ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Асечка. Калі патроны канчаюцца, тады гэты парабел іх затвор паднімае. Тарчком так.

— Можа, і асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён і паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукі, аўтамат мой не ведаю, куды і дзяваўся. Але і ён, гадзіна, дужы, рукасты фрыц, не які там пархацік. Пісталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохі здзівіла мяне, помню, рукамі ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.

— Ого!

— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю — зялёненькая такая, круглая, бы гусінае яечка, з паскай пасярэдзіне. а ў канцы — вядома, узрывальнік. Знаеш жа — планку адпусціць, пстрыкне і — капут абодвум. Кішкі на сучча… Дай тваіх паспрабаваць, балгарскіх, гэтыя нягеглыя нешта. Сігарэт і тых людскіх прывезці не можа. Гандлярка наша.

— Мусіць жа, сама не курыць?

— Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацікавіцца. А то ж без курава — якая жызнь!

— Не дужа яны тым цікавяцца.

— Ось і бяда. Ім абы выручка і каб клопату менш. Хаця магло і на базе не быць. I такое мажліва. Ну. Дык, значыць, сапім мы абодва і выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу і дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён і так, і гэтак — морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце бліскае — болей мне з таго зуб гэты запомніўся — белы, як лыжка, бліскучы. I, мусіць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён і пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула — узрывальнік, значыць, я на другі бок за яго, а тут як грохне — дымам, зямлёй заваліла, боль… Не дакумекаеш ужо, што і балела. Проста боль, хоць зараві — я і ачумеў. Самлеў. Нічога не помню.

— Во і ў нас гэтак было. На Пулкаўскім. Наш аддзялённы Яфімкін першы ўварваўся ў дзот, схапіў кулямёт іхні… I давай…

— Ты чакай… Ачнуўся, чую — смярдзіць калёным, падняў галаву — млосна і ванітаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж — ён, праўда, на мне — і недзе рыззё тлее. А пада мной мокра — кроў яго і мая — усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго — камбінзон у шматы, ўся спіна, знаеш, нібы ваўкі яе рвалі. Але і я — не дай Бог! Крануўся — чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота — кірзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў і зноў самлеў.

— Ну! Ведама ж, калі крыві столькі. I яшчэ вады хочацца, ага?

— Во праўда. Смага — гарэла ўсё.

— Гэта ад крыві. Кроў выходзіць — піць хочацца. Знаю… I з Яфімкіным так было, ледзь уратавалі. Ну, прадставілі яго да Героя, а нас — каго да Айчыннай, каго да адвагі…

— Усё ж пашэнціла. Пачулі сапёры. Унялі кроў, вывалаклі мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралі. Прывязлі ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзіць на прызбе, чакае палкоўніка да залівае хлопцам, як немца лавіў. Аказваецца, і ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбегліся ў лесе, Краўчонак з ім дужа не цацкаўся — куляй цюкнуў у плячо, той і задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак і выгнаў яго на дарогу. Падбеглі байцы — глядзяць, што за звер. А немчык стары такі, з адышкай, даволі плюгаваты — словам, нікчэмны фрыцок. Адно толькі пагоны нешта дужа кручоныя. Павялі ў штаб, а там як убачылі, як набеглі, — аказаўся генералам, крыж такі меў з дубовымі лісцямі. Ну яго, канешне, на самалёт і — у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калі раскумекалі ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку — ордэн Леніна, сяржанта прысвоілі. Во як! А я ўжо на тым і скончыў — сем месяцаў у шпіталі — адзінаццаць ран, не жартачкі. Нагу адцяпалі па калена. Во як!

— А мы гэта свае мядалькі праз тыдзень і палучылі. А Яфімкін, бедалак, прыходзіць са шпіталю, няма нічога. Кажуць — на Героя не пацягнуў. Так і застаўся без нічога.

— Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялі. Як жа — з такім ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнік не меў. Дэмабілізаваўся — у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставілі. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.

— Бачыў. З верандай, сінім пафарбавана.

— Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нічога не маю. Толькі думаю: ось жа каму пашэнціць, а каму і не…

— Гэта так, канешне.

— Во я і кажу.

— Жыццё! Глядзі, а ў цябе ўжо і бульбачка зацвітае. Скараспелка?

— Ну. Ледзьве пад старасць на жыццё ўзбіўся. А то ўсё па бальніцах. I, халера на яго, — бо не за тым пабег. Але хто ж ведаў, за кім было бегчы.

— А я сваю ўжо раз паганяў. Ды дрэнь нешта. Калі б сорт памяняць.

— Ось так яно. А бульба што — вырасце. Хоць драбненькая. Вунь лета быццам нішто стаіць.

— Лета нішто. Людскае.

— Ну! А ты кажаш…

Ранак-світанак

1

Ён ляжыць на лаўцы, між двума вокнамі, з застыглым васковым тварам, на якім ужо ні руху, ні думкі — толькі слабы адбітак нейкай няпэўнай грымасы. Грымаса гэтая больш за мярцвецкае здранцвенне робіць яго твар амаль чужым, раней невядомым мне, напэўна, гэта таму, што пры жыцці была зусім неўласціва яму. Такія ж мёртвыя ў сваёй нерухомасці рукі яго складзены кісцямі на жываце паверх непадпяразанай суконнай гімнасцёркі з дзвюма эмалевымі шпаламі ў палявых пятліцах. Ордэны з гімнасцёркі ўжо адвінчаны, і на грудзях чарнеюць дзве маленькія дзірачкі, ля якіх на сукне відаць плямкі ржы, хоць зусім можа быць, што гэта сляды крыві. На нагах акуратна падцягнутыя шарсцяныя трафейныя наскі, у якіх трошкі рассунутыя ступні здаюцца не па-мужчынску маленькімі.

— Ну, паглядзеў? — ціха пытаецца капітан Левін і паварочваецца да парога, даючы тым зразумець, што трэба выходзіць. Насунуўшы на галаву шапку, я асцярожна, каб не парушыць цішыні гэтай хаты, адчыняю дзверы. Зачыніць іх. з маёй параненай, падвешанай на бінце, рукой не дужа ўпраўна, і капітан зачыняе дзверы сам.

На дварэ марозна і сонечна. Дзесь на перадавой за ляском грахаюць мінныя выбухі, а тут, у прыфрантавой вёсачцы, свае рытмы і свае клопаты. Па вуліцы на фурманках з нейкай паклажай едуць абознікі, іх абмінаюць трое верхавых у маскхалатах. Ля сцяны пад хлеўчуком два байцы з каменданцкага ўзвода майструюць труну. Абодва яны маладыя і, відаць, упершыню ў жыцці ўзяліся за такую не вельмі звычайную нават на вайне справу і, мусіць, таму нешта ўсё пагыркваюць адзін на аднаго.

— Трымай ты! Бязрукі, ці што! — нервова кідае адзін з іх, трымаючы рукой кароткі абрэзак дошкі, у які трэба забіць цвік.

— Трымаю. Не разяўляйся, крыкун!

Цвікі, напэўна ж, з дроту, яны гнуцца пад малатком і не лезуць у смалістае сучкаватае дрэва дошкі. «Крыкун», стоячы на каленях, сяк — так спраўляецца адзін і, адклаўшы малаток, заклапочана азірае сваю работу.

— Ну во! А шырыні такой хопіць? — пытаецца ён і з-пад ілба кідае позірк на свайго напарніка. Пасля заўважае зводдаль мяне. У поглядзе хлопца такі пакутніцкі выраз, што, глянуўшы на яго, хочацца толькі лаяцца або плакаць.

— Трэба б схадзіць памераць, — кажа напарнік, бела-брысы і сінявокі, з растапыранымі вушамі шапкі, з якіх вісяць матузы завязак. Другі маўчыць, пэўна, ісці у хату, дзе ляжыць забіты, ніводнаму з іх не хочацца, і «крыкун» махае рукой. Стаўшы на ногі, ён сцягвае з сябе ватоўку, нязграбна прымошчваецца і выцягваецца ў мелкай яшчэ, без адной сценкі, труне.

— Ну паглядзі. Харош?

— Пайдзёць. Мо шыракаваты трохі.

— А ты памячай. Нашто лішняе.

Светлавокі дзелавіта размячае на тарцы разварот бакавых дошак, а я ўжо не магу тут заставацца. Мне ўвесь час хочацца некуды ісці. Вядома, трэба дабірацца ў санбат, але машыны туды будуць яшчэ не хутка, толькі што адправілі цяжкіх, а лёгкапараненым, відаць, прыйдзецца чакаць да абеду.

Поделиться с друзьями: