ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Над заснежанымі палямі ў зорным мігатлівым небе аднекуль з’явіўся ўжо вузенькі сярпок месяца. Ён не свеціць, а толькі пазірае ў цьмянае зімовае наваколле і ўсё бяжыць, бяжыць кудысьці навыперадкі з двума фурманкамі на дарозе, нібы таксама слухае, зацікаўлены разважнай чужой радасцю. Юзік усё маўчыць, але слухае чуйна — яго сэрца вунь як убірае ў сябе тыя незнаёмыя справы чалавека.

— Давай закурым, — зноў прапануе сядок, шчоўкаючы ў руках самаробным дзюралевым партабакам. — Не курыш? Ну, ты, браце, зусім як дзеўка. Дык слухай тады, спатрэбіцца можа…

Ён прыкурвае з прыгаршчаў, асвяціўшы пасівераны нос і натапыраныя бровы, гойкае на свайго коніка, які трохі адстаў ад саней, і смачна зацягваецца.

— I вось, браце, стаў я, значыць, жанатым чалавекам. Спачатку дзіўна гэта з непрывычкі — жанатым зрабіцца. На працы — нейкая новая сур’ёзнасць, бы гадоў прыбавілася ці на пасадзе павысілі. Жонка здаецца гэткай ладнай, добрай, успамінаеш што-кольвечы, ну і марыш пра рознае. Але зноў жа і нязручнасць — дзеўкі ўжо без увагі да цябе, бы ты які вышчарблены стаў. Пажартуеш ці ўшчыпнеш там — адразу адвод — не для цябе, кажуць: жонка ёсць. I вось прыйдзеш дадому, а там — новы чалавек у хаце, глядзіш, цікавішся: што, як. Дагэтуль жа не бачыў так зблізку ў жыцці, ды мо’ не звяртаў увагі, а цяпер у адной хаце ўсё відно. А трэба табе сказаць, чалавек я не злосны, але строгасць паважаю. Бацька быў строгі, потым сам я ў войску сяржантам служыў, там ужо камандзірская строгасць у кроў уелася — не люблю зважаць. Ну, і да жонкі я таксама без паблажкі. Што дзе не так — кажу напрамкі: вучыся, слухай — на тое й муж, каб дагаджаць яму. Спачатку яна — слязу на вочы, а потым нішто, прывыкла. Вядома ж, хто яна? Вясковае дзяўчо, а я ўсё ж аўтаслесар, тэхнічны чалавек, дый на людзях пабыў, пабачыў сёе-тое.

Так і жывём. Нарадзілася дачка Нюрка, пахаваў маці. Я ўсё ў МТС, а жонка пад восень на ферму даяркай уладкавалася. Гляджу — дрэнь справа. I днюе, і начуе там, а тут прыбяжыш з працы — на дзвярах замок. Вячэры няма, дачка ў суседзяў ці ў цешчы. А ведаеш, як гэта прыкра, калі ў дом позна вернешся, а жонкі няма. Гэта, браце, адна злосць ды нерваванне. Бегай па вёсцы, як пабіраха, збірай сям’ю, палі ў печы. Надакучыла мне гэта, уз’еўся я на Фросю, кажу: кінь к сабакам тую ферму — мне жонка патрэбна, гаспадыня, а не даярка. Дрэнь жывецца, а тут яшчэ радня, асабліва цётка Яналіха — ведзьма-баба, скажу табе, — шапоча ўсё пры сустрэчы: на каго ты падобны стаў, рубашка брудная, схуднеў, навошта, браў такую — негаспадарлівая, неруплівая, каровіна паслугачка. ЦІ такая табе трэба, сам мужык такі відны, — муціць чорт душу. Ужо хацеў быў кінуць, развясціся, ды дачка ўтрымала. Іншы раз сваруся, сваруся, кулаком аб стол грымну, якую міску жалезную аб падлогу бразну, а жонка ўсё маўчыць — хоць ёй што. Маўчыць, а потым, нібы нічога і не чула, гэтак спакойна: «А Красаўка сёння ацялілася — бычок во які ладны». Эх, ты, гора сяміногае, думаю, што ты з ёй зробіш? Калі б хоць яна сварылася, даказвала, ужо я даў бы ёй, а то ціхманая такая, маўклівая. Ну і адлегла пакрысе маё сэрца. Прывык. Кінуў у яе справы мяшацца, стаў і печ паліць, і сняданак сабе гатаваць, а болей без снедання абыходзіцца. Думаю: хай! ві свае жылы, можа, сама сабе дакажаш, калі я не даказаў.

— Ну, а як жа тады: кахалі яе ці не? — стрымана запытаўся Юзік. Сядок, не чакаючы, відаць, гэтага пытання, памаўчаў крыху, бы ўспамінаючы штосьці.

— Ды ну: кахаў… Не ведаю, ці кахаў, ці не. Так, шкадаваў, гэта было. Як пагляджу на яе рукі, распухлыя, парэпаныя, гэткія балгочыя, шкада робіцца. Аднойчы ўвечары мыла яна бялізну, а я ўсё бурчаў, бурчаў ды не вытрымаў. Ці ведаеш, адабраў у яе начоўкі ды ўзяўся сам. Не рукі, а гора адно. Не жарты — дзесяць кароў і дагледзець, і накарміць, і выдаіць — і ўсё ў макраце, у холадзе — немінучы раматус. Ды яшчэ з гэткім яе характарам — сябе не пашкадуе, здароўе паложыць, а зробіць як трэба. I зрабіла. Спачатку на Дошцы гонару апынулася, потым — на выстаўцы ў Маскве. Ну, думаю: давай, давай, баба. А сам, папраўдзе, гляджу на гэтыя яе поспехі, як на забаўку якую. Падумаеш там — за малако медаль нейкі бронзавы. У людзей срэбных ды залатых колькі, ды за якія справы! Пасля сталі да яе з вобласці ездзіць — усё на ферме глядзелі нешта, выпытвалі, вымяралі. Яна ўсё расказвае, часам дома каго прымае, якога карэспандэнта. Я не звяртаю ўвагі. Аддзяліўся, так сказаць, ад яе службы — свая шыю пілуе.

Над дарогай плыве зорная, мігатлівая ноч. Маладзічок усё лезе на неба вышэй і вышэй, у полі панурыліся, сціхлі заснежаныя дрэвы, хмызняк. Хоць і ноч, а відно далёка, ледзь не да самага краявіду. Гасцінец бяжыць роўны, доўгі і далёка наперадзе, бы агромністы полаз, загінаецца на ўзгорак. Раптам над тым узгоркам бліснулі і ўперліся ў неба стромкія промні сустрэчнай машыны. Праз момант, стрыгануўшы ў густой нябеснай сіні, яны падаюць ніжэй і ўрэшце бліскучай плямай кладуцца на дарогу. Машына хутка набліжаецца, асляпляе седакоў, залівае дарогу густым святлом фар.

Незнаёмец хуценька саскаквае з саней, каб скіраваць убок свой вазок, Юзік прытрымлівае каня, углядаючыся з-пад далоні ў грукатлівы рухавы сілуэт. Нехта адтуль, з машыны, гучна крычыць:

— Прывет, Нядзвецкі! Віншаванне! Заўтра твая ў нас выступае…

Юзіка абдае снежнай віхурай, і машына мінае іх. Спадарожнік бліжэй падганяе свайго каня і зноў валіцца ў Юзікавы сані.

— Андрэй з «Кастрычніка», — паведамляе ён. — Ваявалі разам. Пазнаў, глядзі. А ўжо даўно не бачыліся. I пра жонку ведае, — з усмешкай кажа чалавек і з хвіліну задуменна пазірае на дарогу, дзе яшчэ гудзе машына.

— Гэта, брат, так, — кажа ён далей хлопцу. — Другая жонка за мужавай спіной, як за печчу, жыве, а мая вось, як бачыш, на мяне сваю славу наводзіць. Вось табе і баба… Дык дзе гэта мы спыніліся? Ага, значыць, прышылася мая Фроська да фермы, як гузік да світкі. Там бы і спала, і ела, калі б сям’і не было. Мала што ўвесь дзень працуе, яшчэ розных кніжак напрыносіла — чытае ўсё па вечарах, нешта выпісвае ў сшытак. Тут ужо я зноў не ўтрываў, кажу: не дужа зарывайся, не лезь на чужое седала. Робіш, ну і рабі сабе, а навошта па начах яшчэ сляпіцца? Прызнацца, я да кніжак не дужа ахвочы. Ну там «Дапаможнік аўтамеханіку» ці «Кіраўніцтва па рамонце» — гэта вартыя кніжкі. А другія там што — лухта адна. I вось прачнуся сярод ночы — святло гарыць, і яна над сталом гнецца. Я тады ўстану ды кніжку — у кут, і лямпу патушу. Патушу, а яна запаліць, зноў патушу — зноў запаліць. I маўчыць, не сварыцца, але ўпартая, як той мядзведзь ля вулля. Кажа: без навукі і карову не падоіш. Ну і сядзіць да другіх пеўняў, вылічвае на паперцы тыя свае рацыёны. I праўда, ці ад таго, ці па якой іншай прычыне, а кароўкі яе болей сталі малака даваць. Адна дык нават па пяцьдзесят літраў у дзень давала — во як! Ферме — слава, калгасу — пашана, і даяркам, вядома, добрае слова. Тут ужо я трохі змякчэў, стаў прыглядацца да свае жонкі. Што, думаю, за такая: дзесяць год жыву, а што ў яе душы — толкам не ведаю. Гляджу калі — гэткая невялічкая і не надта прыгожая з аздобы — пастарэла ўжо — нос кірпаты, нічога няма ў ёй — звычайная баба. Адкуль, думаю, упартасць тая? I ведаеш, даўмеўся. Аднойчы ўжо засынаю ўначы, думаю ўсё. Яна за сталом сядзіць над паперамі, і мне раптам стукнула ў голаў: ад працы ўсё ў яе, бо змалку яна смак да працы мае. Сапраўды: навукі не дужа многа — сем класаў, і ўсё жыццё — у працы. Вось так мазалём і дайшла да плёну. I слухай, брат, самае галоўнае вось будзе.

Аднойчы пасля новага года прыходжу з МТС — на дзвярах замок. Ну гэта справа не новая, — дастаў з-за шула ключ, адчыняю. У хаце ўсё прыбрана, вячэра згатавана і на стале — запіска. Сэрца ў мяне так і ёкнула — першы раз за ўсё жыццё. Думаю, ці не кінула часам, аж злякаўся. Чытаю: дарагі Хвядоска, паехала ў Мінск на нараду. Скараспешна выклікалі. Есці — там і там, Нюрка — у бабы. Вось, думаю, і дачакаўся. I тады ўпершыню, браце, зразумеў я, што мая Фрося пераскочыла мяне, перарасла неўзаметку, цесна ўжо ёй у мужавай хаце. А хіба стрымаеш? Не стрымаеш. I я, ведаеш, прыціх і скарыўся. Ну вось і вяртаецца — і што думаеш? З Залатой Зоркай і ордэнам Леніна. У калгасе дзіва, людзей поўна хата, прыязджаюць, прыходзяць, адбою няма. Роспыты, віншаванні. Аказваецца, сам таварыш Хрушчоў уручыў тую ўзнагароду і руку паціснуў і казаў штось маёй Фросьцы, толькі яна ўжо не памятае што — з радасці забылася ўсё чыста. Паглядзеў я на гэтую справу ды і зняў са сцяны свой вайсковы кіцель з медалямі: павесіў у шафу. Якія ўжо там медалі, калі такая ўзнагарода ў хаце завялася — і ў каго, падумаць, — у маёй ціхманай жонкі Фросі. Вось, брат, як выйшла! А цяпер яшчэ і кандыдатам у Вярхоўны Савет вылучылі, афішы расклеілі з партрэтамі і біяграфіяй. Вунь выступаць будзе, паехала ў вобласць.

Чалавек памаўчаў крыху і, усміхнуўшыся, зноў хапаецца за свой партабак у кішэні.

— Вось, браце, як выйшла, — бадзёра дадае ён і смяецца. Радасць і ціхае захапленне блізкім чалавекам зноў пануе ў яго настроі, і калі ёсць там доля зайздрасці, дык зайздрасці добразычлівай і зважлівай, а болей — гонару і стрыманага мужчынскага шчасця.

Неўзабаве Юзіку трэба зварочваць з гасцінца на вузенькую дарожку, і Нядзвецкі саскаквае з саней. Ён дзякуе за ўвагу, адвязвае ад перадка лейцы і апынаецца на вузенькім сядзенні ў вазку.

— Вось, браце, жэнішся — пазнаеш фунт ліха. Але будзе і шчасце, чакай.

Маўчун Юзік не адказаў нічога. Над прыціхлымі соннымі прасторамі загадкава і няспынна варушацца зоры: бы разумеючы што, жмурыць блішчастае вока месяц. Хлопец уздыхае і доўга думае пра сваё будучае і, папраўдзе, вельмі хочацца яму хоць і труднага, але вялікага шчасця, такога, як у гэтага нечаканага начнога спадарожніка.

1957 г.

Страчаныя мары

1

Вадзім добры, клапатлівы, вясёлы.

Мінула паўгода, як яны пажаніліся, але Ірынка ні ў чым не можа папракнуць яго. Кожны дзень яны разам — на працы ў будаўнічым трэсце, дзе ён — інжынер-планавік, а яна — лабарантка, у вольную часіну — у кіно, на бульвары ці ў сваёй маленькай кватэры на чацвёртым паверсе новага дома. Здавалася б, усё ў жыцці ўладкавана добра, гэтулькі падстаў для ціхага першага шчасця замуства, але яна стала нейкай панылай і вялай.

Яна і сама яшчэ не разумее, адкуль такое адчуванне. Яно то прыходзіць зусім беспрычынна, то мінае, уступіўшы месца радаснаму і светламу. Ей падабаецца, калі яны, узяўшыся падручкі, ідуць цераз двор у горад ці вяртаюцца дадому і суседзі з замілаванымі ўсмешкамі лагодна пазіраюць услед. «Якая слаўная пара», — чуе Ірынка ззаду і забываецца тады на свае цьмяныя жаданні, ёй трошкі няёмка перад мужам, і дзяўчына адчувае палёгку і задаволенасць у душы. Але так бывае нядоўга.

Поделиться с друзьями: