Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Раён цягнуўся ўздоўж Прыпяці; на карце ў Апейкавым кабінеце, якую намалявалі Апейку ў школе, раён падобны быў на рыбіну, што ляжала ўздоўж ракі. Мяжа нібы знарок старалася не адыходзіць далека ад берага, віляла найбольш усцяж яго. Паўз бераг з мястэчка ў процілеглыя бакі ішлі дзве друпя большыя дарогі. Абедзве яны ішлі па нізу, адна, прагрукатаўшы брукам галоўнай раённай вуліцы, адразу за апошнімі дамамі ўлазіла ў густы i цёмны сасновы лес, які, абхапіўшы, сціснуўшы з двух бакоў, не выпускаў яе больш за два дзесяткі кіламетраў, да самай чыгуначнай станцыі, якую таксама абцінаў лес. І гадзіну, i другую, едучы тут, бачыў Апейка нейкі насцярожаны лес, чуў, як важка ідуць у глыбокім пяску колы, як натужваюцца коні. Адсюль, калі збочваў улева, лесам, пяскамі, цераз брады Апейка выбіраўся да прырэчных вёсак, да Прыпяці; управа ж дарога выводзіла яго ў новыя лясы, у балоты, сярод якіх радкі хат з саламянымі ды гонтавымі стрэхамі, агароды, палі былі як астравы ў зялёным моры…

Самая знаёмая была Апейку тая дарога, што бегла з мястэчка ўніз паўз Прыпяць. Тут было ўсё асабліва вядомае: кожны ручайчык, кожная лугавіна, кожны радок крывых, каравых верб пры дарозе. Адтаго, што бачыў ix часта, а найбольш, мабыць, таму, што апаноўваў які-небудзь клопат, зазвычай нецярплівы, неспакойны, вочы нярэдка быццам i не бачылі ні верб тых, ні лугавін. Быццам не было ў ix нічога асаблівага. Але здаралася i такое — найчасцей ціхімі залатымі днямі, калі сэрца раптам станавілася немаведама чаму надзіва кволае, чулае, — што i вербы, i грэблі ішлі ўжо насустрач, знікалі, як жывыя, як блізкія. Радасць, нейкая святочнасць квола, нібы павуціна, трымцелі ўсярэдзіне, калі згадваў, як ехаў паўз гэтыя самыя вербы цікаўным, палахлівым звярочкам — першы раз у вялікі свет, у Юравічы, калі згадваў дробныя драбніцы, што зачаравалі, урэзаліся ў памяць на ўсё жыццё. Тужліва было, калі ўспомнілася, як гэтай вось грэбляю, п’янага, ачмурэлага, везлі на вайну, як гарланіў з братам Саўчыкам "паследні нынешні дзянёчак", як бацька адварочваўся, жалліва шморгаў носам. Тут — ціхі, пастарэлы, здавалася, на сто гадоў, ехаў праз паўтара года ранены — асцярожна трымаў на сене забінтаваную нагу. Побач у сене ехалі мірна мыліцы, паблісквалі дзвюма чорнымі цыратовымі падушачкамі… Каля хаты ён знарок весела скокнуў з гэтымі мыліцамі, а матка — раптам уголас, на усё сяло… Увесь дзень то смех, то — слёзы…

Другі раз везлі раненага ўжо з белапольскага фронту. Ногі цяпер хадзілі добра, але куля прашыла верх лёгкага i лапатку — рука вісела як чужая. Дактары раілі малако, чыстае паветра i адпачынак… Чыстага паветра хапала ўдосталь, а малака не было: адзіную кароўку абадралі i зжэрлі прагавітаю гайнёю паны уланы. Не было i як адпачываць: дзе ты будзеш сядзець зломкам, калі ўсе ў полі, на лузе, у клопаце. Левая рука пачынала жыць быццам нанава: вучылася рабіць за правую…

А потым, з шынялём, у нехалодныя дні накінутым напашкі, ездзіў сам на сельсавецкай каняцы ў воласць: спярша — сакратар, а потым — старшыня сельсавета. Усё быццам сышлося к таму, каб кіраваць сельсаветам: i такая-сякая грамата, прывезеная з армейскай службы, i ранняя сталасць, набытая раненнямі ды вандраваннямі ваеннай пары, i нават калецтва. І праца была важная, патрэбная. І не толькі важная, a i небяспечная. Дасюль, калі ехаў тым балотам, дзе чорны зараснік лез з абодвух бакоў на грэбельку, чуў, як халадзее ўсярэдзіне: трэба ж, ледзь не аддаў душу за нішто! От тут вылезла пачвара гэта — бандзюга, гаркнула: "Ану, злазь!.." Ён ад неспадзеўкі аж абамлеў, прыпыніў каня. Заўважыў — яшчэ двое вылазяць. Гэта ix, мабыць, суйакоіла — што паслухаўся, стаў. Гэта i памагло яму. Як ён раптам — адкуль узялося! — здагадаўся, так спрытна i лоўка аперазаў пугай па вачах таго, першага! І як тузануў каня, i як конь ірвануў! І як здагадаўся ўпасці на воз! Тры разы бахнулі — не пацэлілі! Жыць яму, значыцца, доўга выпала! Добра i што дарога хутка завярнула, схавала яго: памагла! Але ж як блізка была нябожчыца старая, каб трохі — той свет пабачыў бы!

Багата што напамінала дарога Апейку. Напамінала, як ветраным кастрычніцкім днём ехаў у Гомель, на курсы; як вяртаўся з курсаў летам ужо з жаданым, сумленна заробленым дакументам пра тое, што ён — настаўнік; як ездзіў у валасны цэнтр на партыйныя ды настаўніцкія нарады. Думкі тут кожны раз вялі сваёй сцежкай: то ў дзядзькаву хату, дзе ён адзін "вёў" чатыры класы, у цёмнае лясное сяло; то ў другое такое ж сяло, дзе ён зноў быў у сельсавеце; то к таму ці другому знаёмаму той пары…

Успаміны пра даўняе бралі Апейку найчасцей, калі ён ехаў к роднай хаце. Калі ж вяртаўся, яго больш апаноўвала тое, што давялося пабачыць у сваёй хаце, у сяле. Было амаль заўсёды тужліва i неспакойна: шкада было бацьку i матку, якія станавіліся ўжо зусім старымі. Матка яшчэ завіхалася, калі ён прыязджаў, бы i не чула стомы, a ў бацькі ўсё валілася з рук. Рука дрыжала, калі трымаў лыжку. Слабеў стары не гадамі, a тыднямі. Да трывогі пра бацьку нязменна прыпляталіся супярэчлівыя, блытаныя, з жалем i злосцю. думкі пра брата, пра Саўчыка. Тoe яснае, шчырае, што калісьці жыло між ix, цяпер не толькі не лагодніла абодвух, a рабіла яшчэ больш нецярплівымі, непрымірымымі. Былі не тое што чужыя, а горш за чужых: Апейка проста ненавідзеў брата, а брат ненавідзеў яго. Нянавісць гэту ён i вёз з сабой, вяртаючыся: кляў дурную братаву прагнасць, злую зацятасць, што калечыла, паганіла чалавека; шкадаваў матку, якая разрывалася між абодвух…

Бяда з братам вельмі трывожыла Апейкава жыццё. Мала пра што думаў ён цяпер з такой тугою, нярадасцю: як-ніяк той, хто лез у дрыгву, быў брат!..

З тым i трыма дарогамі, якія столькі разоў беглі насустрач Апейку, якія ён асабліва ведаў, была яшчэ адна, таксама важная, але не падобная ні на адну з трох. Яна пачыналася каля рачнога маяка на пясчаным беразе Прыпяці i вяла ў "акругу", у гарбаты, то пасяброўску ветлівы, то дзелавіта строгі Мазыр. Працавіты, белы "Чычэрын", мерна лапочучы па вадзе, штодня лез насуперак шырокай прыпяцкай плыні; з мая, калі сыходзіла разводдзе, да позняй восені з аднолькавай ахвотай нёс i на нарады i на суровыя справаздачы. Зімой, па аснежанай рацэ, была самая роўная i самая зручная санная дарога: сані дабягалі да акруговага горада весялей i спарней, як па беразе…

Ад усіх трох галоўных дарог раёна збочвала мноства меншых дарог, дарожак, сцежак. У кожнай дарогі i дарожкі былі свой характар, свой нораў: мала дзе у свеце было столькі наравістых, ненадзейных дарог, як на гэтай зямлі. Толькі нямногія з ix i нядоўга ціха ішлі полем ці лесам; большасць, ледзь Апейка з’язджаў са шляху ці байчэйшай дарогі, зразу ўлазіла ці ў мокрыя зараснікі, ці ў балотнае куп’ё.

За балотам, за зялёнай тванню ды зараснікам абапал грэблі таратайка Апейкава праз нейкі час выбіралася на меншую ці большую выспу, i колы ў летнія сонечныя дні мякка сеялі пясок або дробны, як мука, пыл. Выпаўзала, круцілася поле: млелі на сонцы палоскі звычайна беднай збажыны — нікчэмны колас, худзенькія, хваравітыя сцяблінкі, поле ўсё свіцілася наскрозь, пясок ды пясок. Ішлі палоскі зацярушанай гіылам бульбы, вецер прыносіў салодкі пах грэчкі. За вытаптаным выганам, амаль заўсёды пры балоце, Апейку абступалі хаты — новыя, пасівелыя ўжо ад дажджу ды ветру, скрыўленыя, абымшэлыя ад даўнасці. За шыбамі, за платамі сустракалі цікаўныя вочы: чым далей ад вялікай дарогі, тым радзей бачылі тут чужога чалавека…

У кожным сяле былі ў Апейкі цяпер знаёмыя, прыяцелі; калі не спяшаўся вельмі, нават кіруючыся далей, ён спыняў каня, завітваў у хату. Да выпіўкі ён быў, усе ўжо ведалі, не вялікі ахвотнік, ведалі, што, калі галодны быў, не таіўся, не аднекваўся для прыліку i не трэбаваў беднай якой грыбной ці шчаўлевай поліўкай. І ведалі, што любіў юравіцкі госць, як пачастунак, талковую, цікавую гаворку. Ведалі i частавалі. Чаго-чаго, а гаворак у Апейкавых паездках хапала заўсёды! То нібы пустыя, са смешкамі, то сур’ёзныя, яны Апейку былі i радасцю i абавязкам: хто-хто, а ён ведаў, як далека панясуць не вельмі багатыя на такія сустрэчы дзядзькі ды цёткі гаворкі гэтыя, як доўга будуць пераказваць, услухоўвацца, дашуквацца не толькі яўнага, a i тайнага сэнсу. Гаворкі цікавыя i карысныя былі i самому Апейку: тут, у гэтых людзей, было мора навін, такіх патрэбных яго душы, якая хацела быць заўсёды з народам…

Калі ён ехаў далей, побач часцяком ішло некалькі дзядзькоў, цётак, чародка цікаўных малых — праводзілі. За крайнімі хатамі таратайка зноў кацілася пясчанымі каляінамі, разам з якімі i ўбягала ў яшчэ адно балота. Абапал зноў мяняліся зараснікі шызаватых лазнякоў ды бліскучага алешніку, зноў ядавіта зелянела раска, цёпла, дурнотна пахла тванню. Трашчала галлё пад коламі, што дробна дрыжалі, курыўся пыл — руды, тарфяны.

Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйной травою; ступі — i не выберашся, зацягне, засмокча навек. Доўга ішлі то купы зараснікаў, то высокая бурая трава, то раска з жабамі, то чорнае, асклізлае ламачча. Балота, зялёная пагібель, як згледзець воку, на цэлыя кіламетры, да сіняй пасачкі кучаравага лесу.

Час ад часу балота змяняў лес, таксама мокры з балотнай травою, з асклізлым ламаччам. У ім яшчэ вастрэй біў смурод гнілі, яшчэ назольней лезла ў вочы у вушы камарэча, што кідалася цэлымі хмарамі. Балота, мокры лес, зноў балота; выспачкі, нават пясчаныя, былі рэдка, сыходзілі вельмі ж скора.

Іншы раз лес абступаў пануры, чорны, з такімі зараснікамі, што сонца не магло прабіць, з такой густой навіссю ўгары, што не было відаць неба. Станавілася сярод белага дня цёмна, як увечары. Дарога была ужо нібы не дарога, а пяшчэра. Колькі ні бачыў такіх дарог, a чуў Апейка, як нешта сціскаецца i чарнее i ў яго душы, як бярэ нейкая маркота, нейкая трывога. Калі ехаў з ім выканкомаўскі возчык Ігнат, Апейка заўважаў, што i ў таго прападае звычайная дарожная санлівасць, у вачах паяўляецца неспакойны бляск. Азіраецца мімаволі.

Мала дзе даводзілася бачыць Апейку такія агромністыя алешыны, бярозы, асіны, часам дубы, што ціснулі бедную дарогу, прымушалі яе віляць i туды i сюды. То там, то тут каляіны прападалі ў лужынах, i вада ў ix была таксама чорная, як дзёгаць. І гадзіну, i другую ішлі, ціснулі з абодвух бакоў магутныя камлі, чорна звісалі галіны, здавалася, ніколі не будзе ўжо ні поля, ні сонца; але — нарэшце — наперадзе між дрэваў выблісквала нешта вясёлае, a неўзабаве сляпілі вочы вольны прастор, радаснае неба, воблакі.

2

Ba ўсім раёне не было цяпер сяла ці нават хутарка, у які хоць бы некалькі разоў не наведваўся Апейка.

Яшчэ ў першыя паездкі свае па раёне Апейка заўважыў, што людзі ў розных месцах жылі неаднолькава, што тыя, хто жыў падалей ад ракі, між балот ды лясоў, багата чым розніліся ад яго знаёмых змалку землякоў — жыхароў пясчанай надпрыпяцкай вёсачкі. Розніліся некаторымі звычаямі, розніліся гаворкаю: раптам прыкмеціў, што ў блізкіх, можна сказаць, суседніх сёлах па-рознаму вымаўлялі адны i тыя ж словы, быццам гаварылі на розных мовах! Дзіўна было чуць, як дзядзькі ці хлопцы аднаго сяла пацяшаюцца з гаворкі тых, што жылі за тым жа балотам, з другога боку яго! Пацяшаліся, хоць у саміх гаворка была дзіўная, хоць тыя, з другога боку, таксама падсмейваліся з ix! Апейка, дабіраючыся да разгадкі такога дзіва, меркаваў, што гэта была, мабыць, памяць далёкай даўніны, калі вёсачкі на сваіх выспах між багнішч жылі яшчэ больш асобна.

Поделиться с друзьями: