падумаў: во каб яшчэ і бутэльку! Або хоць бы чацьвярцінку, можа б, і ня гэтак самотна было, можа б, і суцешыў загадчык клуба свой недарэчны канец. Але пра чацьвярцінку пакуль не было чаго і марыць. Як і пра шмат што іншае, не ў пару і беззваротна для яго страчанае. «Цікава, якое там сёньня надвор’е? — ня ў лад са сваім горкім настроем падумаў Валера. — Выглянула сонца ці ўсё яшчэ ідзе дождж? Калі дождж — зусім залье пляцоўку перад уваходам у клуб, будзе не пралезьці да ганка». За лета ён так і не сабраўся падвезьці самазвал гравію, засыпаць лужыну, каб, ідучы ў клуб, ня трэба было надзяваць боты. «Разгільдзяй, а не загадчык», — пакаянна разважаў пра сябе Валера.
Паўбохана неўчарсцьвелага яшчэ хлеба ён усё ж зьеў і без чацьвярцінкі, мог бы зьесьці і болей, але спыніўся. Ежу, мабыць, належала эканоміць, адсюль у краму ня зьбегаеш нават з сумкай бутэлек. Абаранкі пакуль што пакінуў, калі што — дзецям…
Калі што… А калі нічога? Хутчэй за ўсё акурат нічога. Бо што ж яшчэ ён мог тут прадпрыняць? Хіба зноў крычаць? I ён зноў закрычаў, прыкметна, аднак, паглушэлым голасам:
— Э-э-эй! Вы там — будаўнікі газаправоду! Капіталізму ці сацыялізму — хто вас разьбярэ. Вы чуеце? Я не жартую! Я сапраўды тут гіну!..