Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
На луг Валера выбраўся, калі ўжо сьцямнела, амаль зьнясілеўшы ў гэтай бясконцай барацьбе з дарогай. I нават нібы пачаў цьверазець. Цяпер ён ужо выразна адчуваў, што лепш было заначаваць у мястэчку. Але ў каго заначуеш? У Сенькі Рудака было б здатна ва ўсіх адносінах — нязлы чалавек і хата новая. Але ў Сямёна — злосная жонка, якая ненавідзела ўсіх мужыкоў-выпівох. У Камянецкага жонка быццам бы і нашто, не крыклівая кабета, але ў кватэры няма дзе павярнуцца: трое дзяцей, невядома дзе самі сьпяць. У міліцэйскага землячка Пуставога Валера і сам не застаўся б, калі б той і прапанаваў заначаваць. Такіх, як Пуставой, належала абмінаць за сто вёрст. Запросіць, а пасьля яшчэ здасьць у працьвярэзьнік — казалі, такое ўжо рабіў. Не, у мястэчку ён не застаўся правільна, але во пайшоў не па той дарозе. Але ўся краіна хіба ідзе правільна? Тое меркаваньне трохі суцешыла Валеру: ён падумаў, што як у кроплі вады адбіваецца акіян, так і ў яго дурным выбары адбілася палітыка. Палітыка ягонай краіны — дужа было падобна да таго. Дык чаго ж тут дзівіцца?
Вось толькі надвор’е…
Надвор’е сапраўды рабілася ўсё болей сабачым. Мала таго, што рана пачало зьмяркацца, дык яшчэ і паімжэў дожджык, які ўсё мацнеў, гусьцеў і ўрэшце проста паліў. Усчаўся сьцюдзёны вецер. Нават у плашчы Валера хутка адчуў, што прамакае. На гэткай дарозе нядоўга было схапіць прастуду, грып ці яшчэ якую трасцу. Як ягоны сябра ветэрынар Круглякоў. Прамок на рыбалцы — пад ранак выпаў сняжок з марозам — і ўхапіў ветэрынар сухоты. Праз год пахавалі — не памаглі ні дактары, ні чарнаморскія курорты. Хаця Круглякоў і без таго быў хліпкага здароўя, — ня піў, не курыў. Валера ж пакуль на здароўе не наракаў. Аднак ён разумеў, што ўсё да часу, можа знайсьціся і на яго халера. Асабліва калі ня піць гарэлку. А якраз з гарэлкай цяпер рабілася ўсё горш — бракавала фінансаў. Грошы ў калгасе плацілі не рэгулярна, затрымлівалі на паўгода, часам не было за што купіць хлеба, ня толькі гарэлкі. Во і цяпер, добра што ён здаў сабраныя пасьля дыскатэкі ля клуба пустыя бутэлькі, а то б… А то б не было завошта і выпіць. Сёньня, аднак, выпіў, прасьвятліў душу. Цяпер толькі б дабрысьці дахаты. Звычайна ў якім бы стане ні быў, ён заўжды стараўся даклыпаць дамоў, дзе чакалі яго два хлопцы-падлеткі ды ня вельмі ласкавая жонка, настаўніца Валянціна Іванаўна. Ня вельмі ласкавая, але свая. А што калі крытыкуе, дык такой бяды, — мусіць, на тое яна і жонка, каб крытыкаваць. Асабліва цяпер, калі партыі не да крытыкі, а іншых крытыкаў не засталося. Аддзел раённай культуры? Там адны бабы, а начальнік Кобзеў Сямён Пятровіч сам ахвочы паддаць, асабліва калі на халяву. Таму хаця для краіны настаў трудны час, для выпівохаў у некаторых адносінах — самы раз. Было б за што.
Дождж уначы яшчэ памацнеў, і Валера падумаў, што гэта ўжо занадта; трэба было б недзе схавацца. Але дзе схаваешся ў полі? Праўда, ён памятаў, што наперадзе каля луга быў пагорак, да якога з двух канцоў вялі газатрасу. Там павінен застацца яшчэ ня звараны стык. Было зусім ужо цёмна, калі Валера дабрыў да пагорка і ўзьлез на рыхлую земляную гару. Як ён і меркаваў, стык яшчэ не зварылі, канец адной трубы ляжаў у траншэі, а задраны канец другой трымаўся на перакладзіне — бервяне, пакладзеным цераз траншэю. Не выпускаючы з рукі сумку, Валера адважна прабраўся па бервяне да трубы, ухапіўся за яе шурпатыя берагі і ўскараскаўся ў нутро. Тут было суха, зацішна, толькі надта сьмярдзела бітумам; ды смуроду Валера ня надта баяўся. Галоўнае — не ліло за каўнер. Сьпярша на чатырох, а пасьля трохі прыўстаўшы, ён прабраўся ў гулкую глыб трубы і паваліўся задам на яе бакавіну. «Адпачну, дождж сьціхне, пайду…» Адразу зрабілася ціха і спакойна, нават быццам утульна ў металічным схове; неўзабаве ён падыхаў сабе на грудзі пад плашч і заснуў. Сноў яшчэ не пасьпеў згледзець, як праз нейкі час яго патрывожылі галасы: здалося, хтось таксама лезе ў трубу. Сустракацца тут з кім-небудзь у Валеры не было жаданьня, паўсонны, ён падняўся і, прыгнуўшыся, хутка палез па трубе — чым далей, — пакуль ня ўпаў, змораны алкагольнай стомай. Тут жа вольна выпрастаў ногі і бесклапотна салодка заснуў.
Сон убачыў ня страшны, нават у чымсь прыемны. Здалося Валеру, нібы засядае бюро райкама і яго, як некалі, выключаюць з партыі. Увогуле зразумелая справа, але ўсе райкамаўскія начальнікі надта ўжо спачувальна ставяцца да яго, ня лаюць, не крытыкуюць нават, толькі цёпла, па-сяброўску ўсьміхаюцца. Нібы ён зрабіў штось выдатнае, можа, нават гераічнае. Быццам касманаўт, які толькі нядаўна вярнуўся з космасу на зямлю. Во толькі адчувае сябе ён не як касманаўт і не як гэтыя райкамаўцы, а зусім як злосны рэцыдывіст-крымінальнік. Асабліва ненавісны яму сакратар Сьцяпан Міхайлавіч, які кіруе пасяджэньнем і якому Валера ўсё імкнецца лупануць аплявуху. А той бы не разумее Валеру і нават не ўхіляецца ад яго. Але і Валера нешта кепска валодае сабой, — бы паралітык, хоча выцяць сакратара і ня можа. Скорчаная сударгай правая рука не слухаецца. Валера нярвуецца. I мабыць, дарма. Таму што, хаця яго і выключаюць з КПСС, але, па-сутнасьці, для ягонай жа, Валеравай, карысьці, для карысьці партыі і, значыць, усяго савецкага народу. У такім выпадку ці трэба абурацца і гэтак паводзіць сябе? Хаця Валера зусім не паважаў слаўную партыю бальшавікоў, амаль ненавідзеў яе злачыннае кіраўніцтва, але зусім ня марыў, каб яго з яе выключылі. Перад сабой і людзьмі, можа, было б болей сумленна самому выйсьці з яе, але і таго Валера ня мог дазволіць сабе — выхад з партыі быў раўназначны самагубству. Усё ж партбілет для яго, як і шмат для каго з іншых, быў галоўнаю хлебнай карткай, па ёй камуністы жылі, елі свой хлеб. Дзіўным, аднак, здавалася ў сьне, што яго дружна выключылі і гэтак жа дружна і радасна павіншавалі — усе па чарзе. У тым ліку і Сьцяпан Міхайлавіч, які на разьвітаньне нават па-бацькоўску абняў Валеру. Толькі вось заўжды незадаволена надзьмуты твар партсакратара стаў і зусім нібы ў бульдога, што, аднак, нікога тут не зьдзіўляла.
Дзіўнаватае ўражаньне зрабіла на Валеру тое выключэньне, сонныя пачуцьці яго пераблыталіся. I зблыталіся яшчэ больш, калі ён пасьля апынуўся на плошчы перад райкамам. З пыльнага завулка на плошчу хлынуў статак авечак (і адкуль ён узяўся?), прыціснуў Валеру да штакетніку райкамаўскага палісадніку; на ягоных вачах авечкі пачалі ператварацца ў раз’юшаных рознапародных сабак, гатовых накінуцца на яго. Валера азірнуўся, шукаючы абароны ў райкамаўцаў, але тыя адразу некуды пазьнікалі, і ён застаўся адзін перад раз’юшанай зграяй. Добра, аднак, што шаленства сабак працягвалася нядоўга, яны пачалі кудысьці зьнікаць, нібы растварацца ў прасторы. I вось ля яго застаўся адзін — стары Бобік, які шмат гадоў жыў у калгасе пры клубе. Гэты нязлосны, вушасты пёс з жалем у сьлязьлівых вачах уставіўся на Валеру, нібы чагосьці прасіў. Можа, есьці? Так ён звычайна рабіў каля клубнага ганка, калі раніцай чакаў гаспадара. Але цяпер у Валеры не было нічога, што можна было б яму кінуць. I тады ён успомніў пра сумку з хлебам, якой чамусьці не аказалася побач, і, заклапочаны, прачнуўся.
Сумку з гасьцінцамі ён намацаў адразу пад бокам, але яго зноў зьбянтэжылі галасы — быццам недалёкая мужчынская гамана. Валера не адразу прыпамятаў, дзе ён апынуўся, а зразумеўшы, зьдзівіўся, азадачаны пытаньнем: колькі ж ён тут праспаў? Галасы выразна даносіліся аднекуль зблізку, хаця зразумець, пра што там гутарылі, яму не ўдалося. Ён падхапіў сумку і жыва падаўся па трубе ў той бок, адкуль улез у яе. Праўда, ён ня ведаў цяпер, ці далёка адпоўз ад таго месца ноччу, памятаў толькі, што адпаўзаў ад нейкіх начных галасоў у трубе. А можа, тое яму здалося? Усё адбывалася ў п’яным стане, гэта Валера цяпер памятаў пэўна. Цяпер ён прабраўся па трубе даволі далёка, часам прыўстаючы, а больш — на кукішках, ды разрыву ў трубе ўсё не было. Галасы ж сталі бы глухнуць, часам зьнікалі зусім, дзесьці ціха тарахцеў трактар, чуліся выхлапы з рухавіка, і Валера, падумаўшы, вырашыў, што зблытаў напрамак. Мабыць, трэба было прабірацца ў другі бок. З прыкрасьцю на свой промах ён павярнуўся і палез назад.
«Усё ж кепская гэта справа — п’янка», — зусім ужо па цьвярозаму падумаў Валера. Цьвярозы ўсё пачынаеш разумець інакш, чым пад градусам. Не сказаць, лепш або горш, але, несумненна, інакш. Здаецца, учора недалёка адпоўз ад канца трубы, а во сёньня патрэбнага стыку знайсьці ня мог. «Зусім заблудзіўся, п’яная морда», — крытычна падумаў пра сябе Валера. Падобна, праспаў ноч, а можа, і дзень. Што ў полі разьвіднела і працуюць трубаўкладчыкі, было пэўна. Толькі дзе ж да іх выйсьце?
Нязграбна, бы малпа, з дапамогай рук Валера адолеў ладны кавалак трубы, а ўчарашняга стыку ўсё не было, і тое пачало ўжо яго не на жарты палохаць. Ці, можа, ён так далёка залез ноччу, ці зараз зноў пайшоў не туды? Ня ў той канец. Але ў такім разе што ж атрымлівалася? Ці ўчора, ці сёньня ён яўна быў зьбіты з панталыку, падобна, здурнеў чалавек, дах паехаў…
Нядоўга счакаўшы, адпачыў ад нязвыклага спосабу руху; з падкурчанай шыяй ён пралез трохі наперад і спыніўся. Тут галасоў зусім не было чуваць, колькі ён ні прыслухоўваўся ў цішы. «Можа, яны там пагутарылі і паехалі, — падумаў ён. — Дык куды ж усё-такі прабірацца — назад ці наперад? I дзе яны тут, гэтыя зад-перад?» Упершыню Валера адчуў спалох ад адзіноты і пакінутасьці. Хаця ён усё яшчэ ня мог канчаткова пагадзіцца з думкай, што пакуль спаў, яго заварылі ў трубе. Колькі ж гэта трэба было праспаць? Хаця газавікі працавалі хутка, а ад яго можна было чакаць усяго. На сон ён з маладосьці быў зух, асабліва як вып’е. Калісьці на вай— сковых зборах праспаў дзень і дзьве ночы ў кустах за лагерам. У роце яго ўсе шукалі, палічылі за дэзерціра. А ён проста дрыхнуў. Таксама пасьля п’янкі, канешне.
Але калі ён цяпер сапраўды доўга праспаў, дык ягоныя справы могуць быць кепскія. Нават вельмі і вельмі кепскія…
А можа быць; ён проста палез ня ў той бок і яшчэ не дайшоў да праклятага стыку? У тое, што той стык завараны ў час ягонага п’янага сну, ён ня мог паверыць. Не магло такога здарыцца. Не павінна здарыцца. Інакш…
З яшчэ большым, чым раней, спрытам ён падаўся па трубе назад. Прыгнуўшыся, бег, караскаўся, хапаючыся рукамі за выгнутыя сьцены трубы, здавалася, бясконца доўга, імкнучыся вярнуць па дураце страчаны час. Гадзіньнік на ягонай руцэ спраўна ішоў, чуваць было яго ціхенькае ціканьне, але які паказваў час, — у цемры не было відаць. Стыку ўсё не было. Не чуваць стала і галасоў. Адчуўшы, што дарэшты зьнясільвае, Валера ўпаў бокам на выгін трубы і сьціх.
Можа, трэба было крычаць?
I ён пачаў крычаць, — на ўсё горла цягнуць бязглуздае «А-а-а-а…», якое, разыходзячыся ў абодва канцы трубы, вярталася далёкім трохі прыглушаным рэхам. Водгуку знадворку, аднак, не было ніякага, і ён замоўк. Вядома, калі траншэю засыпалі, ніхто яго на паверхні ня ўчуе. Ніколі! Але што ж тады атрымліваецца?
Кепска атрымліваецца, загадчык клуба Валера Сарокін.
Асірацее твой клуб перадавога калгаса-маяка «Шлях да камунізму», бязбацькавічамі застануцца хлопцы-блізьняты Коля і Дзіма. Можа, для прыліку трохі патужыць жонка — суровая жанчына Валянціна Іванаўна. Усё ж не зусім недалужны ён быў чалавек, яе абібок Валера. Зрэшты, цяпер яму хацелася думаць так. Яшчэ счакаўшы, Валера падумаў, што, можа, варта дакрычацца ў другім канцы, якраз там, дзе ён упершыню пачуў галасы. Але дзе быў той, патрэбны яму канец, вызначыць не мог. Здаецца, ён канчаткова зблытаў напрамкі. Яўна замітусіўся, разгубіўся, запанікаваў. А паніка, як вядома, — прамы шлях да пагібелі.
Не, трэба было ўзяць сябе ў рукі, менш думаць пра кепскае. Выбірацца, але думаць пра штосьці пабочнае. Пра тое, якой падлюгай аказаўся іх ветэран, франтавік, партызан і так далей Кузьма Зудзіловіч. Той, які ў будні і ў сьвяты гойсае па вёсцы, абвешаны медалямі ад пляча да дзягі свайго замызганага вайсковага кіцеля. Дурань Валера яшчэ запрасіў яго на выпівон у гонар канцэрта прыезджых артыстаў-гумарыстаў. З гумарыстамі, як меркаваў загадчык клуба, абышліся зусім па-людску: прынялі, заплацілі, адправілі. Усё як трэба. А што ў ведамасьці заместа 300 рублёў ён пазначыў 400, дык хіба гэта новая справа? Заўжды так рабілі, бо трэба ж было наладзіць пачостку — і для гасьцей, і для некаторых з начальства. Парторга, напрыклад, які ніколі ня быў супраць таго, каб выпіць, і ў выпадку чаго мог прыкрыць. Як жа без парторга — партыя ж заўсёды наперадзе. Тады ён паклікаў яшчэ і Зудзіловіча, які выступаў з прывітаньнем ад імя ветэранаў, удзельнікаў ВАВ. Той, канешне, піў, еў за трох, і хто б мог падумаць, што назаўтра стукне ў райкам і ў КДБ таксама. Неўзабаве прыехала камісія, пачала капаць. Ну і накапала загадчыку клуба на кругленькую суму. Во тут і пачалося… Нібы гэтая сотня рублёў аказалася ў калгасе апошняй. Вунь на кароўнік убухалі 600 тысяч, і цяпер гэты помнік калгаснай сістэмы стаіць забыты і закінуты, а цэглу і дрэва местачкоўцы памалу расьцягваюць на свае лецішчы.