ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Пэўна, гудрон ці мо’ дзе-небудзь каля ізаляцыі. Трэба бензін. Пайду, спытаю ў бабкі.

— Ды не трэба, што вы, — знарок весела ўсміхнулася Ірынка. — Адчысцім, глупства.

— Бензінам нельга, бензін паліць, — заклапочана сказаў Вадзім. — Вось эфір у роўнай дозе з хлараформам — другая справа. Гэта найлепшы сродак.

— Ды ну, хай, даволі, даволі… — слаба адгаворвалася Ірынка, вызваляючы ў мужа палу. Яна ўжо ледзь стрымлівала крыўду, што падступіла да горла. Анатоль выпрастаўся, змахнуў з пляча ручнік і, цвёрда стоячы на шырока расстаўленых нагах, усміхнуўся, упершыню зазірнуўшы ў самыя вочы дзяўчыны.

— Ну, нічога. Падумаеш, вялікая справа — пляма. Праўда, Ірына Пятроўна? Было б клопату…

І тады нешта не вытрымала ў Ірынцы, яна скаланулася, хліпнула, і з яе вачэй паліліся роспачныя слёзы. Ірынка затуліла твар далонямі, але слёзы ўсё цяклі — па шчоках, між пальцаў, і яна, ужо не маючы сілы стрымаць сябе, адкінулася на спінку крэсла і ўздрыгвала ўсім целам. Вадзім з жахам на твары кінуўся да яе, абхапіў за вузкія худыя плечы і пытаў усё:

— Ірынка! Ірынка! Чаго ты? Я ж нічога… Я так…

Анатоль, здзівіўшыся ад такога здарэння, пабег у пакой паваду. Над нізкім плотам ад суседняга двара з’явіліся тры дзіцячыя галоўкі — сур’ёзныя наіўныя вачаняты ўстрывожана глядзелі на Ірынку.

Яна плакала нядоўга, але гэтулькі застарэлай горычы вылілася з яе душы, што яна спалохалася потым, каб не нарабіць чаго горшага. Ей не шкада ўжо было сваёй маладосці, толькі нясцерпна балела ад вялікага расчаравання, якое цяпер выразна адчула яна. Аднак яна нічога нікому не сказала, толькі раптам змоўкла, выцерла твар і ўзнялася. Вадзім з вінаватым выглядам усё таптаўся ля яе; збянтэжана чухаў патыліцу слаўны, нечакана такі блізкі і дарагі Анатоль. Яна трохі вінаваціла сябе ў душы, што патурбавала і засмуціла сваёй нястрыманасцю гэтага чалавека, і ціха сказала яму:

— Даруйце мне.

Пасля яны з Вадзімам выйшлі на вуліцу. Маўклівы, насцярожаны Анатоль праводзіў іх крыху — відаць, яму было чагосьці няёмка, ён ужо не смяяўся і ад рогу вярнуўся назад.

Пакуль яны ішлі ціхай, цяністай вуліцай, Ірынка паспакайнела трохі, але ўсё не адважвалася ўзняць заплаканых вачэй, не адказвала на бясконцыя Вадзімавы пытанні — ціха ішла яна са сваёй тугой, адзінокая і панылая. Напружанне і трывога, якія ўсё тамілі яе, пакрысе аслабелі, але па — ранейшаму было горка і цяжка. А Вадзім, неяк фальшыва нервуючыся ад таго, што здарылася, усё туліў да сябе яе локаць і неадчэпна ўгаворваў жонку:

— Ну чаго ты? Ну што за натура! Нельга ж так. Падумаеш, пляма! Чорт з ёй, урэшце. Другі купім, лепшы…

Наўкола ўсё лескаталі лісцем дрэвы і мітусіліся, ляцелі кудысьці пушынкі таполяў. Дзяўчына няўцямна глядзела на іх бясконцы лёт і выразна адчувала, што назаўсёды згубіла спакой, што жыццё неўпрыцям абмінула яе і бязлітасна адпомсціла за здраду дзявочым марам. Яшчэ яна думала, што так трываць нельга, трэба нешта рабіць, нешта перайначыць — інакш яна ўзненавідзіць сябе.

1958 г.

Дваццаты

1

Людзі ішлі на ўсход.

Пад ранак высвецілі зоры. 3 бяздоннай сіні начнога марознага неба сплыла туманная смуга, увабраўся ў сілу мароз, і ў твар падарожнікам павеяў пранізлівы калючы вецер. Сухі сыпкі снег зашуршаў у каламутнай белізне наваколля — па полі віліся выгінастыя пасмы завеі.

Маёр быў трохі мацнейшы за двух сваіх спадарожнікаў. Высокі і плячысты, ён крочыў спарней і раз — пораз апярэджваў іх, потым спыняўся, услухоўваўся і чакаў, пакуль падыдуць таварышы. Першы звычайна даганяў яго Валодзькін — невялікі, вельмі схуднелы юнак у туга зацягнутым нямецкім шынялі і глыбока насунутай на голаў пілотцы. Наблізіўшыся да маёра, ён садзіўся на снег, спіной к ветру, курчыўся, кранаючыся ілбом халодных вострых каленяў. Старшы лейтэнант Івашоў, у падпяразанай папружкаю нейкай кароткай світцы, адстаў далёка і шкандыбаў вельмі марудна. Ён прыкметна кульгаў, абапіраўся на падабраную ў дарозе палку, хрыпла дыхаў, стагнаў і, дагнаўшы таварышаў, прастуджаным голасам прасіў;

— Браткі… Пастойце… Не магу так… Не магу…

Ён адразу клаўся на снег і моўчкі ляжаў без руху. Маёр стаяў нейкі час, азіраўся па баках, нешта думаў і заклапочана пазіраў на сваіх знямоглых спадарожнікаў. Аднак праз колькі хвілін ён настойліва падаваў голас;

— Ну, пара. Яшчэ трошкі. Яшчэ вёрст пяць да відна.

Першы тады ўставаў Валодзькін, Івашова яны падымалі за рукі ўдваіх. Неба на ўсходзе паволі святлела, і навокал бялела ў доле, ноч растваралася ў паўзмроку нясмелага позняга світання.

Праз колькі часу на заснежаным полі развіднела — завея рабіла яго зыбкім, рухомым. Снегавыя вужакі, перасыпаючыся і варушачыся, бы жывыя, суладна імкнулі ўдалячынь. Вецер усё мацнеў. Шлях падарожнікаў пралёг праз узгорак, і двое з іх зноў адсталі ад свайго дужэйшага таварыша.

…А яшчэ два тыдні назад яны мелі куды болей сілы.

Кожную раніцу пасля доўгай лагернай паверкі дваццаць спецыяльна прызначаных на тое палонных лезлі ў гулкі кузаў вялізнага «Ханамага» і пад канвоем васьмі салдат ехалі ў далёкі кар’ер. Увесь дзень да змяркання, без адпачынку і ежы, цяжкімі малатамі і кіркамі ламалі яны выкапнёвыя скальныя брылы. Той жа «Ханамаг» вазіў каменне ў горад. Лагер пашыраўся, будавалі яшчэ тры комплексы нявольніцкіх блокаў — на ўсходзе нямецкія арміі падыходзілі да Масквы.

Але аднойчы нечуваная вестка ўскалыхнула шматтысячную грамаду палонных. Невядома кім прынесеная з волі, яна ў некалькі гадзін абляцела ўсе блокі лагера. На рабоце, у бараках, у шматлікіх паверачных страях і бясконцых чэргах за ежай шэптам адзін другому перадавалі людзі нечуваныя словы, ад якіх многія плакалі радаснымі слязьмі надзеі. Праўда, ніхто не ведаў нічога пэўнага, шмат было варыянтаў тае навіны, але адно заставалася бясспрэчным — пад Масквой Чырвоная Армія граміла захопнікаў.

Гэтая вестка незгасальным агнём запаліла ў Валодзькіна вялікае жаданне ўратавацца — выжыць, прарвацца на ўсход. Ні ўдзень, ні ўночы не ведаючы спачыну сабе, ён думаў усё, як бы гэта зрабіць. Аб тым жа думалі многія.

І вось у адзін пахмуры, задожджаны восеньскі вечар дваццаць каменаломаў ускрайкам шашы брылі з кар’ера. Два канваіры ішлі наперадзе, два ззаду, астатнія чацвёра, паспяшаўшыся на адпачынак — была субота — паехалі раней на гружанай машыне. Непадалёк пачынаўся горад, ззялі агнямі домікі пад чарапічнымі дахамі, па дарозе адзін за адным праносіліся аўтамабілі. Змарыўшыся за дзень ад бясконцага крыку і лаянкі, канвойныя нешта суцішыліся, курылі [цы]гарэты, зрэдку гыркаючы на якога-небудзь аслабелага нявольніка. І ў такі вось час, калі на шашы выпаў кароткі перапынак у руху, над калонай гойкнуў нечы прызыўны кліч;

— Бі гадаў!!!

Не раз успамінаючы тое, Валодзькін так і не мог зразумець, адкуль толькі ўзялося сілы ў гэтых схуднелых людзей, адкуль стала гэтулькі энергіі і спрыту. Не паспелі канваіры што і падумаць, як іх ухапілі за горлы, павалілі, прыдушылі, пазабівалі драўлянымі чаравікамі-апоркамі, у якія былі абуты людзі. Той чалавек, што падаў свой кліч, камандаваў і далей — палонныя пахапалі ў забітых зброю, некаторыя панадзявалі варожую форму.

Хутка аднак яны ўгаманіліся, апамяталіся, удала захапілі на шашы першы грузавік, што выскачыў з горада, і, пасеўшы ў яго, пад аховай пераапранутых «канваіраў» паімчалі на ўсход.

Поделиться с друзьями: