Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
— Добрая? Гм… Можа і добрая, але скнара. Сабе паліто з чарнабуркай справіла, а домработніца мые бялізну ў карыце… Вось яе дабрата.
Люся хацела сказаць гэтай дзябёлай жанчыне, што Дзіне Васільеўне даводзіцца адной выхоўваць дваіх малых дзяцей, што ёй цяжка, бо часта не хапае грошай, што яна эканоміць і выгадвае на ўсялякіх гаспадарчых драбязях. Ужо хто-хто, а Люся добра ведае, якая гэта клапатлівая і чалавечная жанчына. Але Маргарыта Яўгеньеўна вяла далей, кружыла па кватэры, цеснай ад мноства мэблі, і сыпала ўказанні наконт уборкі, догляду, чысткі ўсіх гэтых дываноў, шафаў, дзвярных ручак, люстраў, гардзін і парт’ер, паркету. Люся дзівілася, што гэтулькі клопату патрабуюць нямаведама каму патрэбныя рэчы. Гэта ж каб выгадаваць Валерыка і Наташку і то трэба менш старання.
Нарэшце, пазнаёміўшы новую домработніцу з яе абавязкамі, Маргарыта Яўгеньеўна падфарбавала перад люстэркам вусны і некуды выйшла з кватэры. Люся засталася адна. Яе агарнула пачуццё няпэўнай варожасці да гэтага шматклапотнага ўтулку і яго гаспадыні, якая надоечы так лісліва ўсміхалася ў вочы Дзіне Васільеўне і так зняважліва адзывалася аб ёй за вочы.
Люся агледзела падлогу, шафы, сталы, паправіла абрус, боязна абышла вялізны — большы за яе — гадзіннік у куце, які са старасвецкай важнасцю ледзь ківаў цяжкім маятнікам. Яна не ведала, што яшчэ можна зрабіць сёння, і, падхапіўшы падарункі, пабегла да вялікага люстэрка.
О, яна любіла ўбранне! Няважна, што не мела амаль нічога свайго. Усё роўна не горш ад любой модніцы разбіралася яна ва ўсіх гэтых шоўках, штапелях, крэпах, нейлонах і перлонах. Спачатку Люся прымерыла агністы халацік, а пасля светла-блакітнае плацце. Яна то пацешна падміргвала сабе ў люстра, то таямніча прыхмурвалася, адкінуўшыся ўсім целам, то высока задзірала свой курносы, крыху вяснушкаваты тварык, то пагардліва аглядала ў люстэрку велічную і гордую, амаль незнаёмую Люсю, то бралася ўбокі і круцілася па пакоі, шчаслівая ад уласнай маленькай радасці. Аказваецца, яна была зусім неблагая на выгляд дзяўчынка… Паступова ёй стала падабацца і трумо, перад якім можна было падурэць з сабою, і гэтая пакаёвая раскоша з безліччу бескарысных прыгожых рэчаў. Павесялеўшая і задаволеная, яна дачакалася гаспадыню.
Маргарыта Яўгеньеўна зноў разамлела ад спёкі і ледзьве дашкандыбала да мяккага крэсла. Некалькі хвілін яна не магла вымавіць слова, усё стагнала і абмахвалася хустачкай. Пасля неяк супакоілася і агледзела Люсю.
— Ну вось, зусім не тое, што вясковы сарафанчык. Цяпер можна і на вуліцу выйсці. Дарэчы, схадзі ў ларок і запраў пару сіфонаў. Гэта ведаеш дзе? Грошы я табе зараз дам.
Яна яшчэ раз неяк пільна зірнула на Люсю, паднялася і адчыніла дзверы ў спальню. Застаўшыся адна, Люся не ўстрымалася ад спакусы лішні раз зазірнуць у трумо. Паправіла заколатыя на патыліцы косы і, задаволеная, падміргнула сабе. У гэты час да яе данёсся насцярожаны голас гаспадыні:
— Люся, зайдзі сюды..
З прывычнай гатоўнасцю дзяўчына шмыгнула ў спальню, дзе гаспадыня з нейкай зацятасцю на спацелым твары перастаўляла каробкі на туалетным століку.
— Ты грошы тут не бачыла?
— Не, не бачыла, — адчуўшы, як раптам здрыганулася сэрца, сказала Люся. — Я не заходзіла сюды.
— Гм… Дзе ж яны? Дзесяць рублёў?.. Я ж клала іх сюды.
Яна прымоўкла, узіраючыся сюды — туды і неўпрыцям кідаючы запытальныя позіркі на Люсю. А тая, трымаючыся за ручку расчыненых дзвярэй, раптам адчула, як нешта правалілася ў яе пад нагамі і яна быццам апусцілася ў нейкае паганае бяздонне.
— Значыць не бачыла? — настойлівей перапытала гаспадыня і перастала шукаць. У глыбіні яе калючых і жорсткіх вачэй прытаілася нешта атрутнае.
— Не, — крыўдлівым і чужым голасам адказала Люся, ледзьве стрымліваючы дрыготкія вусны.
Бездапаможна цярэбячы вузенькі паясок падараванага плацця, Люся безуважна прайшла каля трумо, спынілася ля завешанага гардзінай акна і невідушчым позіркам уставілася на сонечны зялёны падворак. Пасля кароткай радасці ёй зноў стала сумна і горка. Гаспадыня ўсё нешта чмыхала за дзвярыма, а яна доўга пазірала, як мітусяцца ў галлі вераб’і.
Хутка знадворку забразгалі дзверы, і ў калідоры пачуліся лянівыя крокі. У пакой увайшоў Ігар, швырнуў на канапу пакамечаны капронавы брыль і рашуча наблізіўся да Люсі. Але ў гэты момант са спальні выглянула маці.
— Во, Ігарок, якраз дарэчы. Ты ў мяне са спальні грошы не браў?
Ігар, падрыгваючы тонкімі нагамі, адышоўся ад акна, бухнуўся ў матчына крэсла і, не спяшаючыся, дастаў з кішэні блішчасты партабак. Маці, поўная ўвагі, чакала адказу.
— Гм, — сказаў Ігар, пастукваючы папяросай па вечку партабака, — Так сказаць, першая сямейная драма. І прадмет спрэчкі — дзесяць рублёў?
— Ну, кажы, Ігарок, — не вытрымала Маргарыта Яўгеньеўна. — Кажы, браў ці не?
— Што за наіўнае пытанне? — зноў іранічна чмыхнуў сын. — Грэх пакідаць богам пасланыя пару рублёў.
Ён закурыў і, нахабна паводзячы вачыма, даследаваў знямелую маркотную Люсю.
— Ігаа-а-а-ар, — засцярожліва праенчыла маці. — Няўжо ты не мог узяць там, дзе ў мяне заўсёды ляжаць грошы? Не для цябе ж яны былі пакладзены…
Люся раптам зразумела ўсё… Не разважаючы болей, яна кінулася ў прыхожую, адтуль у ванную, сарвала з сябе дараванае плацце і дрыготкімі рукамі апранула свой старэнькі квяцісты сарафанчык… Яе душыла вялікая крыўда.
Пасля скочыла ў гасціную, таропка і бяздумна выхапіла з-пад стала свой так і не развязаны клуначак і, ні слова нікому не кажучы, выбегла ў калідор…
…Убачыўшы яе з гэтым клункам на парозе, Дзіна Васільеўна толькі спытала:
— Цябе пакрыўдзілі?
А Наташка і Валерык з піскам і смехам вобцас кінуліся да Люсі, пачапляліся за яе сарафан, лемантавалі на ўвесь голас:
— Вазьмі на ручкі! Вазьмі на ручкі!
Клуначак упаў з яе рук на падлогу.
— Дзіна Васільеўна, я там не буду… Я не магу…
— Ну і клопат вялікі… Ну і не трэба, — нічога не распытваючы, толькі ўсяго і адказала Дзіна Васільеўна. — Не прападзем жа, нешта прыдумаем… Можа разам з імі, — яна кіўнула на Валерыка і Наташку, — я ўладкую цябе на работу ў дзіцячы сад. А там ты і ў вячэрнюю школу пойдзеш…
— Ой, каб так было!.. Каб так… — сказала Люся, хілячы да сябе і цалуючы Валерыка і Наташку.
1959 г.
Паядынак
Шчыльнымі радамі ляжалі яны на голай затаптанай падлозе былой сярэдняй школы, гэтыя некалькі сотняў палонных — параненых, хворых, душэўна надломаных людзей.
Уставаць, размаўляць і хадзіць было забаронена, і яны курчыліся так доўгія дні і ночы, застылымі позіркамі ўтаропіўшыся ў падзёўбаную кулямі столь, у разбітыя шыбы вялікіх акон, у адзінае, што яшчэ нагадвала школу — пакрэмзаную класную дошку на тынкаванай сцяне. Дарагім напамінкам былога бялелі на ёй сляды, пэўна, яшчэ вясновых экзаменаў: рэшткі сказаў з падкрэсленымі словамі, напалову сцёртая алгебраічная задача, а дзе — нідзе на беражках рамы нават паблісжвалі напісаныя алоўкам выратаваўчыя вучнёўскія падказы. Гэта было жахліва — у такім пекле нялюдскіх пакут бачыць гэткія светлыя адзнакі інакшага, далёкага ўжо, як мара, жыцця. Яны быццам дражнілі, гэтыя зацёртыя словы «Пока свободою горнм…» і гэтыя рэшткі спісанай крэйды, і нават анучка — шэрая, размачаленая, даўно ўжо высахлая і забытая на самым краёчку дошкі.