Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон i ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча: бачылася, трызнілася нейкая гара, дарога на ёй. Гара была як бы падобна на юравіцкую, дарога ўрэзвалася ў яе — таксама як юравіцкая: гліняная, каляіністая, з глыбокімі рванымі раўчукамі на баках. Знаёмая i звычайная дарога гэта, якой i хадзіў, i ездзіў тысячу разоў i якая нічым даўно не дзівіла, у сне бачылася нязменна такой агромністай, спадзістай, што Глушак, пазіраючы на яе, халадзеў. Ведаў, што не трэба ехаць, што дабром гэта не кончыцца, i ўсё ж кожны раз — бачылася — выкіроўваў з’язджаць з яе. Кожны раз адно, нязменна, бы наканаванае, чуў: калёсы наязджаюць на коней, коні не могуць утрымаць, усё разганяюцца з гары: ляцяць па крутым спадзе — хутчэй, хутчэй. Дух сцінала ад жаху, хацеў нацягнуць лейцы, паспрабаваць спыніць коней, але рукі былі без сілы: хацеў — калі бачыў, што ўжо нішто не ўтрымае ашалелых, — ратуючыся пагібелі, адарвацца ад калёс, саскочыць — i не мог. A коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. От-от — бяда, пагібель, канец: каторы з коней не вытрымае шалёнага лёту, ірване ўбок, рынецца пад колы!.. Божа, даруй!.. Трудны, ну граны крык выбіваўся з Глушака, раздзіраў трызненне; чуючы, як шалёна, задыхаючыся, тахкаціць сэрца, як халодны пот гоніць па шыі, па твары, ён яшчэ слабымі, дрыготкімі рукамі хрысціўся, жагнаўся, адцана шаптаў малітвы. Адчуванне жахлівага лёту к бядзе, к пагібелі, адчуванне бяссільнасці доўга яшчэ жыло ў ім, неахвотна, марудна ўціхала, адыходзіла.

Ён так ні разу i не дасніў страшнага сну да канца: кожны раз абуджаўся, калі коні i калёсы от-от мусілі не вытрымаць пагібельнага лёту. Але, мабыць, якраз ад гэтага страх перад тым, чаго недасніў ні разу, што было там, за мяжою перабытага, найбольш i гнёў яго, таміў душу няпэўнай i нядобрай невядомасцю. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з грызненняў у жыццё. Тая ж злая невядомасць чулася i наперадзе ў жыцці, злая асабліва таму, што яна ўжо не была прывідам, трызненнем. Яна была праўдаю, чутнай моцна, рэальнай.

Трывога перад заўтрашнім была самаю вялікаю трывогаю яго цяперашняга жыцця. Як агромністая хмаpa, вісела яна над Глушаком, цямніла ўсё сваім ценем. І усё ж, хоць чуу яс над сабою, чуу, што насоўваецца больш i больш, жыў, як i ўсе, як i іншымі гадамі: араў, баранаваў, касіў. Хоць без радасці, без лёгкасці былой, стараўся, асабліва на сенакосе, гнаў сябе i падганяў другіх. Як бы не мог перайначыцца, перастаць жыць тым, чым звык жыць заўсёды, што навек уелася ў душу. Перастаць жыць заўсёдным клопатам было яму як смерць. А ён хацеў жыць. Ён ірваўся жыць.

Часам, праўда, i яго ўпартыя жылаватыя рукі абвісалі без сілы, браў одум: ні на што ўсё гэта, яго гонка. Усё адно — ветрам пойдзе. Гаду якому — хутчэй — на карысць!.. У такі момант кожны раз востра пякло неадступнае: што рабіць? Адтаго, што думаў пра гэта ўжо багата, што прыдумаць не мог нічога толкам, што ведаў — змяніць нічога не можа, не здолее, як бы ні стараўся, з безнадзейнай роспаччу грудзі раздзімала важкая, безвыходная злосць. Увесь свет ненавідзеў! Увесь свет вінаваты быў, што яму так пагана!

Потым браўся зноў за працу, уядаўся, як сляпы. Робячы, спакайнеў патрохі; важкія думкі сплывалі, не вярэдзілі ўжо вельмі, боль аціхаў. Звыклы клопат, стома як бы захіналі ўсё туманам, як бы п’янілі — хоць i гарэлкі апошнімі днямі Глушак часта не цураўся. Ці ў гарэлачным, ці ў клопатным чадзе Глушаку чулася — хмара над ім нібы лягчэла, не так ужо гняла; тады прылівала дужасці, упартасці, душу цешыла надзея: быць не можа, каб так ішло век, каб не перамянілася! І ў Бога — цярплівасць не вечная! І ў Бога ж цярплівасці ёсць край! І літасць ёсць к няшчасным!.. Усё шчэ павернецца! Рана зарадаваліся, людзейкі!..

2

У жыцці кожнага чалавека бываюць такія моманты, пра якія раней ці пазней чалавек думае: от ён — пачатак перамены; пачатак радасці ці бяды. Быў i ў Глушака момант, калі стары воўчым нюхам пачуў, што жыццё робіць цвёрды паварот; нядобры паварот — мусіць каціцца ўніз.

Не раз i не два прыходзіў Глушаку на памяць гэты момант, які ўсё вастрэй вырэзваўся першай, фознай вяхою бяды. Было гэта залеташняй восенню, хмурнаватым i халаднаватым днём, які прывёў яго к Нохімавай краме ў Ілінішчах. Каціў Глушак на калёсах цераз вуліцу, цераз грэблю, цераз Алешнікі нібы так сабе, купіць такой-сякой дробязі для дому; са звыклай, на ўсё жыццё засвоенай скрытнасцю таіў, што вядзе туды дзіўная няясная навіна, з якой былі ў душы не толькі цікавасць, a i няясныя пакуль надзеі, клопаты: дачуўся Глушак — прадае ўсё Нохім, збіраецца кудысьці ехаць!

Яму не пашанцавала: на дзвярах i на аканіцы Нохімавай крамы ляжалі рудыя жалезныя завалы. Глушак пастаяў момант раздумліва, прывязаў каня да штыкету, прайшоў паўз вокны гэты год нефарбаванага, дзе-нідзе аблезлага дома — вокны глядзелі на мокры коварат моўчкі, няветліва. Між сярэдніх вокан вісеў, мабыць, ад нядаўняга свята, партрэт Леніна ў акуратнай рамачцы — Глушак улавіў хітрынку ў вострым позірку, хутчэй адвёў вочы. Калі цераз ціхі, пусты двор йадаўся да ганка, з хаты выйшла прышчаватая дзяўчына — нейкая Нохімава, казалі, сваячка. Несла вядро з бруднай вадою: мыла, мусіць, падлогу, глянула на Глушака коса, буркнула, што Нохіма няма, i пацягнулася сваёй дарогай за хлеў Глушак йачакаў яе, але толкам i не даведаўся нічога: усяго i выпытаў, што Нохім паехаў кудысьці, прадаваць у краме нічога не будзе. Сказала, што не ведае, ні куды паехаў, ні калі прыедзе.

Вярнуўшыся к калёсам, Глушак убачыў на двары насупраць Элю — Годлінага чалавека. Яўрэй яўрэя ведае — рашыў ён i падышоў к Годлінаму плоту, паздароваўся. Сказаў некалькі слоў для прыліку, паскардзіўся: прыбыў купіць тое-сёе, a Нохіма няма.

— Заяву ў Юравічы павёз, — не стаў таіць Эля.

Тут на ганак выйшла Годля, прыгледзелася адзіным вокам, прыслухалася. Падала з ганка яхідна:

— У арцель паступіць захацеў!

— У арцель? — засмяяўся, як жарту, Глушак. Хоць не паказаў, на момант разгубіўся з неспадзеўкі: "У арцель — от урэзала! Пляце яна ці… праўду?.."

— У арцель. — Годля кальнула пільным позіркам.

Глушак заўважыў у яе воку штосьці вострае, праніклівае. "Не пляце, мабуць…"

— Нашто яму — арцель етая?

— Чэсно жыць захацеў на старасці,— зноў пачуў Глушак у голасе яе яхіднасць. — Без крутні захацеў. Мазалём сваім. Пралетарам захацеў стаць!

"Унь яно што! Пралетарам! Удумаў!" — заўважыў на сабе Годліна цікаўнае вока, засмяяўся весялей: лоўка, маўляў, пажартавала.

— Пралетарам? Нашто ето яму, Годля?

— А вы не знаеце? — Годля не засмяялася, нацэліла вока так, быццам хацела прабіцца ўсярэдзіну яго, да думак. — Вам хіба, дзядзько Глушак, не хочацца?

Мімаволі падумаў: "Хітрая жыдоўка!" — але ўтрываў; з тым жа наіўным смехам сказаў:

— Не хочацца…

— Kaлi ето праўда, што вы кажаце: што вам не хочацца, то, значыць, вы — не такі хітры! — Але казала i глядзела так, што Глушаку чуваць было: не верыць.

"Злая ж, сабака!.. Зіркне — бы ў нутро, паганка, улазіць!.." Глушаку ўжо не хацелася гаварыць: нядобрая станавілася гаворка. Перавёў на іншае: от жа, ліха на яго, не пашанцавала — выбавіўся раз у год купіць таго-сяго — i такая няўдача! Бы лішне часу, каб сноўдаць попусту сюды-туды!..

Далікатны Эля ветліва, даверліва паківаў галавою: вядома, шкода вярнуцца назад, не купіўшы нічога. Годля ж словам, для прыліку, не абазвалася, стрэльнула толькі вокам ды раптам хутка, цвёрда пакіравала ў хлеў па нейкай гаспадарчай патрэбе.

"Вам, кажа, хіба не хочацца — пралетарам?!" — згадаў Глушак, вярнуўшыся да калёс. Паправіў сядзёлку, выцягнуў пасму фывы з-пад хамута, але рабіў усё як у сне, не бачачы: яго поўніў неспакой. "Развярэдзіла душу, слепавокая!" — кінуў нядобры позірк на Годлін двор. Успомніў, адзначыў асабіліва, быццам пафозу нейкую: "Значыць, вы не такі хітры!" — стаў здзіўленымі, устрывожанымі думкамі кружыць вакол Нохіма: што ўдумаў, хітры гандляр! Удумаў такое, што век не прыйшло б у галаву яму, дурному куранёўскаму лапцю! Сам рашыў распетрыць, сваімі рукамі ўсё, што нажываў дзень ада дня, гадамі! Ba ўсім гэтым чуўся такі агромністы, страшны змест, што ў Глушаковых грудзях халадзела.

Поделиться с друзьями: