Подых навальніцы
Шрифт:
Нярэдка бавіў вечары ў Міканоравай хаце Андрэй Руды. Ссаў свае далікатныя папяросы-люлечкі, пускаў ноздрамі далікатныя струменьчыкі дыму, слухаў іншых, улазіў са сваімі меркаваннямі, парадамі. Тым, як ён слухаў іншых, — прыжмурыўшы вочы, з паблажлівай усмешачкай, як гаварыў, павучальна, тонам старэйшага, мудрага, ён як бы паказваў, што ведае i ў гэтым даволі, вельмі можа быць — больш за іншых. Ён так трымаўся, нібы быў тут не госцем, якога ніхто не прасіў, а ледзь не галоўнай асобай, ва ўсякім разе, другой пасля Міканора. Міканор, якога Руды не раз дапаўняў, а аднойчы ўзяўся нават папраўляць, ускіпеў:
— Дзядзько, чаго вы лезеце ўсюды! Куды вас не просяць! Без вас разбяромся! Прыйшлі, дак сядзіце ціхо — ясно?
— Ты чаго кідаешся? — не хацеў траціць годнасці Андрэй. — Яжэлі савет даюць, так сказаць, дзякуваць трэба. Што памагаюць разумным словам. А не гырчаць!
— Я не гырчу! Я папярэджую, штоб не разводзілі тут сваю агітацыю i штоб не падрывалі аўтарыцет! Ясно?
— Я толькі хацеў памагці! Штоб аўтарыцет буў, следавацельно, большы! — Руды ўстаў, не хаваючы, а нават знарок паказваючы, што яго неразумна, няўдзячна абразілі: за яго ж добрае! З годнасцю заявіў:—Я думаў ужэ, так сказаць, далучыцца. Сабраўся ўжэ напісаць прашэніе. Але як ты так кідаешся, то, следавацельно, падажду.
Ён паважна пайшоў да дзвярэй, стукнуў дзвярыма. На другі дзень ён падсцярог Міканора каля Хведаравага свірна, паздароваўся з той велікадушнасцю, якая паказвала, што як ні вінаваты Міканор перад ім, ён гатоў забыць крыўду.
— Я напішу прашэніе, — сказаў, як бы хацеў супакоіць Міканора. — Толькі штоб мне, следавацельно, інцілігентную работу. Штоб бугалцерам, напрымер. Ці кладаўшчыком…
— Зразу вы, дзядзько, выгаду шукаеце, — папракнуў Міканор.
— Ета выгада найперш, так сказаць, для калгаса, — паправіў Міканора Руды. — Патом ужэ для мяне… — Дадаў, вучачы: — Трэба цаніць грамату! І скарыстоўваць граматнаго як кадраваго спіцыліста!..
Міканор мірна сказаў, каб падаваў заяву; паабяцаў падумаць аб просьбе…
6
Усе ў Куранях заўважылі: калгасаўцы вельмі трымаліся адзін аднаго. Нядаўна, здавалася б, чужыя, цяпер разам былі ў гумнах, на працы, разам — вечарамі. "Як сваякі", — дзівіліся людзі. Калгасаўцы нібы ўстанаўлівалі сваё сваяцтва, асобнае ад таго даўняга, ад веку, ад Бога, якое заўсёды i ўсюды шанавалі людзі.
І яшчэ заўважылі ў Куранях: калгасаўскія як бы ганарыліся сабой, сваёй адвагай i розумам. Глядзелі на іншых быццам на чорную чараду, што нічога не бачыць i не разумее. Не тое што ад Міканора, такое можна было чуць i ад Хведара, i ад Зайчыка. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы пасмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці.
У тых, што не ішлі ў калгас, была свая цвёрдасць, i, значыцца, свае меркаванні, i свае адказы, у якіх было таксама багата насмешкі. Так што Зайчыку давалі бой, i бой гэты Зайчыку не проста было выйграць. Можна сказаць, што бой гэты ніколі i не канчаўся чыёй-небудзь перамогай: i адны i друпя байцы разыходзіліся не паддаўшыся, са сваёй цвёрдасцю. Яму, гэтаму бою, можна сказаць, не было канца.
Міканорава хата была ў гэтым змаганні як нейкая ўправа, ад якой багата залежыць, чым скончыцца цяперашняя, найважнейшая ў гісторыі Куранёў, спрэчка. Усе ў Куранях з хваляваннем глядзелі на вокны, што чырвоніліся адным трывогаю, пагрозаю, другім — надзеяю, добрай зычлівасцю. Усе выведвалі, што там робіцца ў гэтай неспакойнай хаце, што там чакаюць, што рыхтуюць…
У Міканораву хату найперш прыходзілі важныя для калгаса, а значыць, так ці інакш i для ўсіх Куранёў, навіны. Навіны гэтыя прыходзілі звычайна з Міканорам, які, распрогшы на Хоневым двары каня, стомлены запылены, уваходзіў у хагу, дзе акрамя маткі ды бацькі сустракаў звычайна i нямала сваей новай сямЧ. Гэта ён, сёрбаючы боршч, пад маркотным назіркам Дамеціхі далажыў, што малатарні, на якую спадзяваліся, не дадуць i трэба, не сакрэт, спадзявацца пакуль на сваё на цапы. Сюды адразу прывёз ён, давольны, з гонарам, тры мяхі адборнага, сартавога насення, жыта i ячменю’, якое прывезлі ў Юравічы аж з-пад Гомеля, са спецыяльнага саўгаса. Міканор пазволіў развязаць мяхі, паглядзець, якое яно, гэтае насенне, што нібы таіла ў сабе заваблівы цуд будучага лета.
Сярод клопатаў, якімі жылі тыя, што збіраліся ў Міканоравай хаце, найбольшы быў пра зямлю, пра вялікі перадзел, які штовечара ўспаміналі, штовечара абмяркоўвалі. Перадзелу гэтага чакалі асабліва, у размовах нязменна быў неспакой пра тое, каб, чаго добрага, не запазніліся з ім: самая пара араць пад азімае. Аднойчы загаварылі, што некаторыя, хоць ведаюць, што можа быць перадзел, збіраюцца араць свае пал осы; хочуць араць свае палосы i каля цагельні. Кажуць, што ніякага перадзелу не будзе, што ўсё гэта выдумка тых, каму няма чаго рабіць, хто хоча нажыцца чужога дабра. Міканор, пачуўшы гэта, з абурэннем заявіў, што гэта гаворкі шкодныя, з кулацкім духам, што такія гаворкі трэба абразаць са ўсёй строгасцю. Ён зноў заявіў, што перадзел раней ці пазней, а будзе абавязкова, i трэба, каб ніхто ў гэтым не сумняваўся. Але сумненні былі — не аднаго трывожыла такое, што калі i будуць дзяліць, то можа ж выйсці так, што нарэжуць не канешне каля цагельні, а дзе-небудзь у іншым месцы, так што з таго перадзелу не багата радасці будзе. Міканор i на гэта рэзаў, што дагаворана выдзеліць масіў на лепшай зямлі, што Апейка сам згадзіўся, каб выдзелілі не якую іншую, а тую, што каля цагельні.
Некалькі разоў Міканор ездзіў у Юравічы па каморніка, a прыязджаў адзін. Каморніка ўсё не давалі. Вяртаючыся аднойчы, ён убачыў у полі некалькі постацей, што ішлі, горбячыся, за плугамі. Дзве постаці былі i на пол i каля цагельні. Міканор хутка разгледзеў — Нібыта-Ігнат i Васіль Дзяцел. Ён падцягнуў рукою лейчыну, пакіраваў калёсамі цераз разоры напрасткі к Васілю. Спыніў каня, саскочыў з калёс, стаў чакаць, пакуль той, завярнуўшы баразну, падвядзе плуг да яго.
Міканор прыкмеціў: Дзяцел убачыў здалёк, але паказвае, што не бачыць нікога. Гэта няцяжка яму: з-за каня Дзятла амаль не відаць. Сівы конь дзелавіта ступае звыклай дарогай; заўважыўшы Хоневу кабылу, ідзе бадзёра, ахвотна, так што араты вымушаны нават стрымліваць, нацягваючы лейцы. Чым бліжэй, Дзяцел усё больш выступае з-за каня: відаць ужо шапка, плячо, рука, што моцна трымае ручку плуга, пільна кіруе ім. Твару не відаць, ён схілены, яго амаль закрывае старая, выгаралая шапка; уся постаць паказвае адно, што Дзяцел заклапочаны справай, сочыць толькі за баразной. У зрэбнай, расхрыстанай сарочцы, зрэбных, зарудзелых ад зямлі штанах, у лапцях з наліплай, вільготнай зямлёй, абветраны, з рудаватым шчэццем на шчаках, падышоў упрытык, не ўздымаючы галавы, намерыўся прайсці міма. Міканор ступіў крок да яго, ухапіў за аброць, спыніў каня.
Дзяцел узняў галаву, хмурна, нядобра глянуу Недавольна чакаў, што будзе далей. На брывах, на няголеных шчаках наліпла пылу, пыл поўніў раннія маршчыны каля рота, на лбе. 3-пад шапкі цераз шчаку ішоў засохлы потны пісяг.
— Ты што ето! — не так запытаў, як загадаў Міканор.
— А што! — недавольна, не паддаючыся, адказаў ён.
— Чаго арэш!
— Хочу, дак ару. — Дзяцел сказаў так спакойна, што Міканору пачуўся ў гэтым здзек.
— "Хочу"! Можа, ты шчэ чаго захочаш! — сказаў ён, як бы загадваючы, грозячы.
Ад бяссільнасці, ад таго, што Дзяцел не хоча лічыцца з яго правам, брала злосць. Дзяцел, як бы паказваючы, што яму ні на што гэтая гаворка, тузануў лейцамі, хацеў ісці далей. Міканор стрымаў каня. Не выпускаючы аброці, строга сказаў:
— Цябе папярэджувалі: ета зямля — пад калгас!
Дзяцел непрыхільна павёў вачыма наперад. Міканор нібы ўбачыў у яго позірку: от прыперла чорта не ў час!
— Гаварылі,— прамовіў ён, не тоячы прыкрасці, што от трэба бавіцца дурной гаворкай. Дадаў спакойна: — Мала хто што скажа!
— Цябе папярэджувалі, не сакрэт, — ад імя ўлады!
Дзяцел зноў павёў вачыма: от прыліп! Па-ранейшаму не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго.
— Ты — шчэ не ўся ўлада! — У тым, як Васіль гаварыў, была непрыступная ўпэўненасць, яка я проста збівала Міканора. — He ўсе i табе можно! Е шчэ — закон!
— Дак от закон такі: лепшую зямлю — калгасу!
— Ето — твой такі закон, — нібы выкрываў, судзіў Дзяцел. Судзіў спакойна, упэўнена. — Які ты выдумаў, штоб табе выгадно було! Штоб заставіць другіх у калгас твой пайсці! Думаеш, усё табе пазволено!