Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Упершыню — газ. «Гродненская правда», 1949, 22 мая. Друкуецца паводле гэтай публікацыі. Пазней апавядан не ніколі не друкавалася і на беларускую мову перакладзена не было.
Датуецца 1949 г.
Упершыню — газ. «Гродненская правда», 1949, 19 июня. Друкуецца паводле гэтай публікацыі. Пазней апавядан не ніколі не друкавалася і на беларускую мову перакладзена не было.
Датуецца 1949 г.
В. Быкаў прыгадваў: «Напісаў і надрукаваў у сваёй газеце яшчэ адно апавяданьне „У першым баі“. Гэтае мне падабалася больш за папярэдняе, і таксама пра вайну. Асабліва яго ніхто не чытаў, водгукаў не было. Пісьменьніцкага асяроддзя тады ў Гародні не існавала, нават літаб’яднаньня не было. Што-нішто было ў мяне напісана і яшчэ, але пакуль я нікому тое не паказваў, ды і сам быў ім незадаволены».
Пэўна, невыпадковым было імя галоўнага героя апавядання, — менавіта так звалі двух франтавых сяброў пісьменніка — абодвух Мікалаямі Беражнымі.
Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1957, 5 кастр. У перакладзе на рускую мову пад назвай «Последний шаг» — часоп. «Советская Отчизна», 1959, № 1 (пер. В. Ільінскага).
Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1951.
Пра гэтае апавяданне В. Быкаў пісаў у 1957 г. у лісце да Е. Лось: «І наогул (прызнаюся Вам), мяне вельмі вабіць душа чалавека, драматызм, значнасць падзей, праяўленне найтанчэйшых унутраных рухаў чалавечай натуры. Праўда, цяжка гэта даецца ў літаратуры, патрабуе шмат працы і не заўсёды бывае прызнана. Тая-ж „Смерць чалавека“, з якой мяне віншавалі нядаўна Сабаленка і Ткачоў, як з „новай творчай удачай“, напісана мною ў 52[-м] г., год праляжала ў „Полымі“ і была вернута не прачытанай У. Карпавым. Яе ж у свой час забракаваў М. Лынькоў, да якога я меў глупства звярнуцца за крытыкай. Маю „Страту“, якая вытрымала 3 выданні (у тым ліку адно ў маскоўскім часопісе) зусім забракаваў летась Піліп Пестрак. Адным словам, цяжка цяпер правінцыяльнаму празаіку, які напіша нейкую „няўцямную“ штуковіну і мае „нахабнасць“ дамагацца заняць ёй паўстаронкі сталічнай газеты ці добры кавалак у ілюстраваным часопісе, на якім (кавалку) мог-бы змесціцца „актуальны“ артыкул пра неіснуючае соцспаборніцтва на якім-небудзь прадпрыемстве».
У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання з рэдактарскай праўкай: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 225, арк. 1—11. Па ім можна прасачыць тыя праўкі, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі твора да друку ў газеце і ў кніжным выданні. У асноўным гэта стылістычныя праўкі і некаторыя не надта істотныя скарачэнні, якія не змяняюць сэнсу твора, — за выключэннем толькі таго, што слова «Чалавек» пісалася В. Быкавым з вялікай літары, ды наступных вялікіх скарачэнняў:
Стар. 19. …ціха варушыў самыя тонкія галінкі. — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў скарочаны ў «лімаўскай» і ў кніжнай публікацыях: «Жыццё апошні раз вярнулася к Чалавеку, каб назаўсёды пакінуць яго. Ён апрытомнеў, каб у свядомасці адчуць свае пакуты і слабеючым розумам лічыць апошнія ўздыхі. Зачым гэта? Хіба мала выпрабаванняў выпала яму ў жыцці, хіба чара жахлівых пакут не выпіта ім да дна? Хіба не лепш было-б ужо не апрытомнець, ці загінуць адразу пад гусеніцай варожага танка? Дык не, прырода ці выпадак зрабілі інакш, і цяпер вось ён будзе адчуваць, як з кожнай хвілінай знікае з цела жыццё, пасля ўсяго, што зроблена для яго за шмат пражытых год».
Стар. 20. …прыйшлася дарэчы… — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў скарочаны ў абодвух публікацыях: «Гэта будзе палёгкай чалавеку, скароціць яго пакуты перад непазбежным канцом. Яно нядобра дабіць сябе, але хай даруе радзіма гэта таму, хто без рэшты аддаў сваё жыццё за яе».
Стар. 22. …гэта недзе адкрылася рана. — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў зноў жа скарочаны ў абодвух публікацыях: «Чалавек бачыў, як сцякло ў траву некалькі буйных кропель, але цяпер ужо яму не шкада было сваёй крыві. Ён не выцер руку, нават не звярнуў на тое ўвагі, толькі для адзінай мэты трацячы зараз небагатыя свае сілы».
Стар. 27. Так памёр Чалавек. — Гэты апошні сказ у машынапісе адсутнічае. У «ЛіМе» апавяданне заканчвалася наступным чынам: «Чалавек і мёртвы змагаўся…»
Упершыню пад назвай «Абознік» — газ. «Гродзенская праўда», 1957, 26 мая. Пад назвай «Уначы» — газ. «Літаратура і мастацтва», 1957, 14 снеж.
Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык», Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1951.
У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання пад назвай «Уначы»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 244, арк. 1–9. Шматлікія рэдактарскія праўкі датычацца толькі стылю і не ўплываюць на сэнс і змест твора.
Упершыню — часоп. «Маладосць», 1956, № 10; «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці. Гродна, 1956.
Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1956.
В. Быкаў прыгадваў: «Гэта падвойная ўдача адразу ўзняла аўтара ў яго ўласных вачох, хаця зьнешне я стараўся быць як мага спакайнейшым. Мабыць, баяўся спалохаць нечаканую ўдачу. Тым болей што, прачытаўшы абодва тэксты, знайшоў там масу слабіны і нават недарэчнасьцяў, з чаго доўга пакутваў. Тыя перажыванкі імкнуўся заглушыць працай над новымі рэчамі, калі, здавалася, напішацца лепш. Бо ўжо займеў нейкі вопыт.
На жаль, лепей усё не пісалася».
Падчас падрыхтоўкі 4-томнага Зб. тв. (Мн.: Мастацкая літаратура, 1982) В. Быкаў унёс у апавяданне некаторыя змены, якія ў асноўным датычыліся стылю, аднак было і некалькі прыкметных правак. У шасцітомніку твор быў апублікаваны ў гэтай новай рэдакцыі.
Стар. 36. Над шэрай кучай зямлі пад плотам перасталі ўзлятаць угору дробныя камякі і паказалася аблезлая пілотка і кірпаты, апечаны сонцам твар. — У ранейшай рэдакцыі: «Малады баец Матузка капаў свой акопчык. Ён углыбіўся ў зямлю так, што не відаць было нават аблезлай яго пілоткі і толькі высока ўгору ўзляталі гліністыя камякі зямлі. Але воклік прымусіў яго спыніць працу, і над брустверам паказаўся запэцканы зямлёю кірпаносы твар».
Стар. 36. …ён спрытна выскачыў з акопчыка… — У ранейшай рэдакцыі: «ён спрытна выкінуў з акопчыка гнуткае цела».
Стар. 37. …будзе нешта сур’ёзнае. — У ранейшай рэдакцыі: «будзе сапраўдны бой».
Стар. 37. «Міны», — падумаў Матузка і здзівіўся… — У ранейшай рэдакцыі: «„Міны“, — падумаў Матузка, услухоўваючыся, як халадзее на сэрцы, а праз момант здзівіўся».
Стар. 37. …на спустошанай вайною зямлі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Лясны маладняк таксама карыстаўся людской няўвагай і спакваля падступаў да лазні. Узмежак, што цягнуўся ад яе да лесу, ужо быў добра абжыты кустамі лазняку і алешнікам».