ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Спрытным рыўком ён ускінуў на плячо цяжкі кулямёт і, з хрустам ломячы ссохлы быльнёг, пайшоў над канавай. Байцы адзін за другім неахвотна падаліся за сваім камандзірам.

— Ну вось, адсюль і пачнём, — сказаў Карпенка, укленчыўшы ля канавы і зазіраючы па-над чыгункай на касагор. — Давай, Пшанічны, фланговым будзеш. Лапатка ў цябе ёсць — пачынай.

Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадою ступіў наперад, зняў з-за спіны вінтоўку, адклаў яе ў быльнёг і пачаў вымаць засунутую за пояс лапатку. Адмераўшы ад яго якіх дзесяць крокаў уздоўж канавы, Карпенка зноў прысеў, паглядзеў сюды-туды і азірнуўся, шукаючы вачыма, каго прызначыць на новае месца. З яго грубаватага твару не сыходзіла заклапочанасць і злосная незадаволенасць тымі несамавітымі сіламі, якія яму далі.

— Ну, каму тут? Вам, Фішар? Хаця ж у вас лапаткі няма. Во мне яшчэ ваякі! — злосна бурчаў старшына, устаючы з калена. — Колькі дзён на фронце, а лапаткі яшчэ не прыдбаў. Што, мо чакаеце, калі старшына дасць? Ці мо немец у падарунак прышле?

Фішар не апраўдваўся і не пярэчыў, але, бянтэжачыся ад непрывычнай вымовы, толькі няўклюдна горбіўся і без патрэбы папраўляў акуляры ў чорнай металёвай аправе.

— Урэшце, чым хочаце, а капайце, — злосна кінуў Карпенка, пазіраючы некуды ўніз і ўбок. — Мая справа маленькая, але каб пазіцыю абсталяваў як мае быць.

Ён рушыў далей — моцны, эканомны і ўпэўнены ў рухах, з такім выглядам, быццам быў не камандзірам узвода, а па меншай меры камандзірам палка. За ім пакорліва і абыякава падаліся Свіст і Аўсееў. Азірнуўшыся на заклапочанага Фішара, Свіст саўгануў на брыво пілотку і, выскаляючы белыя зубы, бяскрыўдна пакпіў:

— От задачка прафесару, ярына зялёная! Дасца ў знакі…

— Не балбачы. Лепш ідзі пад той белы слупок ля пуці, там і капай, — загадаў старшына.

Свіст збочыў у бульбянішча, яшчэ раз з усмешкай азірнуўшыся на Фішара, які нерухома стаяў на сваёй быльняговай пазіцыі і заклапочана чухаў няголеныя пашчэнкі.

Карпенка з Аўсеевым падышлі да старожкі, старшына па-гаспадарску пакратаў расчыненыя рыпучыя дзверы і пераступіў парог пакінутай будыніны. З двух выбітых вокнаў струменілі пранізлівыя патокі скразняку, матляўся на сцяне надарваны зрудзелы плакат, які заклікаў некалі разводзіць пчол; моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і непрыемным. На затаптанай падлозе валяліся кавалкі тынкоўкі, камякі гразі з падэшваў і саламяная пацяруха. Старшына моўчкі аглядаў скупыя сляды былога чалавечага ўтулку; Аўсееў стаяў ля парога.

— Вось каб сцены таўсцейшыя, было б укрыцце, — падабрэўшым тонам разважліва сказаў Карпенка.

Аўсееў выцягнуў руку — памацаў абабіты бок грубкі.

— Што, думаеш, цёплая? — строга ўсміхнуўся Карпенка.

— А давайце напалім. Раз не хапае інструменту, можна па чарзе капаць і грэцца, — ажывіўся стрыманы дагэтуль баец. — Га, старшына?

— Ты што — да цешчы ў госці прыйшоў? Грэцца! Чакай, вось падыдзе раніца — ён табе дасць прыкурыць. Спякотна стане.

— Ну, дык што ж — спякотна?.. А які сэнс мерзнуць? Давай распалім у печцы, вокны замаскіруем… Га, камандзір? — дамагаўся Аўсееў, лена паводзячы чорнымі цыганскімі вачыма.

— Не балбачы. Ідзі вунь каля Свіста займай пазіцыю і давай асталёўвацца.

Карпенка выйшаў з будкі і сустрэў Глечыка, які цягнуў аднекуль скрыўлены прэнт. Убачыўшы камандзіра, ён спыніўся і зважліва паказаў іржавую жалезіну.

— Вось нібы ломік — раздрабняць. А выкідваць і жменямі можна.

Глечык вінавата ўсміхнуўся, старшына няпэўна паглядзеў на яго, хацеў сказаць нешта строгае, але, змякчэўшы ад наіўнага выгляду маладога байца, сказаў проста:

— Ну, давай. Вось тут будзеш капаць — на гэты бок каравулкі, а я ўжо на той бок — у цэнтры. Давай, не марудзь. Пакуль відно…

2

На змярканні з-за лесу напаўзлі шызыя змрочныя хмары. Сваім шчыльным цяжарам яны зусім загрувасцілі неба, затулілі блішчастую шчыліну над касагорам; стала пагрозліва, трывожна і сцюдзёна. Вецер з шалёнай восеньскай лютасцю абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў, вымятаў лісцвяны маладняк прысадаў, гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шапатлівыя статкі лісця. Каламутная вада ў лужыне ад напору ветру аж выплёсквалася з дарогі і пырскала на ўзмежак сцюдзёнымі бруднымі кроплямі.

Байцы на пераездзе рупна ўляглі ў работу — капалі, дзяўблі, угрызаліся ў сцвярдзелую залеж зямлі. Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны; далёка навокал адкідваючы рассыпастыя камякі, зухавата і весела асталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе папругі і вопратку і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка; на другі бок ад яго старанна дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай грунт, хлопец рукамі выкідваў яго, пасля прыгаршчамі выгортваў пясок і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар без справы самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.

За гэтым заняткам і ўбачыў яго Карпенка, калі, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за старожкі. Старшына быў змораны, заклапочаны і адразу аж перасмыкнуў тварам, убачыўшы бяздзейнасць свайго падначаленага. Вылаяўшыся, ён накінуў на спацелую спіну скарэлы ад гразі шынель і накіраваўся па-над канавай да няўдакі-байца.

— Ну, што? Доўга вы будзеце сядзець? Можа, думаеце, што калі няма лапаткі, дык я вас у батальён адпраўлю, у бяспечнае месца?

З выгляду абыякавы да ўсяго, Фішар разгублена заміргаў пад акулярамі блізарукімі вачыма, няспрытна ўзняўся з долу і, заікаючыся ад хвалявання, хутка-хутка загаварыў:

— М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас раз-з-з-зумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў. Вось…

Крыху здзіўлены і астуджаны нечаканым выпадам гэтага ціхага чалавека, старшына не знайшоў што сказаць далей, толькі перадражніў:

— Іш ты: эсцэксаў!

Яны стаялі так адзін супраць аднаго: усхваляваны, з дрыжачымі рукамі, вузкаплечы баец і ўжо супакоены, упэўнены ў сабе каржакаваты ўладарны камандзір. Карпенка, нахмурыўшы калючыя бровы, з хвіліну гадаў, што зрабіць з гэтым няўмекам, а пасля, успомніўшы, што трэба на ноч выставіць які-ніякі дазор, ужо спакайней сказаў:

— Вось што: бярыце вінтоўку і марш за мной.

Фішар не запытаў, куды і навошта, а з падкрэсленай абыякавасцю запіхнуў за пазуху кніжку, уздзеў на плячо вінтоўку з прымкнёным штыхом і, спатыкаючыся, пакорліва пабрыў за старшыной. Карпенка на хаду апранаў у рукавы шынель, аглядаў, як акопваліся астатнія. Мінаючы сваю ячэйку, ён коратка кінуў байцу:

— Вазьмі ж лапатку.

Яны выйшлі на пераезд і па заследжанай сотняю ног гразкай дарозе накіраваліся на пагорак з дзвюма бярозамі.

Поделиться с друзьями: