ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— У Сібіры, Забайкаллі, на Далёкім Усходзе — усюды быў патроху.

— Ой, гэта ж, відаць, вельмі цікава? Праўда?

— Што цікава? — уставіў сваё Вадзім. — Цікава там, дзе нас няма, — старая ісціна. Яшчэ Герадот пісаў…

— Як каму, — заўважыў Анатоль, звяртаючыся да Ірынкі. — Некаторым самота — культуры мала, яблыкі дарагія. А каму міла-дорага, хто прастор любіць, размах, вялікую работу.

— Які ўжо там размах, калі садавіны няма. У выніку таго «размаху» рана ці позна — гастрыт або язва. Ведаю я, — пярэчыў Вадзім.

Анатоль толькі рассмяяўся сваім дзіцячым залівістым смехам, і Ірынка зразумела, што Вадзім сказаў нейкае наіўнае глупства.

«Якія ў яго прыгожыя зубы», — міжвольна падумалася Ірынцы, — яна ўжо не мела сілы адарваць позірку ад гэтага загарэлага, абсіверанага, вясёлага твару. І тады, як цень невыразнага, забытага суму, згадалася ёй, што Вадзім ніколі не смяяўся так шчыра, што ў яго гнілыя, хворыя зубы, што ён залішне любіць лячыцца і занадта асцярожна пераходзіць вуліцу. Ад гэтага ўспаміну Ірынка балюча паморшчылася, панурылася і аж здзівілася, як гэта яна раней не заўважала гэткіх выразных заган чалавека.

Вадзім, аднак, нічога не прыкмячаючы ў настроі жонкі, узяў яе за руку і прытуліў да сябе. Яна пакорліва пайшла побач, а ў душы яе ўжо, відаць, канчаткова міналася тая кароткая першая радасць, невыразным жаданнем зашчымела сэрца, зноў стала чагосьці шкада і балюча, але ўжо куды мацней і нясцерпней, чым усе ранейшыя разы.

Анатоль расказваў, якая смачная і карысная на Далёкім Усходзе вясновая чарамша, што яна не горш за тутэйшую цыбулю і расце сама — нясеяная і неараная, адразу ж з-пад снегу; якія вялізныя і тлустыя тамашнія ласосі: у нераст яны лезуць у ручаі і рэчкі, і тыя аж не могуць змясціць вялізных іх касякоў. А колькі велічных будоўляў разгарнулася ў раней не кранутых чалавекам краях, і як усё гэта захапляюча і цікава! Ірынка слухала і ўсё хмурылася з твару, яе сэрца захлыналася ад нясцерпнай усеабдымнай жальбы. Яна прыгадала, як некалі была так блізка да таго незвычайнага, амаль гераічнага жыцця, і гэты ўспамін тупым болем засеў у яе душы.

Вербы і клёны слалі ў доле касыя частыя цені, парэзаныя палосамі сонца, у якіх мільгалі прахожыя. Цераз вуліцу важна і нетаропка прайшла белая рахманая каза, за ёй цягнулася доўгая вяроўка з калком на канцы. Від гэтай казы і ўвесь дрымотны малюнак ускраіннай вуліцы адгукнуліся ў сэрцы дзяўчыны новай горыччу, але яна ўсё маўчала, хаваючы ў сабе пакутлівыя перажыванні.

Вадзім далікатна прытрымліваў жонку, бы аберагаў ад якой небяспекі, Анатоль лёгка ішоў поруч. Плячысты, дужы, коратка падстрыжаны, патрэсваючы густой чупрынай, ён усё смяяўся і апавядаў пра далёкае, невядомае і зманлівае жыццё.

— Гэтую зіму здорава наляглі. Асабліва пад Усць-Ку-там. Тайга. Вы ведаеце, што такое тайга? — тоячы на пульхных вуснах радасную усмешку, пытаўся ён у Ірынкі. — Не, гэта не лес. Звычайны лес супраць тайгі — што сад супраць пушчы. Тайга — гэта падзі і сопкі і такі завал дрэў, што — ні на кані, ні пехатой. Чалавек там нішто — кузурка, але тэхніка — сіла. А гэтай тэхнікі там болей, чым яе было на фронце, на ўчастку прарыву. Яна ўсё крышыць — і лес, і горы, і скалы. А чалавек — толькі камандзір. Праўда, трэба 1 рукі, але болей галава і вочы. Ну, там ёсць на што паглядзець. Такі камень, як сёння, — ён махнуў рукой у бок Пусткі, — там глупства. Яго тры чалавекі прыбяруць. Пару тон аманіту — і чыста.

— А звяры? — ні то ўсур’ёз, ні то з прытоеным жартам спытаў Вадзім.

— Звяры? — перапытаў Анатоль, падкасваючы мокрыя рукавы на валасатых дужых руках. — Звяры, брат, уцякаюць у глухамань, у распадкі. Думаеш, тыгры, мядзведзі людзей дзяруць? Глупства, мінулі тыя часы. Хоць бывае, што з цікаўнасці падходзяць. Ад Тайшэта праклалі лінію сувязі. Ну, на доўгім перагоне засталіся лінейшчыкі, каб дарабіць што — кольвечы. Сядзяць хлопцы ў зямлянцы, і што такое? — кожнай ночы пад ранак — парыў. Пойдуць, злучаць — на другую ноч — зноў парыў. Думалі — шкоднікі якія. Рашылі падпільнаваць. Заселі ля расцяроба звечара, ружжы навялі, чакаюць. Аж пад ранак вылазіць з падзі касалапы Міхась, спыніўся, паветра нюхнуў і падыбаў да слупа. Залез, паглядзеў у адзін бок, у другі, лапай провад — капыш. Провад, вядома, тугі, ён дзынн-нн, а мядзведзь вуха прытуліў і слухае. І так давай Міхась музыкай забаўляцца. Хлопцы страляць хацелі, але цікава — чакаюць. А мядзведзь тромкаў, тромкаў, аж покуль не парваў, і ад таго, пэўна, сам спалохаўся, — саскочыў, ды наўцёк. Стрэльнулі хлопцы, не трапілі, вядома, але, відаць, напалохалі. Больш не пайшоў.

— Глядзі ты! — здзівіўся Вадзім. — Вось бы мядзведзя падстрэліць. Ты не прабаваў?

— Прабаваў, — усміхнуўся Анатоль, — ды няўдала.

— Ці не ад таго ў вас шрамы на шыі? — сур’ёзна запытала Ірынка.

— А, гэта, — Анатоль пацёр пад вухам сінія, ужо загоеныя, але, відаць, нядаўнія драпіны. — Не, гэта тросам. Паром праз раку хадзіў на сталёвым тросе, ды трос парваўся ў паводку. Ну, я паплыў, дастаў са дна канец, а хваля як рванула, дык мяне крыху драпнула. Але нічога — тыдзень у бальніцы паляжаў — і на працу. Час быў гарачы, людзей не хапала.

Яны падышлі да знаёмых весніц, у якія заходзілі нядаўна. Анатоль расчыніў іх насцеж і запрасіў гасцей.

— Дык ты што там — кіраўнік які? Спец? — усё захоўваючы свой тон перавагі, пытаўся Вадзім. Ён прапусціў Ірынку наперад, яна нясмела пайшла па двары, у яе шэрых сумных вачах трымцела трывога.

— Ды не, які там кіраўнік, — шчыра здзівіўся Анатоль. — Рабочы, радавы рабочы. — Ён памаўчаў крыху і пасля паўзы вытлумачыў: — Люблю, ведаеш, як след папрацаваць, добра пад’есці, адпачыць і зноў налегчы — ляпей учарашняга.

Энергічным рухам круглявых плячэй ён на хаду скінуў цераз галаву кашулю, пасля збегаў у пакой, вынес Ірынцы крэсла, а Вадзіма пасадзіў на лаўцы. Затым, перагаворваючыся з глухой бабкай у акне, пачаў мыцца, распырскваючы наўкола ваду, пырхаючы і ахаючы ад задавальнення. Ірынка неадступна сачыла за кожным яго рухам і кожным крокам. Яна маўчала, а незразумелая трывога ў яе душы ўсё расла і мацнела. Сама таго не жадаючы, яна раптам выразна ўбачыла іх побач — Вадзіма і Анатоля, убачыла аднекуль збоку, у жыцці, і ўсё тое, што раней падабалася ў акуратным, здатным да драбніц мужу, цяпер здалося мізэрным і фальшывым. Нават тое, як Вадзім заўжды мыўся над ракавінай у кухні, асцярожна беручы прыгаршчамі ваду і ні кропелькі не разліваючы на падлогу, здавалася цяпер нікчэмнай абмежаванасцю і толькі раздражняла дзяўчыну.

— Ведаеце, — казаў Анатоль, шырокімі ўзмахамі ручніка выціраючы грудзі і шыю, — чакаў водпуску, як свята якога. А прыехаў, паверце, занудзіўся. Без працы занудзіўся. А там хлопцы ўжо, пэўна, Вургунскі тунель канчаюць. Прыеду, калі ўсё скончана будзе.

Вадзім няўцямна перасмыкнуў плячыма — дзівак, маўляў, чалавек, а Ірынцы раптам здалося, што ў гэтага русавалосага, смяшлівага хлопца ёсць нешта ад таго далёкага зацятага Мексіканца. Не, знешне ён, вядома, зусім не падобны на агнявокага, адзінокага Рыверу — ён зусім іншы, ды і іншых часоў чалавек. Але, як і ў тым фанатычным змагары, адчувалася ў ім нешта неспатольна ўпартае, выразнае, раз і назаўсёды вызначанае і нязменнае — мабыць, гэтая бескарыслівая самаадданасць, улюбёнасць да сваёй, відаць, неверагодна цяжкай працы. Ірынка зноў, як і там, над катлаванам, шырока расплюшчыла вочы, поўныя невыказнага захаплення, і, не міргаючы, здзіўлена глядзела на Анатоля.

Невядома, што думаў Вадзім і ці заўважыў ён што, толькі раптам нейкі чужы яго голас ураз парушыў Ірынчыны зданімары. Яна азірнулася з болем на разгубленым здзіўленым твары.

— Ірынка, ты ж пляму пасадзіла. Глядзі, во, во, ля кішэні, — з прытоенай прыкрасцю казаў Вадзім. Яна слаба павярнулася, спрабуючы зазірнуць на свой бок, а муж ужо ўкленчыў побач і цёр насоўкай заплямленае месца.

— Чорт вазьмі, — вось сюрпрыз. Першы раз гарнітур адзела — і на табе. Трэба ж глядзець… — стрымана папракаў ён жонку. Анатоль, закінуўшы ручнік за плячо, таксама стаяў побач і зазіраў на палу сапсаванай адзежыны.

Поделиться с друзьями: