Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Аднак радасць маці была нядоўгай. Узімку пад новы год бацька зноў напіўся, выгнаў яе на снег і гнаў босую аж да суседняй вёскі Глінішчаў. Пасля маці захварэла і памерла. Бацька прадаў казу, разгойшыў набытак, запіў яшчэ болей, і Косцю жыць дома стала нельга. Хлопец надзеў стары мацерын кажушок, фуражку з эмблемай, узяў свой двухлязы ножык і пайшоў у вёску. Там яго прытуліла нейкая радня, ён дахадзіў зіму ў школу, а потым пасвіў жывёлу. Тады ж ён пасябраваў з Федзем і з ім два гады назад прыехаў у горад і паступіў у будаўнічую школу.
I вось цяпер гэты самы Федзька, ціхі добры хлопец, паддаўся шайцы Правілы і прапівае з ім свае грошы. А дома ў гэтага лайдака клапатлівая, старэнькая маці, якая кожны тыдзень шле яму пісьмы, у кожным пісьме яна абодвух іх называе сынкамі і ўсё бядуе пра іх цяжкае жыццё «на мурах». Дык як было стрываць хлопцу і спакойна глядзець, як на вачах у яго бэсціцца гэты неразумны, але ўсё ж свой чалавек.
I Косця шыбаваў па гарадскіх вуліцах, зазіраў у сталоўкі, закусачныя, піўныя — шукаў Федзьку.
3
Розных закусачных, бутэрбродных, піўных у горадзе было безліч. У кожнай каморыне памерам ледзь не з сабачую будку, дзе толькі магло змясціцца пяць чалавек, нейкія людзі гарадзілі прылавак, ставілі пару сталоў і прадавалі гарэлку. Косця даўно ўжо дзіву даваўся, чаму гэта адны чытаюць лекцыі, пішуць у газетах пра шкоду алкаголю, а другія гэтак заўзята гандлююць гарэлкай. Забараніць бы яе зусім ці выдаваць у аптэцы або хоць бы прадаваць раз у месяц перад якім святам, як тыя дрожджы. Дык не. На кожным рагу шырокімі радамі вабяць з вітрын спакуслівыя для дурняў бутэлькі.
Косцік аббегаў з паўгорада, злятаў за Нёман у славутую «Хвалю», зазірнуў у два рэстараны, аднак тых, каго трэба, нідзе не было. Ён занепакоіўся, што патраціў шмат часу і, мабыць, спазніўся. Увесь час, лётаючы па вуліцах, ён вельмі злаваўся на Федзьку і на сябе таксама, што адпусціў хлопца, не ўтрымаў. Што ён напіша Федзькавай маці, калі той прап’е грошы і нічога не пашле ёй. Вось жа безгаловая істота, ну хіба ж так можна? Калі б хоць Косця не засцерагаў яго, не гаварыў, што так нягожа, што трэба жыць сваім розумам, а не слухаць гэтага прайдзісвета Правілу. Дык не ж!
Так хлопец прыбег на вакзал, паглядзеў ля аднаго ларка, ля другога — знаёмых не было. Тады ён збочыў у завулак, дзе яны некалі вазілі арматуру на дваццацісямі-кватэрны дом, — там, здаецца, была піўная.
Тым часам паволі вечарэла. Косця хутка крочыў па няроўным вузенькім тратуары, зазіраў на шыльды. Было прыкра, што Федзька перастаў слухацца і рабіў яму адны клопаты. Ну але ён усё роўна не адступіцца, і калі ўжо ўзяўся, то вырве яго з гэтай кампаніі. Косця нават усміхнуўся з свае рашучасці,— мусіць, таму і клічуць яго Няўломкам, што ўпарты ён і заўжды гне сваю лінію. Але хай. Хай завуць, як хочуць, а характар ён перамяніць не можа.
Піўная сапраўды была на тым самым месцы — між вялікіх цагляных дамоў лісліва прыткнуўся яе зялёны фанерны буданчык. Угары над дзвярыма вісела, аднак, шыльда сасісачнай, але Косця ўжо ведаў гэтыя гандлярскія хітрыкі і штурхнуў зашклёныя дзверы.
Захожых было тут нямнога. Чалавекі два стаялі ля прылаўка, гэтулькі ж сядзела за столікам з аднаго боку дзвярэй, а за другім у куце хлопец убачыў знаёмыя твары. Прыпёршыся да сцяны, знемагаў ад п’янай асалоды расхлістаны, потны Правіла. Закаціўшы пад лоб невідушчыя вочы, ён хрыпла цягнуў нейкую няскладную песню і паныла матляў галавой. Збоку ад яго ўзлёгся на край стала Шпур, які, відаць па ўсім, быў тут за гаспадара — наліваў шклянкі, бразгацеў посудам і пад песні завадатара спраўна ўплятаў каўбасу. Насупроць яго сядзелі і жавалі закуску двое незнаёмых дзецюкоў. Але дзе ж быў Федзька?
Толькі прыгледзеўшыся, Косцік убачыў Федзю, і жаласць да яго балюча кальнула хлопца. Не дужа прывычны да гарэлкі, Федзя ўжо зусім аслабеў, адкінуўся на піўную бочку, схіліў на грудзі голаў і так пакутаваў. Косця ступіў да іх стала, і тады мурласты Шпур убачыў яго.
— Гэ, Няўломак! — гукнуў ён. Правіла сціх, злабаціў голаў, насцярожана ўтаропіў у хлопца выцвілыя вочы.
— Браткі, Няўломак зламаўся — піць пачаў, — сказаў Шпур і раптам зарагатаў, шырока разявіўшы рот, напханы каўбасою. Дзецюкі здзіўлена азірнуліся, Правіла ўсё падазрона ўглядаўся ў яго, паводзячы галавой. Косцю стала агідна ад гэтых п’яных выкрыкаў, нялюдскіх, нахабных твараў, і ён ступіў да сябра:
— Федзя, — нягучна паклікаў ён. — Федзя!
Федзя ачнуўся, убачыў яго, хацеў устаць, але пахіснуўся, і Шпур лёгкім дотыкам сваёй цяжкай рукі пхнуў яго на ранейшае месца.
— Цыц! — гаркнуў ён. — Во яшчэ нянька знайшлася. Маленькі, нос трэба абцерці, порткі надзець! Га? Ну дай ручку, Фядзюк, ён цябе ў яслі павядзе. Ты ж сапляк, блазан, а ён твой кодлач…
— Палундра! — раптам грымнуў Правіла і ляснуў па стале кулаком. Доўгі сухі твар яго наліўся п’янай лютасцю. Федзька няўцямна зірнуў на Косцю, на зрудзелага страшнага Правілу і жаласна ўсміхнуўся. На нейкі час стала ціха, Косцік цярпліва чакаў, хоць яго аж перасмыкала ад агіды і няёмкасці быць у гэтай адзічэлай п’янай кампаніі. I тады Федзька — той самы добры, падаткі Федзька, пра якога гэтак клапаціўся Косця, — замармытаў нейкім чужым і бездапаможным голасам:
— Адчапіся, Косцік. Ну чаго ты прывязаўся? Я ж сам не малы…
— Чуў? — другі раз грымотна зароў Правіла і зноў пагрозліва і запытальна ўтаропіў у хлопца свае п’яныя, затуманеныя бельмы. — Чуў? Каціся к сякой-такой матары, салага несалёная!..
За сталом заварушыліся. Шпур дэманстратыўна саўгануў да локцяў рукавы, агаляючы ўшчэнт статуіраваныя валасатыя кісці. Правіла рвануў на грудзях світку і, сагнуўшыся крукам, цяжка ўзняўся за сталом, бы збіраючыся праз яго скочыць на хлопца. Косцік насупіў бровы і не крануўся з месца.
— Федзька, ідзі дамоў! — цвёрда сказаў ён.
Але Федзька ўжо баяўся ісці, ён ніякавата патупіўся, каб не зірнуць у сябравы вочы, і туліўся да бочкі. А Правіла шырокім жэстам ускінуў над сталом доўгую кастлявую руку і тыцнуў на дзверы:
— Прэч, салага! Выгрузіць яго! Майнай, братва!
Хлопцы адкінулі табурэткі і падаліся да Косці. За прылаўкам завішчала буфетчыца, нехта з-за другога стала пачаў нерашуча суцішваць людзей. Косця, аднак, стаяў спакойны і стрыманы.
— Пусціце Федзю, — казаў ён. — Не маеце права спойваць яго. Яму грошы патрэбны, у яго маці…
Правіла зноў нешта зароў з-за стала, і Шпур растапыранай пяцярнёй ткнуў у Косцеў твар. Іншыя схапілі яго за рукі, за плечы, пачалі штурхаць у дзверы. Аднак дзверы былі вузкія, і Косця рашыў не здавацца.
У гэтай цеснай будыніне пачалася барацьба. П’яніцы таўкліся ля хлопца, штурхалі яго і адзін аднаго. Шпур учапіўся за нейчую нагу і так падвярнуў яе, што адзін п’яны дзяцюк зароў дзікім голасам. На Косцевых плячах затрашчаў пінжачок, нехта балюча выкруціў яму руку, крычала за прылаўкам буфетчыца, а Косця супраціўляўся з усяе сілы і ўсё цвярдзіў сваё: