ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Архіп і Лёнька працавалі заўзята — смылілі ў завулку дымам, палілі кацёл вялікім і малым агнём, слалі і слалі пры плоце чорную стужку асфальту.

…Надвячоркам, калі спякотнае сонца ў бясхмарным небе кранулася даху школы, усё было скончана. Пад катлом засталася шэрая грудка попелу, Лёнька сабраў у кучу ўвесь іх закураны інструмент, выцер аб штаны страшэнна запэцканыя далоні. Архіп узяў з-пад плота несамавіты свой пінжачок, яны закурылі напаследак, і Лёнька ўзняў голаў да яе акна.

— Ну, дзякуй за музыку. Вучыся — на канцэрт слухаць прыйдзем, — гукнуў ён, заўсміхаўся і памахаў рукою. Твар яго быў ужо зусім чорны, абсмылены, а зубы, вочы і віхры валасоў таму здаваліся яшчэ святлейшыя.

Яна зразумела, што гэта развітанне, і дзяўчыне стала чагосьці нясцерпна шкада. Не адказваючы юнаку, Галя кінулася ў дзверы, па парэнчах ссунулася ўніз, ускочыла ў агародчык і пачала таропка рваць свае ўсё лета гадаваныя вяргіні. Яна рвала кветкі з лісцем, са сцябламі і галінамі — нарвала цэлы ахапак, спяшаючыся і баючыся спазніцца, адчуваючы, што мінаецца зараз нешта незвычайнае, непаўторнае і вельмі важнае.

Праз якую хвіліну, калі дзяўчына выскачыла з агародчыка, тыя двое людзей зморанай хадою працаўнікоў выходзілі з завулка на вуліцу. Яны ішлі няспешна — Архіп у накінутай на плечы світцы, Лёнька ў аблезлай майцы, туга напятай на яго дужай спіне. Асфальціроўшчыкі нават не азірнуліся назад, дзе з апушчаным букетам ярка-чырвоных вяргіняў разгублена стаяла дзяўчына і ляжаў аздоблены і ўпарадкаваны іх працай завулак. Бы дзве закапцелыя парныя лыжы, пралеглі абапал дарогі зманлівыя, чысценькія, блішчастыя тратуары.

А завулак працягваў жыць сваім прывычным жыццём. Па зацвярдзелым ужо асфальце насілася басаногая вулічная драбнота — Колі, Васі, Пеці, Ігарочкі, Людкі, Ленкі і, як заўсёды, наперадзе ўсіх — дворнікаў Генька ў насунутай на пераноссе фуражцы.

— След, след, глядзі след! — закрычаў ён, раптам спатыкнуўшыся на ўскрайку чорнае паласы. — След застаўся, глядзі! Во!

Да яго навыперадкі, падаючы і разбіваючы з лёту насы, кінуліся малыя, а Галя задуменна стаяла, пазіраючы на іх мітусню і не могучы пераадолець у сабе невыразную салодкую журботу.

«Сляды на зямлі! Як гэта важна — сляды на зямлі!»— думала яна, адчуваючы нейкі незразумелы яшчэ, але дарагі ёй след у сваёй душы, які пакінуў і пайшоў, не азірнуўшыся, той белабрысы працавіты хлопец з ёю выдуманым імем — Лёнька.

1959 г.

Сабакі

Шмат год у добрым суседстве жылі гэтыя людзі, жылі ціха і мірна, збіраліся калі ў святы, выпівалі па чарцы, спявалі і весяліліся. I ніколі іх узаемаадносіны не даходзілі да прыкрасці або сваркі. Бадай усе жыхары зялёнай ускраіннай вулічкі лічылі, што няма ў цэлым свеце лепшых дружбакоў, чым гэтыя дзве бяздзетныя паважаныя сям’і.

I раптам уся іх шматгадовая дружба імгненна паляцела ў тартарары.

У той цёплы вясенні адвячорак сядзелі яны ў двары свайго двухкватэрнага, пафарбаванага охрай доміка і, як заўсёды ў такі час, гулялі ў даміно. Яны — гэта пенсіянер Круглоў — здаровы і даволі яшчэ маладжавы дзядзька з голенай галавой і манерамі былога вайскоўца, яго жонка — Кацярына Кірылаўна, вельмі ж дзябёлая і рашучая з выгляду кабета, іх суседзі — ён і яна Аўсейчыкавы, — надзіва худыя, быццам высахлыя людзі, якія болей за ўсё на свеце клапаціліся пра свайго Банціка — вельмі рухавага, дабрадушнага і касмылявага сабачку. Гэты Банцік увесь час круціўся ў двары, прабаваў злавіць матыля, цёрся пад сталом аб гаспадарскія ногі, а пасля знік, і занятыя гульнёй Аўсейчыкавы, відаць, адразу таго не заўважылі.

Каб затым усё было зразумела, трэба зазначыць, што быў у гэтым двары і яшчэ адзін сабака, даўні прыжывалец Кругловых, якога гаспадар у пагодныя вечары асабіста вадзіў на прагулку. 3 выгляду ён нагадваў здаравеннага таўстамордага ваўкадава, з лянівым і змрочным характарам. Круглоў прыдбаў яго недзе ў Германіі і вельмі ганарыўся ягоным чыстакроўным паходжаннем.

I вось у такі час, калі гулякі, поўныя ўзаемнай павагі і лагоднае чуласці, умеру грукатліва дагульвалі свайго казла, аднекуль з-за хлеўчука з віскам і вуркатам, сашчапіўшыся ў клубок, выкацілася гэтая сабачая пара. Ніколі дагэтуль не было выпадку, каб яны пагрызліся, і таму гаспадары ад спалоху і здзіўлення ажно жахнуліся. Аўсейчыкаў імгненна кінуўся да гэтага мітуслівага клубка вызваляць Банціка, які страшэнна якатаў; грозна крыкнуў нешта на сабак Круглоў, але нішто не падзейнічала. Сабакі, як ашалелыя, перакаціліся цераз двор і грызлі адзін аднаго ў крапіве пад плотам. Тады Кацярына Кірылаўна, раптам праявіўшы незвычайны для яе таўшчэзнага цела спрыт, ускочыла з лаўкі і падхапіла з прызбы поўную вады палівачку. Сабакі ў апошні раз віскнулі, калі на іх пляснуў шырокі сцюдзёны струмень, і разбегліся ў розныя бакі. Банцік, зрэшты, не дужа ўцякаў — выйшаў на сярэдзіну двара і атрахваўся, і тут аказалася, што яму перапала больш і яго пакудлачаная намокшая шэрсць агідна тырчыць ва ўсе бакі. Абодва Аўсейчыкавы кінуліся да яго, пачалі лашчыць, і Аўсейчыкава жонка неспадзявана пасцюдзянелымі вачыма зірнула на суседку.

— Аднак нельга ж так. Дашчэнту мокры! — дзіўна дрыготкім голасам вымавіла яна.

— А каб на іх воўка, ашалелі, ці што, — казала Кацярына Кірылаўна, няёмка месцячыся на вузкай дашчэчцы лаўкі.

— Дык гэта ж усё ваш. А аблілі вы нашага, — не магла стрымаць крыўды Аўсейчыкава. Кацярына Кірылаўна здзіўлена ўскінула бровы.

— Дык ён жа Джульбарса за карак ірваў. Так учапіўся, што…

— Ага, ірванеш вашага Джульбарса. Чакайце! Такая ваўкадавіна!

— Ну годзе вам. Давайце гуляць, — басавіта прыпыніў непрыемную размову Круглоў.

Аўсейчыкава ўзнялася, не зводзячы позірку з мокрага Банціка, і тады аказалася, што той у дадатак да ўсяго яшчэ і кульгае.

— Ну, глядзіце, глядзіце, што нарабіў гэты ваўкадаў. Бядняжка! I яго яшчэ вадой абліваюць.

Тут ужо адбыўся перапалох. Аўсейчыкаў, укленчыўшы перад сабакам, пачаў аглядаць яго. Круглоў таксама падышоў да іх, адна Кацярына Кірылаўна нешта адчула і заставалася на месцы.

— Кроў? Нага пракушана, — панылым голасам канстатаваў Аўсейчыкаў. — Я ж казаў, Кузьма Іванавіч, трэба на прывязі трымаць. Цяпер палюбуйцеся, што нарабіў гэты дварняга.

— Хто? Наш Джульбарс — дварняга?! — жахнулася за сталом Кацярына Кірылаўна. — Гэта ваш — шаўка. Так яму і трэба.

— Хопіць! — строга крыкнуў на жонку Круглоў і павярнуўся да суседа. — Парода Джульбарса хай вас не датычыцца. А калі ваш сабака паддаецца, дык яго і прывязвайце.

Аўсейчыкаў з нянавісцю паглядзеў на пенсіянера, а яго жонка аж затрэслася нібы ў ліхаманцы.

— Ты нам не ўказ! — адпусціўшы ўсе павады стрыманасці, завірашчэла яна. — Гэта вам не армія! Мы тут пятнаццаць год жывем, і ніхто нашага сабачку раз не ўкусіў. А як вы прыехалі, яму жыцця не стала. Хамы вы!

Ось тут і пайшло, павяло на згубу ўсёй, столькі год ладжанай, мацаванай дружбе.

Кацярына Кірылаўна, устрапянуўшыся за сталом, сказала Аўсейчыкавай нешта куды больш калючае за шаблоннае слова «хамы». Аўсейчыкаў, звузіўшы злосныя вочы на худым твары, заікаючыся, зазначыў, што ён не чакаў такога ад паважаных суседзяў. Круглоў, адчуўшы зняважанай сваю беражоную годнасць, аб’явіў Аўсейчыкава сапляком і вытлумачыў, што ён, Круглоў, батальёнам камандаваў, калі абодва Аўсейчыкавы пехатой пад стол хадзілі. Аўсейчыкаў на тое адразу ж зазначыў, што гэта аднак не перашкодзіла былому камандзіру застацца ідыётам.

На крыкі і лаянку за плотам збегліся вулічныя хлапчукі, ціхенька прыадчыняліся за кветнікамі суседскія вокны, дзенідзе з-за вуголля паказваліся цікаўныя да сваркі жаночыя постаці, але сварліўцы ўжо не прыкмячалі нічога. Да позняй ночы, стараючыся перакрычаць адзін аднаго, пералічвалі яны ўласныя крыўды і суседскія хібы — і тое, што Кацярына Кірылаўна варыць нікуды не варты крупнік, і тое, што ў Аўсейчыкавых не прыбіраецца кухня, і што Кругловы позняцца плаціць за кватэру, а Аўсейчыкавы плеткары і хціўцы, і што Кацярына Кірылаўна тоўстая, а Аўсейчыкава худая і непрыгожая. Угаманіліся, мабыць, апоўначы, а ўночы Круглоў бегаў у аптэку за лякарствам для жонкі, а Аўсейчыкава хліпала да ранку, пакутуючы ад намаганняў прыдумаць якую помсту за тысячу пякельных зняваг.

Поделиться с друзьями: