Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
— Давай пагрэемся, лейтэнант, — сказаў Хазяінаў.— Маханькоў, у цябе кварта была.
Маханькоў зняў са спіны даволі пляскаты рэчмяшок і выняў з яго алюмініевую кварту з двайной ручкай у плоскім баку.
— Та-ак! Зараз мы гэта… Толькі я першы. Ці мала чаго…
Папраўдзе, усё гэта мне мала падабалася, але нейкая зважлівая нерашучасць перад старэйшым, болей вопытным на вайне чалавекам не давала настоіць на сваім. Хазяінаў жа яўна радаваўся знаходцы, буйныя рысы яго абветранага, не часта голенага і даўно не маладога твару разгладзіліся, вочы ажывелі і падабрэлі. Церануўшы далонню кварту, ён ашчадна зачэрпнуў ёю з тэрмаса, пры скупым святле з выбітых вокан яшчэ раз паўзіраўся ў вадкасць і выпіў усю да дна.
— Хараша! Наша, наркомаўская.
— Дарма вы, — няўпэўнена пачаў я, але зараз жа змоўчаў пад здзіўленым, амаль што абураным поглядам майго памкамузвода.
— Як дарма? Вы што? Не хочаце — Маханькоў, давай фляжку. Мы яе зараз…
Маханькоў таропка адвязаў ад дзягі шкляную, у брызентавым чахле флягу, беручы якую, Хазяінаў незадаволена хмыкнуў:
— Лепшай не мог дастаць? Ваяка…
Фляга сапраўды была не Бог ведае якой моцы, і памкамузвода, раней чым наліць у яе, пакруціў пасудзіну ў руках, зазірнуў у рыльца, нават панюхаў. Затым чарпануў квартай з тэрмаса і беражна, тоненькім струменьчыкам пачаў наліваць гарэлку.
— Ану збегай да хлопцаў. Яшчэ фляг пяток будзе. Маханькоў ускочыў на ногі і толькі пераступіў парог, як дзесьці ў паўзмроку зімовага вечара над хатай раздаўся кароткі аглушальны трэскат. Ад нечаканасці мне здалося нават, што гэта Маханькоў незнарок даў чаргу з аўтамата. Але ў наступны момант трэск паўтарыўся, з акна са звонам вылецела адзіная там шыба, недзе паблізу грукнуў выбух, і зараз жа дробна і часта затрашчалі наўкола аўтаматныя чэргі.
Спачатку мы ўпалі на салому, потым Хазяінаў, вылаяўшыся, кінуўся да акна, я — да другога, але наскочыў на тэрмас і зноў упаў, выпусціўшы аўтамат. Калі ж я схапіў зброю, Хазяінаў ля акна раптам ненатуральна выпрастаўся і з нейкай дзіўнай марудлівасцю стаў паварочвацца, паварочвацца ў мой бок. Устаючы з долу, я зірнуў у твар памкамузвода і не пазнаў яго — ніжняя сківіца сяржанта дробна тузалася, вочы расшырыліся, зрэнкі закаціліся ўніз. Марудна выпрастаўшыся ля акна і не сказаўшы ні слова, ён раптам усім целам рухнуў пад мае ногі.
Ушчэнт разгублены, я не разумеў, што адбываецца. Дзесь у падсвядомасці нават мільганула думка, што сяржант жартуе, але, здаецца, было не да жартаў. Упаўшы побач, я схапіў яго за плечы і пераваліў на спіну. Белы каўнер паўшубка быў заліты крывёю, кроў і пузырыстая ружовая пена білі з дзвюх кулявых ран на шыі, якраз паабапал горла. Я выхапіў з кішэні штаноў перавязачны пакет і дрыготкімі рукамі пачаў абмотваць бінтом яго шыю. Ля хутара ваўсю грымеў бой, я чуў, як кулі з глухім стукатам дзяўблі сцены, нехта прабег каля хаты, нехта на панадворку крычаў. Пацямнелае неба за акном прарэзаў вогненны бляск блізкіх трас. Трэба было быць там, я ўсёю істотай адчуваў, што сталася бяда, і, не завязаўшы канцы бінта, кінуўся ў дзверы.
У гэты час нехта ўскочыў на ганак.
На шчасце, у сенцах было цемнавата, і ён, пэўна, не адразу ўбачыў мяне. Гэта быў немец у касцы і даўгаполым, вываляным у снезе шынялі, мае рукі самі ўскінулі насустрач яму аўтамат і выпусцілі ва ўпор даўгую — занадта даўгую — чаргу. Немец падламіўся і сеў на ганак, але за ім адразу ж паявілася яшчэ некалькі. Не ведаючы ўжо, як ратавацца, я ўздоўж сцяны падаўся назад, у хату, шмыгнуў у кут насупраць печы і стаіўся. Адразу ж услед з дзвярэй запыхала дрыготкае белаватае полымя, доўгая траскотная чарга прабегла па саломе, па Хазяінаве, абсыпала кулямі два супрацьлеглых вуглы. Не цэлячыся, я такой жа чаргой ударыў з-за вушака проста па белай пляме, у сенцах нехта дзіка завыў. Я разумеў, што засталіся апошнія мае секунды, і ў кароценькай паўзе паміж чэргамі бокам падскочыў да акна. Тут мяне лёгка можна было расстраляць. Але яны не стралялі — яны кінулі праз дзверы гранату. Стукнуўшыся аб голую сцяну, яна адляцела ў парог, а я скочыў на скрынку пад акном і двума ўдарамі бота высадзіў раму.
Выскачыў за секунду да выбуху, абсыпаны саламянай трухой, падняўся з калень ля прызбы і што было сілы прыпусціў у поле, дзе ўрассыпную па снезе ўцякаў мой узвод. Многія былі ўжо далёка, а з-за хлявоў наўздагон нам джгалі зялёныя маланкі трас. Бегучы, я азірнуўся — ля крайняга ад лесу хлеўчука, бліскаючы агнём, стаялі два бронетранспарцёры, пяхота з якіх ужо ўварвалася на хутар.
3
Мы сабраліся ў рэдзенькай маладой пасадцы абоч дарогі, адкуль некалькі гадзін назад пачыналі атаку і дзе заставаліся ў снезе нашы неглыбокія акопчыкі. Немцы за намі не пагналіся, пэўна, мэтай іх контратакі быў хутар, каторы цяпер, уначы, палыхаў за полем шалёным на ветры полымем. Недзе там жа засталіся і бронетранспарцёры. Іх буйнакаліберныя кулямёты час ад часу сыпалі ў наш бок агнянымі светлякамі куль.
Аўтаматчыкі затаіліся ў сваіх акопчыках, многія з якіх, дарэчы, так і засталіся пустымі. Я паслаў Маханькова палічыць, колькі ўцалела нашых, і тады аказалася, што мы страцілі ў гэтым злашчасным баі васьмярых — роўна трэцюю частку ўзвода. Чацвёра загінулі на хутары, двое засталіся ў полі, двое лёгкапараненых пайшлі па дарозе ў тыл. Самая цяжкая для мяне страта, вядома, быў мой памочнік сяржант Хазяінаў.
Збянтэжаны тым, што адбылося, не ў стане саўладаць з нервовай дрыготкай у нагах, я прыпёрся плячом да тонкага дрэўца ля акопчыка і сядзеў так, пазіраючы ў поле. Пасля ўсяго, што здарылася, лезці ў акопчык, хавацца было агідна. Чэргі з хутара цяпер не палохалі мяне, здаецца, я ўжо зусім вылечыўся ад страху. Я ўсё чагосьці не мог зразумець, у чымсь не мог разабрацца, я не ведаў, як усё гэта сталася і хто вінаваты. Я толькі адчуваў, што зараз жа трэба нешта зрабіць, каб паправіць становішча. Але што? Было відавочна, што супраць двух бронетранспарцёраў з іх кулямётамі мы бяссільны. У гэты момант я не думаў пра сваю бяспеку, тая стычка на хутары чамусьці не здавалася мне вельмі ўжо страшнай, я проста дрэнна памятаў яе, усё, што здарылася, было як у тумане і ўспаміналася нібы спрасоння. Я праклінаў хітрасць ворага, гарэлку, якая пагубіла Хазяінава, сваю такую недаравальна злачынную бяспечнасць. Маханькоў, мяркуючы па яго самотным выглядзе, не менш за мяне перажываў гэтую бяду і моўчкі сядзеў побач. Нейкім цудам яму ўдалося выскачыць цэлым з тае перапалкі, і цяпер, нібы адчуваючы якуюсь сваю віну, баец увесь час стараўся быць бліжэй да мяне.
— Ось дык пылае!..
Сапраўды, хутар пылаў, нібы цыстэрна з бензінам, і мы з тугой і роспаччу глядзелі на агонь, з якога пашэнціла вынесці ногі. Хоць і не ўсім. Але што мы маглі зрабіць?
— І адкуль яны выскачылі? з-за бугра, пэўна. Мы іх чакалі з сяла, а яны — з-за бугра, — прыціхлым голасам, усё яшчэ здзіўляючыся, казаў Маханькоў. Я задумліва слухаў яго, пакутуючы ад непапраўнасці нашага становішча, як у дальнім канцы канавы пачуўся голас. Неўзабаве ён паўтарыўся бліжэй, клікалі, здаецца, мяне.
— Што такое?
— Таварыш лейтэнант, там завуць.
— Хто заве?
Баец у суседняй ячэйцы, што перадаў мне гэта, аднак, змоўчаў, павярнуўшы голаў у бок дарогі. У начных прыцемках там угадвалася некалькі ценяў, якія, было падобна, кіравалі сюды.
— Дзе камандзір узвода?
Моўчкі я ўскочыў на ногі і ўзбег на дарогу, напружана ўзіраючыся ў шэры паўзмрок ночы. Вядома, я ўжо здагадваўся, хто гэта, і сэрца маё сціснулася ў прадчуванні і яшчэ горшага.
Камандзір палка Варонін, убачыўшы мяне, спыніўся трохі зводдаль, і я, падбегшы, моўчкі стаў перад ім. Няцяжка было здагадацца, якая справа прывяла маёра ва ўзвод аўтаматчыкаў, але слоў для апраўдання ў мяне не было, і я не стараўся знайсці іх.
— Чаму здадзен хутар?
Сударгава сціскаючы рэмень аўтамата на плячы, я маўчаў. Што я мог сказаць яму? Хіба ён сам не бачыў з НП, што адбывалася на гэтым хутары.
— Я пытаюся, чаму здадзен хутар?
— Бронетранспарцёры, таварыш маёр…
— Пляваць мне на бронетранспарцёры! Вы адказвайце, чаму здадзен хутар?
Ведама ж, мае тлумачэнні былі яму зусім непатрэбны, — яму патрэбен быў хутар, а не апраўданні. І я змоўк, гатовы прыняць ад маёра самую цяжкую кару, якую я заслугоўваў. Але ён злавесна маўчаў. Над полем з хутара ўзляцела ракета, у вышыні яна рассыпалася на тры, зорнае неба пыхнула сінявата-дымчатым водсветам. Нас маглі тут убачыць, але маёр нават не варухнуўся, утаропіўшы ў мяне злосны нахмураны позірк. Потым ён выцяг руку і, тыкаючы ёй у поле, ледзяным голасам абвясціў;
— Каб вы мне да раніцы яго ўзялі!
Я маўчаў. Я глядзеў на яго сутулаватую, паверх паў-шубка апяразаную рамянямі постаць, і ў гэты момант для мяне не існавала ў свеце нічога, апроч ягонае гнеўнай улады.
— Вы зразумелі? — не пачуўшы адказу, павысіў голас маёр.
— Зразумеў, таварыш маёр.
— Не возьмеце да васьмі ноль-ноль, я вас расстраляю вось тут, з гэтага вось пісталета.
Ён лёгка выхапіў з расшпіленай кабуры чорны ТТ і ягоным ствалом красамоўна пакруціў перад маім носам.