ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

На фартэпіяна чакалі яе два дні разгорнутыя практыкаванні, ды Галя ўжо забылася на гамы, яе душэўная ўзрушанасць прасіла чагосьці іншага — вольнага і шырокага. Бяздумная і далёкая, яна кранула клавішы — пальцы самі сабой натрапілі на дзівосныя такты любімага пракоф’еўскага «Вальса». Яна навучылася яго іграць даўно, яшчэ да музычнай школы, гэта быў яе любімы «твор для сябе», аднолькава блізкі ёй і ў гора, і ў радасць. Свежая, як ранак, мелодыя, поўная лірызму і летуценнасці, закружыла яе і панесла на сваіх бяздумна-салодкіх хвалях…

Невядома, колькі іграла яна, многа ці мала — паўтарала з пачатку ў канец, асобна праіграла некаторыя мясціны, дзенідзе збівалася з рытму, парушаючы стыль, але гэта было нічога; яна прымала яго і з фальшывасцю — як умела. Урэшце, супакоеная і трошкі стомленая, дзяўчына падышла да акна. Праз занавеску яна кінула погляд у завулак — там былі адны хлапчукі. Яшчэ поўная зачараванасці музыкай, Галя задуменна зазірнула ўніз і ўжо другі раз ледзьве не войкнула. Вялікія сінія вочы з-пад высока ўзнятых белых броваў здзіўлена і заварожана глядзелі на яе знізу ўгару з-за шчыкецін іх агародчыка.

Яна спачатку спалохалася гэтага ўтрапёнага позірку, а затым сарамліва ўсміхнулася. А ён, усё яшчэ не варушачыся і трымаючыся абедзвюма рукамі ў вялікіх рукавіцах за канцы шчыкецін, чуць прыадкрыўшы рот, усім сваім белабрысым бясхітрасным тварам уставіўся ў яе.

— Што… усё? — спытаўся ён, і лёгкі жаль адбіўся ў яго светлых вачах.

— Усё… А што? — сказала яна.

— Хіба… Хіба гэта ты?

Яна кіўнула і прыкусіла губу.

— Ну кажы — так і паверу, — не верыў хлопец. — Мусіць, хто старэйшы?

— Ну што вы! — сказала Галя, абапіраючыся на падаконнік. — Вельмі нават дрэнна, з чаго дзівіцца!

Хлопец пазіраў на яе ўсё яшчэ недаверліва і трошкі збянтэжана — відаць, ад нядаўняга ўражання, пасля зняў рукавіцу і паскроб белыя віхры на патыліцы.

— Тады малайчына, калі праўда… Мне б так навучыцца!..

— За чым жа стала, вучыся, — даляцела з-пад агародчыка, і тут толькі Галя заўважыла Архіпа; ён сядзеў на лаўцы пад кустом вяргіняў і разгортваў папяровы скрутак. Хлопец жа, безуважны да яго занятку, як стаяў, так і сеў проста на вуліцу, тварам да акна.

— А што, 1 навучуся, — задзірыста сказаў ён, ашчаперыўшы калені і зірнуўшы ў акно прыжмураным ад сонца вокам — здалося Галі — падміргнуў ёй.

— Ды ўжо ж, хвалілася каза, у хляве стоячы, — засмяяўся Архіп.

— А вось і не. Вы не ведаеце, а я ў вёсцы на гармоніку два гады граў.

— То гармонік, а то, брат, тонкі інструмент. Ігра ад ігры асобіцца, ядрона рэпа. На, лепш паснедай.

Ён расхінуў паперу, садраў з кефірнай бутэлькі срабрыстую галоўку, разламаў напалам батон і падаў Лёньку.

Хлопец няёмка паёрзаў, чамусьці ніякавата зірнуў на Галю ў акне, але ўзяў — далікатна і зважліва.

— Зараблю грошай — куплю баян, — абвясціў ён, адарваўшы зубамі добры кавалак булкі. — І яшчэ ў школу паступлю. Без музыкі ў душы цесна.

Галя тым часам зусім ужо асвойталася з імі, гэты хлопец чамусьці нагадаў ёй суседскага Віцьку — наіўнага ласкавага пяцікласніка, і ёй стала добра. Лёнька старанна ўмінаў батон, ашчадна адпіваючы з бутэлькі, якую чакаў Архіп, а Галя, аблакаціўшыся на падаконнік, з усмешкай разглядала гэтага дзіўнага бялявага хлопца.

— Скажыце, а вы будзеце наш завулак асфальтаваць?

Лёнька ўзняў галаву, заўсміхаўся, таропка праглынуў кавалак і пацвердзіў:

— Ды ўжо ж. Ад тупіка да самай вуліцы. Сто метраў загадаў брыгадзір… Да вечара — хоць трэсні.

Ён аддаў Архіпу паўбутэлькі кефіру і ўзняўся, смешна расставіўшы ногі ў дашчэнту запэцканых штанах.

— Слухай, дзяўчо, пайграй яшчэ. Як гэта музыка завецца?

— Гэта «Вальс» Пракоф’ева, — сказала Галя, калупаючы падаконнік. — Толькі дарма вы, я зусім дрэнна іграю.

— Ну, дрэнна! Ты не нагаворвай на сябе, — усё смяяўся Лёнька. — Аж дух займае. Дык пайграй, га?

Галя засаромелася, адступіла ад акна і сумелася. Яна яшчэ не чула, каб людзі гэтак прасілі музыкі — і ў школе, і дома яна прывыкла, што музыку паважалі, слухалі і ігралі, калі быў час, толькі ўслых ніхто не выказваў асаблівага ўзрушання ад яе. Шмат якія творы дзяўчына чула па радыё і ў выкананні маці, але ці, можа, таму, што прывыкла і страціла ўражанне навізны, ці, можа, ад бясконцых школьных практыкаванняў пераставала як след даражыць многім. «Каму патрэбна такая самадзейнасць? — казаў часам бацька. — Музыка, як і ўсё, — прадмет цэнтралізаванага забеспячэння: ёсць радыё». Маці і дачка не згаджаліся, але і не пярэчылі — сапраўды, у нейкай меры бацька меў рацыю. І тут — гэты белабрысы асфальціроўшчык з яго просьбамі…

Галя падышла да фартэпіяна, пагартала ноты, падумала, што ў некаторых мясцінах яна была бездапаможнай няўмекай. Не, яна не можа псаваць гэтай дзівоснай музыкі, яна зусім яшчэ дылетантка, часта фальшывіць або проста праглынае, змазвае трудныя часткі — ёй ужо даўно казала пра гэта і маці. Тое не так, тое не гэтак — гаварылі ёй штодзень, а гэты сказаў: дух займае. Але не, нельга ашукваць чалавека, які так шчыра аднёсся да яе майстэрства і перацаніў яе здольнасці. Нешта ў ёй прымусіла паставіцца да сябе стражэй, упершыню дзяўчына адчула сябе вінаватай за пераэкзаменоўку, пасаромелася за няўмельства, ёй хацелася ў нечым стаць вартай гэтых рабочых з іх нялёгкаю працай.

— Дык пайграеш, га? — чуўся за агародчыкам хлапечы голас, але яна ўжо не паказвалася ў акне. Прытаіўшыся за занавескай, Галя моўчкі сачыла за імі,— як яны курылі, нешта ўпаўголаса перагаворваліся аб сваіх справах, потым старэйшы ўзняўся, і яны пайшлі да катла. Лёнька азірнуўся на акно, і тады яна, засмуткаваўшы невядома чаго, уздыхнула.

…З паўдня Архіп і Лёнька пачалі асфальтаваць тратуары. На вузкай палосцы ля плота Архіп разгарнуў прывезены самазвалам пясок, а Лёнька, зухавата падхапіўшы жалезную тачку, пачаў вазіць дымны смярдзючы асфальт. Гэта было, пэўна, нялёгка: на грудзях і руках хлопца напружваліся мускулы, спіна макрэла ад поту, але сам ён заставаўся паранейшаму вёрткі, вясёлы, нібы прыемней за гэту работу нічога не ведаў у жыцці. Варта было паглядзець, як ён, вывернуўшы пры плоце дымную кучу асфальту, бягом гнаў перад сабой тачку, поўнячы вуліцу шумам і грукатам, як спрытна варочаў у катле вялікай лапатай і з якой зачараванасцю бегала за ім галапузая басаногая блазнота, каб пераканацца, што гэтая праца для хлопца была прыемнай і звыклай.

Галя шырока расхінула гардзіны, каб бачыць увесь завулак, і то сядзела на падаконніку, то бязмэтна тупала ля акна. Яна ўжо не іграла болей, прыціхла, бы злоўленае мышаня, увесь час адчуваючы насцярожаную хлопцаву ўвагу да акна. Пасля яна старанней прыбрала ў пакоі, перагарнула свае ноты, якія цяпер чамусьці набылі новы, куды больш аначны сэнс.

Тым часам завулак мяняў аблічча.

Архіп хутка разгортваў лапатай рыхлыя кучкі асфальту, затым кароценькай дошчачкай спрытна разгладжваў яго па зямлі. Уздоўж плота марудна, але няспынна расладаўжэла свежая, чорная і не астылая яшчэ пад спякотным сонцам палоса тратуара. Хлапчукі з дворнікавым завадатарам у вайсковай фуражцы ўсё штурхаліся ля Архіпа, ледзь не наступаючы яму на рукі, а ён не сварыўся, толькі нешта жартаваў з імі і сачыў, каб тыя не ступалі на мяккі яшчэ асфальт. Галя зайздросціла ім, гэтым падшывальцам, яна таксама хацела быць там, паспрабаваць самае тае нялёгкай і важнае працы, але пасля размовы з хлопцам сарамлівасць утрымлівала яе. Каб не губляць марна часу, яна ўзяла падручнік, прыладзілася на падаконніку і так, не адрываючыся ад падзей у завулку, спасцігала недацэненае раней мастацтва музыкі.

Поделиться с друзьями: