Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Надышоў час, калі стары пачаў пазіраць на дарогу, пільнаваць пісьманоску Нюру — ён чакаў весткі ад сына. Праўда, надзей было небагата, Ларывон ведаў, што Піліп — ягонай натуры, і не дужа распішацца. Хіба толькі здарыцца благое, якім багата вайна, таго бацька чакаў і баяўся.
Але ні вестак ад сына, ні добрых навін з фронта ўсё не было. Грышка ўвечары расказваў пра цяжкія баі пад Масквой, пад Тулай, пад Ленінградам, Растовам. Ларывон усё болей хмурнеў і горбіўся на зэдліку, Зося выцірала вочы, а Людачка, трымаючыся за матчын падол, з недзіцячай тугой пазірала на хлопца.
Аднаго разу Ларывон, устаўшы на золку, пачаў збірацца ў сланечнік. Яму, відаць, нездаровілася. Доўга абуваючыся, ён хваравіта пакрэктваў, браўся за бок, з недакручанай анучай на назе чагосьці задумваўся і сядзеў нерухома. Урэшце ён апрануўся, парыпаў па заснежаным двары, ладзячы санкі, і знік.
Зося гаспадарыла ў хаце, прыбірала, мыла посуд, чакала дзеда, але ён нешта забавіўся. Ужо прастыў і сняданак — пшонная каша, а старога ўсё не было. Тады жанчына занепакоілася, накінула на голаў свой шалік, замкнула Людачку і ўтаптанай сцяжынай пабегла за ваколіцу.
Быў сонечны марозны ранак. На ўвесь прасцяг ад сяла да краявіду ляжаў цудоўнай белізны прастор, ён ззяў мірыядамі іскрынак, пераліваўся мяккай сінявой ценяў ад хат, гурбаў, верб у ваколіцы. Высачэзныя дымы з комінаў грывастымі слупамі стаялі ў небе.
Стары ляжаў у лагчыне, каля наладаваных будыллем санак, і стагнаў. Зося спалохалася, думала, што здарылася бяда, але Ларывон папрасіў яе памагчы ўзняцца і доўга сядзеў на снезе. Яна выбавіла старога на роўнае, пасля вывалакла санкі. Аднак ісці ён не мог. як — кольвечы яна давезла яго да хаты, распранула, паклала ў ложак. Ён маўчаў усё, толькі ціха крактаў.
Адчуўшы благое, жанчына замітусілася, забедавала, не ведаючы, як памагчы чалавеку, спытала, ці не паклікаць людзей, з’ездзіць па фельчара. Ларывон ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і коратка рашуча адказаў:
— Не трэба!
Болей ён не сказаў нічога, нічога не прасіў, не стаў снедаць, укрыўся сваім кажушком і прыціх у запеччы.
Надвячоркам, яшчэ завідна, чаго ніколі раней не здаралася, у хату ўляцеў Грышка. Ён быў на дзіва ажыўлены, неяк узрушаны. Ларывон паглядзеў на яго і сцяміў: нешта сталася. Сын, не распранаючыся, выцягнуў з-за пазухі нейкія паперы, адзін аркуш падаў бацьку.
Ларывон на час забыўся пра хворасць, прыўзняўся ў ложку — гэта было пісьмо ад Піліпа. Пакуль ён узіраўся памутнелым зрокам у не дужа зграбныя радкі і з намаганнем разбіраў сэнс слоў, Грышка апавядаў Зосі, што пад Масквой — перамога, што мы наступаем, што мы б’ём немцаў. А якія трафеі, а колькі адваявана рускай зямлі — аж трыста кіламетраў углыб! Во калі яно пачалося! Слухаючы гэта і чытаючы адначасова, Ларывон пакрысе разумеў, што сын пісаў са шпіталю, што ён паранены ў баях за Маскву і цяпер ляжыць на лячэнні ў горадзе Горкім, што рана цяжкая, з пашкоджаннем косці, але не бяда — ачуняе. Затое добра далі фрыцам, настала і на нашай вуліцы свята.
Ларывон апусціў на кажушок сваю высахлую — скура ды косці — руку, адхінуўся на падушку і заплюшчыў змакрэлыя вочы. Хвілін колькі ён не чуў і не бачыў нікога, толькі адчуваў, як агортвала яго позна прычаканая радасць…
Грышка заўважыў незвычайны стан бацькі і раптам неяк прыціх. Шчаслівымі слязьмі плакала Зося, толькі адна Людачка пазірала строга і сумна.
Суняўшы хваляванне, Ларывон папрасіў Грышку знайсці яму чыстую кашулю, не ўстаючы з ложка, адзеў яе, зноў лёг і паклікаў да сябе сына.
— Паглядзі-тка там, у куфры, — такі зялёны карабок. Дай сюды.
Грышка адчыніў цяжкае, размаляванае нейкімі кветкамі века матчынага сундука, адразу дастаў з-пад вопраткі добра вядомы з дзяцінства карабок і падаў бацьку. Той непаслухмянымі пальцамі адчыніў яго, выняў адтуль тры крыжыкі на паласатых чорна-рудых стужках і па адным пачаў прычэпліваць на свае знямоглыя старэчыя грудзі. Сын, Зося і Людачка з маўклівай павагай стаялі побач.
Прыладзіўшы ўзнагароды, Ларывон адкінуўся на па-душку і паглядзеў на прысутных. У яго зацененых касматымі брывамі вачах была спакойная разважнасць усё зведаўшага ў жыцці чалавека.
Сын неадрыўна пазіраў на бацьку, і ўсё болей марнела яго вясёлая ўзрушанасць, нешта жадаснае адбівалася на яго абсівераным маладым твары. Ён трымаў у руках паперку, усё збіраўся нешта сказаць бацьку і вагаўся.
— Тата, — урэшце наважыўся ён, — тата, мне вось павестка з ваенкамата. Таксама ў армію, а вы…
Ларывон зірнуў на яго, нібы здзівіўся. У армію? Пасля задумаўся і ля^гаў доўга. Сын і Зося з дачкой усё стаялі побач і чамусьці, бы якога прысуду, чакалі, што скажа стары.
— Ну, што ж — ідзі… Усе мы хадзілі. Можа, ты шчаслівейшы… Зробіш, што нам не прыйшлося… Дажывеш — мір пабачыш… Эх, мір, мір! — гаротна выдыхнуў Ларывон і зноў замоўк, нерухомым поглядам уставіўшыся ў закураную нябеленую столь. Пасля ціха, але рашуча пацвердзіў:
— Ідзі, сын!
Ён склаў на грудзях рудыя, схуднелыя рукі, самі заплюшчыліся яго пагаслыя вочы, і стары заціх у забыцці — сухі, касмылявы, сівы, з трыма георгіеўскімі крыжамі на запалых грудзях.
Грышка боязна паглядзеў на бацьку, зірнуў на Зосю з малою, уздыхнуў і пачаў збірацца ў сваю вялікую, нязнаную дарогу.
1959 г.
Эстафета
Ён упаў на забаранаваную мякаць агароднай зямлі, не дабегшы якіх дзесяці крокаў да пасечанага асколкамі белага доміка з разбураным чарапічным дахам — іхняга ўчарашняга арыенціра тры.
Перад тым ён, ірвучы гімнасцёрку, прадраўся праз калючы гушчар жывой загарадзі, у якой з самага ранку гэтага пагоднага красавіцкага дня гулі, варушыліся пчолы, і, акінуўшы хуткім позіркам рэдкі ланцужок постацей, што па свежа апрацаваных агародах беглі да ўскраінных домікаў, замахаў рукамі і праз стрэлы і выбухі крыкнуў:
— Прыняць улева, на кірху!!!
Пасля прыгнуўся, неяк баднуў галавой у зухавата прыткнутай пілотцы і, выпусціўшы пісталет, тыцнуўся тварам у цёплую мякаць зямлі.
Сержант Лемяшэнка ў той час, размахваючы аўтаматам, зморана трухаў уздоўж калючай, дбайна падстрыжанай зялёнай сцяны і ледзьве не наскочыў на свайго нечакана распластанага ўзводнага. Спярша ён здзівіўся, што той гэтак недарэчна спатыкнуўся, нейкая няяснасць кораценька мільганула ў свядомасці, але затым усё стала на сваё месца. Лейтэнант назаўжды застыў, убіўшыся русавалосай галавой у пульхную зямлю, падкурчыўшы пад сябе калена левай нагі, выцягнуўшы правую, і некалькі пчол патрывожана мітусіліся над яго нерухомай прапацелай спіною.