ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Спачатку ён таксама, відаць, звянтэжыўся, залыпаў вачмі, а затым, пазнаўшы байцаусміхнуўся і трохі здзіўлена азваўся:

— О, Іван, лебенд? Гут, гут.

Заўважыўшы, што Валока прыбраў сабе аўтамат, ён заклапочана варухнуў бровамі. У вачах адбіўся кароценькі неспакой, але ён зараз жа падавіў яго і зноў бадзёра, стараючыся як мага выразна вымаўляць кожнае слова, сказаў:

— Можна ідзі. Туда ідзі. Дзверы туда іх махен…

— Дзверы?

Валока хацеў усміхнуцца, але ў. галаве ўраз балюча кальнула, і твар яго зморшчыўся ў пакутнай грымасе.

— Болна?

— Ладна, — паморшчыўся баец. — Жывы будзем — не памром.

Ён не хацеў паказваць немцу свае слабасці — крый Божа, не застагнаць — і, дапамагаючы сабе рукамі, устаў на ногі. У галаве адразу закалола, перад вачмі расплыліся рудыя кругі. Ён асцярожна і з вялікай натугай выпрастаўся, але не прастагнаў, стрымаўся. Трошкі пастаяўшы так, аслабела ступіў па друзе да дзіркі ў куце. Фрыц хацеў падтрымаць яго, але Валока ўпарта адняў руку.

Кульгаючы, немец падаўся туды таксама, першы далез да дзіркі і зазірнуў угору; за ім узабраўся на друз і Валока. Яму балюча было закідваць голаў, і баец не змог паглядзець угору. У той час недзе паблізу пратрашчала чарга, другая, пачуліся галасы — нехта крыкнуў, пасля там, наверсе, загаварылі не ціха і не гучна, але так, што слоў разабраць было нельга. Валока сцяў сківіцы; немец, паўразявіўшы рот, з абвостраным неспакоем у шэрых вачах паглядзеў на байца. Яны нічога не сказалі адзін аднаму і на нейкі час замерлі пад тою праломінай. Зноў трывожнае, як подых пагібелі, пытанне «хто?» секанула па іх свядомасці.

Але гамонка наверсе спынілася — можа, людзі адбегліся, а можа, замоўклі, — яшчэ праз хвіліну аднекуль здалёк данесліся доўгія кулямётныя чэргі. Нешта там адбывалася. З пачаткам новага дня ўсчыналіся новыя схваткі, і Валоку ахапіў неспакой.

— Трэба лезці, туды, наверх, — паказаў ён немцу. Фрыц зразумеў, коратка пацвердзіў:

— Я-я, — і, пакульгваючы, замітусіўся, шукаючы, што б падкласці, каб зручней было дабрацца да дзіркі. З некалькіх кавалкаў бетону ён склаў невысокі падмостак, прымерыўся — трохі было нізка, тады ён скульгікаў уніз, прынёс каску і паклаў яе наверх. Так можна было ўхапіцца за край праломіны.

Ён і сапраўды ўхапіўся і нават, прыўзняўшыся на руках, выглянуў, але ў нерашучасці апусціўся зноў. Зноў на імгненне сустрэліся іх вельмі сур’ёзныя позіркі, але ніводзін нічога не сказаў другому — абодва толькі слухалі, як прастор наверсе калацілі стрэлы, і стараліся як-небудзь угадаць, хто там. Толькі ўгадаць не было як.

Тады немец нахмурыўся, рашуча напяўся, скочыў, высіліўшыся на руках, упёрся здаровым каленам у край і апынуўся наверсе.

Некалькі секунд ён стаяў там, азіраючыся, а знізу на яго напружана глядзеў Валока. Баец з натугай трымаўся на нагах, у вачах хісталася наваколле, але цяпер — адчуваў ён — рашалася найбольшае, і ён з першай жа секунды не хацеў прапусціць яго. У Валокавай душы раптам узнялося нешта крыўдліва-пакутнае, нейкае адчуванне сваей аслабеласці, падумалася нават, — немец падасца адсюль, і ён застанецца адзін у гэтай яме. Валока адчуваў у сабе ўжо выразны зачатак прыхільнасці да гэтага незвычайнага ворага — цяпер ён быў яму гэтак патрэбны, як бывае патрэбны ў бядзе таварыш.

Толькі немец нікуды не бег. Ён пераступіў ботамі ля самае дзіркі, агледзеўся, з-пад абцасаў шархотка пасыпаўся ў склеп пясок, і затым з дзіркі ледзь не па локаць высунулася яго рука.

— Іван, шнэль! Быстра!..

Валока ўзлез на падмостак, падняў насустрач руку, але немец незадаволена пераступіў, махнуў кісцю — спярша ён збіраўся пераняць аўтамат. Баец зняў ППШ з пляча, бяздумна сунуў яму і раптам спалохаўся. Аутамат апынуўся ў немца, і Валоку — кароценька, на імгненне — здалося: абхітрыў! Аднак немец не збіраўся ў яго страляць, а з салдацкай беражлівасцю да зброі паклаў ППШ на дол і працягнуў у дзірку абедзве рукі.

Напяўшыся, Валока даў свае, немец моцна ашчаперыў іх, пацягнуў, баец упёрся ботам у сцяну, да болю сцяў сківіцы, каб не застагнаць, і бокам пераваліўся цераз край праломіны.

Так абодва яны апынуліся наверсе ў руінах вялізнага дома, канец якога, задраўшы ў неба ўцалелую тарцовую сцяну, стаяў, нібы агромністы помнік разбурэнням вайны. На сцяне другога ці трэцяга паверха коса вісела карціна ў пазалочанай раме, неяк трымаўся яшчэ пасечаны асколкамі габеленчык з ласямі; зачапіўшыся за нешта, тырчаў дагары нагамі ложак з металічнаю сеткай. У выбітым, недарэчным цяпер на выгляд, акне варушылася на ветры фіранка. Ад вуліцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома і вялізнаю плахай касабочылася ўгору з-пад самых іх ног. Там, недзе за вуліцай, у праяснелым ужо ранішнім небе ціха краталіся верхавіны ліп, у скверы ля якога ўчора хаваўся ад бомбаў Валока.

Яны трошкі аддыхаліся, услухаліся: зноў стала выразна чуваць, як блізка на вуліцы, страляючы, беглі людзі. Данесліся і крыкі, толькі Валока не разабраў слоў, а немец, раптам устрапянуўшыся і размахваючы рукамі, кінуўся па друзе ўгору. Аднак бегчы ў ламаччы было не дужа зручна, ды ён яшчэ і кульгаў, але ўсё ж далёка адарваўся ад байца, які, ледзьве перастаўляючы ногі ў грудах цэглы, брыў следам. Фрыц першы дабраўся да таго месца, адкуль можна было саскочыць на вуліцу, выпрастаўся ўсёй сваёю паджарай постаццю на фоне нябеснае яснасці, і тады Валока вельмі выразна і непапраўна, як смерць, пачуў узрадаваныя галасы ворагаў:

— Хагеман! Хагеман! Ком! Ком! Хагеман!

Валока чакаў іх, увесь ранак быў гатовы на горшае, і ўсё ж у гэтую хвіліну яны абрынуліся на байца неспадзявана. Ён асеў у дол, а Фрыц, крутнуўшыся да яго на цагляным абрыве, з радасцю на раптоўна ажыўленым твары крыкнуў:

— Іван! Іван! Ком!

I памкнуўся скочыць, каб бегчы туды, куды звалі яго таварышы.

— Стой! — не так гучна, але з няскоранай рашучасцю прамовіў Валока. — Стой!

На момант на немцавым твары мільганула разгубленасць, нават боль, а можа, спалох, затым ён узмахнуў у паветры рукамі і знік па той бок руін.

Валока таксама на момант быццам самлеў, разгубіўшыся ад такой нечаканасці, а затым, не зважаючы на сваю знямогу, прыпадаючы на рукі, бягом кінуўся наверх, туды, дзе знік Фрыц.

Хагеман далека не адбег, вуліца таксама скрозь была завалена рэшткамі дамоў, і ён пералазіў цераз цагляныя глыбы якраз пад тым месцам, дзе з’явіўся Валока. Насупраць, па — над чыгуннай агароджай скверыка, адстрэльваючыся і прыгінаючыся, беглі немцы.

— Стой! — крыкнуў Валока, убачыўшы яго. — Фрыц! Стой!

Немец аж скалануўся ад яго голасу, прыўзняў галаву — твар яго, здалося Валоку, зморшчыўся, нібы ад болю. I немец на момант спыніўся, зірнуў на байца, затым — на скверык, дзе немцы — усе, колькі іх было, — прымарудзілі хаду, некаторыя выпрасталіся, здзіўлена ўгледзеліся ў іх двух. Але гэта толькі на імгненне. Зараз жа там загаварылі, і зычны камандзірскі голас, як бізуном, ляснуў па руінах:

— Хагеман, ком! Шыссен!

Фрыц кульнуўся цераз глыбу, што перагароджвала яго шлях да сваіх, а Валока, адчуўшы, што зараз усе скончыцца, але ўжо не думаючы пра сябе, а толькі з усяе свае ўпартасці не жадаючы аддаць ворагам гэтага чалавека, стрыкнуў па — над ім чаргою. Кулі з пералётам і недалётам у розных месцах абсыпалі навокал яго руіны.

Тады немец яшчэ раз ускочыў, крутнуўся, зірнуў угору на Валоку — у яго вачах адбіўся ўжо страх і азвярэлая лютасць чалавека, у якога не было выйсця. Баец, сцяўшыся, упаў між ламачча, не зводзячы з немца позірку, і ўбачыў, як той ліхаманкавым рухам выхапіў нешта з кішэні, ірвануў другою рукой і, коратка размахнуўшыся, шпурнуў у яго. Яно, гэтае невялікае і імклівае, чорнаю птушкай мільганула ў ранішнім небе і, не даляцеўшы да Валокі, гулка-коратка шчоўкнула.

«Граната!» — чамусьці са спазненнем бліснула здагадка, і Валока, адчуўшы канец і не маючы ні сілы, ні якое магчымасці ўратавацца, ірвануў да пляча аўтамат.

Поделиться с друзьями: