Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Вадзім яшчэ гаспадарлівы, практычны, умелы. Калі яна скончыла лясны тэхнікум і атрымала назначэнне на Далёкі Усход, ён нямала патурбаваўся, і ўсё ж уладкаваў яе, праўда, хоць лабаранткай, у іх будтрэст. Пасля яны пажаніліся, і ён выстараўся гэтую кватэру, нанава абсталяваў ванную, здабыўшы недзе цудоўнай малочна-белай кафлі. Ён ведае, як вывесці чарнільную пляму на адзежыне, чым чысціць люстры, як спячы яблычны пудзінг і замарынаваць на зіму лісічкі. А яна?.. Усе гэтыя цікавыя драбніцы побыту неяк прайшлі міма яе дзявочай маладосці — яна шмат чаго не ўмее — у яе не дужа ладны выходзіць абед, прыгарае каша, дрэнна пякуцца аладкі. Праўда, Вадзім ніколі не папракае яе — шмат што ён робіць і перарабляе сам і ўсё вучыць, вучыць яе. Але неяк дрэнна ідзе ёй тая навука. Часцяком яна пазбягае бясконцых хатніх клопатаў і садзіцца за кніжку свайго любімага Джэка Лондана, героі якога з дзяцінства прывучылі яе марыць пра зманлівае — турботнае, змястоўнае жыццё.
Вадзім шмат што ўмее. Калі ён не заняты сваімі разлікамі, што прыносіць з работы, дык часта выпілоўвае ўвечары розныя выкрутаслівыя крывулякі ў фанерыне, з якой майструе потым прыгожыя настольныя штуковіны. Ірынка ў такі час сядзіць насупроць на канапцы, у руках яе — кніжка, але Вадзім просіць не чытаць, ён што-небудзь расказвае, і яна, заклаўшы пальцам старонку, сцішана пазірае на мужа, на яго ледзь ссутуленыя плечы, хударлявыя шчокі. У яго руках спрытна гойсае пружыністы лобзік і ціхенька матляецца на вузкім з залысінамі ілбе апаўшая пасма валасоў. Ён усё гаворыць, гаворыць, зрэдку пазіраючы на жонку, а яна маўчыць. Спачатку ён крыўдаваў на яе за гэтую маўклівасць, часам спыняў працу і пытаўся, што з ёй, але яна і сама не ведала што — проста ёй хацелася маўчаць, слухаць і думаць.
У той чэрвеньскі адвячорак яны гэтак сама сядзелі ўдваіх у сваім пакойчыку, ён ужо выпілаваў, што трэба было, і цяпер смярдзючым сталярным клеем змацоўваў фанерныя ўзоры — атрымлівалася прыгожая скрыначка для драбніц. Займаючыся справай, ён успамінаў пра сяброў свайго маленства, расказваў, а яна слухала і, аблакаціўшыся на падаконнік, пазірала ў расчыненае акно.
Унізе за невялікім і пыльным, не дужа яшчэ ўпарадкаваным дваром раскінуўся горад. Адсюль, з вышыні, ён выглядаў без аніякай прыгажосці — адны шэрыя, рудыя, чорныя дахі з безліччу закураных каміноў і разнахілых антэн. У прамежках дамоў варушыліся, хісталіся верхавіны дрэў, было ветрана, і ў небе, бы сняжынкі ў зазімак, мітусіліся, ападалі к зямлі і зноў узнімаліся шэрыя пушынкі таполяў. Іх было незлічонае мноства, яны напаўнялі прастор, мітусіліся, бліскалі на сонцы ў недасяжнай высі летняга неба і ўсё плылі і плылі кудысьці. Ірынка слухала мужа, і чамусьці ягонае апавяданне здавалася ўжо некалі чутым і не даходзіла да свядомасці, а ў адчуванні міжвольна заставаўся толькі гэты бязладны, устрывожаны лёт.
— Анатоль наогул нішто сабе быў хлопец, — казаў тым часам Вадзім, намазваючы клеем берагі фанерак. Ён сядзеў на табурэтцы за круглым сталом на сярэдзіне пакоя, абрус быў зняты, на стале, на каленях майстра і на падлозе ляжала па газеціне. — Хлопец нядрэнны, толькі безгаловы. Калі ўжо што ўлезе ў голаў, ніхто не выб’е. Павагі да навукі, безумоўна, не меў. Кажа, бывала, люблю канкрэтную справу, ненавіджу папяровую, і што ты думаеш? На другім курсе кінуў наш інстытут. Другія стараюцца, каб хоць як-небудзь атрымаць дыплом, выйсці ў людзі, а ён і вучыўся лёгка, а кінуў і паехаў некуды — ці ў Архангельск, ці яшчэ куды — забыўся ўжо. А ўчора, ведаеш, іду ва УНР месячную справаздачу звяраць, гляджу — шыбуе ўпоперак вуліцы. Пазнаў мяне. Дзе, пытаюся, як і што? О, кажа, не пытай: доўга казаць. У водпуск прыехаў, заходзь, кажа.
Вадзім пастукаў маленькім малаточкам, забіваючы маленькія цвічкі ў бакавінкі, і прыладзіў маленькае вечка. Любуючыся, ён адставіў скрыначку на сярэдзіну стала, прыжмурыўся:
— От і ўсё. Глянь, Іра, на мой твор мастацтва.
Ірынка павярнулася, няўцямна зірнула на стракатую ад узораў штуковіну. Яна ўжо бачыла гэтую шкатулку на чарцяжы, што прысылалі з часопісам, і не адчула цяпер ніякай цікавасці да яе.
— От яшчэ адпаліруем, лакам пацягнем, і будзе цуда. А можа, нават не лакам, а пафарбаваць бронзай — будзе як літая, — задаволена казаў Вадзім, адкінуўшыся на табурэтцы. — Ну, але гэта другі раз. Добрага патрошку. Праўда, Ірынка?
Ён гарэзліва падскочыў, абняў жонку за талію, яна трошкі скаланулася, абуджаная ад сваіх думак, але прыветна паглядзела на яго і чамусьці хуценька прамовіла, скіроўваючы яго ўвагу на іншае:
— Глянь, глянь, як ляцяць. Як лебедзі, маленькія такія, перамяшаліся, быццам згубілі што, важака страцілі…
— Што? А-а, таполі… Ну, глупства адно, якія там лебедзі! Проста адзін са спосабаў размнажэння. Батанічны варыянт, закон прыроды, — абыякава праказаў ён, раскінуўшы ў бакі натруджаныя працай рукі — высокі, хударлявы, трохі сутулы, у гладка нацягненай на грудзях сетцы-безрукаўцы. Ірынка неўпрыцям закусіла губу, на яе чыстым ілбе пралегла танюсенькая няроўная зморшчынка.
— Ведаеш, давай прагуляемся, — пасля паўзы сказаў Вадзім. — Што сядзець? Давай сходзім да Анатоля. Паглядзім, што ён за тыпус стаў.
2
Узяўшыся падручкі, яны паволі ішлі ў густой засені прысадаў па ціхай ускраіннай вуліцы.
Яна апранула свой новы гарнітур — шэры, з недарагога, але вельмі прыгожага каверкоту, якога яны набралі неўзабаве пасля вяселля. Гэта была Вадзімава ініцыятыва, ён адразу прыкінуў, як гэта нядорага і выгадна. І цяпер у аднолькавых гарнітурах яны выглядалі, нібы блізняты — маладыя, прыгожыя, статныя.
Яны маўчалі. Ён стараўся трапляць у нагу з жонкай і, задаволены сабой, вуліцай, надвор’ем, добразычліва пазіраў на сустрэчных, на гаманкую дзетвару ля платоў, выглядаў патрэбны нумар Анатолевай хаты. Збоч цягнуліся чыстыя цесныя дворыкі, адгароджаныя ад вуліцы пашарэлымі дашчанымі платамі, месцамі з дротам наверсе. У зацішнай цеснаце стрымана шумелі садкі, гучала з вокан радыё і ўсё ляталі скрозь беспрытульныя пушынкі таполяў.
— Ось жывуць жа людзі: садок, агародчык, музыка — любата, — казаў Вадзім.
Іра чамусьці не прыкмячала прыгажосці адгароджанага платамі жыцця; апроч тапалёвага лёту, у яе душы ўжо колькі дзён жыў, не слабеючы, незвычайны, страшэннай сілы вобраз далёкага Мексіканца.
Калі яна ўпершыню прачытала гэтае апавяданне, то, нібы аглушаная перуном, з паўгадзіны нерухома сядзела, нічога не чуючы і не бачачы навокал. З апошняй старонкі кніжкі на яе пазіралі страшныя чорныя вочы Рыверы, знясіленага, спакучанага, але перамогшага ў імя вышэйшай ідэі, у імя рэвалюцыі. Уначы ёй сніўся страшэнны баксёрскі бой і ўсё тыя зацятыя ў сваёй нечалавечай нянавісці вочы Рыверы. Упершыню тады яна невыразна яшчэ адчула, што нешта надламалася ў яе жыцці, знік зусім былы кароткі спакой — яна штосьці згубіла.
Урэшце Вадзім спыніўся перад рэдкімі садовымі весніцамі, бразнуў клямкай. У суседнім двары над нізенькім плотам высунулася цікаўная белавалосая хлапчукова галоўка, ён угледзеўся ў прахожых і зычна гукнуў у расчыненыя вокны абвітага зелянінай дома:
— Бабка Фрося, да вас прыйшлі!
У акне з’явілася старэнькая бабулька з акулярамі на носе і кніжкай у руках. Яна запытальна бліснула старамоднымі маленькімі шкельцамі, аберуч адчапіла ад вушэй дужкі і гасцінна запрасіла:
— Заходзьце, заходзьце, дзеткі, там не зашчэплена. Заходзьце.
— Анатоль дома? — запытаў Вадзім, расчыняючы дзверцы.
— Га? — прыклала да вуха руку старая. — Тут, дзеткі, тут Мерзляковы. Заходзьце, калі ласка.
— Дзядзька Толя ў катлаване, — растлумачыў за бабульку белагаловы хлапчук. — Там скалу выпальваюць.
— Гэта дзе? На Пустцы?
— Ага, дзе камбінат будуюць.
Вадзім адступіўся назад, зачыніў весніцы, ужо не зважаючы на глухую бабульку, якая ўсё запрашала зайсці. Ён ведаў, куды ісці, і падаўся тратуарам, а Ірына, цярэбячы ў руках галінку, трохі адстала ад мужа, і ён, прыпыніўшыся, пачакаў яе.