Подых навальніцы
Шрифт:
Заўважыў блізка Андрэя Рудога, Сароку, Грыбка, Зайчыка. Амаль усе калгаснікі стаялі тут — не пайшлі рабіць.
— Занудзіліся, мабуць! — падтрымаў Хоня. — Вясёлаго даўно не було!
— Будзе сягоння! — шмаргануў носам Алёша.
— Ну, дак што ж: калі ўжэ такая ахвота — пакажам, можа? — Міканор павёў вачыма на Хоню, на Алёшу, на Зайчыка.
— А можно i паказаць! — зарагатаў Хоня. — Мы не ганарлівыя!..
Міканор вынес з гумна загадзя падрыхтаваную лесвіцу. Прыставіў да страхі, на самы рог гумна. Праверыў, ці добра стаіць. Разуўся, аддаў боты бацьку, ступіў нецярпліва на папярэчыну. Хоня i Алёша самі ўзяліся падтрымліваць лесвіцу. З верхняй папярэчыны ўхапіўся пальцамі за жмут парослай зялёнымі струпамі моху страхі. Учарнелая, патлелая зверху салома крышылася — ён стараўся ўшыць пальцы глыбей. Чапляючыся рукамі, уцінаючы пальцы ног у салому, намагаючыся не асклізвацца, амаль на карачках, спрытна пабег угару. Ён бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю; увесь час радасна помніў: знізу глядзяць людзі. Не думаў ніколі, што так спатрэбіцца даўняя навука лазіць па стрэхах: умомант дапаў да самага верху, стрымліваючы частае дыханне, стаў. Стоячы наўколенцах, на самым вільчыку выпрастаўся — усярэдзіне штосьці радасна i — жудасна дрыжала. Знаёмае, забытае.
— Мо — перадумаў! — крыкнула знізу нейкая жанчына; здаецца, Сарока.
— Лезь уніз! — пазваў хтосьці з мужчын.
Другі падхапіў:
— Покуль не позно!
Ён зварухнуўся, зірнуў уніз: адтуль глядзелі, чакалі,— падумаў з хлапечай гарэзнасцю: "Глядзіце! Прывыкайце! Шчэ не раз глядзець трэба будзе!.."
— Сцеражы-ыцеся! — Міканор адвязаў, ірвануў сівую бярозавую паплеціну. Яна не адразу паддалася, нібы ўрасла ў страху, — ён ірвануў мацней, адарваў, стараючыся не траціць раўнавагі, учапіўшыся другой рукой у страху, штосілы штурхнуў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася i пераламалася каля самай Міканоравай рукі; перавярнулася разы два, пасунулася наўкася трохі i лягла над краем страхі. Унізе засмяяліся:
— Aгe, не хоча!..
Міканор скінуў другую паплеціну, ухапіў яшчэ адну, але тая была старэй, счарнела зусім, — трэснула, ледзь Міканор паспрабаваў адарваць ад моху. Міканор кінуў уніз толькі канец яе. Адарваўшы паплеціны, Міканор рашуча скубянуў чуб абадранай ветрам, пасечанай дажджом саломы на самым верее. Зверху чорная, крохкая, яна ўнізе была бура-рудая, тхнула даўнім пылам, тлеласцю. Дажджы прыбілі яе, спрасавалі, яна аддзіралася неахвотна, непадатна. Міканор екубаў яе жменя за жменяю, люта шпурляў убок — частка яе ляцела ўніз, частка застравала на страсе, асобныя пасмы з радасцю хапаў, нёс вецер.
Чым больш скуб Міканор, тым быццам больш злосна кідаў салому. Хутка з рудога саламянага плеху вылез жаўтлявы гуз, пачаў расці, зрабіўся верхам крокваў. Паказаліся першыя, верхнія жэрдкі, гумно нібы ашчэрылася зубамі.
— Не кідай так! Звязуй! — пачуў Міканор бацькава; здагадаўся — бацька раіць звязваць салому. Каб скарыстаць потым, крыючы канюшню.
Міканор паспрабаваў звязваць: салома была такая тлелая, што ламалася, крышылася, ледзь паспрабаваў скруціць перавясла.
— З яе ўжэ i гною добраго не будзе! — засмяяўся Хоня, беручыся памагаць Міканору.
Міканор кінуў нязвязаны сноп, крыкнуў бацьку:
— Аджыла ўжэ ваша салома, тато!
З гэтага часу на страсе завіхаліся ўжо ўтраіх: Хоня, Міканор i Алёша. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было легка i зручна, усе трое як бы хваліліся спрытам адзін перад адным. Замшэлая, у зялёных струпах страха ўвачавідкі ніжэла, выпускала i выпускала жоўтыя абпыленыя кроквы, абчэпленыя павуцінаю жэрдкі. Круціліся блізка, скакалі па жэрдках, лямантавалі вераб’і — бедавалі пра разбураныя гнёзды. І адно, i другое даводзілася бурыць — шэрыя, рупліва склееныя ластаўчыныя хаткі, не толькі Алёша, вельмі чулы да птаства, да ўсяго кволага, a i Хоня прыпыняўся, натрапіўшы на такую дамоўку. Адзін Міканор гнаў сваё цвёрда; папракнуў нават: вайна без ахвяр не бывае…
Унізе амаль увесь час тоўпіліся. Адны сыходзілі, паглядзеўшы, друпя падыходзілі. Нядобра, злосна зіркаў Нібыта-Ігнат, сышоў, не гледзячы ні на каго. Бедавала Куліна Чарнушкава: трэба ж так узяцца нішчыць сваё: да чаго дайшлі некаторыя. Чарнушка паявіўся пазней, спакойна пакурыў з Дамецікам; зазначыў па-прыяцельску: шкадаваць няма чаго, дабро такое! Збочыў з дарогі, ідучы кудысьці, стары Корч; горбячыся, глядзеў, як завіхаюцца ўгары. Калі ціха, як на пахаванні, падышла Дамеціха, разважна супакоіў: усяму свая чарга. Быў тут, дыміў люлькаю, кашляў сусед Дзяніс; малады — Васіль — не паявіўся, здалёк зірнуў i адвярнуўся, падаўся сваёй дарогай. Па-рознаму глядзелі i іншыя, што збіраліся каля гумна: адны гаманілі між сабой, ціха, разважліва, друпя — чаплялі тых, хто на гумне. Не аднаго радаваў імпэт разбурэння, нярэдка чуўся смех. Багата было i такіх, што глядзелі моўчкі, сур’ёзна, сумна. Якіх усё гэта трывожыла…
Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Пасля абеду сякерамі сталі абсякаць жэрдкі, прыкручаныя ссохлай, цвёрдай, як жалеза, лазой. Хіліліся яшчэ кроквы; але да вечара паскідалі i кроквы. Трымаліся пакуль сцены i цыбатыя, з сукамі, з раламі ўгары сохі. На другі дзень не стала i сцен — разабралі бярвеннямі, на калёсах звезлі на выган. Як калекі-крыжы, тырчалі на тым месцы, дзе нядаўна было гумно, адны сохі. Сярод нязграбных куч чорнай саломы i трухі.
Дамеціха, што жагналася кожны раз, калі бачыла няшчасную, жахлівую пустэчу, зірнуўшы на сохі вечарам, сумелася: на чырвоным заходнім небе сохі высіліся, як калекі з абсечанымі рукамі. Уздымалі абсечаныя рукі ў неба: быццам малілі ў неба заступкі, кары на бязбожных. Старая, чуючы, як разрываецца душа ад болю, страху i крыўды, пачала, хапаючыся, кідаць перад сабой крыжы: гарачым роспачным шэптам маліла памагчы, падтрымаць, злітасціцца: "Божачко, ты — усемагутны!.. Ты — разумнейшы за ўсіх! Памажы, парай!.. Дай розум ім!.. Навучы ix, неразумных!.."
Ніхто ў Куранях не думаў тады, што пройдзе два-тры гады — i ад усіх гумен не застанецца i знаку. Што i загуменная дарога, i загуменні будуць толькі ў няпэўнай людской памяці…
Частка другая
Раздзел першы
1
Апейка багата ездзіў. Ледзь не штодня даводзілася выпраўляцца ў тую ці іншую дарогу.
Дарог большых было тры. Адна, самая кароткая i самая добрая, адразу ля райвыканкома глінянымі каляінамі крута лезла ярам угару. Тут Апейка заўсёды ішоў побач з таратайкай, іншы раз памагаючы каню.
З гары шырока i далека была відна зямля; Апейка з ахвотаю глядзеў, як ішлі i ішлі палі, дзе-нідзе перарэзаныя дарогамі, расквечаныя купкамі дрэваў; за сіняватай смугою хораша, мякка плылі таполі, кугікі далёкіх садоў ды стрэх, абрысы ўзлессяў. Дарога была шырокая i роўная, стары шлях з шумлівымі бярозамі i тэлефоннымі слупамі; коні тут не толькі ішлі, a i беглі ахвотна, колы лёгка каціліся ў цвёрдых каляінах, — дарога паволі ўсё паніжалася i паніжалася, пакуль не ўпірапася ў нешырокае балота абапал рачулкі Тур’і, дзе раптам збочвапа i ўжо бралася мастком ды крывою падковай грэблі.
Адсюль балоты ўжо амаль не адпускалі шлях: ішлі ўвесь час поблізу, край ix добра абазначалі стрэхі гумнаў i сады — сёлы тут ляпіліся к самым балотам, так што платы агародаў гнілі ў балоце. Ды i самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, падобна было, танулі ў балоце.
Людзі тут адвеку шкадавалі кожны шматочак добрай зямлі. Час ад часу балоты нецярпліва падбіраліся да самага шляху, а то i перахоплівалі яго: ад Тур’i, ад Глінішчаў кожныя паўтара-два кіламетры шлях узыходзіў на чорныя грэблі, тэлефонныя слупы ішлі цераз твань. Пад самы шлях падыходзіла балота i на мяжы раёна…