ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Усе гэтыя расповеды цікавыя, думаў карэспандэнт, але абсалютна непрахадныя, што толку было іх запісваць. I каб скіраваць Яўгена ў патрэбнае рэчышча, ён зважліва папытаўся:

— Але ж вы пайшлі добраахвотна?

— Я — дабравольна, — з прыхаваным гонарам адказаў Яўген і ўсьміхнуўся. — Дабравольна, але абязацельна. Як на заём! А як жа. Хоць і малады быў, сямнаццаць гадоў меў, але мусіў. Бо Ягор куды пойдзе — счытай, сьляпы. А да яго вясной з лесу — ідзі ды ідзі, немцы усё роўна стрэльнуць, бо скампраметаваны. Ці нават зьвязаны з немцамі, — што таксама расстрэл, толькі з другога боку. Ужо ад сваіх.

— А ён што — сапраўды быў зьвязаны?

— Гэ! Так лічылася. Усе мы былі зьвязаныя, бо пад немцамі жылі, не пад саветамі ж. Саветы ж нас кінулі, куды нам было падацца? Дык гэта камендант, доктар, як яго… Зноў забыўся…

— Ну, Мільх, малочнік, — падказаў карэспандэнт.

— Ага, малочнік, тоўсты такі, усё па мястэчку хадзіў з ад’ютантам — высокім, бы жардзіна, у акулярах і з рудой аўчаркай на повадзе. Баяліся яго, ага. Праўда, тады яшчэ нікога не застрэліў, толькі яўрэяў некуды вывезьлі. Куды? Тады ж ніхто ня ведаў, казалі, у гета, у горад. Пабралі з сабой цёплыя апраткі, грошы, прадукты, думалі: значыць, недзе жывуць. Пасьля аказалася — пастралялі.

— А вы можаце сказаць, дзе пастралялі?

— А хто ж іх ведае. Можа, у раёне, можа, у Менску. Ці па часьцях. Каб следу не засталося. Але гэта пасьля ўжо, як сьнег лёг. А сьпярша ціха было. Дык гэтая Марыля пасьля адной пачосткі ад брата пабегла ў мястэчка і — да каменданта: дай рады, пан немец, муж з парцізанамі зьвязаўся, у лес да іх бегае. Во дурная баба! Трэба ж было так на мужыка плявузгаць. Дай яшчэ сігарэціну, калі ёсьць, — зьвярнуўся ён да карэспандэнта.

— Ёсьць, калі ласка, — пасьпешліва працягнуў той пачак «Мальбара», з якога Яўген каравымі пальцамі вылузнуў адну, заклаў за вуха.

— Я дык больш «Прыму» абажаю. А гэтыя «мальбары»… у тэлевізары глядзеў неяк, пачалося здорава — коні, дзецюкі такія зубатыя, ну, думаю, пра бандытаў будзе, цікава. Аж толькі рэклама…

— Табе лепш махру курыць, — азваўся з акна Сяргей. Там ён застаўся адзін, Сьветка з жаніхом ужо зьніклі. За вуглом прарыпела драбіна на паддашша, і ў хаце зрабілася ціха.

— А што — махра неблагое курыва. У вайну яшчэ як курылі. Нават немцы ўпадабалі. Лепей за гэтыя «мальбары».

— Дык Марыля паскардзілася каменданту, — нецярпліва напомніў карэспандэнт, з прыкрасьцю адчуваючы, як марудна рухаецца яго інтэрв’ю.

— Паскардзілася, ага. Думала са злосьці, што ўдавой будзе. Некаторыя ж жанкі толькі і мараць, каб удавой стаць. Сьпярша замуж выйсьці, пасьля пенсіі дачакацца, а затым удавой стаць. Так і Марыля.

— А што камендант?

— А камендант гэны, доктар… Ага, Мільх кажа: яволь. I падае каманду ад’ютанту, той — іншым. I во ўжо падкатвае брычка і конных некалькі і — у дзярэўню. I да Ягора. Той якраз бульбу на гародзе выбіраў, дык яго, не памыўшы рукі, — ком! А затым да старасты нашага — быў такі гаваркі актывісьцік у калгасе, дык яго старастам паставілі, каб народ да канторы сабраў. Ну чалавек дваццаць сабралася, і я там быў. Чую, мужыкі кажуць, што Ягора будуць вешаць за сувязь з парцізанамі. Якімі парцізанамі — ніхто ня ведае. Але прывялі Ягора, і Марыля тут, гэтая аж цьвіце — яе перамога. Можа, трохі і баялася, але не відно. Прыцягнулі з канторы лаву, на лаву ўзьлез камендант. Народ стаіць кучкай, чакае. I во камендант пачаў гаварыць, а перакладчык, нядаўні наш вучань, праўда, трохі старэйшы за мяне, Юрка Паўшонак перакладае. I што ж атрымліваецца? Атрымліваецца, што Марыля зрабіла наўмысны паклёп на мужа з намерам увесьці ў зман нямецкія ўлады, бо парцізан у раёне няма, не было і ніколі ня будзе. А таму за паклёп ёй належыць трыццаць Розгаў, якія сй даць тут жа.

Ну, мужыкі ўздыхнулі, — значыць, Ягора вешаць ня будуць. А бабу варта павучыць, хай гэтак не жартуе. Два паліцаі хапаюць Марылю ды на лаву. Тая крычыць, выкручваецца, ды паліцаі, здаровыя мужыкі — адзін з акружэнцаў, камандзір нейкі, а другі міліцыянер наш раённы, немцы сьпярша такіх бралі. Нават начальнік НКВД стаў нейкім паліцэйскім чынам у Полацку. Пасьля яго парцізаны застрэлілі.

Карэспандэнт уважліва слухаў, хаця нічога не запісваў, мусіць, не было чаго, і ён усё чакаў. У акне, пасьміхаючыся, сядзеў Сяргей. Гэты Яўгенаў расповед хлопец слухаў не ўпершыню і цяпер толькі курыў і таксама маўчаў. Да Яўгена падбегла яго рыжанькая вяртлявая сучачка, але, адчуўшы побач незнаёмага чалавека, адбеглася на вуліцу. З вуліцы да гародчыка падышлі двое малых, стаялі, зважліва пазіраючы цераз кветнік.

— Павалілі бабу на лаву, задралі спадніцу і дзержаць. А трэці ў нямецкай форме розгаю ёй па задзе. Тая галосіць, бы на хаўтурах, а гэты хлешча. Камендант лічыць — айн, цвай… Мы ўсе гледзімо — цікава. Трохі шкада, але і варта гэтай Марылі, будзе навука. Ягор таксама тут жа стаіць зьбялелы, гэтаму не да цікаўнасьці, мусіць. Тым болей, што бабы ўжо пачалі воўкам пазіраць на яго — ведама ж, бабам болей бабу шкада. Адсьцябалі яе, паднялі за рукі — каціся прэч, вэк, значыць. Народ уздыхнуў, але расхадзіцца не далі. Новы прысуд. Камендант аб’яўляе, што і Ягору таксама належыць уляпіць. За тое, што кепска выхоўвае жонку — дваццаць розгаў. Ягор стаіць нерухома, бы не разумее, мы таксама мала што разумеем. Тады паліцаі яго за рукі, як нядаўна жонку, — лажыся. Той няспрытна так лезе на лаву. Э, не, браце, — скідывай порткі. Расьпяразваецца, бы ў непрытомнасьці кладзецца, паліцаі яму порткі да калень ссоўваюць, каб зручней было, і ўсё той жа немец пачынае хвастаць. Добра даў, ня горш чым Марылі.

Народу аж шкада стала — завошта? Але немец ведаў, завошта: не распускай жонку, бо наробіць клопату.

— Гэта… Я хачу запытаць, — перапыняе Яўгена карэспандэнт. — А як прозьвішча вашага брата?

— А навошта ягонае прозьвішча? У газету? Ня трэба ў газету. Прозьвішча яго на камені пад Варшавай, там не сатрэцца. Ага… А каменданта ўвесну парцізаны падстрэлілі. Выйшаў уранку да туалета, ну там зарадку пачаў рабіць, як паложана, а з ляска Коля, малодшы Варончын хлопец, яму з вінтоўкі — прама ў скрошо. Во снайпер, халера. У блакаду ля Сухадольля забілі.

— А помнік? — запытаўся з акна Сяргей.

— Які табе помнік! — незадаволена азваўся Яўген, прыкурваючы «Мальбара». — Гэта на захадзе помнікі, кожнаму асобны. А ў нас хто тады помнікі ставіў? Адзін на ўсіх. Пасьля вайны паставілі бетоннага пастуха ў накідцы — вунь і цяпер ля сельсавета стаіць. Ну і словы — вечная памяць і так далей.

Карэспандэнт зноў разгарнуў блакнот.

— Але ж мые непанятна — Ягор гэты ваш, мяркуючы па ўсім, чалавек блізарукі, у партызаны не ўзялі, а ў войска?

— А ў войска ўзялі. Ды ён і ў парцізанах быў. Як я пайшоў, ну і да яго прыляпіліся — ідзі ў лес, бо ўжо скампраметаваны — ня немцы, дык нашы застрэляць. Як прыйшла брыгада Селязьнёва, дык жонка і туды зьбегала, на яго накапала. Ну асабісты і ўзялі. Думалі, застрэляць, не — паставілі ў строй. У атрадзе кулямётчыкам быў.

— Блізарукі — кулямётчыкам?

— Кулямётчыкам. Праўда, ня тым, што страляе, а тым, што станок на горбе носіць.

— Панятна, другім нумарам, значыць.

Карэспапдэнт зноў нешта пазначыў у сваім блакноце і змоўк, бьтццам задумаўся. У той час у акне паявіліся ўжо адсутныя да таго Сьветка і яе жаніх Вакулёнак. Сьветка гукнула да Сяргея:

— Пасунься. I дай прыкурыць.

Сяргей толькі павярнуў галаву.

— Хай табе той дасьць, каму ты давала.

— Ахламон! — кінула Сьветка і зьнікла з акна.

— Во якія яны, цяперашнія, — сказаў Яўген. — Усё Марыліна племя…

Карэспандэнт аж прыўстаў з лаўкі, каб зірнуць у хату, дзе схавалася Сьветка. Але яе там не было відаць, толькі аднекуль здаля, можа, з сенцаў, пачуўся яе бесклапотны пявучы голас:

— А што такога? Падумаеш…

— Немца на вас няма, — сказаў Яўген. — Ён бы вам паказаў, што такога…

Поделиться с друзьями: