Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
— Дзякуй, дзякуй вам найвялікшае! Уратавалі вы нас. А там ужо камандзір палка дзівуецца: адкуль такая падмога.
Пятрусь няўцямна пазіраў на радаснага сержанта, але, бадай, зусім не чуў ягоных узрушаных слоў. Толькі цяпер раптоўна зразумеў хлопец, што здзейснілася тое, да чаго рваўся ён у гэтыя пакутлівыя тыдні, і нясцерпная радасць апанавала сержанта. Прысланіўшыся да сцяны траншэі, ён страціў сілы, неяк абвяў, а з вачэй хлопца паплылі нястрыманыя слёзы. I ён не саромеўся гэтых слёз, не спяшаўся выціраць іх, каб не ўбачылі людзі, што ўсё больш напаўнялі траншэю, і яго сэрца, здавалася, разам з ім плакала пякучай крывёю.
Незвычайна перамяшаліся зараз у яго адчуваннях і радасць сустрэчы, і боль перажытых пакут, і невядома, ад таго ці іншага ўсё макрэлі вочы і спазмы хапалі горла. Утуліўшы твар у шаўковыя складкі сцяга і абхапіўшы рукамі дрэўка, ён суняўся так на кароткі нястрымны момант і маўчаў. Але хвіліна расслаблення і болю ўжо прайшла.
Так, здаецца, скончыўся жахлівы шлях яго выпрабаванняў, і цьмяна яшчэ адчувалася хлопцу, што нязбыўная нейкая адмеціна навек адзначылася ў ягонай душы. Нешта вельмі важнае, шматзначнае і ўжо непаўторнае ў жыцці мінулася ззаду. Яшчэ не асэнсаваўшы, Пятрусь ужо добра адчуваў тое, і, вядома, у той час у траншэі не здагадваўся хлопец, што гэта між вялікіх трывог яго маладосці пакутліва нарадзілася чалавечая сталасць і беззваротна адляцела ў нябыт кароткае яго юнацтва.
Прасветлены, супакоены і нібы пастарэлы, Пятрусь паглядзеў на людзей, што моўчкі стаялі ў траншэі абапал яго. Іх было ўжо многа, свае тут перамяшаліся з чужымі, усе спаважна пазіралі на сцяг і сержанта. I хлопец нечакана ўбачыў, што і Жук, які стаяў зводдаль, — сціплы, ціхі, адважны гэты разведчык — таксама нешта вельмі ўжо старанна туліць долу свае прастадушныя вочы, бы што пільна разглядае ў траншэі; заўважыў, што хлопец схуднеў з свайго шырокага непрыгожага твару. Прыкмеціў сержант, як у суседняга з ім віхрастага Мацейкі таксама заблішчэла на бруднай шчацэ расцёртая кулаком сляза, убачыў ён і радаснае ззянне многіх іншых вачэй ягоных байцоў і спагаду ды разуменне на тварах тутэйшых абаронцаў. Але, відаць, не час было вельмі радавацца ці святкаваць перамогу. Не мінула і чвэрці гадзіны, як скончыўся гэты пякельны бой, калі нехта ў траншэі ўстрывожана крыкнуў людзям:
— Глядзіце, глядзіце: немцы ідуць.
Пятрусь адразу ачнуўся, новая трывога адразу ўскалыхнула хлопца, напомніла пра яго камандзірскія абавязкі. Ён паклікаў да сябе Мацейку, таропка згарнуў палотнішча сцяга і сказаў гэтаму ўвішнаму байцу:
— На, нясі, браток. Я ўжо аднасіўся. Знойдзеш камандзіра — перадай…
На развітанне ён пацалаваў запылены, прабіты многімі кулямі шоўк і аддаў сцяг байцу. Яны размінуліся ў вузкай траншэі, на паваротцы Пятрусь у апошні раз з незразумелым сумам азірнуўся на сваю дарагую ношу…
Ён кінуўся даганяць байцоў, якія падаліся да першай траншэі. Зноў агорнуты нялёгкім прывычным клопатам, хлопец глядзеў на лугавіну, дзе яны нядаўна беглі сюды. Цяпер на ўсім гэтым травяністым прасцягу з узлеска ішлі на іх густыя шэрагі чорных эсэсаўцаў. Яны не хаваліся, а спакойна, як на парадзе, плячо ў плячо ішлі па стракатай ад кветак траве — з падкасанымі рукавамі і нарыхтаванай зброяй.
I тады з-за вышыні глуха шчоўкнула ў паветры і цераз галовы байцоў з шархоткім фыркатам праляцела нешта тугое і важкае. Крыху далей эсэсаўскага шэрагу на лузе ў адно імгненне вырас шэры кучаравісты клуб пылу. Ён яшчэ не асеў у паветры, як цераз выспу нетаропка і важна пранёсся новы, гэткі ж шархоткі цяжкі снарад.
Сержант зірнуў на прыціхлых, насцярожаных людзей, на ўзрадаванага Жука і, бадай, упершыню з пачатку вайны замест страху адчуў у сабе спакойную, упэўненую сілу.
— Рота, слухай маю каманду! — голасна скамандаваў ён і, гучна лязгнуўшы, пхнуў у аўтамат новы магазін.
Жураўліны крык
1
Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі.
Ён абраў тут зручную мясціну пуці, дзе скончыўся насып, што пралёг па асакаватай голай балацявіне, і рэйкі ўезджанай аднапуткі беглі па жвіры амаль на ўзроўні зямлі. Гасцінец, споўзшы з пагорка, пераскакваў чыгунку і заварочваў у бок лесу, утварыўшы скрыжаванне, якое людзі некалі абгарадзілі рабымі слупкамі і паставілі два гэткія ж рабыя шлагбаумы. Побач адзінока мясцілася тынкаваная будка-старожка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печкі які-небудзь бурклівы дзед-вартаўнік. Цяпер у будцы не было нікога. Золкі восеньскі вецер раз-пораз рыпаў яе насцеж расчыненымі дзвярыма; бы скалечаная рука чалавека, тырчаў у сцюдзёнае неба абламаны шлагбаум, другога зусім не было. Ніхто ўжо не дбаў пра гэтую чыгуначную пабудоўку: новыя, куды больш важныя клопаты адолелі людзей — і таго, хто некалі гаспадарыў тут, і гэтых, што спыніліся цяпер на закінутым знямелым пераездзе.
Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра іх стаяла купкай ля зламанага дышля шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім баявую задачу.
— Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым прастуджаным голасам казаў капітан, высокі кастлявы чалавек з зашчаціненым, змораным тварам. Вецер злосна ляскатаў рогам плашч-палаткі па яго запэцканых ботах, матляў на грудзях доўгія матузы завязак. — Заўтра, як сцямнее, адыдзеце за лес. А дзень трымацца…
Там, у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся касагор з дарогай, ля якой траслі пажоўклым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім, дзесьці на даляглядзе, заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая шчылінка святла, прарэзаўшыся ў хмарах, як лязо вялізнае брытвы, матава блішчала на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсёабдымнай трывогай навіслай над краем бяды.
— А як жа з шанцавым інструментам? — грубаватым басам запытаў старшына Карпенка, камандзір гэтай невялічкай групы. — Рыдлёўкі ж патрэбны.
— Рыдлёўкі? — задуменна перапытаў камбат, узіраючыся ў бліскучую палоску захаду. — Пашукайце што самі. Няма рыдлёвак. I людзей няма, не прасі, Карпенка, сам ведаеш…
— Ага, і людзей не шкодзіла б, — падхапіў старшына. — А то што пяцёра? I то вунь адзін — новенькі ды гэты «вучоны» — ваякі мне! — злосна бурчаў ён, стоячы бокам да камандзіра.
— Супрацьтанкавыя гранаты, патроны к пэтээру, колькі можна было, вам далі, а людзей няма, — стаяў на сваім камбат. Ён яшчэ паўглядаўся ўдалячынь, зачараваны бляскам захаду, а пасля, устрапянуўшыся ад задумы, павярнуўся к Карпенку — мужнаму, прысадзістаму, шыракатвараму, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі. — Ну, жадаю ўдачы.
Ён падаў руку, агорнуты новым клопатам, старшына раўнадушна паціснуў яе. Гэтак жа стрымана паціснуў халодную камбатаву далонь і «вучоны» — у акулярах, высокі баец Фішар; без крыўды, шчыра зірнуў на камандзіра другі няўдака, на якога скардзіўся старшына, — малады, са свежымі сумнымі вачыма радавы Глечык.
— Нічога, чорт не здрадзіць — свіння не з’есць, — бесклапотна пажартаваў пэтээравец Свіст, белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец.
Спаважна падаў сваю пухлую далонь непаваротлівы мардаты Пшанічны, і пачціва, прыстукнуўшы бруднымі абцасамі, развітаўся чарнявы, прыгожы Аўсееў. Паддаўшы плячом аўтамат, камандзір батальёна нялёгка ўздыхнуў і коўзкім, няспрытным па гразі крокам пайшоў даганяць калону.
Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану, батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася к лесу.
Старшына быў незадаволены, сярдзіты, унутры яго тужліва варушылася невыразная, шчымлівая трывога за іх лёс і за тую нялёгкую справу, дзеля якой яны засталіся тут. Але ён хутка прыдушыў у сабе нудлівы душэўны гук і прывычна закрычаў на людзей:
— Ну што стаіце? Гэць да працы! Глечык, пашукай, мо дзе ламачына якая. У каго ёсць малыя, давай капаць. Пакуль відно…