ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Го! І нават колькі разоў! Водзяцца яшчэ. І Саломіны, і Шумакі. Андрукевічаў тольк! меней стала.

— І праўда, меней.

— Пэўна, таму ёсць нейкая прычына. Таксама варта разважыць.

— Варта, ага. Ну дзякуй вам, Іван Нічыпаравіч. Да заўтра.

— Бывай, Лёня. І не перажывай. Не варта турбот. Пабачыш, Лагун заўтра зусім іншы будзе. Памірыцеся.

— Што ж, паглядзім.

— Я табе кажу. Ну, да пабачэння.

— Усяго добрага, Іван Нічыпаравіч. Шчасліва вам.

1965 г.

Салдацкі лёс

— Гэй, цесля, перакур!

— Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!

— А-а! А я і не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такі? Ну чакай, зараз злезу.

— Памагчы мо?

— Ну што ты? Я сам… Прывык, так што… Здалёку ідзеш?

— Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазірну на хвіліну.

— Ну здароў! Калі так…

— Здароў! Глядзі, ладная дамоўка. З трысценам?

— З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю, хоць на старасці ў новай пажыць. Ды і сын…

— Што, можа, ажаніўся?

— Не яшчэ, але, знаеш, збіраецца. Дзейсцвіцельную адслужыў жа. У сіле дзяцюк.

— Глядзі ты! А памятаю, нядаўна во такі быў.

— Яно здаецца — нядаўна. А гады ідуць.

— Ды ўжо ж.

— Дык сядзем. Калі перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта. Гладкае. Курыш?

— Можа, маіх? Свежанькіх?

— Гэта якія? А, балгарскія. Не, я свае, памірскія. Ад іх, кажуць, крэпасць у нагах.

— Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменіш? Цяпер жа пратэзы робяць — лепш за ўласныя.

— Ат, прывык. Ды і не збяруся. Пастройка гэтая… Усе жылы выцягнула.

— Аднаму — жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!

— Рызыковы — не рызыковы, а што зробіш? Праўда, не хачу хлусіць — зрубіць сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзін — з вайны яшчэ — памог. Мікалаіхі, што з Асавіння, брат. Мо ведаеш?

— Ну, калі сябрукі не забываюць, то паўбяды.

— Як табе сказаць? Папрасіў — памог. Выхадных са тры падзёўбалі. Самшылі. А ў цябе ж — новая?

— Дзе там — новая! У старой жыву. Перакрыў толькі тым летам.

— Шыфер?

— Не, які шыфер! Дранкай.

— А ў нас дык многія шыфер падаставалі. Фёдар — брыгадзір і Тэклін прымак гэты, што з трактарам у азярко зваліўся. Не чуў такую сабыцію?

— Гэта вясной?

— Ну. Дастаюць недзе, халеры.

— Канешне, дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон…

— Глядзі, жывы яшчэ?

— Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыцці выпадае па яго таленту. Што зрабіў — тое і палучай.

— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а і лёс не мінай. Ці там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкі выме, тое і будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалі. Як пілуюць — не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалі.

— Гэта які Краўчонак? З Замошша?

— Ну а які ж! Ордэн Леніна атрымаў. За Кішынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.

— Ну, мусіць, гэта ты загібаеш. Каб трусаваты, не далі б.

— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далі — было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт ці выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маіх вачах усё было.

— Гэты ці не ў Ясса-Кішынёўскую?

— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянісава, мяне і гэтага Краўчонка. Лінію зматвалі. Якраз цераз лес дарожка ішла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкі лясок. Дубы аж да неба і падлесак ладны. Ідзем. Дзянісаў наперадзе, слаўны такі хлапец, сібірак, малады яшчэ, а геройскі, два ордэны меў, камандзірам быў лінейнага аддзялення. За ім я — кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.

— Трафейная, мусіць?

— Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленні яго процьма. Мы не вельмі і даражылі ім, калі дык і не зматвалі, адключыш апараты і далей. На новым месцы знойдзем і кабель.

— Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалі. Замест кабелю — калючкі ў траншэі і нічога — балакае начальства.

— Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё ліміт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленні ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лінію тую трэба б кінуць, і ўсё. Але Дзянісаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службіст быў. Ну ідзем і матаем. Краўчонак поўныя шпулькі нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялі, у Краўчонка тры цэлых шпулькі, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азіраецца, вядома ж, боязна ісці ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылі ж іх пад Кішынёвам…

— А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.

— Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкія сталі сігарэты, ды і не гараць. Падмочаныя, ці што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Ці нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкі, паразбягаліся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здаваліся, а каторыя — эсэсаўцы, власаўцы ці там начальства, — тыя ўсё на захад, напралом да сваіх. З гэтымі ў нас стычкі былі ого! Браце ты мой! Камандзіра брыгады там параніла. Ага, дык ідзем, значыць, і чуем, быццам за кустамі тожа хтосьці нібыта брыдзе. Прыслухаліся — сціхла, быццам і няма нікога. Толькі зноў рушылі, Дзянісаў як крыкне: «Хальт!» Я, знаеш, за шпулькай так і прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як ірванецца — чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькі спіну аднаго ўбачыў — блізка, во як да зруба. Шапка іхняя і шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок і за аўтамат. А Дзянісаў: «Стой, — кажа. — Так возьмем». I чаргой па дубах — ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за ім. О, чакай, брыгадзір коціць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?

— На калі?

— На заўтра ранічкай…

— Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.

— Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?

— Кажу, заўтра нельга.

— Калі ж тады?

— Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалі.

— Ну канечне ж, некалі яму. Пагнаў у Стайнікі да Іллючонка чымергес піць. Не відно хіба. Да…

— Ну што ж… I выпіць трэба.

— Трэба! Хто кажа — не трэба? Гледзячы калі і як.

— Ну, ну. Дык Дзянісаў у кусты. А далей?

— Што далей? Далей — як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукі. Аж спалохаўся. Ды не баліць. Што за халера! А пасля бачу — ляжыць Дзянісаў, і мазгі на траве. Ты бачыў калі мазгі на траве?

— Не, не дай Бог…

— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглі трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў — адзін вобзем. Адзін — прама, адзін — убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднім. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькі спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такі фрыцуга, цыбаты, у камбінзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук — кулі ля вуха. А і я за дуб. Камель — во! Ніякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны. А я — за ягоны. Так і гулялі ў даганялку. I я, ведаеш, правільна разлічыў. Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцісну…

— Ге, не дужа іх лёгка было прыціскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылі чалавек сто, дык біліся да апошняга. Толькі параненых некалькі засталося. Астатнія — трупы.

— Ну… Не, я правільна скумекаў. Сышліся мы за адзін дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзін бок, я — па другі. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукі, баіцца, адбяжыць — я і тыркну ў спіну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод і бокам за ім. Ён бокам ад мяне. я ў другі бок — ён таксама. Як дзеці. Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянісава — такі хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, ці што? Ці, можа, патроны ўсе?

Поделиться с друзьями: