Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Напэўна, у цемры стары недзе размінуўся з Юркам, каторы неўзабаве паявіўся на абрыве, кінуў пад ногі траскотнае бярэма галля — вялікае бярэма побач з маленькай вязанкай Пятровіча.
— А дзе дзед?
— Глядзі, якога ўзяў! — пачуўшы сябра, бадзёра загаварыў пад абрывам Каламіец. — Колбік што трэба! Паўкіла пацягне.
— А дзе Пятровіч? — адчуўшы нядобрае, паўтарыў сваё пытанне Юра.
— Пятровіч? А хто яго… Пайшоў, мабыць. Я сказаў яму…
— Як? — аслупянеў на абрыве Юра. — Што ты сказаў?
— Усё сказаў. А то водзяць за нос. Падтакваюць…
— Што ты нарабіў? Ты ж прыкончыў яго!
— Ды ўжо ж — прыкончыў. Жывы будзе!
— От жа калун! От жа тумак! Я ж табе казаў! Яго ж тут бераглі ўсе! Ашчаджалі. А ты?..
— Што там ашчаджаць! Хай праўду ведае.
— Такая праўда яго даканае. Яго ж сыноў абодвух забілі ў блакаду. А перад тым ён іх сам вунь туды на лодцы адвёз. І чакае.
— Чаго ўжо чакаць?
— А што ж, лепш не чакаць? Як жа тады жыць? Эх ты!
— Ну ладна, ладна…
— Ды не ладна! Пайшоў ты, ведаеш куды! Дзе мой рукзак?
Пад завалочаным цемрай абрывам пачуўся ціхі стук камянёў пад нагамі, рэзкі лязг ланцуга па гулкай абшыўцы лодкі і неўзабаве некалькі крокаў, якія хутка заціхлі ўначы. Над берагам запанавала цішыня. Ледзьве пабляскваючы аспіднай паверхняй, цякла ў вечнасць рака, і паступова ў розных мясцінах на нябачных у змроку яе берагах, блізка і далека загараліся кастры рыбакоў. Сярод іх у той вечар не загарэўся толькі адзін — на абрыве насупраць ляснога перавозу, дзе да ранку было незвычайна пустынна і глуха.
Не загарэўся ён і ў наступную ноч.
І, мабыць, не загарыцца ніколі.
1972 г.
Каментары
Сёмы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самых першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Пры падрыхтоўцы да друку ўлічваліся як апошнія па часе публікацыі, так і машынапісы, рукапісы аўтара. Ніжэй у каментарах прыводзяцца выяўленыя тэксталагічныя варыянты некаторых апавяданняў (дробныя стылёвыя праўкі не пазначаліся).
Першыя апавяданні («В тот день» і «В первом бою») Васіль Быкаў напісаў у 1949 г. на рускай мове (падпісаны яны былі «В. Быков» і «Василий Быков» адпаведна). Літаратурнае імя Васіль Быкаў з’явіцца праз амаль дзесяць гадоў. Гэта магло б адбыцца раней, але ў тым жа 1949 г. пісьменнік, які быў зноў прызваны на вайсковую службу, пакідае Гродна і едзе на Далёкі Усход. Менавіта на чужыне, адарваны ад радзімы і, па сутнасці, ад сучаснага літаратурнага працэсу, у 1951 г. ён піша два апавяданні (зноў жа на ваенную тэму) «Смерць чалавека» і «Абознік», прычым, што сімвалічна, ужо на беларускай мове. В. Быкаў пасля тлумачыў: «Первый рассказ я написал на Курильских островах, где продолжал службу в первые послевоенные годы. Я, да и не только я, а многие из фронтовиков ничего о войне не читали и читать не хотели. Война была еще слишком жива в нашем сознании. Мы старались как можно скорее от нее отрешиться, прервать эту связь с прошлым. Но по прошествии некоторого времени я стал читать книги о войне, написанные писателями довольно известными, но я останавливал себя на том, что эти рассказы о войне меня не удовлетворяют. Мне казалось, то, что я читал, никак не соответствовало моему личному опыту, как-то все было не так и не то. Вот почему я попробовал из чисто полемических побуждений написать свой первый рассказ». А яшчэ ў 1965 г. так успамінаў пра тыя свае літаратурныя вопыты:
«Але тая першая спроба пяра не хутка ўбачыла свет, і не толькі таму, што час быў мала для яе прыдатны, але і па прычыне вечнае неадпаведнасці „должного и сущего“, калі ісціна знаходзілася ў занадта высокім бастыёне, каб з першага наскоку ўдалося яе дасягнуць».
Апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік» Быкаў даслаў у часопіс «Полымя» М. Лынькову. «Прозу гэтага аўтара любіў з даўняй пары і, думалася, ягоная ацэнка будзе спрыяльнай, — прыгадваў ён пазней. — І праўда, даволі хутка (за якіх, можа, тры месяцы) атрымаў адказ — падрабязны разбор на некалькіх старонках. Як цяпер прыпамінаю, апавяданьні былі даволі слабыя, і Міхасю Ціханавічу спатрэбілася нямала такту, каб нешта сказаць па сутнасьці і не параніць аўтарскага самалюбства. Аўтар адчуў тое і болей не пісаў. Доўга не пісаў наогул». Падчас жа гутаркі з пісьменнікам і сябрам А. Адамовічам (у 1985 г.) скажа ўжо наступным чынам: «Ну, гаўняныя, канешне, апавяданні былі. Але ён [М. Лынькоў. — С. Ш.] прыслаў падрабязны разгляд: мовы і ўсяго… Разгляд, я сказаў бы, шкалярскі быў, і ў канцы такая прыпіска, што ён — чалавек вельмі заняты, у Акадэміі, у Саюзе пісьменнікаў… Я зразумеў, што больш турбаваць не трэба. І я больш не пісаў. Кінуў гэта ўсё». Між тым, значна пазней Л. Лазараў адзначыць: «Эти рассказы уже заслуживают внимания». Таксама на думку іншага крытыка — І. Дзядкова, «еще больше начал будущей быковской прозы было в рассказе „Смерть человека“».
Аднак крытычны водгук М. Лынькова пачатку 50-х гг. прымусіць Быкава на пэўны час замаўчаць (праўда, «далёкаўсходнія» апавяданні ён усё-такі надрукуе, але ў 1957 г.).
Вярнуўшыся ў Гродна напрыканцы 1955 г. і пэўны час застаючыся без працы (у «Гродненскую правду» былога супрацоўніка возьмуць толькі на наступны год), В. Быкаў пачынае ўсур’ёз займацца літаратурай. Сам ён прыгадваў:
«У тую зіму пісаў шмат, менш перапісваў і амаль усё рваў на шматкі. Мала што даводзіў да фіналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве траціў цікавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Міхась Васілёк сказаў, што будзе паседжаньне літгуртка, дзе і абмяркуем.
Тое паседжаньне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў. […] Мне там дасталося болей за ўсіх. Рэдакцыйны супрацоўнік пападкрэсьліваў чырвоным алоўкам усе займеньнікі ён, атрымалася дужа страката і ўражліва. Тое і вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсіх адносінах. Зрэшты, у іншых было ня лепш. Пасьля Міхась Восіпавіч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопіс „Маладосьць“ […]». Размова, трэба думаць, пра апавяданне «Страта» (1956), — менавіта з публікацыі гэтага твора ў «Маладосці» і пачалася, па словах пісьменніка, яго «сталая літаратурная творчасьць».
Е. Асокіна напіша пра першыя літаратурныя творы Быкава: «Яны разнастайныя па тэматыцы і па жанру. Іх можна раздзяліць на 3 групы: апавяданні аб вайне, апавяданні аб мірным жыцці савецкіх людзей і сатырычныя апавяданні і фельетоны.
Усё гэта адлюстроўвае творчыя пошукі пачынаючага пісьменніка.
Апавяданні Быкава аб сучаснасці не ўздымаюць вялікіх грамадскіх тэм. Аўтар бярэ сюжэты для іх з паўсядзённага жыцця самых звычайных людзей. Гэтым апавяданням не ўласцівы вострыя канфлікты, драматычныя сітуацыі, тут гутарка ідзе аб жыцці і смерці герояў, не адбываюцца подзвігі. Але ў кожным апавяданні прысутнічае духоўная тэма, якую пісьменнік вырашае ў адных выпадках больш удала, у іншых менш».
Запаўняючы ў 1958 г. анкету для асабістай справы Саюза пісьменнікаў, у ліку першых сваіх твораў В. Быкаў палічыць мэтазгодным назваць толькі наступныя: «Тупое пяро» (1956), «Страта» (1956), «Даведка» (1956), «Радасць» (1957), «Патрулі» (1957), «Ход канём» (1956), «Буйны выйгрыш» (1957), «Арганізатар» (1957), «Смерць чалавека» (1957), «Уначы» (1957), «Апендыцыт» (1957), «Дапякло» (1957), «На возеры» (1958), «Ціхая жонка» (1958).
Не ўсе з апавяданняў 40—50-х і пачатку 60-х гг. пабачаць свет і ў кніжных выданнях: «Ход канём» (1960, Бібліятэка «Вожыка», № 4), «Жураўліны крык» (Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960), зб. «Журавлиный крик», М.: Советский писатель, 1961, «Адна ноч» (Мн.: Беларусь, 1965), а ў шасцітомны Збор твораў, які будзе выдавацца ў 1990–1994 гг., пісьменнік уключыць толькі дзесяць апавяданняў перыяду 50—70-х гг.: «Ранак-світанак», «Страта», «Адна ноч», «Эстафета», «На ўсходзе сонца», «На сцяжыне жыцця», «Незагойная рана», «Круты бераг ракі», «Салдацкі лёс», «Дарога дадому». Калі ж на пачатку 2000-х гг. «Мастацкая літаратура» задумае палітычную авантуру па быццам бы выданні васьмітомніка пісьменніка (але не будзе надрукаваны ніводны том), В. Быкаў у адным з варыянтаў планапраспекта 1-га тома пажадае ўбачыць перавыдадзенымі, акрамя ўключаных у шасцітомнік, толькі «Чацвёртую няўдачу» і «Сваякоў», супраць жа апавяданняў «Смерць чалавека» і «Абознік», якія складальнік Збору твораў М. Тычына таксама прапаноўваў уключыць, напіша: «Апусціць». Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, наколькі крытычна ставіўся з цягам часу сам аўтар да першых сваіх празаічных вопытаў.
Звярнуўшыся да жанра аповесці («Апошні баец» (1957), «Жураўліны крык» (1959), «Здрада» (1960–1961), «Трэцяя ракета» (1961), В. Быкаў усё радзей піша апавяданні, якія, па словах М. Тычыны, выступаюць у ролі, умоўна кажучы, дапаможнага жанру, яны цяпер будуць заставацца ў цені знакамітых аповесцяў пісьменніка. Толькі пачынаючы з 90-х гг. і да апошняга ў яго жыцці 2003 г. В. Быкаў зноў пачне актыўна выкарыстоўваць гэтую малую празаічную форму дзеля выказвання сваіх пачуццяў, жыццёвых поглядаў і маральна-этычных прынцыпаў (апавяданні названага перыяду прадстаўлены ў 1—2-м тамах гэтага Збору твораў). Васіль Быкаў завершыць сваю літаратурную дзейнасць тым, з чаго пачынаў больш за паўстагоддзя таму. Кола такім чынам замкнецца…