Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Назаўтра ўранку аказалася, што хляўчук, дзе ляжалі дровы Кругловых і дзе часам начаваў Банцік, запёрты на вялізны замок. Аўсейчыкаў, які ўжо ішоў на працу і выявіў тое, вярнуўся, здзеў свой макінтош, і, узяўшы малаток і цвікі, са зларадствам на твары падступіўся да прыбіральні. Ён мабыць гадзіны на дзве спазніўся на працу, але прыладзіў замок на дзверы гэтай забудовы і з выглядам здзейсненай помсты аднёс у кватэру ключ.
На ціхім зялёным падворку, з клумбай, кветнікам і бухматым кустом адцвіўшага бэзу, дзе раней быў райскі ўтулак і згода, разгарэлася незвычайная барацьба. Перш за ўсё тут абязлюдзела. Збіты вясной са старых дошак стол і дзве ўкапаныя ў зямлю лаўкі цяпер пуставалі ўсе ранкі і вечары, дзверы агульнага калідорчыка рэдка расчыняліся, вокны былі заўжды завешаны паркалёвымі фіранкамі. Дом зрабіўся змрочны, непрыветны і варожы, як і яго гаспадары. Джульбарс цяпер без гаспадара не з’яўляўся ў двары (Кругловы баяліся атруты) і толькі ўвечары, калі на вуліцы запальваліся рэдкія ліхтары, зласчасны сабака выходзіў на кароткім павадку, заціснутым у дужай руцэ Круглова. Банцік жа круглыя суткі шкрэбаў дзверы ў пакоях Аўсейчыкаў.
Пасля таго вечара між варожымі бакамі не было сказана ні слова, але барацьба набыла лютую форму. Праз які тыдзень на падворку з’явіўся незнаёмы чалавек у цёмным пінжаку, выцяг з кішэні блакнот і, паглядзеўшы спачатку ў яго, а пасля на рог дома, рашуча пастукаў у дзверы. Адчыняць выбегла Аўсейчыкава, яна, пэўна, ведала, што патрэбна гэтаму чалавеку, які назваў сябе супрацоўнікам рэдакцыі. Ён нешта выпытваў у яе, запісваў, пасля пастукаўся да Кругловых. Праз гадзіну пасля яго адыходу Круглоў надзеў кіцель з ордэнскімі планкамі, вайсковую фуражку і пайшоў. Неўзабаве ён вярнуўся з вусатым пажылым дзядзькам, які прынёс з сабой скрыначку са сталярскім інструментам. Яны разам агледзелі калідорчык, і дзядзька пачаў праразаць у яго дашчатай сцяне асобны ход. Дні праз тры, пэўна, у адказ на гэтую меру, тут з’явіліся двое вясёлых маладых хлопцаў, яны выкапалі ўпоперак двара некалькі ямак, укапалі слупы і да вечара збілі плот — магутны бастыён на рубяжы двух варожых уладанняў. А ўвечары таго дня ў вокнах Кругловых ледзь не да світання не гасла святло і на фіранцы ківаўся каржаваты цень гаспадара, які ўсё пісаў і пісаў нешта. Пэўна, тое пісанне ўнесла змены ў дамаседнае жыццё пенсіянера, які затым кожнага ранку адразу ж за служачым Аўсейчыкавым пачаў хадзіць некуды. Суседзі казалі, нібыта бачылі яго то ў ваенкамаце, то ў міліцыі, то ў гарсавеце. Аўсейчыкава ж даўно ўжо абівала парогі ў домакіраўніцтве, ветэрынарнай лячэбніцы і нават у пракуратуры.
У выніку гэтых дамаганняў праз колькі дзён Круглоў атрымаў павестку даставіць свайго Джульбарса ў ветэрынарную лячэбніцу для праверкі на шаленства. Пенсіянер выканаў гэта, але ў той жа вечар, не знайшоўшы іншага спосабу помсты, абрэзаў провад, які з рога яго кватэры падключаў іх дом да вулічнай электралініі. Некалькі начэй дом стаяў як не жылы — з цёмнымі вокнамі, маўчала радыё, і гаспадары адной кватэры слалі праклёны другім, а тыя ціха радаваліся.
I вось праз некалькі дзён ля брамкі іхняга дома спынілася чорная «Волга», з якой вылез сам старшыня гарсавета з начальнікам гаржыладдзела. Яны абышлі ўсё, агледзелі сляды застарэлай варожасці, паслухалі стрыманыя, поўныя ўзаемнай нянавісці довады дзвюх гаспадынь і, паківаўшы галовамі, паехалі. Паколькі справа гэтая здалася ім вельмі складанай, кіраўнікі паабяцалі назначыць камісію.
Некалькі дзён Аўсейчыкавы былі на сёмым небе. Прачынаючыся ўранку, яны перш за ўсё выглядвалі на вуліцу, пасля пільнавалі ля вакон — чакалі створаную па іх заявах камісію, якая разбярэ справу і пакарае ворагаў. Але ворагі таксама не бедавалі. Круглоў час ад часу наведваўся ў горад, званіў з аўтамата — ён таксама чакаў камісію, якая для разбора ягонай справы была створана ў ваенкамаце. У яго таксама была на яе вялікая надзея. Вестка аб доўгай барацьбе гэтых сем’яў ужо разнеслася па горадзе і шмат хто са знаёмых быў у курсе падзей і таксама чакаў камісій.
I вось камісія з’явілася.
У адзін вясёлы жнівеньскі ранак загрукала з вуліцы брамка, і Круглоў з Аўсейчыкавай навыперадкі кінуліся адчыняць. Неяк так сталася, што пенсіянер не дабраў спрыту, і засоў адсунула Аўсейчыкава. Пасля яны абодва сціхамірыліся ля варотцаў, прапускаючы ў двор знаёмых і незнаёмых людзей — і намесніка старшыні гарсавета, і домакіраўніка, і гарадскога пракурора, і карэспандэнта мясцовай газеты, нейкага ваеннага ў форме і нават участковага міліцыянера. Захожыя, не дужа вітаючыся з гаспадарамі, з гоманам разыходзіліся па панадворку, аглядаючы дзесяткі разоў апісаныя ў скаргах замкі і платы, гамонячы паміж сабой і спрачаючыся. А Круглоў з Аўсейчыкавай у той час стаялі ля брамкі і ламалі галовы, згадваючы, чыя гэта камісія. Тое ж, відаць, больш за ўсё цікавіла і Кацярыну Кірылаўну з Аўсейчыкавым, якія нечакана поплеч апынуліся ля ганку па другі бок двара. I тады раптам высветлілася, што абедзве камісіі аб’ядналіся.
На панадворак вынеслі крэслы, і людзі, абляпіўшы стол пад кустом бэзу, узяліся высвятляць справу.
Засядалі доўга. Былі выслуханы ўсе ўдзельнікі недарэчнае сваркі, якія нішчылі адзін аднаго і патрабавалі знішчэнне «шалёнай» сабакі. Кацярына Кірылаўна ў часе абмеркавання два разы млела, і Круглоў вяртаў ёй прытомнасць нашатырным спіртам, які спецыяльна для таго трымаў у кішэні; Аўсейчыкава разоў з дзесяць бралася плакаць. Абодвума бакамі ў адрас сваіх ворагаў было сказана столькі, што члены камісіі пазбягалі глядзець адзін аднаму ў вочы і толькі трудна ўздыхалі. Уздыхаць, прынамсі, было ад чаго — час ішоў, а вінаватыя і сродкі прымірэння так і не былі вызначаны.
I ў такі час, калі ўсе ўжо былі страшэнна змораны чалавечай непрымірымасцю, за сталом раздаўся вясёлы голас маладога рахманага пракурора.
— А дзе ж тыя сабакі, якія ўсчалі ўсё гэта. Мо’ і сапраўды трэба садраць з іх скуру, калі яны нарабілі тое. Можа яны сапраўды шалёныя?
Людзі пачалі азірацца, гаспадары кінуліся ў пакоі, дзе некалькі месяцаў пільна ўтрымліваліся іх падапечныя, але аказалася, што дзверы абодвух кватэр з ранку расчынены і сабакі зніклі.
Тады ўсе разышліся па двары, цюцюкаючы чацвераногіх зачыншчыкаў, і неўзабаве недзе за рогам раздаўся гучны, раскоцісты, ажно гамерычны рогат пракурора.
— Ха-ха-ха! Ой, ха-ха-ха! Глядзіце: цуда і толькі.
Усе кінуліся ў той бок і абступілі чалавека, які, аберуч ухапіўшыся за жывот, рагатаў і ўсё паказваў пад плот.
Ля плота сабралася чалавек з дзесяць членаў камісіі, чацвёра суседзяў-ворагаў, і ўсе моўчкі, поўныя здзіўлення пазіралі ўніз, дзе ў цяньку ад плоту надзвычай лагодна прыхінуўшыся адзін да аднаго соладка і мірна спалі Джульбарс і Банцік. Смех і людзі, вядома, разбудзілі іх, але сабакі не збіраліся ўцякаць, толькі незадаволена прыўзнялі галовы і лена глядзелі на развесялелых людзей.
Сапраўды, уся гэтая застарэлая варожасць здалася дзівосна дробязнай, апрыклай і недарэчнай у параўнанні з бяздумным сабачым мірам. I першы тое адчуў, відаць, Круглоў. Ён раптам плюнуў пад ногі і торапка пайшоў у дом, гучна бразнуўшы дзвярыма.
За ім, хаваючы ад людзей вочы, папляліся Кацярына Кірылаўна і Аўсейчыкавы, а члены камісіі, раптоўна загаманіўшы ўсе разам, пачалі дружна збіраць са стала паперы.
Неўзабаве ў двары пад плотам засталіся адны, надзіва дружалюбныя, сабакі.
[1960 г.]
Хлебны акраец
Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась, сіў-ш-шась…
Вузее-меншае травяністы хамлак на лугавіне, бліжай і бліжай да альховага ўзлеску падступаюць трое касцоў ужо ўвесь луг за іх спінамі палёг даўжэзнымі, выгінастымі, як хвалі, пракосамі. Сонца, увабраўшыся ў сілу, зусім звузіла цень ад гушчаруалешніку, замакрэлі ад поту Сцяпанавы лапаткі пад старэнькай залапленай гімнасцёркай, прысохла і не адліпае ад голых валасатых лытак травяная драбяза. Сцяпан падганяе пад самы алешнік свой апошні пракос, размашыста забівае ў зямлю канец касавільна і ўзнімае голаў.
Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась — шырока адмахвае за ім Лёнік Бокуць — здаровы рукасты дзяцюк з ленаватымі соннымі вачыма і бліскучымі ад поту плячмі. Майка яго таксама мокрая, хоць выціскай, па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту, блішчаць аблепленыя дзяцелінай халявы гумовых ботаў. Ленаваты Лёнька не прывык завельмі мардавацца на працы, і хоць стае маладое сілы, выдаткоўвае хлопец яе эканомна і пакутна. Дайшоўшы да дзядзькі Сцяпана, ён кідае на пакошу касу і знедужэла валіцца ў засень.